На падмурках кардынала Свёнтка

3 мая 2012 года  святы Айцец Бэнэдыкт ХVI прызначыў дапаможнага біскупа Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі  Антонія Дзям’янку на пасаду ардынарыя Пінскай дыяцэзіі. На што пайшлі гэтыя першыя пяць гадоў прабывання на пасадзе – на пашырэнне каталіцкіх “палеткаў” ці на ўдасканаленне душпастырскіх практыкаў у парафіях? Аб гэтым і іншым –  наша размова з галоўным душпастырам дыяцэзіі.

 

 

f-str-16– Ваша Эксцэленцыя, перш за ўсё хочацца запытаць: ці ёсць задавальненне ад працы, ці гэта проста адказнае выкананне даручэння Пана Бога?
– Скажу так: і манах, і святар, і біскуп выконваюць моцна адказнае даручэнне, служачы Пану Богу і людзям адначасова, на якую яны далі згоду, як толькі адчулі сваё пакліканне. І служба людзей па-кліканых  не мае акрэсленых гадзін, таму  не можам гаварыць аб ёй, як аб звычайнай рэгламентаванай  працы. Гэта, падкрэсліваю, – служба, і  ніхто з нас не ведае, куды пакіруе намі  Божы провід заўтра. Але ў велічы  гэтага служэння нараджаюцца новыя пакліканні, у маладых людзей абуджаецца свядомасць не толькі надалей ісці  Божымі сцежкамі, але Божымі шляхамі, каб весці за сабою іншых.  А ці ёсць задавальненне? Канешне, ёсць, калі бачыш, што ўдаецца рэалізаваць тыя ці іншыя задумы.  Часам бывае справа, на першы погляд, цяжкая, але вырашаецца лягчэй, чым тая, што, здавалася, ляжыць на паверхні, але на ўсё воля Божая. Таму і ў біскупскай штодзённасці  ёсць і  хвіліны ўздыму гары Табар, і хвіліны цярпення, як у Садзе Аліўным.

 

– Пяць гадоў назад, назваўшы свой біскупскі дэвіз “Ut unum sint” – “Каб былі адно”, Вы сказалі, што гэта – Ваша праграма на будучыню. Што мелася на ўвазе? І ці можаце сказаць сёння аб плёнах яе, ці задавальняюць яны Вас?
– Калі мы хочам асягнуць добрыя вынікі, перш за ўсё павінны клапаціцца аб евангелізацыі. І менавіта ў справе евангелізацыі – і біскуп, і духоўныя, і кансэкраваныя асобы – павінны быць адно. Вось  гэта і меў я на ўвазе. А вы-працоўцы такога  адзінства  служаць  рэгулярныя канферэнцыі, штомесячныя  фармацыйныя  спатканні,  рэкалекцыі для святароў і кансэкраваных асобаў, якія праводзяцца штогод,  спатканні з нагоды круглых дат, а таксама з нагоды адыходу да вечнасці нашых папярэднікаў  у месцах іх служэння. Ушаноўваючы памяць тых, хто служыў перад намі, мы адзначаем і ўсхваляем  іх  імкненні  да  адзінства і захапляемся тым, з якімі вялікімі намаганнямі і нават ахвярамі яны гэтага дасягалі. Не было многа транспарту, не было добрых дарог, але святары не прапускалі фармацыйных сустрэч, падтрымлівалі адзін другога і саму ідэю.
Канешне, і ў наш час не заўсёды  ўдаецца  падтрымліваць  гэтую  формулу “адно”, бо  нават каб прыбыць на фармацыйнае спатканне, некаторым прыходзіцца пера-адольваць сотні кіламетраў. Напрыклад, ад  Высокага да Гомеля – каля  700, ад мяжы ўсходняй да мяжы на захадзе – больш за 900. І гэта  ўсё  памеры і адлегласці нашай Пінскай дыяцэзіі! Асабіста я за апошнія пяць гадоў добра па-знаёміўся  з усімі дарогамі, усімі трасамі, у любую парафію  магу патрапіць без цяжкасцей.
Але гаворачы пра адзінства, хачу сказаць і пра спатканні біскупа з вернікамі з розных нагодаў і ў розных патрэбах. Для сябе я вы-значыў правіла: адпраўляючыся ці з пастырскім візітам, ці на ўрачыстасць касцёла, ці з якой іншай нагоды ў парафію, прыбыць туды на хвілін 20 ці на  паўгадзіны раней –  каб пазнаёміцца з умовамі жыцця пробашча,  пагутарыць з парафіянамі, выслухаць іх меркаванні наконт той ці іншай справы. Перакананы, што вернікі павінны бачыць свайго біскупа не толькі пры амбоне ці пры алтары…

 

– Ваша Эксцэленцыя, ці лічыце сябе кантактным, дасягальным біскупам?
– На такое пытанне  мне  самому  адказаць  цяжка,  заўважу толькі, што  імкнуся  да гэтага шчыра. Я  нават  назваў нумар свайго мабільнага тэлефона, каб чалавек мог звярнуцца, калі яму трэба, і настойліва раю зрабіць гэта таксама  святарам  у сваіх парафіях.

 

– Шаноўны  ксёндз  біскуп,  віншуючы Вас з прызначэннем, Мітрапаліт Тадэуш Кандрусевіч  выказаў надзею, што Богам  прызначаны “адпаведны чалавек у  адпаведнае месца ў адпаведны час”. Як Вы самі расцэньваеце гэтыя словы, правёўшы пяць  гадоў  на  пасадзе кіраўніка самай  працяглай  дыяцэзіі  ў краіне?
– Не магу сябе ацэньваць. Воляй  Айца Нябеснага рабіў усё, што мог. Можа, хтосьці іншы зрабіў бы лепей ці больш дакладна, можа, хтосьці  пераакцэнтаваў бы напрамкі дзейнасці, але  магу сказаць, што імкнуўся быць па-слухмяным  Богу,  адкрытым у адносінах са святарамі, шчырым з людзьмі  і ахвярным у працы.

 

Біскуп Пінскі Антоній Дзям'янка ўдзяляе сакрамэнт Канфірмацыі вернікам у касцёле Маці Божай Фацімскай у Баранавічах.  Здымак зроблены 11 кастрычніка 2015 г.

Біскуп Пінскі Антоній Дзям’янка ўдзяляе сакрамэнт Канфірмацыі вернікам у касцёле Маці Божай Фацімскай у Баранавічах.
Здымак зроблены 11 кастрычніка 2015 г.

–  А ўсё ж, Ваша Эксцэленцыя, на што пайшлі гэтыя пяць гадоў – на пашырэнне каталіцкіх “палеткаў” ці на ўдасканаленне  душпастырскіх практыкаў у парафіях?
– На момант майго ўступлення на  пасаду вялося  распачатае  біскупам Казімірам Велікасельцам будаўніцтва касцёла ў Брэсце, дзе пробашчам кс. Антоній Гей. Будаўніцтва завершана, і гэта стала радасцю і для касцёльнай супольнасці, і  для духавенства. Услед былі пабудаваныя касцёлы ў Дра-гічыне, Белаазёрску, у новых мікрараёнах Баранавічаў, Жлобіна, у вёсцы Гарадзец пад Кобрынам  і капліца ў вёсцы Крыўчыцы Пінскага раёна. Новы касцёл узнёсся ў  Пінску – для часткі горада з насельніцтвам  60 тысяч чалавек, адноўлена святыня ў Воўчыне Камянецкага раёна, якою быў моцна заклапочаны святой памяці кардынал Казімір Свёнтэк. Рашэнне аб рэстаўрацыі і вяртанні да Божага культу  касцёла ў Воўчыне, святыні ХVIII ст., было адным  з апошніх намаганняў кардынала па аднаўленні зруйнаваных храмаў у Беларусі. Новыя і адноўленыя святыні – бясцэнная каштоўнасць для вернікаў. На сённяшні дзень Пінская дыяцэзія налічвае 80 парафій, дзе ёсць святыні, і гэта  – бачныя праявы ласкі Божай да нас, а таксама  бачныя плёны працы людскіх рук, супольных намаганняў душпастыраў і вернікаў.  
Калі гаварыць пра катэхізацыю, то мае высілкі напачатку былі скіраваныя  перш за ўсё на тое, каб утрымаць усе, што было зроблена перада мною.  Дзякуючы намаганням кардынала Казіміра Свёнтка, яго настойлівасці і магчымасцям, у Пінску дзейнічала адноўленая ім Міждыяцэзіяльная духоўная семінарыя імя св. Тамаша Аквінскага, у Баранавічах – катэхетычны каледж імя Зыгмунта Лазінскага. Я бачыў, што моладзь ахвотна ідзе, каб глыбей пазнаць Бога, святары, манаскія супольнасці і свецкія ўдасканальваюць яе набыткі на гэтым шляху.  Але калі паглядзець на “сетку” катэхезы, то размяркоўвалася яна няроўна; яшчэ і па сённяшні дзень працэс гэты не наладжаны належным  чынам, а прычына – ўсё тыя ж адлегласці (касцёлы адзін ад другога ў некаторых частках дыяцэзіі знаходзяцца  за 50 або за 100 км)  і недахоп святароў. Вернікаў 80 парафій зараз акармляюць  усяго 46 святароў.  Канешне, гэта лепей, чым было напачатку адра-джэння Касцёла ў дыяцэзіі (16 святынь і 8 святароў), але Кананічнае Права Касцёла патрабуе, каб пры кожнай  парафіі рэгулярна былі наладжаныя ўрокі рэлігіі для дзяцей і дарослых. Маім  вялікім  жаданнем з’яўляецца, каб  катэхеза была арганізаваная нават для невялікіх груп, а хоць і для аднаго чалавека.  Толькі  тады можна разлічваць, што людзі дачакаюцца сустрэчы з Божым  Словам.
За апошнія пяць гадоў у дыяцэзіі падрыхтавана  пяць святароў. Ёсць таксама манаскія пакліканні, і вельмі радуе тое, што служаць яны ахвярна  не толькі ў сваёй, але і ў іншых дыяцэзіях, у  іншых краінах.
Цешыць тое, што падмуркі, заснаваныя кардыналам Казімірам Свёнткам і падтрыманыя Мітрапалітам Тадэушам Кандрусевічам як апостальскім адміністратарам,  захаваліся. Маю на ўвазе той значны ўнёсак, які робіць сёння Касцёл Пінскай дыяцэзіі ў сферы аказання  міласэрнай любові патрабуючым. Шосты год дзейнічае Дом Міласэрнасці ў Лагішыне, якім апякуюцца айцы арыяністы, дзе ўтрымліваюцца 40 асобаў, якія не маюць адпаведных умоваў, каб жыць у сябе дома. Бачным прыкладам сацыяльнага служэння Касцёла беларускаму грамадству з’яўляецца і функцыянаванне так званай Дзіцячай вёскі ў Гомелі, дзе ўтрымліваюцца дзеці-інваліды, для якіх міласэрна служаць сёстры бэнэдыктынкі-самарытанкі. Зараз пачынаецца ўжо будаўніцтва другой чаргі гэтай “вёскі”.Таксама ў Гомелі з годнай захаплення міласэрнасцю служаць сёстры ордэна, заснаванага Маці Тэрэзай з Калькуты.  Нельга не ўзгадаць пра Сясцёр Місіянерак Святой Сям’і з Баранавічаў, якія штодня выдаюць бедным і хворым 60 – 100 абедаў, а часта і адвозяць пасілкі ім дадому. І, урэшце, справа міласэрнасці — гэта паслуга сясцёр св. Вінцэнта дэ Поля (шарытак) у Брэсце, якія ўжо 25 гадоў апякуюцца хворымі, наведваючы  іх  па дамах. Гэты пералік можна  працягваць доўга.
Хацеў бы адзначыць таксама, з якой вялікай руплівасцю аказваюць духоўную дапамогу патрабуючым  нашы святары, адведваючы хворых у першую пятніцу месяца або на наступны дзень. І зноў называю тыя самыя 50 ці 100 кіламетраў, якія прыходзіцца ім пера-адольваць у такіх выпадках…

