„Будзеш нястомна чытаць Біблію. Будзеш любіць яе больш, чым бацькоў… Ніколі не разлучышся з ёю… А калі састарэеш, дойдзеш да высновы, што ўсе кнігі, якія ты прачытаў у сваім жыцці, з’яўляюцца толькі нікчэмным каментарыем да гэтай адзінай Кнігі”.
(Roman Brandstaetter / Раман Брандштэтэр)
Дарогаю Бібліі
У доўгай і багатай гісторыі чалавецтва назапашана мноства каштоўнасцей, пра якія нельга не ведаць; адна з найвялікшых – Біблія. Працягні руку на паліцу – і Кніга кнігаў адкажа на ўсе твае пытанні… Менавіта для таго, каб падкрэсліць, які гэта бясцэнны скарб – Біблія, у Баранавіцкім катэхетычным каледжы імя Зыгмунта Лазінскага адкрываецца пастаянная экспазіцыя “Дарогаю Бібліі”. Аўтар ідэі і яе выканаўца – вядомы ў каталіцкіх медыя фотамайстра Карнэлій КОНСЭК, які меў шчасце ў гэтым годзе наведаць Святую Зямлю. Тэкст-каментарый да экспазіцыі напісаў выкладчык Пінскай духоўнай семінарыі біблеіст кс. Адам ДЫНАК. Гэтаю падзеяй і прысвечанаю ёй канферэнцыяй 11 кастрычніка ў каледжы распачнецца новы навучальны год.
…Цішыня памяшкання, у якім размясцілася экспазіцыя, прымушае затаіць дыханне; здаецца, тут прыпынілася эпоха, прыпыніўся час. Размешчаныя экспанаты даюць зразумець умовы, у якіх Біблія стваралася, і паказваюць вынікі супрацоўніцтва Бога і чалавека. Бо Біблія, акрамя таго, што з’яўляецца Словам Божым, з’яўляецца таксама творам чалавека – ад чалавека паходзіць яе мова, стыль, літаратурны жанр. У Бібліі сустракаецца проза, паэзія, фрагменты гістарычных летапісаў, юрыдычныя дакументы, прароцтвы, пасланні і шматлікія іншыя жанры. Кніга прайшла вельмі доўгі і складаны працэс стварэння.
Цікавай з’яўляецца таксама гісторыя яе выдання. Першапачаткова асобныя кнігі былі напісаны на скрутках, якія пра-вільна называюцца радаламіi. Скрутак мог быць з пергаменту – тады ён быў больш трывалы, але і больш дарагі. Былі таксама скруткі з менш каштоўнага матэрыялу, а значыць і менш трывалага, якім быў папірус. Перад намі – рэканструкцыя фрагментаў гэтых скруткаў з пячоры Кумрана з ваколіц Мёртвага Мора, а таксама схема магчымага шляху Майсея, па якім ён выводзіў ізраільскі народ з егіпецкай няволі, карта Зыходу Ізраіля з Егіпту. Увогуле існуе некалькі гіпотэз наконт шляху, па якім Ізраіль адыходзіў з краіны няволі. Дарога, якая паказана на карце, з’яўляецца вельмі верагодным варыянтам. У дарозе ізраільцяне спазналі няспынную апеку і падтрымку Бога, які аб’яўляў сваю прысутнасць і клопат аб выбраным народзе праз цудоўныя справы. Перш за ўсё, да гэтых цудоўных спраў адно-сіцца пераход праз Чырвонае Мора. Апісанне гэтага пераходу можна разумець па-рознаму, аднак адно застаецца пэўным – сам Бог цудоўным і незвычайным чынам аб’явіў сваю магутнасць і дапамог выбранаму народу, выратаваўшы яго ў смяротна небяспечнай сітуацыі. Акрамя пераходу праз Чырвонае Мора, Бог цудоўным чынам карміў свой народ у дарозе да абяцанай зямлі маннай і перапёлкамі і паіў вадой са скалы… Бог цярпліва вёў свой народ, правяраў яго і рыхтаваў да таго моманту, калі ён мог заключыць з ім саюз. Называецца ён Запаветам на Сінаі, бо каля падножжа гэтай гары адбылася гэтая вельмі важная падзея.
Перад намі фотаздымкі Гары Сінай і яе ваколіц. Традыцыйна біблейская Гара Сінай размяшчаецца ў паўднёвай частцы сінайскага паўвострава. Хутчэй за ўсё, гаворка ідзе пра сённяшнюю гару Джэбель-Муса, якая дасягае 2285 м. Вяршыня гэтай гары ад поўначы засланяецца трыма меншымі гарамі, каля падножжа якіх расцілаецца маляўнічая раўніна даўжынёй пяць кіламетраў, якая з усіх бакоў закрыта гарамі. Верагодна, што менавіта на гэтай раўніне ізраільцяне разбілі свой лагер, у прыгожым месцы, далёка ад цывілізацыі. Такое ўражанне, што сама прырода падрыхтавала гэта месца да вялікіх падзей. Пейзаж, які захапляе і напаўняе страхам, здаецца, адпавядае біблейскаму апісанню.
Саюз Бога з народам Ізраіля быў заключаны прыкладна праз тры месяцы пасля іх зыходу з Егіпту. Асновай заключанага каля падножжа Сіная Саюза з’яўляецца Дэкалог. Гэты тэрмін паходзіць з грэцкай мовы і літаральна азначае “дзесяць слоў”, “дзесяць запаведзяў”. Як чытаем у Бібліі, Дэкалог быў напісаны на дзвюх каменных скрыжалях і з’яўляецца адным з найбольш вядомых фрагментаў тэксту Старога Запавету. Запаведзі, напісаныя на першай скрыжалі, вызначаюць адназначную мяжу паміж Богам і ідэаламі, паміж Ізраілем і рэлігіямі іншых народаў. Ізраіль закліканы да абсалютнай вернасці Богу і да таго, каб даваць сведчанні пра Яго. Другая скрыжаль змяшчае ў сабе нормы, якія рэгулююць адносіны паміж людзьмі. Гарантуюць права чалавека на жыццё, аберагаюць каштоўнасці сям’і, мужа і жонкі, абараняюць уласнасць і свабоду чалавека. Дасканалае тлумачэнне Божых запаведзяў даў сам Хрыстос падчас свайго навучання. Ён звяртае ўвагу на дух, а не на літару Дэкалога. Нягледзячы на ўплыў часу, актуальнасць Дэкалога застаецца ранейшай, яго вартасць і значэнне прызнаюць нават тыя, хто не верыць у існаванне Бога.
Працягваем нашу сустрэчу са Святым Пісаннем і біблейскім светам. Калісьці вядомы нямецкі паэт Гётэ сказаў: “Калі хочаш зразумець паэта, трэба прыехаць у краіну паэта”. Гэтыя словы адносяцца таксама да тых, хто імкнецца зразумець Біблію. Варта, наколькі гэта магчыма, пазнаёміцца з краінамі, якія звязаныя з падзеямі, адлюстраванымі ў Бібліі, іх асяроддзем, культурай, штодзённасцю. Бо ў гэтых месцах была створана Святая Кніга, і гэтымі людзьмі яна была створана. Ведаючы кантэкст гэтага працэсу, многія старонкі Бібліі стануць больш зразумелымі. Паспрабуем прыгледзецца да штодзённага жыцця біблейскіх герояў.
Перад намі манекен сучаснага ізраільскага пастуха. Мінулі стагоддзі, але яго выгляд амаль не змяніўся. На працягу многіх гадоў ізраільскі народ быў народам, які качаваў, жыццё пастуха вельмі пазітыўна апісана ў Бібліі. Пастухамі былі патрыярхі, Майсей і цар Давід. У Кнізе Эзэхіэля сам Бог прадстаўляе сябе як Пастыра авечак ізраільскага народу. Таксама Езус называе сябе “добрым пастырам”, які аддае жыццё за авечак.
З працай пастуха звязана вельмі цікавая гісторыя пазнейшых часоў. У 1947 годзе, на тэрыторыі Іудзейскай Пустыні, побач з Мёртвым Морам, пасвіў сваіх авец палесцінскі пастух. Калі адна з авец згубілася, пастух пачаў кідаць камяні ў шматлікія пячоры, бо думаў, што яна магла трапіць у адну з іх. Аднак яго здзівіў гук падаючых на дно пячоры камянёў, ён быў падобны да біцця збаноў. Заінтрыгаваны, ён зышоў у адну з пячор і ўбачыў незвычайную з’яву: цэлы шэраг вялікіх гліняных збаноў, у якіх былі вельмі якасна захаваныя папірусныя скруткі. Як пазней выявілася, гэта былі між іншым біблейскія кнігі Старога Запавету. У 70-я гады пасля нараджэння Хрыстова адна з рэлігійных груп Ізраіля, есеі, перад пачаткам Рымска-габрэйскай вайны, схавала каштоўныя скруткі ў пячорах Іудзейскай Пустыні. Яскравае прадстаўленне аб ёй даюць фотаздымкі Іу-дзейскай Пустыні, макет пячоры з ваколіц Кумрана.
А зараз перад намі генеала-гічнае дрэва ізраільскіх цароў, нашчадкаў цара Давіда. Генеалагічныя граматы былі вельмі папулярнымі ў ізраільскага народа і ўвогуле на старажытным Блізкім Усходзе. Генеалогія па-цвярджала значэнне асобных людзей і іх сем’яў, таму што, дзякуючы ёй, можна было даказаць сваё паходжанне ад важных асоб у гісторыі збаўлення, асабліва, калі гаворка ішла пра продкаў, якія незвычайным чынам былі выбраны Богам. Генеалагічнае дрэва цара Давіда, якое мы бачым, з’яўляецца вельмі важным таму, што паказвае нам зямных продкаў Езуса Хрыста, пра якіх можам прачытаць у Евангеллях, паводле св. Мацвея і св. Лукі. На малюнках прадстаўлена дрэва і розныя асобы. Імёны гэтых людзей сустракаюцца ва ўзгаданых тэкстах Евангелля – радаслоўнай Езуса.
З пустыні і бедуінскага асяроддзя пастухоў мы пераносімся да хатняга жыцця ізраільскай сям’і. Перад намі рэканструкцыя ўнутранага выгляду дома з часоў Езуса Хрыста. У доме жанчына, мужчына і двое іх малых сыноў. Сям’я ў біблейскім Ізраілі была супольнасцю з вельмі важным, амаль святым значэннем. Існавала глыбокае і жывое перакананне, што сям’я паходзіць з Божай волі, а дзеці з’яўляюцца выразам Божага благаслаўлення. Менавіта таму ізраільскія сем’і пераважна былі шматдзетнымі. Яшчэ больш гэтае благаслаўленне адчувалася, калі на свет нараджаліся сыны. Бясплоднасць успрымалася як пракляцце ці кара за грахі, і перажывалася жанчынай як ганьба.. Рэканструкцыя, якую мы зараз бачым, паказвае маці з маленькім сынам. Жанчына сядзіць на ложку, гатуе хлеб, які быў асноўным прадуктам харчавання ў старажытнай Палесціне.
Пасля дасягнення сынам трохгадовага ўзросту яго выхаваннем займаўся бацька, які, паводле навукі рабінаў, меў абавязак “навучыць сына Праву, даць яму жонку і навучыць яго прафесіі”. Гэта бацька навучаў сына Закону Майсея. Гэта навучанне распачыналася прыкладна ў пяцігадовым узросце. У 13 гадоў хлопец дасягаў фізічнай сталасці і ўжо лічыўся мужчынам. І з гэтага моманту ён меў поўны абавязак выконваць пастанаўленні Права. Бацька на асабістым прыкладзе вучыў сына хатнім працам, гаспадарцы, праву і абавязкам мужчыны, традыцыям і нацыянальным каштоўнасцям. Сцэна, якая зараз перад намі, прадстаўляе таксама бацьку са старэйшым сынам, якія разам рамантуюць рыбацкія сеці.
Давайце звернем увагу на стол. Каля яго сям’я сустракалася падчас спажывання ежы, ён аб’ядноўваў іх як сямейную супольнасць і яшчэ больш умацоўваў узаемныя сувязі. На стале – некалькі буханак хлеба. Бедныя людзі пяклі яго з ячменю, багацейшыя – з пшаніцы. Як бачна, выгляд у яго зусім іншы, чым у сучаснага хлеба. Гэта была круглая буханка, дыяметрам ад 30 да 50 см. Ён быў таўшчынёю не больш, чым 1 см. Многа біблейскіх падзей звязана з хлебам. Найбольшую ўвагу прыцягвае гісторыя, дзе Хрыстос перамяніў хлеб у Сваё Цела. І ў адзінай малітве, якой Сам нас навучыў, наказаў прасіць Бога аб штодзённым хлебе. На стале стаяць таксама міскі з садавінай і гароднінай. Палесцінская сям’я жыла з таго, што было вырашчана сваімі рукамі ці куплена на базары.
Перад намі посуд з соллю. Соль належала да прадуктаў першай неабходнасці ў жыцці чалавека. У Палесціне яна здабывалася ў Мёртвым Моры, якое называецца таксама Салёным Морам. Акрамя практычнага выкарыстання солі, у Святым Пісанні яна мае вельмі багатую сімволіку. Ужо ў Старым Запавеце лічылася, што тое, што будзе пасыпана соллю, не сапсуецца і не праміне. Менавіта таму нованароджаных дзяцей націралі соллю…
Дом асвечваўся аліўнымі лямпамі. Гэта быў гліняны посуд, напоўнены натуральным аліўкавым алеем, які вырабляўся з пладоў аліўкавага дрэва. Аліўкавы алей падтрымліваў агонь, які даваў неабходнае святло. Лямпы такога роду не давалі многа святла, менавіта таму ў памяшканні панаваў прыцемак, і вы-дзялялася вялікая колькасць дыму. Аднак у тыя часы гэта быў найбольш распаўсюджаны спосаб асвячэння жылля. Прыклад аліўнай лямпы выкарыстаў у сваім навучанні Езус. Падобна, як лямпу ставяць на бачным месцы, каб яна давала святло і цяпло, і гэтым стварала пачуццё бяспекі і спакою, так і хрыс-ціянін павінен свяціць прыкладам сумленнага жыцця, уносіць такім чынам у сваё асяроддзе атмасферу радасці і адзінства.
Уваходзячы і выходзячы з памяшкання ізраільскай сям’і, мы бачым прымацаваныя да дзвярэй мязузы. У іх знаходзяцца пергаментныя ці папірусныя скруткі. На гэтых скрутках былі напісаны фрагменты Святога Пісання, а канкрэтна тэксты благаслаўлення. Дзверы выконвалі функцыю ўваходу ў дом і таму патрабавалі асаблівай аховы. Габрэі вельмі дакладна прынялі навуку Кнігі Другазаконня, якая заклікае, каб Божае Слова было напісана на дзвярах і брамах.
Ідзем далей па шляху нашай рэканструкцыі біблейскага свету і бачым аліўкавае дрэва. Гэта адно з найбольш папулярных дрэў у Бібліі і ўвогуле на Блізкім Усходзе. Аліўка – гэта вечназялёнае дрэва, якое дасягае прыкладна 10-метровай вышыні. Само дрэва цвёрдае і таму з’яўляецца выдатным матэрыялам для разьбы і сталярскай працы. У Палесціне і сёння можна ўбачыць вялікую колькасць аліўкавых садоў. У такім садзе апошнія хвіліны перажываў Езус перад сваёй крыжовай мукай.
Найбольш папулярнымі пасля аліўкавых дрэў былі вінаграднікі. Вінаробства, хоць і было цяжкай працай, адначасова было чымсьці вельмі радасным. Частка сабраных пладоў сушылася, а з другой часткі ў спецыяльным давіла выціскаўся сок, які выкарыстоўваўся або як свежы напой, або паддаваўся бражэнню для атрымання віна, якое разам з хлебам і аліўкавым алеем было асноўным прадуктам харчавання. Акрамя таго, віно выкарыстоўвалася ў свяшчэнным кульце і медыцыне. Езус пакінуў нам прыгожую алегорыю на тэму вінаграднай лазы. Віно Ён прызнаў настолькі годным напоем, што перамяніў яго ў сваю Кроў.
Да моманту, калі была прыдуманы друкарня і друк, Біблія перапісвалася ўручную. Для гэтай працы вызначаліся спецыяльныя людзі. У хрысціянскія часы гэта, часцей за ўсё, былі манахі, якія жылі ў манастырах. Многія з іх усё сваё жыццё прысвяцілі гэтай важнай дзейнасці. Іх называлі перапісчыкамі, а месца іх працы – скрыпторыем.
Перад намі рэканструкцыя даўняга скрыпторыя. Прыкладна так выглядала месца, дзе з вялікай цярплівасцю і любоўю перапісвалася Святое Пісанне, каб як мага больш людзей маглі Яго чытаць…
Біблію можна поўнасцю перапісаць, можна зрабіць гэта нават некалькі разоў. Можна купіць сабе экзэмпляр або нават некалькі, у розных перакладах і розных выдавецтваў. Можна таксама набыць літаратуру біблейскай тэматыкі: каментарыі, слоўнікі, даклады. Гэта ўсё неабходна і важна для лепшага разумення гэтай адзінай і непаўторнай Кнігі. Але ўсяго гэтага мала без частага, рэгулярнага і ўдумлівага чытання Святога Пісання, як гэта робіцца ў сем’ях артадаксальных габрэяў па сённяшні дзень. Біблію трэба чытаць, як чытаецца ліст ад самага блізкага і дарагога нам чалавека, – па некалькі разоў. Над зместам Бібліі трэба разважаць, засяроджваць увагу, задаваць пытанні і шукаць на іх адказы. І яшчэ: з Бібліяй трэба маліцца, бо гэта – Слова Божае!
(З тэксту-каментарыя кс. Адама Дынака да экспазіцыі «Дарогаю Бібліі » )