На перакрыжаваннях дарог

f-str-21– Не заўважыць tirówkę (з польск. – прастытутка дарожная) на трасе немагчыма, – гаворыць кс. Марэк Порыжала. – Яны бачны здалёк – у яскравым адзенні, “галасуюць” на дарогах, перакрыжаваннях, чакаюць на паркінгах. А толькі сцішыш ход, як падбягаюць да твайго аўта і без усякай сарамлівасці прапаноўваюць сэксуальныя паслугі, называюць свой “тарыф”. І мне аднойчы прапанавалі. Здзівіліся, што адмовіўся. Пачаставаў іх яблыкамі і памаліўся за іх.
 Колькі пасля гэтага было падобных сустрэч у душпастыра tirówеk  кс. Марэка? Аб гэтым і іншым – наша з ім гутарка.

 

–  Кс. Марэк, а як усё ж прыйшла да Вас думка – працаваць з такою  незвычайнай катэгорыяй людзей?

 

– Выпадак, пра які расказаў, адбыўся ў 2010 годзе, недалёка ад горада Томашув Мазовецкі, калі я вяртаўся з Варшавы да Чэнстахова, дзе служыў у парафіі. Я быў здзіўлены і адначасова “замураваны”: відаць, не заўважылі калараткі. Самі маладыя, прыгожыя, у кожнай, напэўна, дома бацька, маці, родныя… Мне стала жудасна і прыкра: што заставіла  дзяўчат гандляваць сваёю годнасцю, жаноцкасцю, целам?  Якая будучыня чакае іх? Сваім  роздумам  па-дзяліўся з біскупам, і біскуп благаславіў мяне на душпастырскую працу з гэтай катэгорыяй. Павінен прызнацца, што благаслаўленне іерарха супала яшчэ з адным вельмі важным момантам: справа ў тым, што незадоўга перад гэтым я зрабіў сваю старонку  ў Інтэрнэце пад назваю grzechy.com (назва аказалася трапнай), і моладзь – у асноўным яна бавіць час у Інтэрнэце – паспела напісаць мне свае водгукі, даслаць пытанні, больш таго, маладыя папрасілі, каб больш падрабязна апісаў розныя грахі, залежнасці наркатычныя, сексуальныя, ад музыкі, алкаголю, мастурбацыі, парнаграфіі і інш. Усё гэта супала па часе, і я стаў душпастырам  tirówеk, ездзіў па трасах, каб сустрэць іх і пагутарыць з імі пра той лад жыцця, які яны выбралі. На дзвярах майго аўта з’явіўся надпіс: www.grzechy.com

 

– Як рэагавалі яны, заўважыўшы незвычайны надпіс і чалавека ў сутане?

"Давярай Мне, Я заўсёды з табою. Езус" – абраз,  які прымацаваны на дрэве пры трасе Беласток – Варшава

«Давярай Мне, Я заўсёды з табою. Езус» – абраз, які
прымацаваны на дрэве пры трасе Беласток – Варшава

– Па-рознаму. Некаторыя здзіўляліся, што імі наогул цікавіцца духоўная асоба; што гэтая духоўная асоба – мужчына, і не патрабуе іхніх паслуг; што размаўляе з імі ў нармальным тоне, без зневажання, па-людску. А я не ставіў сваёю мэтаю пачынаць катэхізацыю з першай хвіліны (вопыт душпастырства  з цяжкай моладдзю ўжо меў, на працягу некалькі гадоў працаваў катэхетам). Першае пытанне, якое  задаваў кожнай: чаму яна тут? Што прывяло на трасу? І абсалютная большасць з іх адказвала, што прычына ў цяжкіх жыццёвых ўмовах, з якіх не маюць выйсця. Часам гэта былі дастаткова доўгія іх роспаведы, з якіх высвятлялася, што абсалютная большасць tirówеk – з сямей маральна параненых, у якіх ніколі нават размовы не было пра Бога, пра хрысціянскую мараль. У некаторых было так: мама п’е, тата п’е, уладкавацца на працу немагчыма, і ніхто на іх не звяртае ніякай увагі. Куды пойдзе такая непаўналетка? На вуліцу. Былі дзяўчаты, згвалтаваныя яшчэ ў юным узросце, нават родным бацькам, і яны неслі гэты боль у сабе. Былі выхаванцы дзіцячых дамоў. Сустрэўся нават з выпадкам канкубінату – гэта была сям’я з Балгарыі, якая жыла ў Польшчы; мужчына меў працу на рынку, а яго жонка рэгулярна “выходзіла” на трасу. Так ці інакш, у абсалютнай большасці выпадкаў гэта былі зламаныя жаночыя лёсы, іх неўпарадкаванае ўнутранае жыццё. Найбольш было балгарак (60%), полькі (30%) і 10 % іншых (у тым ліку украінкі, беларускі, расіянкі). Па рэлігійнай прыналежнасці – таксама розныя: каталічкі, праваслаўныя, мусульманкі і ніякія. Некаторыя з жанчын мелі дзяцей – па аднаму, рэдка – двое і болей. Але была адна, якая па-кінула на радзіме пяцёра!f-str-22-2

 

– А ці мелі жаданне вярнуцца дамоў?

– Мелі, некаторыя так проста і казалі: каб хутчэй зарабіць грошай і хутчэй дамоў. Прасілі: памаліся, ксёндз, каб было болей (!) у нас кліентаў. Адзінае, што абяцаў ім у такіх выпадках, што буду маліцца за іх здароўе і здароўе іх родных. Слухаў іх, не асуджаў, разважаў пра іх мінулае і будучае, пра тое, што першаснае ў нашым жыцці, і чаго хоча ад чалавека Бог. Частаваў яблыкамі або іншым з таго, што на той час меў, пасля нават рыхтаваў калядныя і велікодныя падарункі, каб адаслалі сваім дзецям на радзіму: як жа,  яны тут працуюць – у магазінах, у барах, прадаюць кветкі, посуд (так кожная з іх паведамляла сваім родным). На самой справе была траса. Я маліўся за іх у іх прысутнасці, даваў ім крыжыкі, абразікі з выяваю Езуса Міласэрнага, св. Бэнэдыкта, медальёнчыкі з Маці Божай Непакалянай, духоўныя кніжкі, тэксты  малітваў і пры гэтым тлумачыў, што выйсці з прастытуцыі цяжка, гэта адна з самых цяжкіх залежнасцей, але магчыма.

 
f-str-23– А ці самі яны хацелі пакінуць заняткі гэтым “промыслам”? Ці шкадавалі аб тым, што трапілі сюды?

–  Пад сваёю душпастырскаю  апекаю я меў каля 400 чалавек, таму сустракаліся  сярод іх розныя. У асноўным гэта была моладзь, найчасцей – дзяўчаты 20 – 25 гадоў; самая малодшая – 17; былі жанчыны і пасля 40. Тыя, якія сапраўды з-за цяжкага матэрыяльнага становішча апынуліся на трасе, тыя разумелі сваю амаральнасць, прызнаваліся ў сваім граху, хацелі як мага хутчэй (!) зарабіць грошай і завяршыць сваю “працу” у Польшчы. І калі даваў ім на выбар  ружанцы  (чорны ці белы), то гэтыя ахвотна бралі белага колеру – як вяртанне да жыцця ў чысціні, вяртанне ў час, калі гэтым “промыслам” яшчэ не займаліся. Але сустракаліся і такія,  хто не толькі дзеля грошай надзяваў супер-кароткую спаднічку  і прыбіраўся ў глянцавыя боты: 20 % tirówеk атрымоўвалі ад гэтага задавальненне, ператварылі  гэта амаль ў сваё “хобі” – а гэта ўжо цяжкая форма сэксуальнай залежнасці.

 

 – Вы працавалі з імі, кс. Марэк, быццам сэксапатолаг…

– З такімі людзьмі інакш нічога не атрымаецца, з некаторымі з іх сустракаўся неаднакратна. І калі ўявіць сабе працу з імі схематычна, то напачатку мая дапамога насіла нейкі тэрапеўтычна-псіхалагічны  характар, а пасля я займаўся імі як душпастыр. Але вельмі хутка зразумеў, што мне  патрэбны  яшчэ і іншыя веды, і я атрымаў паслядыпломную адукацыю ў вобласці клінічнай сэксапаталогіі ў Варшаўскай Вышэйшай школе сацыяльнай псіхалогіі, каб гаварыць ім пра такія  абавязковыя  рэчы, як уздзеянне  іх  паводзінаў  на псіхічнае здароўе, небяспека пры сексуальных зносінах, гігіена і інш., і інш., выдаў некалькі кніжак аб залежнасцях. Таксама набыў сабе непрыяцеляў з ліку так званых альфонсаў.

 

– Ойча, Вы сапраўды былі ў небяспечных умовах. Вам ніхто не пагражаў?

– Чаму не – пагражалі, колькі разоў: праз тэлефон, Інтэрнэт, даганялі  на аўтамабілі; менавіта яны – альфонсы, суценёры.
 

Ксёндз Марэк Порыжала

Ксёндз Марэк Порыжала

 – Кс. Марэк, а ці не адчулі расчаравання ў тым, што рабілі? Ці мелі падтрымку асабіста, з якога боку?

– Мяне падтрымлівалі касцёльныя ўлады. Падтрымлівалі свецкія веруючыя і казалі аб гэтым пры асабістых сустрэчах і на старонцы ў Інтэрнэце, праз е-mail і тэлефон. Некаторыя з падапечных, пакідаючы краіну, прыходзілі на генеральную  споведзь і давалі зарок больш ніколі не займацца прастытуцыяй. Прасілі аб малітве за збаўленне ад залежнасцей, куплялі крыжыкі сваім дзецям і прасілі аб малітве за дзяцей. А Магда, якая жыве зараз у Нарвегіі, былая прастытутка, даведаўшыся пра  душпастырства з tirówkami, пачала прыязджаць, каб сустракацца з жанчынамі з трасы, тлумачыць ім, якія цяжкасці перажывае асоба, калі ў сваёй маладосці займалася прастытуцыяй. Магда зрабіла для іх  атлас венерычных захворванняў, дапамагала збіраць падарункі дзецям гэтых параненых жанчын. Аднак павінен прызнацца, што мае калегі ксяндзы і сёння неадназначна ацэньваюць маю душпастырскую працу. Некаторыя з іх паціскаюць  плячыма: што тут супольнага з дзеяннем Езуса Хрыста? Іншыя лічаць, што гэтым я прынізіў сябе як святар. Сам я перакананы, што наадварот, тут патрэбна вялікая, як у Езуса Хрыста, міласэрнасць, тады погляд святара на свет будзе  больш адкрыты  і  больш шчыры, а любоў будзе не фразаю, а сутнасцю.

 

– Кс. Марэк, але зараз Вы прыпынілі сваё душпастырства на дарогах?

– Так, зараз я прызначаны на службу ў парафію (г. Бонкова Гура) Чанстахоўскай дыяцэзіі.

 

– А ці вернецеся ў будучым, ці з’яўляюцца ў Вас такія думкі? А можа ўжо і праблемы такой няма?

– Прастытуцыя, як і іншыя залежнасці, – праблема не польская, а сусветная, і змагацца з імі павінен Паўсюдны Касцёл, весь сусвет. Дарэчы, аб гэтым казаў Свяцейшы Айцец у сваёй пропаведзі 15 лютага бягучага года. Папа Францыск узгадаў  словы Езуса: “Не здаровым патрэбны лекар, а хворым. Я прыйшоў  заклікаць да пакаяння  не  праведнікаў,  а грэшнікаў” (Лк 5, 31-32). І калі Бог зноў пакліча мяне да гэтай працы, дам Яму станоўчы адказ, бо я – гатовы.

 

Раіса СУШКО.
Здымкі Карнэлія КОНСЭКА, SVD,

а таксама  з польскага выдання  Tygodnik Powszechny.
Чанстахоўская архідыяцэзія. Польшча   


                                                                  

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий