Тэма пакліканняў заўсёды моцна хвалюючая: для Касцёла – бо ён патрабуе новых салдат Хрыста, для вернікаў – бо яны прагнуць слухаць святароў пылкай малітвы і шчырай пропаведзі. Абмеркаваць яе мы вырашылі з Яго Эксцэленцыяй ксяндзом біскупам Юзафам Станеўскім – Дапаможным біскупам Гродзенскай дыяцэзіі, які, пачынаючы з 1999 года, працаваў выкладчыкам, прэфектам, а на працягу апошніх 9 гадоў – рэктарам Гродзенскай вышэйшай духоўнай семінарыі.
– Ваша Эксцэленцыя, мяркуем, што ў тэме пакліканняў Вы – як рыба ў вадзе… І, бадай, ніхто лепей за Вас не ведае адказу на шматлікія пытанні, звязаныя з выбарам маладым чалавекам шляху святарскай паслугі…
– Не хацеў бы памыліцца сам і жадаю, каб не памыляліся Вы: усё ведае адзіны Пан Бог… А наконт рыбы і вады – скажу так: працаваць з клерыкамі мне было прыемна весь час. Чуўся з імі і як настаўнік, і як пастыр, і як сябра – камфортна. Разумеў, што на адкрытую далонь заўсёды кла-дзецца такая ж далонь іншага чалавека. Імкнуўся, каб гэта зразумелі і нашыя выхаванцы. Сам задаваў сабе пытанне даўно, а пасля пачаў рэкамендаваць клерыкам, каб і яны ў сябе пыталіся: ці добра людзям са мною? Менавіта так, ці добра са мною; і няхай кожны аб гэтым сябе запытае. Бо чым мы цікавімся часцей за ўсё пры сустрэчы: “Як у цябе справы?”. Але не гэта патрэбна нам мець на ўвазе (у цябе асабіста справы можа і добрыя, а як іншым людзям з табою, ці добра) – мы ж пакліканыя СЛУЖЫЦЬ!
Сёння, азіраючыся на свой жыццёвы і духоўны шлях, магу прызнацца, што прызначэнне мяне калісьці прэфектам семінарыі было такою ж неспадзянкаю, як і прызначэнне біскупам напрыканцы мінулага года.
Марыў быць пробашчам, а мяне накіравалі ў семінарыю, каб працаваў з моладдзю, фармаваў, выхоўваў штодзённа, накіроўваў клерыкаў да самастойнай і адважнай працы ў будучым, рыхтаваў іх да пера-адольвання розных жыццёвых абставінаў і неспадзянак. Ведаеце, у 17 гадоў, калі маладыя людзі толькі прыходзяць у семінарыю, яны гатовыя змяніць усё, увесь свет. Аднак мы павінны даць ім накірунак, што патрэбна рабіць у першую чаргу, як рыхтаваць сябе да такой адказнай і незвычайнай працы, якой з’яўляецца паслуга святара. Скажу шчыра: я палюбіў працу з моладдзю, стараўся, каб паміж мною і імі не было дыстанцыі, каб панаваў давер, каб поле іх сэрца засявалася добрым насеннем… Я і сам многаму вучыўся ў іх, пілігрымуючы разам па святых месцах, бываючы з імі на рэкалекцыях. Разумеў, што прысвячаю ім свой асабісты час, аддаю нешта сваё, дзялюся тым, што маю, не шкадуючы. І гэта было сапраўды прыемным і шчымлівым адначасова.Асабліва,калі надыходзіў май, чэрвень – час раставання пасля сямі, разам пражытых семінарыйных гадоў… Цешыўся, што нашыя выхаванцы – ужо святары, што яны ідуць да моцна адказнай працы, якая звязана з барацьбою за людскія сэрцы, каб яны ніколі не былі кранутыя грахом. Цешыўся, што яны пойдуць далей шляхам Хрыстовай Праўды і панясуць Слова Божае людзям.
– Скажыце, калі ласка, якое ўражанне ў цэлым застаецца ў Вас ад працы з моладдзю і ці задаволеныя Вы тым, што за гэтыя гады атрымалася?
– Перш за ўсё я ўдзячны Пану Богу за тое, што менавіта такі шлях мне падрыхтаваў і ўдасканальваў мяне не толькі праз асабістае авалодванне навукаю Касцёла, аказанне святарскай паслугі, але і праз канкрэтную працу з моладдзю, даючы мне шанс быць… доўга маладым. Што атрымалася? Пачынаючы з 1995 года, семінарыя падрыхтавала амаль 200 святароў, якія працуюць у розных дыяцэзіях на Беларусі, а таксама працягваюць вучобу па-за межамі яе, здабываючы і тэалагічныя веды, і навуковыя ступені. Наш выпускнік кс. Аляксандр Рагіня, пасля заканчэння Папскай дыпламатычнай акадэміі ў Рыме, працуе сакратаром Апостальскай Нунцыятуры ў Казахстане, кс. Аляксандр Амільчэня працуе ў беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё. Той факт, што тры новапрызначаныя біскупы на Беларусі з’яўляюцца выпускнікамі Гродзенскай семінарыі, на мой погляд, таксама гаворыць аб узроўні падрыхтоўкі нашых выхаванцаў. Гэтае пры-значэнне можна разглядаць як высокую адзнаку, якую святы айцец Францішак паставіў нашай навучальнай установе.
– Ваша Эксцэленцыя! Доўгі час Вы былі каардынатарам душпастырства пакліканняў. Успом-ніце, калі ласка, якія цікавыя выпадкі адбываліся на шляху пакліканняў, якія фактары найбольш уплываюць на рашэнне маладога чалавека “ісці за Хрыстом”?
– Безумоўна, семінарыя цешыцца, калі мае многа клерыкаў. Але яны не падаюць з неба – усе яны з нашага асяроддзя. І гэта яно спрыяе (або не спрыяе) таму, каб ў сэрцы маладога чалавека нарадзілася пакліканне. Працэс вельмі складаны, шматбаковы, ахутаны таямніцаю, бо многа веруючых, многа добрых, але мала адважных. Мы мяркуем, плануем, вырашаем, але над усім гэтым ёсць Божы план, Божы Провід. Бывалі гады, калі ў Гродзенскую вышэйшую духоўную семінарыю ішлі па 30-40 чалавек. Аднак не ў лічбах справа і радасць, таму што ісці ў святары павінны сапраўды па-кліканыя, а не тыя, хто вагаецца і на свой шлях бясконца аглядаецца з пытаннем: далей ісці ці назад вярнуцца? На пэўным этапе мы распачалі правядзенне рэкалекцый распазнання паклікання, асноўнай мэтай якіх было: даць зразумець маладым лю-дзям, што пры жаданні яны могуць стаць святарамі, але не абавязаны, гэта значыць: не мусіш быць, а можаш быць. Павінен выбраць сам, слухаючы голас Бога. Рэкалекцыі распазнання праводзім з хлопцамі чатыры разы на год – летам, а таксама раз на чвэрць на працягу вучэбнага года. Запрашаем клерыкаў, каб расказалі, як сваё пакліканне адчувалі і перажывалі ў свой час яны. Адзначу, што такія рэкалекцыі праходзілі ўсе нашыя святары. Не, мы не прыпісваем сабе гэтую заслугу, не хвалімся, што гэта мы ўзбудзілі іх па-кліканне, жаданне “ісці за Хрыстом”, – так падказаў ім Пан Бог, але зрабіў гэта іначай, чым робім мы, людзі…
На пытанне, якія фактары болей за іншыя ўздзейнічаюць на фарміраванне паклікання маладога чалавека, адназначна адказаць нельга. Аднак заўважана, што найбольшы ўплыў на жыццёвы выбар юнакоў аказваюць прыклад святара або праца сястры законнай. Аб гэтым нам гавораць анкеты, якія распаўсюджваем сярод кандыдатаў на клерыкаў. Аднак мы імкнемся падказаць юнакам, што патрэбна рыхтавацца ісці не па слядах святара, а па слядах Езуса, і жыццё сваё будаваць не на ўзор святара, а на ўзор Езуса. Бо Пан Бог мае на цябе можа яшчэ большы план, чым на святара, да якога ты хочаш быць падобным. Напэўна, постаць ксяндза, яго пазіцыя моцна ўздзейнічаюць на юнака, які вырашае прысвяціць сваё жыццё служэнню Богу. Але клерык павінен імкнуцца ад пачатку ісці сваёю дарогаю, нікога не капіруючы, бо колькі лю-дзей – столькі і дарог. І наша задача – дапамагчы маладым людзям распазнаць пакліканне, умацаваць і ўтрымаць яго. І калі здараецца такое, што клерык адчуе і скажа: “Гэта – не мая дарога”, мы павінны аднесціся да яго з разуменнем. Канешне, у многіх выпадках мы маем магчымасць дапамагчы, каб малады чалавек абудзіўся, затрымаўся і дайшоў да святарскага пасвячэння, але бывала і так, што пэўная колькасць выхаванцаў не даходзіла да святарскага пасвячэння. І гэта не іх віна, не віна семінарыі, гэта балючы, але аздараўленчы працэс, у якім мы бачым Провід Божы.
– Ваша Эксцэленцыя, а калі здарылася з юнаком такое – засумняваўся, заблытаўся, адышоў ад навучання ў семінарыі, – ці ёсць у яго рэальная магчымасць вярнуцца назад?
– Дарога зваротная ёсць заўсёды, але справа гэта нялёгкая.
– Улічваючы, што пакліканне да святарства нараджаецца часам у сям’і непрактыкуючых католікаў, выклікае неадназначную рэакцыю ў адносінах да выбару сына – кандыдата ў навучэнцы, скажыце, калі ласка, ці працуе семінарыя з такой катэгорыяй, як бацькі клерыка?
– Працуе і ў апошнія гады – многа. Праводзім 3-дзённыя рэкалекцыі: асобна – для татаў і асобна – для мамаў. Падкрэсліваем: у канікулярны час маеце права быць прэфектам, выхавацелем, духоўным айцом… Сапраўды лічым, што, каб выхаваўчы працэс не прарываўся, патрэбна, каб бацькі актыўна ўдзельнічалі ў ім: нешта напомнілі свайму сыну, нешта падказалі, ці выказалі задавальненне ад ягоных духоўных практыкаванняў. З сем’ямі падтрымліваем пастаянныя кантакты. Перад Святам Божага Нараджэння праводзім Аплатковую сустрэчу для сем’яў, і гэта вельмі цёпла сустракаецца бацькамі, а таксама дзядулямі і бабулямі.
– Як лічыце, Ваша Эксцэленцыя, ці ёсць у нас яшчэ не вычарпаныя крыніцы, каб з’явіліся новыя пакліканні?
– Аб пакліканнях моліцца Паўсюдны Касцёл. І пакуль жывуць на свеце людзі, да тых пор будуць і крыніцы, і пакліканні, толькі патрэбна глыбей капаць. А першая з гэтых крыніц – сям’я. Патрэбна памятаць, што перад усім у ёй павінна трываць малітва. Няма малітвы – няма моцнага сэрца. А дарога да Бога павінна пачынацца з дзяцінства. Такое перакананне вынес з асабістага жыцця. Я рос у рэ-лігійнай сям’і, дзе малітва была кожны дзень абавязковаю і сумеснаю: тата, мама, дзеці. Ведаю, што і сёння ў сем’ях майго брата і дзвюх сясцёр існуе такое правіла. Тата расказваў нам пра Крыжовы шлях Хрыста, пра бічаванне Пана Езуса, аб паўсюдным святарстве і святарстве ў сям’і, заўсёды патрабавальна адносіўся да нашых духоўных практыкаў. Таму ў нашай сям’і і Вялікі Пост, і Крыжовы шлях Хрыста, і Маёвыя набажэнствы – усё перажывалася духоўна. Ад бацькоў павінна ісці перадача дзецям веры…
– Шчырае дзякуй, шаноўны ксёндз біскуп, за размову. Жадаем, каб Пан Бог, Які паклікаў Вас на шлях служэння Яму, быў побач з Вамі заўсёды.
Размаўляла Раіса СУШКО.
Здымкі Карнэлія КОНСЭКА, SVD, і з фотаальбома ксяндза біскупа Юзафа Станеўскага.
г. Гродна.