Бог адчыняе вакно

Калі з’явілася жаданне гаварыць слухачам нешта сваё, кампазітар, музыкант, спявак і аранжыроўшчык зараз дакладна сказаць не можа. Але ён шчыра дзякуе Богу за тое, што такое жаданне – несці ў гэты свет пачуццё радасці, рабіць яго больш дасканалым, з’явілася наогул, і ён прысвяціў сябе хрысціянскім спевам. Пра гэта і іншае – у размове з кіраўніком музычнага гурту Laudans Андрэем Лугіным.

 

 

f-str-28– Відаць, у нашым жыцці ўсё ж няма выпадковасцей, і музыка ў яго прыходзіць таксама нейкім заканамерным шляхам. Ці можаце расказаць, як гэта было ў Вас?
– Вельмі проста. Калі я быў маленькі, мае бацькі часта ўключалі песні Ўладзіміра Высоцкага. Мне было цікава слухаць, бо песні падабаліся і мне… Магчыма, гэта паўплывала на тое, што пазней я пайшоў у дзіцячую музычную школу ў Гальшанах, вучыўся іграць на баяне, пайшоў у хор, каб спяваць.

 

– Высоцкі даў Вам штуршок?
– Штуршок? Не зусім, але што “зачапіла” мяне харызма Высоцкага – гэта праўда… Паколькі спяваць падабалася і спевы атрымоўваліся, сабралася нас група – чатыры хлопчыкі – каб выступіць на районным конкурсе патрыятычнай песні ў Ашмянах. Абралі песню цяжкую – пра Афганістан (“Страна песков и серых скал”), і цяжкую перш за ўсё па зместу. Але тэма Афгана, як і тэма Вялікай Айчыннай вайны, якая ўвайшла ў жыццё майго пакалення са школьных падручнікаў і з расказаў бацькоў, знаёмых старэйшага веку, вызывала пачуццё вялікай павагі да салдата наогул. Таму вобраз вайны, трагізм, заложаны ў творы, відаць, перадаць нам удалося, бо мы сталі ўладальнікамі дыплома першай ступені. Для нас гэта быў поспех, які акрыляў, а галоўнае – хацелася зноў нешта рабіць, зноў спяваць праўдзівыя песні. Дарэчы, пасля конкурсу разлажылі песню на два галасы, і пачало гучаць значна прыгажэй…

 

– Вось і след ДМШ у Вашай біяграфіі знайшоўся…
– А я не хаваю яго, наадварот, моцна ўдзячны дзіцячай музычнай школе і лічу, што музычная адукацыя на тым пачатковым узроўні патрэбна кожнаму дзіцяці як мастацкая культура. Нават, калі не пойдзе яно ў гэтым накірунку далей, не стане прафесійным музыкантам, затое будзе разборлівым “прафесійным” слухачом і для сваіх вушэй заўсёды выбярэ лепшае.

 

– Андрэй, а як прыйшлі да стварэння праекту, якім займаецеся зараз?
– Не хацеў бы, каб прагучала высакамоўна, напышліва, але весь мой шлях – гэта шлях да песні духоўнай. Яшчэ будучы студэнтам II курса Лідскага музычнага вучылішча, адчуў што свет духоўнай музыкі – мой свет. Была вялікая прага развівацца, асвоіў ігру на гітары, хацелася спяваць. Аднойчы трапіў да пратэстантаў – прачытаў аб’яву аб выступленні моладзевага гурту і пайшоў. Папрысутнічаў на канцэрце, спадабалася. Мяне нават запрасілі, каб іграў разам з імі. Я паспрабаваў, але надоўга спалучыць у сваім сэрцы адно з другім не мог – ахрышчаны католікам, бацькі з дзяцінства прывучылі да Касцёла, да абавязковай нядзельнай святой Імшы, да прытрымлівання каталіцкіх традыцый. Сустрэча з мінскім ксяндзом Генадзем Кухарэвічам пераканала мяне ў тым, што патрэбна сур’ёзна займацца духоўнай музыкай і займацца ў “сваім гняздзе”. А да гэтага канкрэтнага праекту прыйшлі, дзякуючы слыннаму польскаму ксяндзу і паэту Яну Твардоўскаму. З яго пачыналася… На вочы трапіў зборнік яго вершаў і першае, што я прачытаў, было:

 

Kiedy mówiszf-str-28-2
Nie placz w liście
nie pisz że los ciebie kopnal
nie ma sytuacji na ziemi bez wyjścia
kiedy Bóg drzwi zamyka… to otwiera okno
odetchnij popatrz
spadają z obloków
małe wielkie nieszczęscia potrzebne do szczescia
a od zwyklych rzeczy naucz sie spokoju
i zapomnij że jesteś gdy mówisz że kochasz.

 

Прачытаў гэтыя радкі і застаўся моцна ўзрушаны, апантаны імкненнем хутчэй пакласці гэтыя словы на музыку… Сапраўды, разважаў я, якая высокая праўда жыцця – не плач, не скардзіся на лёс, бо няма сітуацыі без выйсця. Калі Бог зачыняе дзверы – адчыняе вакно! Я б ніколі да гэтага не дадумаўся! Зусім на паверхні, проста і геніяльна – песня! Мелодыя нарадзілася адразу. А паколькі афіцыйных перакладаў вершаў кс. Яна Твардоўскага я на той час яшчэ не знайшоў, пераклад на беларускую мову зрабіла Вераніка, мая жонка, яна філолаг. “Калі кажаш” была першай, але не адзінай. Пасля з’явіліся “Та wiara” (“Гэтая вера”), зробленая з двух вершаў кс. Твардоўскага, “Справядлівасць” і іншыя – усяго сем, у тым ліку адна на польскай мове – “Jakby Go nie bylo” (“Быццам Яго не было”). Захацелася запісаць дыск яго песень. Дзякаваць Богу, усё атрымалася. Тыраж таго першага дыска пад назвай “Трэба спяшацца любіць” (гэта таксама радок з верша кс. Твардоўскага) разляцеўся вельмі хутка. Святар дасканала ведаў прыроду, у яго яна заўсёды жывая і прыгожая. “Калі ідзеш па вуліцы, або стаіш на прыпынку, калі лезуць у галаву нядобрыя думкі, – пісаў ён, – зірні навокал: на прыгожае дрэва, на кветку, на ліст, на птушку і падзякуй Богу за Яго любоў і вучыся любіць, бо чалавек застаецца незразумелым нават сабе самому, а яго жыццё пазбаўлена сэнсу, калі яму не аб’явіцца любоў…”. У ксяндза Твардоўскага паэзія асаблівая – моцная, праўдзівая, стваральная. Ён не пісаў прамалінейна, а застаўляў думаць! Далейшае знаёмства з паэзіяй кс. Твардоўскага падвяло нас да запісу новага дыска. Да ўдзелу ў праекце я запрасіў добра вядомых мне і таленавітых выканаўцаў – Аляксея Палачанскага (гітара, губны гармонік), Аляксея Нядзвецкага (бас-гітара), Максіма Боландзь (ударныя інструменты), Вальжыну Прохараву (віяланчэль), Настассю Клюйко (акустычная гітара, барачная лютня) і Алёну Палачанскую (клавішныя), з якой працуем зараз пастаянна. Сам я выконваю сольныя партыі і таксама іграю на гітары. Дыск пад назвай “Завысока-заблізка” тыражыраваўся два разы.

 

– Скажыце, калі ласка, паэзія ксяндза Яна Твардоўскага зараз аснова вашага рэпертуару?
– Сапраўды, з яго спадчыны мы ўзялі многа, але маем і шмат чаго яшчэ. У нашым актыўным рэпертуары – дзве песні на словы з “Рымскага Трыпціха” святога Яна Паўла II, песня “Малюся за цябе, Беларусь”, словы якой напісаў ксёндз Сяргей Бараўнёў, пробашч парафіі ў Беразінскім, ёсць Адвэнтовыя, Калядныя, Велікодныя цыклы. Зараз працуем над новым альбомам, у які ўвойдуць тры песні на словы ксяндза Яна Твардоўскага, а таксама творы на вершы Ірыны Багдановіч, Аксаны Ючкавіч і нашага асабістага з Алёнай Палачанскай аўтарства. Яна піяністка, аранжыроўшчык, кампазітар і “асабісты дызайнер” нашага гурту, працяглы час была арганісткаю ў Чырвоным касцёле, атрымліваючы ўрокі вопытнай Марыі Новікавай.

 

– Андрэй, што абазначае назва вашага гурту – Laudans?
– У перакладзе з лацінскай мовы – “той, хто славіць”. Мы імкнемся праслаўляць Бога і створаны ім сусвет, спяваць пра тое, на што адклікаецца душа чалавека, што вызывае ў яе светлыя пачуцці.

 

– Ведаю, што гурт ладзіць многа канцэртаў у парафіях, школах, Дамах культуры, прымаеце ўдзел у фестывалях, былі ў Польшчы. Што гэта дае Вам асабіста?
– Жаданне жыць і працаваць далей. Так, ездзім многа, летась былі на Х Міжнародным фестывалі хрысціянскай музыкі ў Закопанэ і атрымалі Гран-пры фестывалю. А самай вялікай для нас радасцю было тое, што польскі хор, які таксама прымаў удзел у конкурснай праграме, вывучыў нашую песню “Адзінства” і ў гала-канцэрце на заканчэнне фестывалю мы спявалі яе разам.

 

– Можаце сказаць, аб чым зараз марыце?
– Чаму не? Марым, каб знайшліся спонсары і дапамаглі нам купіць інструменты; марым, каб удаліся нам творчыя задумы; марым паспяваць на Сусветных Днях Моладзі ў Кракаве ў гэтым годзе. Марым і за гэта молімся, а там…. На ўсё – воля Божая.   

  

                                                                                             Размаўляла Раіса СУШКО
Фота Карнэлія КОНСЭКА,SVD.
г. Мінск.


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий