Дзеля Славы Божай

Асава (Воранаўскі раён) літаральна выслізнула з-за павароту. Вось толькі што навокал панавалі лес і дрэнная дарога, як раптам – нібы фокуснік з капелюша – наваколле выцягнула з уласнай кішэні невялічкае мястэчка, неба якога трымалася на грунтоўнай касцельнай вежы.
Мы кіруемся наўпрост да плябаніі. Некалькі разоў ціснем на кнопку званка – безвынікова. Збянтэжана пераглядваемся – няма? Але праз некалькі хвілін дзверы адчыняюцца…

f-str-17З першага позірку ксёндз Ян Пецюн уражвае сваёй інтэлігентнасцю. Спакойны. Ураўнаважаны. Нешматслоўны. Чалавек, які трымае дыстанцыю – не падкрэслена.
Ад прапанаванай гарбаты мы адмаўляемся – кіруемся адразу ў касцёл. У прыгожа распісаны храм з яго незвычайнымі абразамі і… І з цудоўным арганам – уласна кажучы, менавіта арган Асаўскага касцёла і быў мэтай нашага падарожжа.
–Ён гучыць фантастычна, – Андрэй не раз спрабаваў “на пальцах” растлумачыць мне асаблівасці музычнага інструмента. – Мякка, лірычна. І потым, у гэтага аргана пятнаццаць галасоў. Ажно пятнаццаць! Да прыкладу, у гервяцкага – толькі шэсць. Хаця мы, канешне, устанавілі дадатковыя ўзмацняльнікі… А самае галоўнае, што і боскае гучанне, і шматгалоссе асаўскага аргана – заслуга пробашча, які многа гадоў сваімі рукамі даводзіць яго да дасканаласці…

Арганіст Андрэй

Пробашч парафіі Святога Юрыя Ян Пецюн (з правага боку) з арганістам Андрэем Міхневічам

Пробашч парафіі Святога Юрыя Ян Пецюн (з правага боку)
з арганістам Андрэем Міхневічам

Музычная адоранасць прысутнічала ў ім з нараджэння –  не хапала ўседлівасці. Ды і адкуль ёй было брацца ў навагрудскага  хлопчыка, якому, як  і ўсім  іншым  падлеткам, цікавей  было  ганяць мяч, чым барабаніць гамы. Сам прызнаецца, што наўрад ці здолеў бы “дабіць” музычную  школу – не ўцярпеў бы. Але  мудрая маці, добра  разумеючы  характар сына, уладкавала яго ў сярэднюю  школу з музычным ухілам, у якой ён  і атрымаў  адразу  дзве  музычныя  адукацыі: па класах фартэпіяна і гітары.
Хоць існавала ў жыцці Андрэя і іншая  музычная  школа, якая, што грэх таіць, захапляла і прываблівала яго нашмат мацней. І навучанне  ў  ёй  ён распачаў пя-цігадовым  хлопчыкам, калі бабуля ўпершыню прывяла яго ў касцёл. Арганістам там працаваў Юрый Пяткевіч, хросны бацька Андрэя. І прыступка за прыступкай, як гэта заўсёды адбываецца ў нашым жыцці, хлопчык пачаў пераадольваць: спачатку круцізну лесвіцы на хоры, потым – манеру выканання імшальных мелодый і спеваў. Гэтая самая “бацька-хросная” манера выканання засталася з ім  назаўсёды.
Пасля  школы ён паступіў у сталічны інстытут культуры. На рэжысёрскі факультэт. І пасля першага курса яго забралі ў армію, дзе, як сцвярджаюць тыя, хто там пабываў,  на  самай  першай “лінейцы” камандуюць: таленты – налева,  астатнія – направа.  Ці  на- адварот…
Андрэй трапіў у музычны ансамбль  сваёй часці. І, як  аказалася, у чарговую  музычную  школу,  якую  яму падрыхтаваў  лёс.
–Разам са мной там ігралі бас-гітарыст з групы Ігара Талькова і клавішнік  з  групы Стаса Наміна, – расказвае  ён. – Музыканты высокага класа, яны з задавальненнем  дзяліліся з намі, пачынаючымі, прафесійнымі “сакрэтамі”. Лічу, што менавіта гэтыя хлопцы дапамаглі  мне  распрацаваць і паставіць голас, можа, нават яны далі больш, чым  уся будучая прафесура разам узятая…
Пасля дэмабілізацыі – зноў інстытут культуры. А яшчэ – касцёл на Кальварыйскай вуліцы Мінска, у якім  тады не  было пастаяннага  пробашча – Імшы адпраўляў  ксёндз  з  Вішнева.  Савецкі студэнт, хіба мог ён іграць у касцёле?  Не  меў  права.  Але вельмі хацеў. Таму прыходзіў за сорак хвілін да вячэрняй Імшы і хаваўся на  хорах.  Іграў. Потым чакаў яшчэ сорак, пакуль разыдуцца людзі, і касцельныя бабулькі праводзілі яго патаемнымі сцежкамі, праз могілкі…Тое, што Андрэй іграе ў касцёле, вымушаны быў  скрываць  нават  ад  аднакурснікаў.
– На  грэбені  перабудовы пачалі адраджацца касцёлы, – успа-мінае Андрэй. – У многіх з іх былі арганы, але пра арганістаў людзі і не марылі. І мы сталі падарожнічаць па касцёлах. Прыязджалі, прасілі адкрыць нам дзверы і дазволіць паіграць. На Ражаство… На  Вялікдзень… У многіх касцёлах у той час яшчэ не было святароў – вернікі клалі перад алтаром арнат  ксяндза  і  маліліся самастойна. А тут раптам арган… І рэлігійныя  песні ў нашым з Таццянай  Глазуновай выкананні… Людзі слухалі і плакалі. Памятаю, як аднойчы прыехалі ў Старыя Васілішкі – на радзіму Чэслава Немана. Вартаўнік  адкрыў касцёл, дазволіў сесці за арган… Ігралі і спявалі ў пустым храме. Не для сябе – для Бога. А калі праз гадзіну спусціліся з хораў, аказалася: у касцёле няма дзе яблыку ўпасці – нейкім цудам людзі даведаліся і прыбеглі…
Потым былі – спачатку курсы арганістаў, а пасля – вышэйшая школа арганістаў  у Лодзі. І абарона ступені магістра музыкалогіі. І праца ў розных касцёлах.
Пакуль  жыццё не прывяло арганіста  Андрэя Міхневіча ў Гервяцкі  касцёл  Святой Тройцы…

Святар Ян
Абсалютны  слых…  Безумоўны дар  ад  Бога. Але і выпрабаванне таксама, бо нясе ў сабе нясцерпныя пакуты ад нястройнасці гуку, ад  какафоніі  наваколля, якую  мы, звычайныя  людзі, часцей за ўсё не заўважаем.
У ксяндза Яна –  ад нараджэння абсалютны слых. Настолькі, што яму фактычна не  давялося вучыцца  іграць на музычным інструменце  –  узяў  гармонік у рукі і зайграў. Нібы  іграў заўсёды.
Яго  старэйшы  брат вывучыўся  на арганіста і іграў у касцёле. Яну таксама хацелася, ён нават спрабаваў, але вось так, каб узяць і без сур’ёзнай падрыхтоўкі  адыграць на касцельным музычным інструменце ўсю святую Імшу… Бог з вамі – гэта ж святатацтва…
Ян быў у арміі, калі трыццацігадовы старэйшы брат раптоўна памёр. Дэмабілізаваўся,  прыйшоў у  родны касцёл – маўчыць арган, нібы душу ў ім забілі… “Давайце  я  паспрабую”, – прапанаваў ён пробашчу.
І паступова Ян  стаў  арганістам  адразу  ў двух касцёлах. І пры  гэтым працаваў вадзіцелем у райкаме  камсамола. Даведаліся хутка, сталі  выклікаць у розныя кабінеты. Націснулі так, што давялося звольніцца. Некалькі гадоў пасля гэтага ён працаваў арганістам, а потым  пацягнула  глыбей, і Ян Пецюн паступіў у Рыжскую духоўную  семінарыю…
Няма прарокаў у сваёй  Айчыне – гэтае правіла распаўсюджваецца і на святароў, якія ніколі не размяркоўваюцца ў родныя парафіі. Ёсць, вядома, выключэнні – да  прыкладу, наш  Канстанцін Стэповіч служыў у Клюшчанах. Ксёндз  Ян  Пецюн  таксама  працуе ў  роднай  Асаве. І людзі, якія ведаюць яго з  маленства, ставяцца да яго з асаблівым даверам.
Ён аднавіў (і працягвае аднаўляць) касцёл. Пабудаваў  плябанію. Калі вярнулі вялізны будынак былой  плябаніі (пасля таго, як абрушыўся яе дах), ксёндз Ян аднавіў і яго – цяпер там нядзельная школка, дом  пілігрыма, выставачная зала, нават пляцоўка для дыскатэкі…
Ён купіў вялікі аўтобус, каб звозіць з навакольных вёсак лю-дзей на святую Імшу. Выкапаў дзве вялізныя сажалкі і добраўпарадкаваў тэрыторыю…
І ўсё ж галоўная любоў  святара – касцельны арган. Трубачка за трубачкай ён аднаўляе яго, настройвае, пашырае колькасць галасоў. Акуратна, амаль трапятліва. Як  сапраўдную святыню.
Аднойчы ксёндз Ян запрасіў да сябе  знакамітага  настройшчыка з  Літвы. Той прыехаў, паглядзеў на арган, на глухое мястэчка, на сціплага святара ў паношанай сутане… Няма чаго “парыцца”, вырашыў і, нічога не сказаўшы пробашчу, укараціў усе арганныя трубкі – цяпер настроіць арган можна было за лічаныя хвіліны. Задаволены настройшчык адрапартаваў  аб  гатоўнасці.
Ксёндз дакрануўся  да  клавішаў і… ледзь не заплакаў. Непаўторнае, мяккае  гучанне знікла, змянілася  бездухоўным і механічным…
Аднаўляў абрэзаныя трубкі амаль  год,  акуратнай зваркай, вяртаючы кожнай трубцы яе першапачатковую  вышыню.
Пра яго захапленне  ведаюць многія.  І дораць яму незапатрабаваныя  пагнутыя арганныя трубы – аднаўляй, калі хочаш. Ксёндз Ян прымае іх з удзячнасцю, раўняе, настройвае, падключае…
– З арганнымі трубкамі трэба акуратна, як з немаўлём, – тлумачыць  ён. – Дастаткова даткнуцца да каторай, як яна мяняе свой голас… А  людзі накладуць абярэмак, скінуць на падлогу, як дровы… Сэрца  баліць глядзець на гэткі вандалізм…

У чатыры рукі…f-str-19
Мы падымаемся  на  хоры. У іх афармленні чыталася  б нешта ўсходняе. Калі б не арган.  Ён  тут – як  цэнтр  Сусвету. Прынамсі, для  маіх  спадарожнікаў.  Ксёндз націскае нябачную кнопку – і ў нетрах музычнага інструмента нараджаецца ледзь  чутны шолах.
– Задыхаў! – з благагавеннем   (роўнага  гэтаму  слову ў нашай мове  няма) гаворыць Андрэй.
–  Задыхаў! – ціхім голасам па-цвярджае  ксёндз Ян.
Ды што там арган! Яны самі задыхалі  інакш,  змяніліся – іх твары разгладзіліся, пасвятлелі, сталі  шчаслівымі.
Першым  іграў  Андрэй. Пачаў з канонаў, потым  кінуўся ў імправізацыю,  прымушаючы  арган  плакаць,  спяваць,  маліцца… Стана-віцца флейтай, габоем, кларнетам… На  ашчэпкі  разбіваючы час і прастору, гукамі прарастаць у яшчэ  нядаўна  недасягальную Боскасць.
Потым іграў ксёндз Ян. І гукі, якія нараджаліся пад яго рукамі, поўніліся  нявыказанай пяшчотай. Лёгкай, поўнай  радасці  існавання. Нібы не  было, і няма, і ніколі не будзе ні войнаў, ні здрады, ні пакутніцкай смерці на Крыжы… Нібы  свет  існуе  толькі дзеля Славы  Божай. І рай на зямлі цалкам  магчымы…
Мой слых  далёкі  ад абсалютнага, але стрымаць слёзы сіл не хапіла. Зрэшты, былі яны ачышчальнымі. Як малітва. І прынеслі палёгку…
Потым  мы  пілі  каву  ў плябаніі. Размовы  тычыліся, вядома ж, аргана: у якім касцёле з’явіўся новы, як ён гучыць (“Нібы “Ямаха”, – сумуе пробашч. “О-о-о!” – расчаравана  ўздыхае  арганіст), на якім  давялося ўпершыню пайграць (“Калаваты”, – прызнаецца арганіст. “Даводзіць да толку трэба”, – гаворыць ксёндз)…
–Арган лічыцца народным інструментам, – тлумачаць яны мне. – Першапачаткова  ён быў створаны для ваенных мэтаў – яго магутнымі стогнамі палохалі ворага. Але аднойчы нехта адчуў у яго гуках іншыя вышыні…
– А народнасць аргана ў спадчыннасці, – працягваюць яны. – Таму што  ў кожнага арганіста –свая  манера  ігры, якую  ён  перадаваў  сваім вучням, а тыя – далей… Вось  так і атрымліваліся своеасаблівыя народныя школы ігры на аргане.
Сяджу, слухаю і не магу пазбавіцца  адчування, што трапіла ў нейкае іншае вымярэнне. У вымярэнне, дзе  жывуць бязмерна таленавітыя  людзі…

Ганна ЧАКУР.
Фота  Карнэлія  КОНСЭКА ,SVD


Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий