Ад матчынай калыскі…

Інтэрв’ю з галоўным рэдактарам часопісаў «Наша вера» і «Ave Maria» Крыстынаю Лялько

 

f-str-20– Шаноўная спадарыня Крыстына! З нагоды юбілею прыміце шчырае віншаванне ад субратоў па «цэху» — рэдакцыі часопіса «Дыялог», і пажаданне — няхай ласка Божая заўсёды будзе з Вамі!

 

– Дзякуй вялікі!
 
– Бясспрэчна, Вы – чалавек знаны ў колах каталіцкіх СМІ не толькі нашай краіны, але і замежжа: пісьменніца, перакладчыца, журналіст і рэдактар… А нагадайце, калі ласка, адкуль бяруцца вытокі Вашай творчасці? Дзе была тая калыска, у якой узрастала дзяўчынка з такім творчым і пазітыўным успрыманнем свету?
– Вытокі творчасці там, дзе і вытокі жыцця – на радзіме, на Лідчыне, на  дзедавым хутары каля вёскі Хадзюкі. Там была тая калыска, пра якую пытаеце, і якую люляла не толькі маміна любоў, але й пошум ветру ў гонкіх бярэ-зінах на падворку і ў садзе, а душу жывіла і маміна песня, і спеў птушак у нашым лесе, што рос адразу за брамаю, і гул пчолаў у маладой яблыневай квецені, і ўсё непаўторнае хараство роднага навакольнага свету. Немагчыма там было не пачаць складаць вершы. Дарэчы, самы першы, пра восень, мы склалі разам з мамаю ў маім яшчэ да-школьным маленстве. А ўвесь па-зітыў быў таксама ад мамы, ад яе бязмежнай любові да ўсяго жывога. Я з маленства чула, што «сонейка свеціць», «дожджык ідзе», «ветрык вее»…
І ў гэтай ласкавай памяншальнасці была вялікая дабрыня мамінай светлай прыгожай душы. Наша хата, колькі сябе памятаю, з вясны да позняй восені патанала ў кветках, і не толькі звонку: букеты, сабраныя і па-мастацку складзеныя мамінымі рукамі, стаялі  па ўсёй хаце…

 

– Падчас вучобы, калі Вы атрымоўвалі вышэйшую адукацыю ў БДУ, у аўдыторыях навучальнай установы лунаў яшчэ дух ваяўнічага атэізму. Што дапамагло Вам захаваць веру і не паддацца «сурагатным  ідэям»?

 

– Дык гэты ваяўнічы атэізм быў вядомы яшчэ задоўга да ўніверсітэта. Маё маленства прыпала на канец 50-х і 60-я гады, на час так званай хрушчоўскай адлігі, калі тым адліжным павадкам касцёлаў і цэркваў было знесена і зруйнавана больш, чым калі-небудзь раней. Быў нават такі перыяд, што дзецям увогуле не дазвалялі пераступаць парог святыні. Таму да першай споведзі мама падрыхтавала мяне сама і павезла ажно ў Польшчу, у вёску Жансіны пад Еленяю Гураю, дзе жыла яе родная сястра, а мая любімая цёця Зося. І там, у касцёле Маці Божай Вастрабрамскай, 30 ліпеня 1965 года, я прыняла Першую св. Камунію. Гэта была незабыўная падзея. І мінулым летам я адзначыла яе 50-годдзе.
Што праўда, наш Белагрудскі касцёл св. Міхала Арханёла з цудадзейным абразом Маці Божай Міласэрнасці ніколі не зачыняўся, нават у самыя горшыя часіны, калі пробашч Стэфан Гародка сядзеў у савецкай вязніцы. Усё роўна парафіяне штонядзелі і ў святы сыхо-дзіліся на малітву. Ад нашага хутара да касцёла недзе каля пяці кіламетраў. З самага ранняга маленства мама мяне вазіла туды спачатку на ровары, а пасля, калі я падрасла, мы з ёю хадзілі ў касцёл пешкі. Калі, бывала, па нейкай прычыне не маглі пайсці, то абавязкова слухалі Імшу з касцёла Св. Крыжа ў Варшаве, якую трансліравала  (і да гэтага часу трансліруе) Польскае радыё… Мы заўсёды жылі з Богам: мая  мяккая, да-лікатная мама ў пытаннях  веры  праяўляла непахіснасць і  цвёрдасць. Таму тыя «сурагатныя ідэі» падчас студэнцкага  жыцця  не былі для мяне такімі ўжо небяспечнымі. Хоць, зразумела, уносілі пэўную сумяціцу і ў душу, і ў думкі… Не магу сказаць, што не было ў мяне ў маладосці перыядаў адыходу, ці, дакладней, аддалення ад Бога. На жаль, былі. І маме даводзілася  часам, па маім прыездзе  з  бязбожнага ў той час Мінска, змушаць мяне ісці да споведзі, і ўвогуле ісці ў нядзелю ў касцёл. Але  яе  пастаянная  малітва  з часам  вяртала  ўсё  на сваё месца. Я цяпер ведаю: многае, што датычыць веры і Касцёла ў маім лёсе, вымаліла  мама…

 

–  Як узнікла думка аб стварэнні каталіцкіх выданняў і як адбывалася станаўленне часопісаў, якія Вы ўзначальваеце і сёння? Ці споўніліся Вашыя мары і задумы адносна іх ?

 

– У той час я  працавала ў часопісе «Беларусь» рэдактарам аддзела літаратуры. Гэта была салідная пасада і вельмі добрае месца працы з неблагім заробкам. Але ў краіне пачыналася духоўнае адраджэнне, а рэлігійнай літаратуры і каталіцкай перыёдыкі амаль не было. Выходзіў толькі адзін часопіс «Хрысціянская думка». І вось некалькі філолагаў, літаратараў і журналістаў сабраліся і арганізавалі фонд Маці Божай Фацімскай, а  пры ім зарэгістравалі  тады  яшчэ  газету  «Ave Maria». Мне давялося пакінуць працу ў часопісе «Беларусь», гэтаксама  як  пакідалі ранейшыя месцы працы Аліна Новікава, Галіна Калевіч, Ірына Жарнасек, а потым іншыя нашы супрацоўнікі.
У 1995 г. па благаслаўленні тагачаснага Мітрапаліта, кардынала Казіміра Свёнтка, выйшаў 1-ы нумар квартальніка «Наша вера».
Відавочна, такая была Божая воля…
У тыя гады даводзілася вельмі шмат  працаваць.  Мы выпускалі не толькі чарговыя  нумары  нашай прэсы,  але  яшчэ  дапамагалі перакладаць  літургічныя тэксты, рыхтаваць  да выдання першы малітоўнік,  а  самае  галоўнае – Імшал. Вялася  таксама  інтэнсіўная падрыхтоўка  да  Сінода, у якой былі актыўна задзейнічаны супрацоўнікі  рэдакцыі,  было  шмат іншай  працы і абавязкаў. Дадому даводзілася  вяртацца часам за поўнач. Але  ніхто не наракаў –  наадварот, усе радаваліся, што працуем дзеля адраджэння веры, дзеля дабра Касцёла….
Ці спраўдзіліся мары і задумы адносна часопісаў? Думаю, што ў пэўнай ступені так. Але чалавек ніколі да канца не бывае задаволены.  Ды  ўсё ж, калі чуеш, скажам, ад  нашых  многіх пісьменнікаў, мастакоў, іншых творчых людзей, наколькі важны і неабходны для іх квартальнік  «Наша вера», што яны ўжо не ўяўляюць беларускай культуралагічнай, духоўнай прасторы без яго, тады адчуваеш, што гэтыя 20 гадоў жыцця не прапалі марна. Альбо, калі чытаеш у лістах ад чытачоў часопіса «Ave Maria», як ён ім дапамагае ў вырашэнні многіх пытанняў веры, наколькі важныя  для іх тыя малітвы, якія мы ў кожным нумары друкуем на 3-й і 4-й вокладках, як дапамагаюць  ім  рубрыкі «Школа малітвы», «Святар  адказвае  на пытанні» і многія-многія іншыя матэрыялы, тады яшчэ больш разумееш, што праца  гэтая важная і неабходная  людзям і, спадзяюся, Пану Богу  таксама…

 

– Спадарыня Крыстына, што зматывавала Вашую перакладчыцкую дзейнасць? Як сталася, што менавіта Вы пачалі перакладаць творы Папы Яна Паўла II ? Нагадайце, калі ласка, і сустрэчы са святым…

 

 З Папам Янам Паўлам II. Здымак 1994 года..

З Папам Янам Паўлам II. Здымак 1994 года..

– Да перакладаў падштурхнуў найперш недахоп хрысціянскай духоўнай літаратуры на роднай мове. Нельга было ў той час, напачатку адраджэння Касцёла, не займацца перакладамі. У нас жа была ў гэтым сэнсе пустка. Ды й сёння яшчэ рэлігійнай каталіцкай літаратуры на беларускай мове не так шмат, а дакладней, мала, асабліва, калі параўноўваць з іншымі краінамі. Але ёсць надзея, што сітуацыя з  часам  выправіцца, бо з’яўляецца ўсё больш адукаваных маладых  філолагаў,  лінгвістаў, здольных  перакладчыкаў.  Дай  ім,  Божа, натхненне і запал  для  гэтае працы.
Што ж да перакладаў твораў сёння  ўжо  святога Папы Яна Паўла ІІ, то першую ягоную кнігу «Пераступіць парог надзеі» па-прасіў мяне   перакласці  кардынал  Казімір Свёнтэк. Гэта было ў лістападзе 1994 года. Перад тым, у верасні, мне пашчасціла ўпершыню сустрэцца з Папам. Я была пад моцным  уражаннем  ад тае сустрэчы. Менавіта тады Святы Айцец даў сваё апостальскае благаслаўленне на нашу рэдакцыйна-выдавецкую працу, якое (я пераканана) дапамагае  нам  увесь гэты час…
Праз год, восенню 1995 года, адбылася мая другая сустрэча з Папам, і я прывезла яму першы вынік ягонага благаслаўлення — некалькі  нумароў «Ave Maria». Гэта тады, паклаўшы руку на тыя шэра-блакітныя  экземпляры, Вялікі Папа сказаў словы, якіх я ніколі не забуду: «Як жа добра, што ўжо маеце каталіцкі  друк  на беларускай  мове». Тыя  словы заўсёды мне дадавалі  ўпэўненасці і сілы ў працы…

 

 – А ці сустракаліся Вы з ксян-дзом Янам Твардоўскім, чые вершы — прыгожыя і незвычайныя па сваёй форме — таксама з поспехам пераклалі? Што дапамагло Вам зразумець адметную глыбіню і яскравасць яго паэзіі?

 

– З ксяндзом  Янам  Твардоўскім сустрэцца, на жаль, ні разу  не давялося, але яго вершы здаўна мяне цікавілі і захаплялі. Пры нагодзе я заўсёды набывала ў Польшчы  новыя  кнігі кс. Твардоўскага. Яго паэзія сапраўды глыбокая і яскравая,  адметная сваім вобразным  мысленнем, часта  падсвечаным  непаўторнаю  аўтарскаю  ўсмешкаю і іроніяй. Перастварэнне  вершаў  кс. Я. Твардоўскага на іншую мову патрабуе  ад перакладчыка найперш вельмі  ўважлівага  іх прачытання і разумення  ўсіх  сэнсавых  адценняў, бо за знешняю лёгкасцю  ў  творах кс. Яна схаваны глыбокі тэалагічны сэнс, а часам  зусім  нечаканы   падтэкст. Гэта была вельмі  цікавая праца…

 

– Спадарыня Крыстына, відаць, ёсць нешта незвычайнае, можа, нават знакавае ў тым, што Ваш асабісты юбілей супадае з Годам Міласэрнасці ў Касцёле, і мы маем магчымасць, дзякуючы Вам, карыстацца цудоўным «Дзённікам» святой Фаўстыны. Які ўплыў зрабіла на Вас гэтая асоба з яе містычным успрыманнем Божых аб’яўленняў?

 

– Дзякуй  вялікі за тое, што звярнулі на гэта ўвагу… Пераклад «Дзённіка» — асаблівы Божы дар для мяне. Праца над ім працягвалася  амаль два гады і ўвесь гэты час я мела шчаслівую мажлівасць сумоўя з аўтаркаю гэтага незвычайнага, натхнёнага Богам тэкста, у якім  так  асязальна  адчуваецца яе жывая прысутнасць, і які, абвяшчаючы Божую  міласэрнасць цэламу  свету, адначасова так пераканальна сцвярджае і пацвяр-джае яе. Гэта ўзнёслы гімн бязмежнай Божай любові, напісаны вялікаю  містычкаю  нашага часу, ахвярнаю, чыстаю, пакорнаю, вельмі прыгожаю і святою душою.
Увесь час я адчувала і адчуваю праменяванне гэтай святасці, ад якой святлее  душа, мацуецца вера і давер да Бога. Няхай у Надзвычайны Год Божай Міласэрнасці, які мы  перажываем,  як  мага больш людзей пачуе абяцанне Пана, перададзенае сястрою Фаўстынаю: «Душы, якія будуць маліцца <…> вяночак, будуць атуленыя Маёю міласэрнасцю пры жыцці, і  асабліва ў гадзіну смерці» (Дз. 754).

 

–  І апошняе пытанне чалавеку, які быў адным з першых на шляху распаўсюджвання праўды Евангелля ў друкаваных каталіцкіх СМІ: ці ёсць у іх будучыня?

 

– Як можа не быць будучыні там, дзе ёсць Бог і Божае слова? Прынамсі, заўсёды ёсць надзея на гэтую будучыню. На маю думку, Інтэрнэт ніколі да канца і паўнавартасна не заменіць друкаваных СМІ. Мы ўвесь час чуем, што моладзь, маўляў, не чытае часопісаў. Але паглядзіце, колькі студэнтаў пішуць свае дыпломныя працы па публікацыях хоць бы і кварталь-ніка «Наша вера». І не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. Значыць, ён ім патрэбны і цікавы…
А тэксты  ў  Інтэрнэце  мне нагадваюць  каляровых  матылёў: «папырхалі» нейкі кароткі час, некага  ўразілі, некага здзівілі і зніклі, і хто там дзе іх будзе  асабліва  шукаць,  калі  гэтулькі ўсяго  новага  штодня  з’яўляецца.  А тэкст, змешчаны ў часопісе, застаецца, да яго можна ў любы час вярнуцца. Ды й слова, надрукаванае  на паперы, інакш «смакуе», іначай  успрымаецца…  Зрэшты, гэта толькі  мая думка і  маё  перакананне,  але ж без надзеі на будучыню няма сэнсу ў працы. Таму – майма надзею!

 

 

Пытанні задавала Раіса  СУШКО.
Здымкі з архіва Крыстыны Лялько. 


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий