…У нядзелю, 22 красавіка, у касцёле св. Міхала Арханёла ў Навагрудку адбылася прыгожая ўрачыстасць – падчас святой Імшы тры хлопчыкі падлеткавага ўзросту – Арцём Гайдук, Рычард Адамовіч і Валера Кулага – атрымалі комжы, гэта значыць былі прынятыя ў міністранты. З гэтага моманту паслуга Богу і святару падчас набажэнства, да якой яны імкнуліся і сябе рыхтавалі, стала рэальнай, канкрэтнай і моцна вызначальнай часткай іх юнацкага жыцця.
Саджанцы аліўкавых дрэў
Думаю, шаноўныя чытачы, і вашае сэрца неаднойчы трапятала ад зачаравання гэтай прыгожай і хвалюючай карцінай, калі да алтара выходзіць святар, цалуе яго, а побач з ім застывае ў глыбокім паклоне цэлая група хлопчыкаў-міністрантаў. Момант глыбока сімвалічны, змястоўны і заўсёды дорыць надзею: вось яны – юныя наступнікі Хрыста, тыя, хто хоча глыбока зразумець і наследаваць Яго стыль, быць да Яго падобнымі і ўжо сёння несці ахвярнае служэнне пры Яго алтары. Вось яны – чыстыя, маладзенькія, тыя самыя, каго святы Ян Павел II назваў “саджанцамі аліўкавых дрэў вакол стала Хрыста, які з’яўляецца Хлебам Жыцця” і прызываў святароў, касцёльныя супольнасці прысвячаць ім асаблівую ўвагу і апеку. Затрымайце свой погляд на гэтых хлопчыках яшчэ хвілінку – які акуратны знешні іх выгляд: коратка пастрыжаныя валасы, кашулька з белым каўнерыкам або строгі чорны гольф, штаны “на канцік”… А постаць якая прыстойная – нібы скульптурныя фігуры, ніводнага непатрэбнага кроку, непатрэбнага жэсту. Рукі складзены для малітвы: накіраваныя ўверх далоні прыціснуты адна да другой, вялікі палец правай рукі ляжыць на вялікім пальцы левай… Міністранты засяроджаныя выключна на тым, што зараз адбываецца на алтары…
Хвіліну назад, непасрэдна перад пачаткам святой Імшы, разам са святаром яны маліліся:
Божа, благаславі мяне, каб я з пашанаю прыступіў да святога алтара Твайго і з годнасцю служыў Табе на святой Імшы.
Езу Хрыстэ, прашу Цябе, дапамажы, каб думкі мае былі заўсёды пры Табе, каб вочы мае глядзелі толькі на алтар Твой, а сэрца было напоўнена любоўю да Цябе. Амэн.
Пачынаецца літургія, і яны актыўна ўдзельнічаюць, да таго ж уважліва сочаць за тым, каб не прапусціць моманту выканання сваіх абавязкаў. Бо наогул, хто такі міністрант? У перакладзе з лацінскай мовы, гэта “той, хто служыць, прыслужвае”, а значыць той, хто дапамагае святару пры цэлебрацыі літургіі.
Абавязкаў на самой справе ў іх многа, і яны вельмі адказныя. Па-трабаванняў да міністрантаў таксама многа – пачынаючы ад знешняга выгляду і паставы да таго, як хлопец стаіць, сядзіць або ўкленчыў; бо міністрант – гэта не радавы вернік, гэта ўжо вобраз – вобраз таго, як павінен весці сябе чалавек у прысутнасці Бога, ды яшчэ ў такой блізкай прысутнасці – пры Божым алтары!
Каб гэтыя абавязкі годна выконваць, трэба разумець і ўсведамляць сутнасць самой літургіі, дакладна ведаць, што адбываецца, калі адбываецца і за чым. Напрыклад, міністрант выконвае паслугу пры літургічных званках, падае Імшал, іншыя літургічныя кнігі, таму павінен добра ведаць іх назвы, умець карыстацца літургічным календаром. Ён падрыхтоўвае ахвярныя дары, падае пэўныя вызначаныя прадметы, якія з’яўляюцца неабходнымі для літургіі і маюць асаблівае значэнне. І ці патрэбна зараз казаць пра тое, з якой адказнасцю павінны быць падрыхтаваны патэна і келіх, дзе будуць знаходзіцца хлеб і віно, якія праз дзеянне святога Духа і рукі святара падчас Эўхарыстыі будуць ператвораныя ў Цела і Кроў Хрыста? Іх выгляд, бездакорная чысціня – справа рук тых, хто прыслужвае. Міністрантам даручаецца нясенне свечак, Крыжа ў працэсіях, а падчас урачыстай св. Імшы з удзелам біскупа – трымаць мітру і пастарал, сімвалы ўлады біскупа. Ёсць і міністрант вады, заданнем якога з’яўляецца падаць святару кацялок з асвечанай вадой і крапідла для пакраплення вернікаў або асвячэння дароў. Міністрант нават дапамагае апранацца святару перад выхадам да алтара, здымаць літургічнае адзенне пасля завяршэння набажэнства. Усе выкарыстаныя прадметы ён паставіць і разложыць на адпаведныя месцы, каб без паспешнасці ўзяць іх у наступны раз. Пасля завяршэння святой Імшы міністрант падзякуе Богу ў малітве:
Усемагутны Божа, у сваёй дабрыні Ты паклікаў мяне, каб я служыў Табе. Дапамажы, каб я, праз удзел у Тваіх таямніцах, сёння і ўсё жыццё ішоў да збаўлення. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.
Міністрантам можа стаць хлопчык (таксама мужчына), які прайшоў курс падрыхтоўкі і быў урачыста прыняты да міністранскай службы.
За голасам Бога
…У касцёле святога Міхала Арханёла завяршылася святая Імша, і ў закрыстыі сабраліся міністранты і кандыдаты ў міністранты – разам каля 20 чалавек. А ўсё ж цікава, як гэта адбываецца ў жыцці, што патрэба служыць Касцёлу становіцца патрэбай сэрца, прычым ў такім юным узросце.
– З чаго пачалося, хлопчыкі, выкананне вамі гэтай адказнай паслугі Богу ў касцёле? Чаму вы тут, дзеля чаго? – звяртаюся адразу да ўсіх, хто застаўся на сустрэчы. І яны адказваюць:
Рычард Адамовіч, 14 год:
– Каб лепей пазнаць Бога.
Гена Макоўскі, 10 гадоў:
– А мне было цікава даведацца, як называюцца прадметы, якія выкарыстоўваюцца падчас справавання святой Імшы, таксама апрананне ксяндза, міністранта, кандыдата ў міністранты.
Ян Чачотка, 9 гадоў:
– Я хацеў навучыцца любіць Бога і паважаць Яго.
Арцём Савельеў, 7 гадоў:
– Хацеў дапамагаць ксяндзу.
Аляксандр Бутурля, 12 гадоў:
– А мяне цікавіла, як праводзіцца святая Імша. Да таго ж я любіў і зараз люблю спяваць касцёльныя песні; у нас спяваюць не толькі міністранты – прыходзяць і дзеці. Яшчэ я хацеў дапамагаць у касцёле.
Марк Падліпскі, 9 гадоў:
– А я пайшоў за голасам Бога, каб да Яго больш наблізіцца, служыць касцёлу, дапамагаць святару.
– Дапамагаць святару, – працягваю свае пытанні хлопчыкам, – зразумела, вельмі пахвальна, гэта ваш абавязак як міністрантаў. А ці хочацца вам самым у будучым стаць святарамі, як, напрыклад, ваш пробашч кс. Юрый?
Марк:
– Я мару стаць.
Гена:
– І я таксама.
Ян:
– І я мару стаць…
Данік Сакевіч, пра якога закрыстыянін Сільвестр Булько жартуе, маўляў, “гэты нарадзіўся ў касцёле”, таксама марыць быць ксяндзом. А стаць міністрантам вырашыў, нагледзеўшыся на свайго сябра Мар’яна Клечкоўскага. “Прыйшоў аднойчы на святую Імшу, а Мар’ян у пелярынцы, каля алтара… Я сказаў маме: “І я так хачу”. Тады я вучыўся ў 1-м класе, зараз ужо ў 8-м. Быць міністрантам мне падабаецца”. А ў Мар’яна, як расказаў пра сябе, міністрантамі былі і дзед, і тата. “З самага дзяцінства памятаю, што стаяў заўсёды ў першым радзе каля алтара з бацькамі і назіраў, як ксёндз цэлебруе Імшу. Аднойчы гляджу – таты няма. Пытаю ў мамы: “Куды наш тата прапаў?”. А яна: “Служыць пайшоў”. Праз хвіліну ўжо бачу тату ў комжы… І тады я сказаў, што таксама хачу служыць. Падыйшлі з мамаю да ксяндза Аляксандра Баклажэца, ён даў згоду: “Добра, будзеш на брамцы стаяць”. У нашым касцёле была такая брамка, праз якую ксёндз выходзіў да людзей з келіхам, калі прычашчаў, або калі благаслаўляў іх. Брамка “зачынялася” ланцужком. Так я стаў кандыдатам, а праз два гады, добра ўсё вывучыўшы, здаў экзамен і мяне прынялі ў міністранты”.
Сёння Данік і Мар’ян маюць пастаянны абавязак – абслугоўваюць кадзільніцу і лотку. Ня-простае заданне: адпаведна падрыхтаваць кадзільніцу і лотку, распальваць вугалькі, “раскруціць”, каб гарэлі так, як па-трэбна, і ведаць, калі, у які момант літургічнага дзеяння святар будзе акаджаць. На думку пробашча, спраўляюцца Данік з Мар’янам добра.
Прыгожа выконвае свой пастаянны абавязак Гена Макоўскі – ён спявае псальмы. Ахвотна і з задавальненнем спявае. Пабожнаму спеву дапамагаюць заняткі ў музычнай школе.
– Найбольш складанасцей узнікае з лектарамі, – падкрэсліў старэйшы міністрант Раман Хоцян, які дапамагае пробашчу ў падрыхтоўцы міністрантаў. – Па-першае, лектар павінен мець добрую дыкцыю, а па-другое, – добра разумець сэнс таго, пра што ён чытае. Без гэтага немагчыма данесці сэнс Божага Слова ні да вушэй, ні да сэрца прысутных. І гэтаму пры падрыхтоўцы міністрантаў надаецца вялікая ўвага. Тэксты літургічных чытанняў тлумачым, каменціруем, міністранты загадзя прачытваюць іх уголас, каб пасля прыгожа прачытаць з амбоны, зрабіўшы патрэбныя акцэнты.
Дарэчы, сам Раман паслугу Касцёлу ў якасці міністранта аказвае ўжо болей чым 25 гадоў. За гэты час скончыў Каталіцкі ўніверсітэт у Любліне імя св. Яна Паўла II, атрымаў адукацыю тэолага і зараз працуе ў парафіі кансультантам па пытаннях сям’і.
– Чым тлумачыцца Ваша цікаўнасць і жаданне да прыслужвання падчас святой Імшы сёння? – звяртаюся да Рамана.
– Маё служэнне сёння – гэта ўдасканальванне ў асабістым адкрыцці Бога. Дзякуючы гэтаму я ўдасканальваюся і як чалавек, і як асоба. А што датычыцца маёй дапамогі ў фармацыі міністрантаў, то сапраўды вельмі хочацца, каб падрастаючае пакаленне, каб гэтыя хлапчукі бачылі, што ў касцёл ідуць не толькі жанчыны з дзеткамі і старэнькія бабулькі, а ідуць сівыя мужчыны, кленчаць і служаць Богу, бо важней за Бога нічога няма…
Калыска пакліканняў
Напэўна, нехта з гэтых сёння прысутных (ці нават і з тых дзесяці адсутных) стане святаром. Як адзначыў пробашч кс. Юрый Жэгарын, 95 % яго калег-святароў, якія служаць ў парафіях Гродзеншчыны сёння, у дзяцінстве былі міністрантамі. І ксёндз Юрый сваё служэнне Богу пачынаў у парафіі Ліпнішкі таксама з нашэння на плечах пелярынкі – знаку кандыдата ў міністранты. Дарэчы, у парафіі пелярынкі для кандыдатаў падрыхтаваныя розных колераў – белыя, жоўтыя, зялёныя, чырвоныя, фіялетавыя – у залежнасці ад літургічнага перыяду.
– Кандыдацкі перыяд міністранта не мае строга абмежаванага часовага тэрміну, – падкрэсліў далей пры нашай размове пробашч парафіі, – таму што галоўнае не час, праведзены каля алтара, а якая духоўная карысць і навыкі юнаком атрыманыя. Канешне, чым больш рэгулярна прымае ўдзел ў набажэнствах кандыдат ў міністранты, чым часцей прыслужвае, тым больш у яго шансаў хутка змяніць пелярынку на комжу. Вялікую ўвагу звяртаем на высілкі, коштам якіх ідзе асабовае духоўнае ўдасканаленне, і на патрабаванні, якіх вымагае сам ад сябе кандыдат. Пры-служваць пры алтары не азначае «прэзэнтаваць» сябе ў комжы ці ў пелярынцы. Перш за ўсё – гэта адказнасць, дысцыпліна і самапатрабаванне. З-за занятасці ў школе, у розных выхаваўчых пазашкольных мерапрыемствах, не ўсе дзеці рэгулярна ўдзельнічаюць ў святой Імшы. У выніку парадак цэлебрацыі Эўхарыстыі, літургічны сэнс дзеянняў адныя асэнсоўваюць хутка, нават за год, другія – з цягам працяглага часу…
Таму прыём кандыдата ў міністранты непасрэдна ў міністранты – справа індывідуальная. Мы імкнемся, па-першае, каб літургічнае дзеянне для маладога чалавека, які прыслужвае пры алтары, было асэнсаваным, зразумелым і каб ён авалодаў адпаведнымі навыкамі, па-другое, каб усе кандыдаты ў міністранты мелі роўныя магчымасці пазнаваць, навучацца, практыкаваць – кожны ў сваім варыянце. І хто на святую Імшу прыходзіць амаль кожны дзень (а Гена Макоўскі зімою ўдзель-нічаў у двух-трох Імшах), не прапускае, у таго найболей шансаў стаць дасканалым міністрантам, а ў будучым – сталым хрысція-нінам, больш таго – пайсці па шляху святарскага паклікання. Імкнемся, каб тыя гадзіны, якія праводзяць хлапчукі каля Божага алтара, сталі для іх асабліва благаслаўлёным на розныя плёны часам. Кожную суботу ў нашым касцёле праходзяць сустрэчы міністрантаў, падчас канікул – рэкалекцыі для міністрантаў. На ўзроўні дыяцэзіі штогод праводзяцца дыяцэзіяльныя Дні міністранта (апошнія два гады адбываліся ў Лідзе), на якія з усіх куткоў Гродзеншчыны з’язджаюцца больш за 1.000 чалавек.
– Аднак не ўсё залежыць ад пробашча, – працягваў кс. Юрый, – нават, калі ён і мае такіх добрых памочнікаў, як закрыстыянін Сільвестр Булько, старэйшыя міністранты Раман Хацян, Яўген Чарнецкі і Ян Клечкоўскі ў нашай парафіі. Няма той Імшы, каб кандыдаты ці міністранты знаходзіліся адныя без каго-небудзь са старэйшых. Гэтыя старэйшыя, найчасцей Сільвестр, вызначаюць, згодна з парадкам літургічнага дня, абавязкі міністрантаў непасрэдна перад пачаткам Эўхарыстыі, дэлегуючы пры гэтым і адказнасць, а пасля разам з імі аналізуюць, якімі былі іх дзеянні ў працэсе набажэнства. Гэта ўсё робіцца з боку Касцёла, але ў дзіцяці ёсць яшчэ і сям’я, бацькі. Хіба ім не хочацца, каб сын вырас дастойным сем’янінам і хрысціянінам? Але аднаго хацення недастаткова, трэба падтрымліваць дзіця на шляху пазнання Бога, тым больш, калі яно ўжо выказала жаданне аказваць Яму паслугу, і разглядаць гэта як найважнейшую частку выхаваўчага працэсу. Святы Ян Павел II апеку над міністрантамі разглядаў як калыску святарскіх пакліканняў, а добра падрыхтаваную і выхаваную групу міністрантаў – як прасемінарыю. Святы Айцец ні ў чым не памыляўся!
Раіса СУШКО.
Фота Карнэлія КОНСЭКА, SVD