“…Немагчыма ведаць пра ўсіх святых і благаслаўлёных, кананізаваных і беатыфікаваных, але нам, каталікам, проста немагчыма не ведаць пра Слугу Божую Ванду Банішэўскую – сястру з Кангрэгацыі Сясцёр ад Анёлаў”, – пісала ў лістападаўскім нумары летась Галіна Таўлуй. А пасля ў рэдакцыю пазваніла Тэрэса Запруцкая з Мінска з просьбай распавесці пра благаслаўлёную больш падрабязна, і наша аўтарка згадзілася на прадаўжэнне ўзнятай тэмы.
(Працяг. Пачатак у №№ 11 -2021, 02,03,04,05 – 2022).
Лёсавызначальным у жыцці Ванды было прызначэнне яе для ажыццяўлення спецыяльнай місіі, даверанай ёй Хрыстом. Гэтая місія была звязана з прыняццем цярпенняў за святароў і за манаскія законы. Да гэтага прызначэння Пан Езус падрыхтоўваў сястру Ванду на працягу некалькіх гадоў. І яна была паслухмяная Езусу.
Падрыхтоўка да місіі
Калі маці Ванды насіла сваё дзіця пад сэрцам, ува сне ёй з’явілася Маці Божая і сказала, што з гэтага дзіцяці жанчына будзе мець вялікую радасць.
У дзяцінстве Ванда ўжо адчувала жаданне ахвяраваць сябе Езусу і была гатова даць станоўчы адказ на Яго заклік. У дзень Першай Святой Камуніі Езус першы раз выразна звярнуўся да Ванды. Падчас адарацыі Насвяцейшага Сакрамэнту Ён гаварыў Вандзе аб сваім Боскім прагненні душ і заахвочваў да прыняцця цярпенняў, якія маглі спаткаць яе ў будучыні.
Езус гаварыў пра недахоп асэнсавання святой веры нават у душах, якія асабліва Яму прысвечаны. Усё гэта глыбока запала ў сэрца Ванды. Сцвярджала тады, што “так салодка было праводзіць хвіліны ў размове з Хрыстом”. Пасля Сакрамэнту Канфірмацыі Ванда адчула ў душы далейшы ціхі заклік да ахвяры, да большай любові ў адносінах да бліжніх. Спачатку словы Езуса “Аддай сябе поўнасцю Мне” Ванда разумела як заклік да паслухмянасці бацькам і ў душы адчувала радасць і задавальненне, нават калі бацькі яе не разумелі.
Але часам былі і цяжкія, страшныя хвіліны. Нават падчас Святой Камуніі не адчувала агню любові, а толькі нейкую цішыню і холад, а таксама чула словы: “Тваё жыццё будзе на крыжы. Чувай, каб не сыходзіла з яго, бо непрыяцель пакідае войска”.
Падчас рэкалекцый у Згуртаванні Сясцёр ад Анёлаў, у якіх сястра Ванда ўдзельнічала перад паўторнай спробай быць прынятай у Згуртаванне, гэтыя словы аб цяжкіх цярпеннях не пакідалі яе душу. Калі ж перад абразом Божага Сэрца Ванда сказала, што хоча быць менавіта ў Згуртаванні Сясцёр ад Анёлаў, у яе сэрцы распачалася бура. Яна зноў адчула, што ў гэтым трэба будзе шмат цярпець. Езус жа выразна сказаў Вандзе: “Жадаю ўчыніць з цябе ахвяру”. Але ў душы абуджаліся і неразуменне, і супраціўленне. З’яўляліся думкі, што ў Згуртаванні Сясцёр ад Анёлаў Ванда не зможа выканаць жаданняў Езуса і стаць асвечанай. Значыць, яна павінна ісці кудысьці далей.
Але, калі Ванда зірнула на абраз Божага Сэрца, то пачула ціхі, пяшчотны голас: “Хачу, каб для Мяне ўчыніла гэтую ахвяру і засталася тут. Дам табе ласку цярплівасці. Ідзі, куды паказваю. Жыццё тваё павінна быць у Згуртаванні Сясцёр ад Анёлаў”. Адначасова ўбачыла Ванда іншы шлях, на якім было меней цярпення. І гэтым шляхам быў манастыр бенедыктынак. Але зноў прагучаў выразны голас: “Застанься тут, калі любіш укрыжаванага Езуса”. І Ванда адказала: “Добра”.
Пасля 6-месячнага выпрабавальнага тэрміну Вандзе здавалася, што цярпенні, якія яна пераносіла ў гэты час у Згуртаванні Сясцёр ад Анёлаў, вычарпалі яе сілы поўнасцю. Хутка ж зразумела, што гэта толькі цень таго, што павінна адбыцца.
У дзень законных шлюбаў у капліцы ў Вільні Ванда пачула перад святой Імшой, якую цэлебраваў ксёндз-місіянер Пясецкі, словы аб тым, што яе чакае на гэтым свеце. Калі святар падаваў Вандзе ў рукі крыж, у душы яна пачула голас Езуса: “Хачу, каб была ўкрыжавана за тых, хто не хоча ведаць крыжа, а асабліва хачу ўкрыжаваць цябе за тых, каму не шкадую ласкаў”.
Духоўным кіраўніком сястры Ванды стаў ксёндз Макарэвіч. Боскае сэрца пераконвала Ванду, што праз яго Сам Езус будзе прамаўляць да яе. І калі Ванда будзе прыступаць да споведзі, то яна павінна быць пераканана, што яе слухае Сам Езус, Які не будзе шкадаваць для яе Сваіх ласкаў. Але перад Вандай паўстала пытанне: ці здолее яна ў Згуртаванні Сясцёр ад Анёлаў выкарыстаць гэтыя ласкі?
Пачалося пакутлівае ўнутранае змаганне: а ці не адказаць Езусу, што яна не можа прыняць Ягоную прапанову і быць Яму паслухмянай. У сэрцы ж гучалі словы Езуса: “Усё жыццё будзеш нікім. Будзеш незразумелай. Цябе будуць праганяць. Будзеш атакавана дэманамі і злымі людзьмі. Цябе агорне ўнутраная цемра, тая самая цемра, якую ты ўжо адчула. І яшчэ большая цемра агорне. Але Я табе дапамагу”.
Ванда была моцна прыгнечана гэтымі словамі. Яна ўжо была гатова развітацца з кіраўнічкаю Згуртавання Сясцёр ад Анёлаў, але тая сказала, што намер Ванды пакінуць Згуртаванне – гэта пастка д’ябла. І Ванда засталася.
Пасля першых законных шлюбаў Ванда нейкі час яшчэ вагалася наконт свайго знаходжання ў Згуртаванні Сясцёр ад Анёлаў. Аднойчы, падчас святой Імшы ў віленскім касцёле Святога Арханёла Міхала Ванда пачула голас Езуса: “Хачу, каб цярпела для Мяне. Выбраў цябе для ўзнагароджвання за знявагі, якія атрымліваю ад прысвечаных Мне душ. Таксама хачу, каб цярпела за Згуртаванне”.
Ванда старалася адкінуць гэтыя словы, паколькі спаведнік забараніў ёй думаць пра іх. Калі вучылася ў Садовай школе ў Вільні, напісала свайму духоўнаму кіраўніку ліст. Узгадала словы Езуса, якія пачула падчас малітвы: “Твае ўчынкі, якімі Я Сам кірую, будуць знішчаны і зганьбаваны. Яны будуць прадстаўлены ў найгоршым святле ў самым Згуртаванні Сясцёр ад Анёлаў, але ты не звяртай на гэта ўвагі, бо жывеш для ўшанавання Найсвяцейшага Сакрамэнту”.
Другім разам, пасля Святой Камуніі, Ванда пачула Езуса: “Ці хочаш так падпарадкавацца Маёй волі, каб нішто цябе не магло ўстрымаць ад яе выканання ў гэтым Згуртаванні…? І спаведнік пра гэта заўсёды павінен ведаць”. Пасля такіх слоў Езуса Ванда скардзілася Яму, чаму ж Ён, Езус не дазваляе ёй ісці да неба звычайным шляхам. І ўбачыла перад сабой мэту, да якой павінна была імкнуцца. Шлях, які вёў да гэтай мэты, бясконца яе ўразіў. Ванда не магла знайсці словы, каб гэта апісаць. Яна адхіліла позірк душы, каб не бачыць нічога. Замкнула вушы, каб не чуць. І тады ўбачыла бездань, у якую жадала б лепш упасці, чым імкнуцца да ўказанай мэты.
Аднойчы, падчас адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту, пачула ў душы выразны мілы голас: “Згуртаванне, у якім ты знаходзішся, пройдзе праз бурлівае мора! Яно шмат страціць і шмат знойдзе”. Ванда зразумела, што Езус будзе выпрабоўваць Згуртаванне Сясцёр ад Анёлаў і што шмат сясцёр пакіне гэтае згуртаванне. Але шмат тых, хто застанецца, будуць адораныя ласкамі.
Сама Ванда старалася трымаць у сабе ўсё, што ў ёй адбывалася. Кіраўнічка Згуртавання Сясцёр ад Анёлаў у Прыцінах, бачачы, што Ванда не хоча больш быць адкрытай у прызнанні тых незвычайных з’яў, якія з ёй адбываюцца, не прыйшла аднойчы ўначы да хворай Ванды. Ванда баялася, што ў тую ноч можа памерці. Клікала на дапамогу Езуса. Прасіла, каб Святы Дух асвяціў яе. Сэрца Ванды было гатовае на ўсё. Сваю волю аб’яднала з Воляй Езуса. Вырашыла: няхай Воля Езуса будзе яе воляй.
Ванда не помніла, якім чынам наступіў экстаз. Святло Святога Духу дало ёй магчымасць убачыць не толькі Пана Езуса, але і нізасць сваёй душы. Хоць яна і не чула выразнага голасу, але зразумела словы Езуса: “Ванда! Чакай. Хутка дапушчу на цябе Свае выпрабавальныя намеры. Не ўцякай з крыжа! Ты павінна на ім канаць!”. Сястра Ванда падкрэслівала, што адчуванне бачання Езуса яна не можа перадаць ні на паперы, ні словамі.
Аднойчы, падчас сваёй малітвы, Ванда адчула, як агонь любові Святой Тройцы праліваў ласкі на сваіх святароў. Сястра Ванда мела надзею, што назаўсёды з’яднаецца з Самым Любімым. Дзякуючы святлу Божаму, Ванда глыбока бачыць сваю нікчэмнасць і людскую недасканаласць. Перакананая, што з пазіцыі Божай Міласэрнасці павінна быць ахвярай, якая паволі канае дзеля ажыццяўлення Божых планаў. Часта розум не мог растлумачыць прыроды гэтай любові. Езус выцерпеў Сваю пакінутасць на крыжы. Ванда таксама адчувала сябе пакінутай. Быццам завісла паміж небам і зямлёй, аголеная з усяго, выстаўленая на здзек з боку адных людзей, а з боку другіх – выстаўленая на праследаванне, незразуменне і недахоп радасці. Ванда поўнасцю аддадзена Езусу, чуе Яго словы: “Ты станеш Божым інструментам дзеля карысці іншых”.
У 1936 годзе Ванда пачула словы: “Маё дзіця, я канаю і буду канаць, аж пакуль святар не вернецца з заблуканай дарогі. Я хачу, каб ты была для Мяне суцяшэннем у гэтым кананні. Будзеш цярпець так доўга, як Я захачу. Я найбольш цярплю ад нерашучых душ і душ, якія лёгка ступаюць на памылковыя шляхі. Ты бачыш Маё кананне, гэта грахі ўсяго свету. І ты адчуваеш самую малую часцінку грахоў біскупаў, святароў, манахаў і манашак. Не прасі Мяне аб павелічэнні цярпенняў. Ты іх не перанясеш. А калі палічу цярпенні патрэбнымі, то Сам іх учыню, што хачу”. Падобныя словы Ванда чула часта, нават некалькі разоў на дзень.
Былі хвіліны, калі да Ванды яўляўся нейкі незнаёмы мужчына і гаварыў пра Гефсіманію, Галготу, Фавор, чысцец, пекла і неба: “Ты будзеш ва ўсіх гэтых месцах і адчуеш усё, падобна да таго, як Я там сябе адчуваў. Але ўсе гэтыя мілыя і балючыя хвіліны павінна будзеш ахвяраваць за святароў і за манаскія згуртаванні. Два разы яшчэ будзеш забрана з зямлі. Адзін раз апынішся ў небе, а другі раз будзеш у вялікім прагненні і смутку. Усякі дух будзе мець права на цябе. І твае недахопы ўзбунтуюцца. Калі будзеш Мне вернай, то буду заўсёды цябе бараніць. І спецыяльна даверу цябе Маёй Маці. І там знойдзеш сховішча. Калі ты будзеш схоплена, то пройдзеш праз адчуванне вялікай пакінутасці не толькі з боку свайго Згуртавання Сясцёр ад Анёлаў, але і ад Мяне. Буду цябе выпрабоўваць, бо жадаю Свае планы правесці праз цябе. Ты яшчэ з’яўляешся павуціннай нітачкай, але хачу, каб была рэльсай, па якой едзе цягнік. Рэльсай, па якой святары і манаскія згуртаванні паедуць да мэты. Жалезнай рэльсай, каб іржа не з’ела. Мусіш быць пастаянна паслухмянай, чыстай, нявіннай. Я буду машыністам. Ты за сябе не адказваеш. Маеш кіраўніка і мусіш быць Яму паслухмянай. Зразумееш усё ў наступным годзе. Цяпер не можаш зразумець, бо сумняваешся, хто з табой размаўляе. Прэч сумненні! Хачу, каб стала больш моцнай на большыя цярпенні. Хачу, каб канала так доўга, як толькі гэта магчыма, каб перапрасіць Мой гнеў.
Калі свет захлынецца гарачай кроўю, Я хачу захлынуцца прагненнем святасці душ, прысвечаных Мне. Твая душа двойчы выйдзе з цела. А на трэці раз з’яднаецца навечна. Я два разы пакіну цябе перад выбарам, які будзе залежаць ад тваёй уласнай волі. Цярпі, мая перынка! Пра цуды не варта думаць. Большага шчасця, чым Мая любоў і частковае яе пазнанне ў Найсвяцейшай Тройцы, Я табе не магу даць. Ты таксама павінна мець такую любоў у адносінах да блізкіх, якімі з’яўляюцца бацькі, кіраўнікі Згуртавання…
У 1940 г. Езус паказвае Вандзе ксяндза, які прыедзе ў Прыціны: “Ён будзе тваім духоўным кіраўніком кароткі час. Выкарыстаю яго як інструмент супраць буры, праз якую павінна будзеш прайсці, церпячы за святароў…”
Праз год Ванда пачула словы Езуса: “Мая душа!Ты распачынаеш новы год жыцця. А Я рыхтую табе новыя цярпенні і іншыя ласкі. Толькі будзь паслухмянай Майму дзеянню”. У адпаведнасці са словамі Езуса, 1 лютага 1941 года ў Прыціны прыехаў новы спаведнік ксёндз Чэслаў Барвіцкі.
Галіна ТАЎЛУЙ.
(Працяг будзе).