…Сапраўды, у кожнага яна свая, асаблівая, як і ў Леаніда Несцюка, пробашча Гервяцкага касцёла Святой Тройцы.
Нарадзіўся Леанід у Валагодскай вобласці – менавіта туды ў пошуках прыстанішча і далей ад гневу родных прыехалі ў свой час маладажоны Пётр і Браніслава Несцюкі. Не, сям’я Пятра нічога супраць яго абранніцы не мела, затое бацькі Браніславы падобны “мезальянс” прыняць не маглі: “Гэта ж падумаць: літоўка, а замуж сабралася за беларуса!..”.
– Праз некалькі гадоў бабуля прыняла выбар свае дачкі, – расказвае Леанід, – тым больш, што, насуперак яе сумным прагнозам, шлюб аказаўся ўдалым – тата і мама кахалі адзін аднаго ўсё жыццё. Настолькі, што, калі ў 2002 годзе таты не стала, мама правалілася ў глыбокую дэпрэсію, “выцягнуць” з якой да канца нам яе так і не ўдалося.
У 1969 годзе – Леанід акурат закончыў восем класаў Паўночна-заходняй школы – бабуля стала прасіць іх вярнуцца на радзіму, і бацькі пачалі збіраць пажыткі.
…Сям’я Несцюкоў стала жыць у Варэнскім раёне, але, паколькі рускамоўнай школы паблізу не было, Леаніду, каб працягнуць адукацыю, давялося ехаць у Вільно. Пасля заканчэння школы ён уладкаваўся на працу ў Вільнюскі навукова-даследчы інстытут цеплаізаляцыі.
У жыцці, асабліва ў пачатку яго даросласці, здараюцца перыяды, калі кожную новую ра-ніцу ты сустракаеш са шчаслівай усмешкай, калі гармонію здольны знайсці нават у відавочным абсурдзе. Сутнасць гэтага перыяду апрыёры ідэалізаваная, а назва вельмі канкрэтная – першае каханне… Ох, якім чыстым, прыгожым, усёпаглынальным і засцяшчым вочы яно бывае! Асабліва ўзаемнае. Менавіта такое, якое здарылася ў нядаўняга школьніка Леаніда. Здарылася, і ўся неабсяжнасць Сусвету для яго ўмясцілася ў вачах каханай дзяўчыны. І, канешне ж, іх каханне было асаб-лівым – вечным, і разлучыць магла толькі смерць…
А разлучыў ваенкамат, але абое былі ўпэўнены: за два гады іх каханне толькі ўзмоцніцца. Марфлот? Ну, значыць, за тры…
Камсорг карабля
1974 – 77гг. Ваенна-марскія сілы Украіны, горад Севастопаль.
На малы ракетны карабель “Віхор” пасля сямімесячнай вучэбкі Леанід трапіў у якасці радыётэлеграфіста. І літаральна назаўтра яго накіравалі на камбуз – падаваць на сталы чыгункі з кашамі ды супамі. Белы каўпак, стэрыльны фартух…
–Эй, ты, Беласнежка, – раздаўся раптам грубы воклік яўнага “дзеда”, – што за “парашу” ты нам прынёс?
–Што далі, тое і прынёс, – паціснуў плячыма матрос Нясцюк і, паставіўшы чыгунок на стол, накіраваўся за чарговым.
…Пушчаная ўмелай рукой талерка прасвістала літаральна ў сантыметры ад яго вуха, ударылася з лёту аб сцяну і брызнула ва ўсе бакі дзясяткамі дробных асколкаў. Леанід азірнуўся, зразумеў, чыіх рук гэта справа. І на хаду сарваўшы каўпак і фартух, скамячыў іх і кінуў крыў-дзіцелю проста ў твар –“Жары!”. Крута развярнуўся і пайшоў у радыёрубку: што будзе далей? “Разнос” ад камандзіра? Гаўптвахта? Спісанне на бераг? Помста “дзядоў”?..
…Камандзір аддзялення сказаў яму ўсяго адну фразу: “Больш на камбуз ты не пойдзеш”, а стараслужачыя не толькі не сталі зводзіць рахункі – сталі паважаць. Ды і ўсе астатнія хутка прыкмецілі: матрос Нясцюк несправядлівасці не церпіць.
Недзе праз два-тры месяцы Леанід стаў камсоргам карабля. І ўжо на гэтым жыццёвым адрэзку праявілася яго здольнасць слухаць і суперажываць – матросы часта спынялі камсорга, каб пагаварыць. Прычым, як правіла, на нейкія “вечныя” тэмы.
…А на трэці год службы прыйшло пісьмо ад каханай: “Прабач, выходжу замуж…”. Тое “прабач” перавярнула жыццё Леаніда, прымусіла задумацца над непрывычнымі для маладога чалавека паняццямі: што такое здрада, ці ёсць наогул у свеце пастаянства?
– Гэтае каханне было адзіным у маім жыцці, – прызнаецца суразмоўца. – Новага я ніколі больш сабе не дазволіў.
Семінарыст
Да рэлігіі ён быў прывучаны з маленства – бацькі, хоць і жылі далёка ад радзімы, веры сваёй не выракліся – на сцяне іх дома заўсёды вісеў абраз “Сэрца Пана Езуса”, у шафе стаяў крыжык, і ўсе рэлігійныя святы адзначаліся традыцыйна. Вера і рэлігійныя традыцыі старанна захоўваліся ў многіх дамах Паўночна-заходняга, у якіх жылі сем’і ссыльных немцаў і літоўцаў.
Бабуля Марыяна, да якой Несцюкі пераехалі пазней, была наогул вельмі рэлігійным чалавекам – у яе руках амаль пастаянна былі або ружанчык, або малітоўнік. Але выбар Леаніда вызначыла ўсё ж не яна…
Аднойчы хлопец трапіў у Каўнаскую семінарыю, адзіную на тэрыторыі СССР вышэйшую ўстанову, у якой рыхтавалі каталіцкіх святароў. Леанід хадзіў па яе калідорах, заглядваў у аўдыторыі, у капліцу – і амаль фізічна адчуваў, як недзе ўнутры, у глыбінях душы спее пэўнае рашэнне…
Ён не прызнаўся нікому, што падаў дакументы ў семінарыю – а раптам не прымуць?.. Сказаў пра гэта толькі пасля таго, як адкрыў канверт з паведамленнем аб занятках. Бацька ў адказ паціснуў плячыма. Маўляў, сваім жыццём ты маеш права распараджацца сам. А маці… Маці, канешне ж, заплакала…
Рукапаложаны ён быў 22 мая 1982 года.
Святар
– Пры выбары жыццёвай дарогі мной кіравала не толькі любоў да Бога, – гаворыць кс. Леанід. – Любоў да яго стварэнняў – людзей, таксама жыла ўва мне і патрабавала свайго практычнага ўвасаблення. З юнацкім максімалізмам мне хацелася прысвяціць сваё жыццё – як бы гэта выказацца дакладней? – паляпшэнню людзей. Ні больш-ні менш! Я верыў, што дастаткова паказаць людзям шлях да Бога – і яны стануць іншымі: знікне варожасць, скончацца войны, не стане здрады. Мне і сёння блізкія тыя мае ідэі, а тады… Хоць усведамленне іх утапічнасці аднойчы мяне ўсё ж дагнала… Псіхолагі сцвярджаюць, што асновы характару чалавека закладваюцца ў першыя чатыры гады яго жыцця, і спробы ўнесці кардынальныя змены ў дарослым стане найчасцей застаюцца безвыніковымі. Напэўна, гэта так, хоць надзея застаецца заўсёды.
– Ведаеце, – крыху памаўчаўшы, шчыра прызнаецца ксёндз, – я не асабліва люблю даваць шлюбы. Бачыш шчаслівыя вочы закаханых, слухаеш словы іх клятвы… А недзе ў падсвядомасці ўзнікае статыстыка разводаў. Ну чаму чалавек не можа быць шчаслівым назаўжды? Чаму нярэдка ўжо праз некалькі месяцаў у вачах, якія так нядаўна гарэлі любоўю, нара-джаецца нянавісць?
– А споведзь… Я не пра тую “абавязковую”, на якую большасць людзей рашаецца напярэдадні вялікіх рэлігійных свят… Я пра сапраўдную споведзь – не дзеля “птушачкі”. Ведаеце, бывае слухаеш гэты самы “набор” на працягу добрай гадзіны – нават у сон пачынае хіліць. І раптам як электрычны разрад – крык чыесьці душы! Чалавек прынёс да спавядніцы ўвесь свой боль і даверыў яго табе. І ты не маеш духоўнага права адмахнуцца ад яго, не пачуць, або пачуць упаўвуха… Часам быць святаром невыносна цяжка…
– Кожны з нас нясе свой крыж. І баяцца яго не трэба – Бог кла-дзе на нашы плечы роўна столькі, колькі мы ў стане панесці, не больш. Іншая справа, што многія з нас самі абцяжарваюць сваю ношу. Вось, да прыкладу, нашы старыя людзі… Жанчыне пад 80 гадоў, а цэлы дзень крукам стаіць у агародзе. “Вы б, – кажу, – у санаторый лепш з’ездзілі, адпачылі б, падлячыліся”. “Няма як, паважаны пробашч, – адказвае. – Трэба дзецям дапамагаць”. А дзецям – ужо за 50 пераваліла… Балюча глядзець на такіх “зазамбіраваных” жыццём…
– Няма людзей абсалютна ўдачлівых – жыццё знаходзіць магчымасць ударыць кожнага з нас. Але адны не зацыкліваюцца на пакутах: перажыў і, зрабіўшы неабходныя вывады, пайшоў далей. А другія з любой дробязі гатовы зрабіць трагедыю і дэманстраваць яе кожнаму стрэчнаму…
– Як гэта ні парадаксальна гучыць, мне падабаюцца пахаванні. Гляджу на спрацаваныя рукі старога чалавека, якія ляжаць без справы, можа, упершыню ў жыцці, і разумею: іх гаспадар адбыў сваё “чысцілішча” тут, на зямлі, і сёння ён трапіў у неба. Грахі? Хто з нас іх не мае! Але кожны грэх можна адмаліць. Акрамя самагубства, напэўна…
– Да Бога можна звяртацца з просьбамі. Прасі, што хочаш – Ён пачуе. Але памятай, што можаш разлічваць роўна на столькі, колькі ты сам гатовы аддаць іншым…
Ад Дзевянішак да Гервят
Першай парафіяй для ксяндза Несцюка стала Дзевянішская, дзе ён працаваў вікарыем. Потым былі Эйшышкі і, нарэшце, ужо ў якасці пробашча – Іўе. У парафіі св.св. апосталаў Пятра і Паўла налічвалася 17 тысяч чалавек. А гэта значыць, па 20-30 шлюбаў і яшчэ больш хросту ў месяц, амаль кожны дзень пахаванні, бясконцая колькасць імшаў. І ўсё гэта – на аднаго пробашча.
– Не зусім, – удакладняе кс. Леанід. – Падрыхтоўкай дзяцей займалася манахіня – гэта было вялікай палёгкай для мяне. Калі б прыйшлося ўзваліць на сябе яшчэ і катэхезу… Тым больш, што ў касцёле рабіўся капітальны рамонт.
У Іўі святар працаваў з 1984 па 1996 год. У рэжыме “нон-стоп” шлюбаваў, хрысціў, адпяваў, замяніў дах храма, адрамантаваў фасад. І стаміўся амаль да дэпрэсіі. Звярнуўся да біскупа з просьбай аб пераводзе ў маленькую, чалавек на 300-500 парафію…Так ён апынуўся ў Гервятах…
Ехаў у Гервяты без аніякіх эмоцый – чарговае месца працы. А ўбачыў храм і адразу ў яго ўлюбіўся. І ўсяго сябе аддаў яго велічнай прыгажосці: перакрыў дах, прычым аўтэнтычнай чарапіцай чэшскай вытворчасці, поўнасцю аднавіў знешні выгляд касцёла, правёў унутраны капітальны рамонт, устанавіў каваныя вароты філіграннай работы, адрэстаўрыраваў шэсць старых абразоў, простае шкло правага рада вокнаў замяніў на каляровую мазаіку…
А яшчэ разбіў вакол храма цуда-сад, у якім жывуць сотні дрэў і тысячы кветак. Зроблена столькі, што хапіла б на некалькі жыццяў… Але ад слоў пахвалы кс. Леанід рашуча адмахнуўся: маўляў, не дзеля славы робіцца. Загаварыў пра іншае, пра тое, што непакоіць не менш, чым выгляд касцёла:
– 16 гадоў назад у Гервяцкай парафіі налічвалася 3200 вернікаў. Сёння – толькі 1600, з якіх большасць – людзі пажылога ўзросту, па 80 гадоў і нават старэйшыя. Колькі яны яшчэ пажывуць? Зіму? Дзве? Летась у парафіі адбылося 52 пахаванні… Не магу не думаць пра будучыню парафіі… Што трэба рабіць, каб моладзь не збягала ў горад? Напэўна, ствараць новыя працоўныя месцы, павышаць заработную плату, ствараць умовы для жыцця на гарадскім узроўні.
…А мова, якая ў пэўныя часы была праблемаю? Процістаянне паміж літоўцамі і палякамі знікла само сабой. І тыя самыя бабулькі, якія яшчэ некалькі гадоў “ваявалі” за сваю мову, сёння падыходзяць да святара са словамі: “Можа, і не трэба, ойчанька, нам дзве імшы – хопіць адной. І якая розніца, на якой яна будзе мове?! Нашыя малітвы на любой мове Бог выслухае аднолькава”. “І гэтыя словы для мяне – як бальзам на душу. Значыць, не толькі прыгажосць прынёс я ў храм…”.
Пробашч касцёла Святой Тройцы ў Гервятах ксёндз Леанід Нясцюк у 2010 годзе быў узнагароджаны срэбраным медалём за шматгадовую працу, захаванне веры і хрысціянскіх традыцый на гервяцкай зямлі; узнагарода прыйшла з Літоўскай рэспублікі, і ліст, у сувязі з гэтым, быў падпісаны намеснікам прэм’ер-міністра Андрюсам Кубілюсам. Пробашч касцёла Святой Тройцы ў Гервятах ксёндз Леанід Нясцюк прызнаны Чалавекам 2012-га года Гродзенскай вобласці. І гэта, здаецца, адзіны падобны выпадак на Гродзеншчыне.
Ганна ЧАКУР.
Здымкі Карнэлія КОНСЭКА.