Як трапяткі агеньчык свечкі

“…Немагчыма ведаць пра ўсіх святых і благаслаўлёных, кананізаваных і беатыфікаваных, але нам, каталікам, проста немагчыма не ведаць пра Слугу Божую Ванду Банішэўскую – сястру з Кангрэгацыі Сясцёр ад Анёлаў”, – пісала ў лістападаўскім нумары летась Галіна Таўлуй. А пасля ў рэдакцыю пазваніла Тэрэса Запруцкая з Мінска з просьбай распавесці пра благаслаўлёную  больш  падрабязна, і наша аўтарка згадзілася на  прадаўжэнне  ўзнятай тэмы.             

(Працяг. Пачатак у  №№ 11 -2021, 02,03,04,05,06,07-08 – 2022).

 

 

 

Лямпачкай павінна стацьCв. Ванда

Працягваем перадаваць выказванні Пана Езуса і Маці Божай да сястры Ванды аб яе місіі.

12 чэрвеня 1942 года  Езус сказаў Вандзе: “Вось алтар, на якім Я ўзнаўляю Маё зямное жыццё. Лямпачкай павінна быць твая пастаянная любоў у дачыненні да Мяне. Хачу, каб пастаянна палымнела толькі ў Маёй любові. Табэрнакулюм – гэта твой Фавор. Алтар – гэта Кальварыя. Лямпачка – гэта тваё жыццё”.

26 чэрвеня 1942 г. пасля абеду сястра Ванда парадкавала кветкі на алтары. Засохлыя вынесла ў сад, каб выкінуць, і, трымаючы іх у руках, упала ў стан экстазу. У гэты момант Езус прамовіў да Ванды: “Ты – мая ўласнасць. Калі ты засохла, ажыўлю цябе. Будзь больш цярплівай у дачыненні да цнот, якіх патрабую ад цябе і ад сясцёр. Мая міласэрнасць і мая цярплівасць не маюць межаў. Я не праяўляю сілы, а пастаянна прашу, прабачаю».

Аднойчы, пасля Святой Камуніі, Езус звярнуўся да сястры Ванды са словамі: “Дарагія дзеці, дарагая сястра ад Анёлаў Ванда! Я прыходжу са зраненым сэрцам. Мне не хапае святароў. Не хапае ахвярных душ. Не хапае веры. Але і надалей буду жабраком, каб ты была іскрай для святароў. Я пастаянна прабачаю. Мне лягчэй прабачыць, чым адкінуць. Я цярплю больш, чым ты думаеш і адчуваеш. Вось Мая абражаная Веліч. Тут Эўхарыстыя. Аддаю Сябе».

Аднойчы падчас жніва  Ванда прысела  пасля абеду  пад снапамі і “заснула”. На пытанне  ксяндза Барвіцкага, што Пан Езус гаварыў сёння, адказала: “Самы любімы Езус паказаў мне Крыжовы шлях, абапёр крыж на маіх плячах і даў мне магчымасць зразумець, Кім Ён з’яўляецца”. Езус сказаў: “Вось, сястра, помні, што зямля крычыць ад болю. Яна  жадае Мяне пазнаць. Узнагароджвай за знявагі Маёй Велічы. Гэты боль збіраецца на крыжы. Вось крыж, з якім пойдзеш. Не падай на духу. Яднайся з херувінамі. Ты не бачыш анёлаў, хоць чуеш іх любоў, скіраваную на Мяне. Заўтра адчуеш, якая гэта вялікая любоў. Будзеш маўчаць на працягу гадзіны, перш чым здолееш адказаць”.

30 жніўня 1942 года Езус ізноў прамовіў да Ванды: “Маё дзіця, задаволь Маё жаданне, каб жыла толькі дзеля Маёй радасці, каб жыла толькі дзеля Найвялікшай хвалы Маёй Велічы, каб жыла дзеля перашкод, падобных пякельным навальніцам. Не маеш іншай заслоны, як цярпенне, як ахвяра. Павінна быць каналам, з якім аб’ядноўваю боль крыжа.  Павінна быць Маёй поўнай ахвярай. Павінна памерці дзеля сябе, а жыць дзеля Мяне. Тваё жыццё павінна быць толькі дзеля майго жыцця. Маё жыццё – гэта жыць з вамі. Ты павінна быць іскрай дзеля выкрыцця подступаў д’ябла. Ты павінна выявіць, знішчыць д’ябальскія подступы . Ты павінна быць свечкай, палымнець у цемры святароў. Павінна згарэць да канца. Свае планы пішу праз цябе. Ты – пяро, у Мае таямніцы не пранікнеш”.

25 жніўня 1942 года Езус сказаў Вандзе: “Мая Ванда! Маё дзіця! Ты павінна быць прыладаю ў Маёй руцэ. Я – Святло. Я пранікаю праз вашы душы. Я ўваходжу праз вобраз хлеба. Я пранікаю праз вас. Не вы бераце Мяне да сэрца, але Я вас прытуляю. Я свабодна дыхаю ў пакорлівых душах, у душах, падобных  да Майго Эўхарыстычнага жыцця. Твой праваднік павінен быць падобным да схаванай Эўхарыстыі. Я жыву ў ім. У ім кірую. Праз яго прамаўляю. Пытайся ў яго. Гэта  пакора”.

14 верасня 1942 года Езус адзначыў: “Рабіце знак крыжа перад бурай, рабіце знак крыжа здалёку. І бура павінна перастаць. Усякія буры, якія наляталі на вашыя душы, праз знак крыжа павінны былі спыніцца. Ты, сястра ад Анёлаў, безліч раз была зрывана бурамі. Але знак крыжа, які ты рабіла,  засцярог святароў. Крыж на чатыры бакі свету – гэта крыж Панскі. Уцякайце, д’яблы! Перамог леў з пакалення Юды. Крыж у небе – крыж на зямлі.”.

25 верасня 1942 года Езус сказаў: “Кожны боль цела складай у падножжа крыжа. Гэты боль Я прымаю. Гэты боль  – як узнагарода  за душы святароў. Усякія цярпенні, несправядлівыя абвінавачванні складай тут, у падножжа крыжа.(…) Ты  павінна гаварыць, што святар – гэта бачны Хрыстос на крыжы”.

У той жа дзень Езус прамовіў да сястры Ванды: “Днём прысвячай сябе працы, якая ўласціва сёстрам. Ноч павінна быць прысвечана Мне. Жадаю, каб ты зразумела, чаго Я хачу. Цяпер прасі аб прабачэнні не толькі для сябе, але і для душ, якіх знішчае свет. Буду пераследаваць цябе тваімі заганамі. Павінна пазбавіцца ўсяго. Дам табе ласку вытрымкі. Павінна быць вернай у малых справах, павінна быць іскрай, якая палымнее на маю хвалу аж да знішчэння.

Ванда, дзіця Маё! У табе Мой дух. Жадаю, каб была вядомай. Таму цяпер ты зняважана. Але будзь Мне вернай. Вось сэрца, якое так палюбіла людзей, а перш за ўсё – святароў і цябе, Ванда. Херувім Мой, не засмучай Мяне”.

Варта падкрэсліць, што да сястры Ванда звярталася таксама і Божая Маці, якая падтрымлівала і дапаўняла наказы Пана Езуса, звязаныя з пасланніцтвам. Божая Маці гаварыла сястры Ван-дзе: “Падчас зямнога жыцця ты павінна прайсці праз боль, праз знявагі, незразуменні. Ты павінна перанесці несправядлівыя абвінавачванні, падобныя да абвінавачванняў, скіраваных у дачыненні да Майго Сына.Ты пройдзеш праз усё гэта, толькі моцна давярай. Чэрпай жыццё з крыніцы. Вось Найсвяцейшая Тройца. Не забруджвай душы самым малым зямным брудам. Я жадаю чысціні, нявіннасці. Гэта Мой плашч. Акрыйся ім, ты не маеш права сысці ў вір свету, ты не з’яўляешся  сваёй уласнасцю. Ты прылада Майго Сына. Будзеш прыкладам для святароў. Ты нішто. Ты нэндза. Усё, што маеш, маеш ад Нас. Вось  замыкаю ў Эўхарыстычным Сэрцы Езуса. Вось Мой плашч атуляе цябе”.

    Падчас чарговай размовы сястры Ванды з Божай Маці Найсвяцейшая Панна назвала месяц жнівень месяцам Беззаганнага Сэрца Найсвяцейшай Панны Марыі. Маці Божая папрасіла сястру Ванду прыйсці 1 жніўня  1942 года на 12 гадзін дня на “лекцыю”. Вось урывак з размовы Божай Маці з сястрой Вандай 1 жніўня 1942 года: “Ты павінна быць перашкодай перад падзеннем святарскіх душ. Чэрпай з Майго Беззаганнага Сэрца – і будзеш захаваная ад бруду. Я абараню цябе. Хавайся пад Мой плашч. Чым больш будзеш вернай, тым больш будзеш здабываць душ дзеля хвалы Неба. Радасць Найсвяцейшай Тройцы будзе сплываць на Святы Касцёл, на Святога Айца, на біскупаў, святароў, Згуртаванне Сясцёр ад Анёлаў, на ваш дом у Прыцінах. Больш веры, больш цнотаў. Я сама буду ўсюды замяняць цябе. Тваё сэрца павінна быць вольным, бо яно створана дзеля Майго Сына. Вось сёння пой-дзеш  за Ўкрыжаваным  Езусам. Выйдзеш з Гефсіманіі. Пойдзеш пакутным шляхам. Па дарозе будуць цябе атакаваць непрыяцелі, людзі. Мой жа Сын быў  выдадзены праз самых блізкіх”.