 

– Ваша Эксцэленцыя, зробленае да Вас Вы трапна назвалі “падмуркамі” кардынала Свёнтка. Што плануецца па увекавечанню памяці вялікага душпастыра Касцёла?
– Першае, што скажу і што надта цешыць: амаль у кожнай парафіі і па сёння захавалася жывая памяць пра кардынала Свёнтка. Вернікі цёпла ўспамінаюць яго, моляцца ў яго інтэнцыі, захоўваючы ўдзячнасць за яго прыклад ня-стомнай веры. Асабіста пра сябе ў гэтай сувязі магу сказаць, што я таксама  меў шчасце працаваць з кардыналам, таксама  назіраць яго малітоўную паставу і пераконвацца ў тым, што многія пытанні  ён вырашаў,  стоячы на каленях у капліцы  курыі перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам і абразам  Маці Божай Вострабрамскай. Так было і ў катэдры Мінска, і ў катэдры Пінска, дзе існуюць такія капліцы, заснаваныя самым кардыналам. Сваёй паставай і  прыкладам жыцця кардынал пераконваў у тым, што сілы духоўныя можна  здабыць у малітоўнай засяроджанасці.
Пра матэрыяльнае ўвекавечанне памяці нашага  легендарнага папярэдніка скажу наступнае: у курыі Пінскай дыяцэзіі дзейнічае выстава, якая адлюстроўвае этапы жыцця кардынала Казіміра Свёнтка. Ёсць  задумы  паставіць помнік на тэрыторыі катэдральнага касцёла  ў Пінску; стварыць музей  у Духоўнай семінарыі, якую Казімір Свёнтэк калісьці скончыў,  сабраць успаміны сучаснікаў кардынала пра яго выбітную асобу. Абмяркоўваюцца і іншыя прапановы.
Хачу заўважыць, што пасля кожнай урачыстасці ў Пінскім катэдральным касцёле Ўнебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, з вялікай пашанай захоўваючы памяць пра святара і настаўніка, разам са святарамі, сёстрамі законнымі і вернікамі ідзём  у крыпту, дзе спачылы кардынал выслухоўвае нашыя малітвы.  Супольнай малітвай каля гробу кардынала заканчваюцца і  ўсе нашыя фармацыйныя сустрэчы.  Дарэчы, крыпта адчынена штодня і памаліцца, ушанаваць памяць мучаніка за веру тут можа кожны жадаючы.

 

– Ваша Эксцэленцыя, як кіраўнік  дыяцэзіі ці маглі б Вы падзяліцца планамі на будучае з чытачамі  нашага часопіса?
– Планаў многа, яны напрасткі выплываюць з нашых абавязкаў. Маім вялікім жаданнем з’яўляецца, каб як мага хутчэй запоўніўся той духоўны вакуум, які існуе  яшчэ сёння, каб усе парафіі мелі сваіх святароў, а вялікія – як у Брэсце, Баранавічах, Пінску – яшчэ і вікарыяў. Каб была магчымасць пры-значыць святара для службы літаральна кожнай групе  насельніцтва –  для працы з хворымі і патрабуючымі, з адкінутымі, для працы з  моладдзю, з вайскоўцамі, з медыкамі, з настаўнікамі і г. д.  Каб усе бальніцы мелі свае каплічкі. Каб развівалася  студэнцкае душпастырства, а ў яго асяроддзі нара-джаліся пакліканні, у тым ліку – манаскія. Каб кожная парафія мела  дарадчыкаў сямейнага жыцця. Каб у кожнай працавала аддзяленне “Карытаса”. Каб катэхізацыяй былі ахінутыя дзеці, пачынаючы ад садка і  да выйсця  ў самастойнае жыццё. І  трэба, каб касцёльная супольнасць  была ў стане адказаць на сучасныя выклікі асяроддзя, у якім жывём.
Ад  сэрца  благаслаўляю ўсіх чытачоў “Дыялога” і жадаю ўсім Божай  ласкі  штодня.

 

Размаўляла Раіса СУШКО.
Здымкі Карнэлія КОНСЭКА, SVD.


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий