“…Немагчыма ведаць пра ўсіх святых і благаслаўлёных, кананізаваных і беатыфікаваных, але нам, каталікам, проста немагчыма не ведаць пра Слугу Божую Ванду Банішэўскую – сястру з Кангрэгацыі Сясцёр ад Анёлаў”, – пісала ў лістападаўскім нумары летась Галіна Таўлуй. А пасля ў рэдакцыю пазваніла Тэрэса Запруцкая з Мінска з просьбай распавесці пра благаслаўлёную больш падрабязна, і наша аўтарка згадзілася на прадаўжэнне ўзнятай тэмы.
(Працяг. Пачатак у №№ 11 – 2021, 02,03,04,05,06,07-08,09 – 2022).
3 кастрычніка 1941 года сястра Ванда пісала: “Распачала навэнну Першых Пятніц… Як жа хутка пралятаюць хвіліны перад Табэрнакулем!
На зямлі Езус дае магчымасць адчуць хвіліны трывогі, вострага болю. А гэта як хвіліны перад Гефсіманскім садам.
Паўтараю словы Збаўцы: “Не мая, але Твая воля няхай стане!
Адчуваю, што сёння павінна цярпець за святароў і за манаскія законы. Прыходзяць хвіліны сумневу. Святары паступаюць са мной, як з найгоршым стварэннем: б’юць ботамі, здзекуюцца з мяне, а асабліва з маёй ахвяры.
Езу! Прашу ўчыніць, каб хутчэй адбылося тое, што павінна адбыцца. Ты Бог, а я проста нягоднае стварэнне. Я хачу пераймаць Цябе, але рабіць гэта з Табой, Езу. Цябе здрадзіў Іуда, а тут так паступаюць святары.
Ах, як жа страшна зняважаны сакрамэнт святарства!
Самы Любімы Езус! Будзь са мной. Баюся той хвіліны, калі буду схоплена. Бачу слуп, вяроўкі і бізуны. Яшчэ больш трывожуся, бо ведаю, што мяне чакае.
Сёння Касцёл ушаноўвае Святую Тэрэзу ад Дзіцятка Езус. Прашу яе заступніцтва за аднаго са святароў.
У імя Божае бараню гэтага ксяндза. Растлумачваю яму, што святарства – гэта вечны сакрамэнт, бо Хрыстос яго Сваёй Кроўю запячатаваў.
І вось д’ябальская бура накідваецца на мяне. Мяне ахоплівае жудасны страх. Гавару д’яблам: “На мяне не маеце права. Я ўласнасць Езуса!”. Паказваю ім крыж Таго, Хто памёр на крыжы. Прашу, каб адышлі ад мяне. Але на маю просьбу яны не звяртаюць аніякай увагі. Раптам кідаецца хтосьці мацнейшы, як бы аддаючы загад, каб мне адпомсціць. Адчуваю моцны вецер, які хвалямі ўдарае ў мяне, прычыняючы боль. Адкідваюць мяне ў нейкую яму як бы ўдарамі крыжа. Хтосьці даказвае, што няма пекла, але я не магу ў гэта паверыць, бо веру Касцёлу, што пекла існуе.
10 кастрычніка 1941 года, якраз у пятніцу, сястра Ванда напісала: “Гара высокая, але трэба ісці. Трывога, што не ўзыйду, Святы Дух! Табе аддаю Тваю і маю справу. Прашу Езус і Святых Анёлаў. Учора дазволіла забраць крыж, а сёння не магу яго несці. Адчуваю, што самы Любімы Езус Сам усклаў крыж на мае плечы, і ад сённяшняга дня ён будзе цяжэйшы. Чую словы Езуса: “Ванда ад Маёй Раны! Жадаю Мукі не толькі цела, але і душы. Тры гады да цябе прамаўляў. Калі не верыш, хто гаворыць, то запытай Майго намесніка ў канфесіянале”.
“Пакідаю вас з Крыжам”
Словы Пана Езуса, скіраваныя да сястры Ванды і прысвечаныя тэме святарства і манаскага жыцця, прыведзены ў храналагічным парадку: – Вы створаны для Маёй хвалы. Патрэбна ісці Маёй дарогай, дарогай Крыжа, Галгофы. Там, дзе шмат святла, там і больш патрабаванняў. Я не вызначаю табе (сястры Вандзе) часу. Пакідаю з Крыжам.
Сястра Ванда Езусу:
– Пекла разгневана на мяне. Справа датычыцца аднаго святара.
Езус сястры Вандзе:
– Прабачаю ксяндзу ўсё. Вазьму яго да Сваёй Любові. Ужо не адыдзе ад Мяне да канца. Прыму яго навечна.
Сястра Ванда Езусу:
– О Езу! Будзь са Мной! Цяжкая хвіліна. Збліжаецца кананне. Ахвярую ўсё Табе дзеля перапрашэння.
Езус сястры Вандзе:
– Я люблю чыстыя, высакародныя сэрцы. У брудных сэрцах адчуваю сябе кепска.
Сястра Ванда Езусу:
– Разумею, што Ты поўны дабрыні, пяшчоты, любові, спакою.
Езус сястры Вандзе:
– Святар – гэта Я. Я канаю з любові разам са святаром. “Бярыце і ешце. Гэта ёсць Цела Маё. Бярыце і піце. Гэта ёсць Кроў Мая. Гэта не словы святара, але Мае словы. Нягледзячы на грахі, Я выбраў Апосталаў. Ёсць больш блізкія і больш далёкія, але выбранніцтва роўнае. Адзін з іх павінен адысці з Вячэрніка. Воля вольная (6 лістапада 1941 года).
– Мне манаскія законы прыносяць менш прыемнасці, чым свет. Яны затыкаюць вушы на Мой голас, не памятаюць пра Мяне. Жыццё ў манаскіх законах не прыносіць Мне радасці.
– Самых блізкіх, самых любімых абмыў Сваёй Кроўю. Кроў нявінных сплыла на зямлю нашай Айчыны перш за ўсё на выбраныя душы (7 лістапада 1941 г.)
– Жадаю вашай любові. Найвялікшай дасканаласці патрабую ад святароў з манаскіх законаў, але вы (святары) з’яўляецеся лёдам. Я хачу вашай любові, хачу поўнага, паслухмянага аддання Мне, як Я аддаў Самога Сябе на Крыжы. Хачу гэтае Сваё жаданне пераліць на святароў. Няхай яны таксама прагнуць такога вось аддання (21 лістапада 1941 года).
– Святар! Я прынізіўся да Эўхарыстыі, прынізіўся да цябе. Святар! Ты мне нічога не даеш. Ты мая ўласнасць. Жыві Маім жыццём. Не маеш права жыць жыццём свету. Пастаянны Крыж і Эўхарыстыя – гэта тваё жыццё. Святар! На святой Імшы не ты знаходзішся, а Я. Не абражай Мяне грахамі. Я жыву ў Табе. Я маю права на цябе. Ты не бачыш Мяне, але адчуваеш Маю прысутнасць. Усё, што ты робіш, плыве з Эўхарыстычнага Крыжа. Свой прыстанак Я выбраў не ў Крыжы, не ў Табэрнакулюме, не ў Гостыі, але ў вас, святарах.
– Нявеста, кім ты з’яўляешся? Ці ёсць у цябе такая любоў, якую свет мае да свайго Жаніха? Сёстры законныя, не заглушайце голасу вашага сэрца, голасу Жаніха. Я вам даў больш святла. Хачу больш любові.
– Сёстры законныя! Кім вы з’яўляецеся? Да чаго ваша сэрца прывязана? Ці да Мяне? Паглядзіце на свет і на каханне сужэнцаў. Яны кахаюць адзін аднаго гадзінамі, днямі, тыднямі. Я ж не адчуваю ад вас сапраўднай любові. Змушаны буду адысці. Вы пазбягаеце мяне. Не хочаце. Вы адкідваеце мае ласкі (19 снежня 1941 г.).
– Навошта Я застаюся ў Табэрнакулюме? Для каго? На чый голас прыходжу? Я паслухмяны. Я жадаю чыстых святарскіх сэрцаў (4 лютага 1942 г.).
Святар – гэта сонца зямных душ
– Жыццё святара – гэта Маё жыццё (6 лютага 1942 г.).
– Я пастаянна зліваю ласкі. Але гэтыя ласкі святары не пераліваюць на народ, які Мяне не ведае.
– Святары адварочваюцца ад Мяне да спраў свету. Яны вырываюцца з Майго Сэрца (12 сакавіка 1947 г.).
– Манаскі закон – гэта Мая ўласнасць. Святар кансэкраваны – гэта Я ў Гостыі (20 сакавіка 1942 г.).
– Мне больш за ўсё балюча ад нявер’я выбраных. Балюча Мне таксама і ад недахопу сапраўднай любові.
– Святары! Разважаючы пра Найсвяцейшую Тройцу, бярыце Крыж. Гэта найважнейшая малітва сярод пякельнай буры (5 красавіка 1942 г.).
– Ванда! Жадаю ад цябе, каб гаварыла пра набліжэнне злога духа да святарскіх і манаскіх душ. Трымайся за Маю руку. Гэтая рука з’яўляецца Тваім кіраўніком. Я прыходжу з параненым сэрцам. Мне не хапае святароў, ахвярных душ, не хапае веры… (12 чэрвеня 1942 г.).
– О святары! Вы Крыжам па-вінны апячатваць душы і з гэтай пячаткай душы будуць упушчаны ў Маё Сэрца. Тут, у падножжа Крыжа, узмацняйцеся разам з Маёй Маці. Яна тут стаяла. Жадаю ад вас ахвяры аж да знішчэння. Я праліў Кроў, а ад вас жадаю ахвяры для Маёй любові. Шукайце душ для Майго сэрца, бо Мне пастаянна не хапае такіх душ, якіх адкупіў Сваёй Кроўю. Вось Крыж. Няхай гэты Крыж не сыходзіць з вашай свядомасці!
– З Крыжам распачынайце кожную хвіліну дня. Крыж – гэта зброя святара. Крыж знішчае буры, навальніцы, якія налятаюць на вашыя душы. Крыж вядзе аж да Мяне, да Майго Сэрца ў вечнай хвале Жадаю карміць вас сваім Целам і Кроўю, а вы не хочаце, Вы адыходзіце. Я жадаю ад вас узаемнай Любові! Любові! Любові! Вы ж корміце Мяне нявер’ем, зневажаеце Мае святыя прыстанкі. Вось што Я атрымліваю замест любові. Але Я не гневаюся. Верце, што не гневаюся. Я прашу і ўсклікаю, каб вы захацелі прыйсці да Мяне. Доўга прашу… Хачу выкінуць пустазелле са святарскіх сэрцаў, бо інакш не змагу быць садоўнікам. Я не магу засеяць цнотай, не магу атрымаць плён. Ён (пэўны святар) пачынае сумнявацца ў святарстве ў сваім пакліканні. Ты павінна яму сказаць, што святарства такое дарагое на зямлі. Яго будуць шукаць са свечкай. Ксёндз з’яўляецца ўласнасцю Бога. Ён павінен пацягнуць за сабою тысячы людзей, інакш Святы Пётр не ўпусціць яго ў Неба (25 верасня 1942 г.).
– Не хочаце зразумець Маёй бязмежнай Любові да Маіх такіх любімых святароў. Гэтыя людзі не павінны быць з гэтага свету (25 кастрычніка 1942 г.).
– Ванда! Ты будзеш сумаваць па маіх абдымках. Але гэты смутак ахвяруй за святароў, па якіх Я пастаянна сумую. Я атрымліваю ад святароў замест абдымкаў удар па шчацэ. І ад манаскіх законаў таксама атрымліваю такі ўдар. Я згаладалы па святарскай і па манаскай любові. Голад жа мой яны заспакойваюць брудам (30 студзеня 1943 г.).
– Я – Праўда. Я Пан святарскіх і манаскіх сэрцаў (15 лютага 1943 г.).
– Сумую па вашым Згуртаванні Сясцёр ад Анёлаў. О, як жа абыякава прымаюць Мяне душы! Яны не хочуць разумець Маёй ахвяры, Майго пастаяннага знаходжання… (17 сакавіка 1943 г.).
– Усіх святароў палюбіў Я праз цярпенне, праз заняволенне. Я жадаю ўчыніць іх ключамі, якія адчыняюць крыніцу Маіх ласкаў. Жадаю праз святароў праліваць ласкі на душы, якія Мяне не ведаюць (26 сакавіка 1943 г.).
– Больш прабачлівы Нябесны Айцец, чым чалавек, які жыве ў свеце. Больш лёгка адпускае цяжкія грахі святарам, чым людзям, якія жывуць у свеце. Лягчэй бярэ ў абдымкі верныя манаскія душы, чым душы, якія жывуць у свеце. Лягчэй прабачае святару і манаху, якія пакаяліся, чым людзям у свеце.
– Так, лягчэй прабачае, але больш апячатвае Крыжам. Крыж – доказ любові, доказ узроўню вечнай любові.
– Не думай, святарская душа, што цябе пакіну. Мая любоў у Эўхарыстыі гарачая. Яна пастаянна палымнее для цябе, святар. Ты вытрымаеш толькі на Крыжы, вытрымаеш толькі ўва Мне. Я не халаднейшы для цябе. Я лепшы, чым ты думаеш. Я з’яўляюся Айцом над айцамі. Я спецыяльна знаходжуся ў гэтай Эўхарыстыі дзеля цябе, святар.
– Праз Маю Маці перамагаю пекла. Праз Маю Маці аддасі Мне душы ва ўласнасць. Там поўнасцю зразумееш Мяне праз Марыю (4 мая 1943 г.).
– Кожны святар, не звяртаючы ўвагі на нацыянальнасць, веды, пасаду, павінен стаць у рады Марыі, а гэта азначае, што святар павінен мець душу, не забруджаную цяжкім грахом.
– Святар – гэта сонца зямных душ. Святар не з’яўляецца сваёй уласнасцю. Ён Мая ўласнасць. Толькі Я маю на яго права (12 жніўня 1943 г.).
– Хачу, каб кожны святар быў маім сапраўдным вобразам. Святар з’яўляецца Маім жыццём у Маім касцёле.
Аўтар кнігі “Схаваная стыгматычка” адзначае, што сястра Ванда з’яўляецца асаблівым дарам для Касцёла ў Польшчы і для яго святароў, а таксама для кансэкраваных асобаў і, вядома, для Згуртавання Сясцёр ад Анёлаў. Сястра Ванда, якая называе сябе “лясным ландышам”, абяцала, што з Неба будзе мець большыя магчымасці дапамагаць людзям і выпрошваць ім ласкі, каб мы маглі ў будучым радавацца шчодрасці ласкаў і дароў, якія будуць дадзены Богам праз яе заступніцтва.
Галіна ТАЎЛУЙ.
(Працяг будзе).