   Усе прыведзеныя вышэй словы Пана Езуса, дапоўненыя выказваннямі Божай Маці, досыць яскрава выражаюць волю Езуса, каб сястра Ванда прыняла пасланніцтва, якому павінна сябе прысвяціць поўнасцю.

 

Ідэя цярпенняў сястры Ванды

Жадаючы больш глыбока асэнсаваць постаць сястры Ванды і яе містычныя перажыванні, варта больш поўна паглыбіцца ў цярпенні Ванды за святароў і манаскія законы. Разважаючы над цярпеннямі сястры Ванды, можна даведацца пра выказванні Езуса ў дачыненні да асаблівай годнасці святарства, таксама пра выказванні аб святасці святароў, аб цяжары іх граху, іх нявернасці, аб асаблівых ласках і вялікай гатоўнасці Езуса прабачыць святарам, калі яны пакаюцца.

Спачатку прадставім  апісанне цярпенняў сястры Ванды за святароў, а потым – выказванні Езуса пра святароў.

 

Прыняцце цярпенняў  сястрой Вандай за святароў

Ксёндз Барвіцкі, спаведнік сястры Ванды, прапанаваў ёй запісаць, як выконвала наказы Езуса аб прыняцці цярпенняў за святароў  і як перажывала іх.

Вось што напісала Ванда 22 красавіка 1941 г.:“Цярпенні прыходзяць на мяне з прычыны  нявернасці тых, хто пакліканы да асаблівага Боскага служэння, напрыклад, святароў, манахаў, манахінь. На працягу некалькі гадоў бачыла Хрыста, Які церпіць найчасцей так, як сведчаць евангелісты пра Яго Муку. Адначасова выразна адчувала кожную падрабязнасць Мукі Езуса на сваім целе.

У апошнія гады перажываю іншыя адчуванні. Натоўп, які накідваецца на Езуса, накідваецца і на мяне. У гэты момант Езус змяшчае мяне ў Ране Свайго Сэрца і ўзмацняе мяне ў жахлівым болі.

Я разумею боль Езуса, Які аднаўляецца праз Яго выбраных слугаў. Ад мяне Езус жадае ўзнагароджвання. Я разумею, што адбываецца са мною падчас балючага перажывання такога цярпення. У мяне адкрываюцца стыгматы рук. Ад бічавання застаюцца сляды на целе. Але я не ведаю, як сябе тады паводжу і што я гавару.

У Беластоку. Май 1959 г.

У Беластоку. Май 1959 г.

Раны адкрываюцца, калі востры боль пранізвае сэрца, ногі, рукі, а ўсё цела баліць ад кідання, штурхання, а часам і ад біцця драцянымі прутамі або кольчастымі розгамі. Мае цярпенні за святароў і за манаскія законы пачаліся ад Вялікага Чацвярга 1934 года, але яны не былі пастаяннымі. Толькі ў 1935 г. Самы Любімы пажадаў пастаяннага цярпення за святароў. Мае цярпенні былі балючымі і мелі больш духоўны характар. Яны былі звязаныя з пераследаваннем з боку самых блізкіх, а таксама з абвінавачваннямі, пацверджанымі несправядлівымі доказамі.

Начныя цярпенні былі звязаны са змаганнем са злым духам. У наступны перыяд усю Хрыстову Муку адчувала на сваім целе.

Малітву Пана Езуса ў Гефсіманіі, звязаную з духоўнай мукай і кананнем, спецыяльна павінна была перажыць і ахвяраваць за святароў. А бічаванне Самага Любімага і аддзіранне ад яго ранаў адзення перажывала за манаскія законы.

Самы Любімы жадае ўзнагароджвання за “летніх” і “халодных” святароў, а за манаскія законы Ён болей жадае суровага посту. З наказаў Святога Духа разумею, што павінна ўзнагароджваць за святароў і за манаскія законы ў Польшчы, а найчасцей – у сваёй дыяцэзіі, але і таксама за святароў і за манаскія законы з такіх краін, як Італія, Грэцыя, Югаславія”.

 

 

 

Галіна ТАЎЛУЙ.

(Працяг будзе).


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий