Прачынаўся новы дзень…

20 лістапада 2010 года – у 100-ю гадавіну з дня нараджэння і 15-ю гадавіну з дня смерці – у Вроцлаве распачаўся беатыфікацыйны працэс за далучэнне ксяндза прэлата Аляксандра Зянкевіча да ліку благаслаўлёных. Супольнасць Каталіцкага Касцёла моліцца аб беатыфікацыі Слугі Божага,  трымаючы ў сваім сэрцы гісторыю 11 сясцёр-назарэтанак, якія дабравольна ахвяравалі сваё жыццё ў час, калі смерць пагражала іх капелану, рэктару фарнага касцёла ў Навагрудку, навагрудскаму дэкану кс. Аляксандру Зянкевічу. 5 сакавіка 2000 г. Святы Айцец Ян Павел II беатыфікаваў назарэтанак-мучаніц.
Ніжэй змешчаныя артыкулы вяртаюць нас да тых падзей і тых асобаў…

Вечны адпачынак дай ім, Пане!

Капліца Маці Божай Навагрудскай, у якую перанесены парэшткі сястры Стэлы і яе дзесяці  паплечніц. Сястра Марыя Малгажата, якая памерла пасля вайны, у 1966 г., таксама тут захаваная (мемарыяльная дошка – з левага боку).

Капліца Маці Божай Навагрудскай, у якую перанесены парэшткі сястры Стэлы
і яе дзесяці паплечніц.
Сястра Марыя Малгажата, якая памерла пасля вайны, у 1966 г., таксама тут захаваная
(мемарыяльная дошка – з левага боку).

Aхвяра

Сцены навагрудскай Фары, якія бачылі многае за гісторыю свайго існавання, у тыя ліпеньскія дні 1943 года  напоўніліся ціхай і шчырай малітвай. З вуснаў не сыходзілі таксама трывожныя пытанні: калі ж скончацца арышты? Калі людзі змогуць спаць спакойна? Калі скончыцца гэтая страшная вайна, якая патрабуе столькі ахвяраў?
Сястра Стэла і 11 назарэтанак не пераставалі паўтараць: «Божа, прымі нашую ахвяру, прымі, Божа…»
Сёстры не маглі забыць ні на хвіліну, не маглі адарваць сваіх думак ад лёсаў сотняў людзей, ад лёсаў многіх знаёмых, якім ў тыя ліпеньскія дні гестапа вынесла смяротны вырак. «Мой Божа, калі патрэбна ахвяра з жыцця, хай лепш нас расстраляюць, чым тых, што маюць сем’і», – прасілі яны.
Навагрудак жыў у чаканні. Што будзе з усімі арыштаванымі, ці жывыя яны яшчэ?
Маці і жонкі прыходзілі да сясцёр і са слязьмі на вачах расказвалі пра сваё гора. А сёстры ма-ліліся. Яны ведалі, што ўжо некалькі дзён гестапа шукае таксама ксяндза Аляксандра Зянкевіча – адзінага навагрудскага святара, які яшчэ быў жывы.
   «Божа, – шаптала сястра Стэла, а за ёю паўтаралі сэрцы сясцёр, – ксёндз-капелан больш патрэбны на гэтай зямлі, чым мы, таму просім: калі патрэбна далейшая ахвяра – прымі нас».
   Надышоў апошні дзень ліпеня 1943 г. Быў пасляабедзенны час. Ксёндз Зянкевіч рыхтаваўся да набажэнства. Сястра Імэльда запальвала свечкі, выносіла на касцёл манстранцыю… У гэты момант у закрыстыю ўвайшла сястра Стэла – настаяцельніца Навагрудскага кляштара. Яна паведаміла, што да сясцёр прыйшоў немец у цывільным адзенні і паведаміў, каб усе сёстры на чале з настаяцельніцай у 19.30 з’явіліся ў камендатуру.

Служабніцы Божыя – Марыя Стэла і дзесяць яе паплечніц –  сясцёр-назарэтанак, расстраляных гітлераўцамі 1 жніўня 1943 г. каля  Навагрудка. (Абраз Адама Стыка).

Служабніцы Божыя – Марыя Стэла і дзесяць яе паплечніц –
сясцёр-назарэтанак, расстраляных гітлераўцамі
1 жніўня 1943 г. каля Навагрудка. (Абраз Адама Стыка).

– Гэта ўжо хутка, – сказала сястра Стэла і спытала ў ксяндза Зянкевіча, як лепш зрабіць?
 – А што сястра сама думае аб гэтым? – запытаў ксёндз.
 – Думаю, што нас могуць вывезці на работы ў Германію.
 – Гэта магчыма, гэта больш чым праўдападобна, – адказаў ксёндз Зянкевіч, каб трохі супакоіць сястру.
Роўна ў 18.00 пачалося выстаўленне Найсвяцейшага Сакрамэнту і Ружанец. Сёстры, як заўсёды, былі на сваіх месцах, кленчылі наперадзе, перад алтаром. Яны ў гэты вечар былі спакойныя, засяроджаныя на малітве, хоць праз некалькі хвілін павінны былі ісці ў гестапа. Святар узняў над імі – перш за ўсё над імі – Святыя Дары, благаслаўляючы іх.
Выйшлі з касцёла і няспешна пайшлі спачатку па сваёй вуліцы, потым праз галоўную гарадскую плошчу. Людзі здзіўлена пыталіся: куды ідуць сёстры ў такі час? Але на тварах сясцёр была ўсмешка, нішто не выдавала іх трывогі. Нізкае ўжо сонца ішло перад імі, яны ішлі ўслед за сонцам. Тужліва і задуменна пазіралі на іх кветкі з гародчыкаў, як бы развітваліся.
Сёстры ўвайшлі ў будынак камісарыяту. Праз некалькі хвілін на калідоры пачуліся жорсткія, адрывістыя пытанні немца і спакойныя адказы сясцёр: дзве з іх размаўлялі па-нямецку. Яшчэ праз гадзіну да будынка пад’ехаў грузавік, сясцёр вывелі вартавыя і загадалі лезці ў машыну. Фашысты злосна смяяліся, гледзячы, як сёстры ў доўгіх габітах з цяжкасцю караскаюцца праз высокі борт. Грузавік паехаў за горад. Ноч паволі ўваходзіла ў свае правы.

Абраз сясцёр-мучаніц з Навагрудка, які 5 сакавіка 2000 г.,  падчас беатыфікацыйнай малітвы, знаходзіўся ў Ватыкане.  Зараз размешчаны ў капліцы Маці Божай Навагрудскай.

Абраз сясцёр-мучаніц з Навагрудка, які 5 сакавіка 2000 г., падчас беатыфікацыйнай малітвы, знаходзіўся ў Ватыкане. Зараз размешчаны ў капліцы Маці Божай Навагрудскай.

Станавілася цёмна. Непадалёку ад таго месца, дзе спынілася машына, былі сялянскія сядзібы. У гэты час людзі заганялі ў хлеў жывёлу, то там, то тут брахалі сабакі. Не, гэта быў не той час. Грузавік вярнуўся ў горад. Сясцёр змясцілі ў падзямеллі камендатуры. Там сёстры прабылі ноч. Гэта ноч мела двух сведкаў (работнікаў камендатуры), якія пазней расказвалі, што сёстры, не маючы магчымасці легчы крыжам усе адначасова, рабілі гэта па чарзе. У 3.00 іх зноў вывезлі, але гэтым разам трохі далей: машына спынілася за 3 км ад горада. Яма была выкапана ў некалькіх сотнях крокаў ад дарогі ў невялікім змешаным лесе.
Сясцёр павялі ў той бок. Віднела. Вакол стаяла цішыня. Цішыня была такая, што нават салдаты стараліся ступаць асцярожна, каб яе не парушыць. Адзін з іх, моцна п’яны, казаў на другі дзень сваёй гаспадыні: «Як яны ішлі, як яны ішлі! Трэба было бачыць, як яны ішлі – вашы сёстры». Ішлі са складзенымі рукамі, спакойныя, поўныя годнасці, лёгкія, як птушкі. Iшлі насустрач сонцу, якое якраз уставала, вітаючы іх.
Калі яны сталі каля ямы на калені, а іх Маці, іх настаяцель-ніца, падняўшы руку, благаславіла іх, пачуўся першы стрэл.
Сястра Стэла ўпала першая, за ёю – астатнія сёстры: Імэльда, Раймунда, Даніэля, Канута, Сергія, Гвідона, Фэліцыта, Геліядора, Канізія і Барамэя.
12-я сястра, Малгажата, засталася ў хаце: яна папрасіла сястру Стэлу, каб па яе прыйшлі, калі гэта будзе неабходна…
Ахвяра, складзеная Богу за братоў, была прынята. Пусты грузавік павярнуў у бок горада. Прачынаўся новы дзень – гэта была нядзеля 1 жніўня 1943 г. У Белай навагрудскай Фары ў тую раніцу месцы сясцёр пуставалі.
– Дзе сёстры? – пыталіся адзін у аднаго вернікі. – Дзе сёстры? Чаму не вярнуліся? – гэтыя пытанні задавалі сабе кс. А.Зянкевіч і с. Малгажата.
Пасля Св. Імшы ў Фары кс. Зянкевіч пайшоў да касцёла св. Міхала, каб паспавядаць. Хтосьці падышоў да акенца канфесіянала і ціха сказаў: «Сёння раніцою расстралялі сясцёр». Ксёндз не мог у гэта паверыць.
Праз некалькі дзён, калі інфармацыя пацвердзілася і ўтойваць яе было немагчыма, ён сказаў сястры Малгажаце:
– Яны ўжо не вернуцца.
   Але сёстры вярнуліся. Амаль што праз два гады –19 сакавіка 1945 г.

Сястра Стэла з вучаніцамі падчас свят Божага Нараджэння, 1939 г.

Сястра Стэла з вучаніцамі падчас свят Божага Нараджэння,
1939 г.

У белых трунах, па белым снезе, што нечакана пакрыў за ноч вуліцы Навагрудка, сёстры вярталіся ў сваю Белую Фару. Вярталіся, каб праз два гады заняць свае месцы перад алтаром. Вярталіся, каб ужо назаўсёды застацца ў Белай Фары.
Ішлі гады, але людзі не змаглі забыць сваіх сясцёр. Жыхары Навагрудка іх любілі і называлі не інакш, як «нашы сёстры».
Ахвяра сясцёр была мілая Богу: ніводзін з мужчынаў, арыштаваных у тыя ліпеньскія дні, не быў расстраляны. Застаўся жывы і кс. Зянкевіч, які быў у спісках гестапа. Праз усё сваё жыццё ён насіў у сэрцы глыбокую ўдзячнасць сёстрам і вялікі боль…

  ”Wujek”
Навагрудскі перыяд жыцця і служэння Касцёлу ксяндза Аляксандра Зянкевіча займае гады з 1939-га па 1946-ы. З 1946 года яго жыццё звязана з выхаваўчай і душпастырскай дзейнасцю ў Польшчы.
Будучы святар нарадзіўся на Віленшчыне 12 жніўня 1910 года, прыйшоўшы на свет як першае дзіця ў сям’і Казіміра Зянкевіча і Ядвігі з дому Ўрублеўскіх. Яго бацька быў эканомам у маёнтку графа Тышкевіча. У 1926 годзе Аляксандр скончыў школу ў Дунілавічах, пасля чаго адправіўся на далейшую вучобу ў Ніжэйшую духоўную семінарыю ў Навагрудку. Пасля атрымання атэстату ў 1931 годзе паступіў у Духоўную семінарыю ў Пінску.

Сястра Марыя Малгажата

Сястра Марыя Малгажата

За гады вучобы ў семінарыі Аляксандр Зянкевіч праявіў сябе як здольны і працавіты студэнт. Любімай дысцыплінай семінарыста Зянкевіча была гісторыя Касцёла, якую выкладаў адзін з лепшых у Польшчы спецыялістаў ксёндз Эміль Кантак. Часта на семінарыйных імпрэзах Аляксандр выступаў з цікавымі рэфератамі па гэтым прадмеце. Таксама яго захапляла псіхалогія і літаратура. Напрыканцы пятага курса вучоба Аляксандра ў семінарыі на некаторы час перапы-нілася па прычыне хваробы. Вымушаны адпачынак ён правёў у Новай Мышы ў ксяндза Альфонса Алешчука.

Пасля Аляксандр зноў вярнуўся ў семінарыю і 11 мая 1938 года скончыў яе з агульным вынікам “вельмі добра”. Святарскае ж пасвячэнне ён прыняў крыху раней – 3 красавіка 1938 года ў Пінскай катэдры з рук тагачаснага Ардынарыя Пінскай дыяцэзіі біскупа Казіміра Букрабы. Пасля пасвячэння ксёндз Аляксандр Зянкевіч здзейсніў пілігрымку ў Рым, каб прыняць удзел ва ўрачыстай кананізацыі Андрэя Баболі. Там жа пры яго труне ў касцёле Іль Джэзу 17 красавіка адправіў прыміцыйную  святую  Імшу.
Вярнуўшыся на радзіму і па-працаваўшы год у якасці капелана біскупа Букрабы, ксёндз Аляксандр быў скіраваны на працу ў Фарны касцёл у Навагрудку, дзе таксама пачаў выконваць абавязкі капелана сясцёр назарэтанак і прэфекта гімназіі. Аднак праца, ад якой малады святар чакаў багатых плёнаў, раптоўна была спынена ў верасні 1939 года, калі на тэрыторыю Заходняй Беларусі ўвайшлі савецкія войскі. А менш чым праз два гады давялося перажыць уваход нямецкіх войскаў…

Слуга Божы ксёндз Аляксандр Зянкевіч (1910 - 1995)

Слуга Божы ксёндз Аляксандр Зянкевіч (1910 — 1995)

У 1946 годзе камуністычныя ўлады прымусілі святара да выезду ў Польшчу. Ксёндз Аляксандр пераехаў у Гожув Велькапольскі, а затым – у Вроцлаў. У Вроцлаве яму даручылі працу прэфекта ў Педагагічным ліцэі, капелана сясцёр-назарэтанак і многае іншае. 12 верасня 1952 года былы выпускнік Пінскай семінарыі атрымаў дэкрэт на пасаду віцэ-рэктара  Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Вроцлаве, а 18 лістапада 1953 года стаў яе рэктарам. У семінарыі ксёндз Аляксандр Зянкевіч выкладаў польскую мову і педагогіку.

Сваёй адданай працай, айцоўскім і клапатлівым стаўленнем да семінарыстаў здабыў сабе вялікі аўтарытэт. Прымас Польшчы кардынал Стэфан Вышыньскі заўважыў аднойчы, што ксёндз рэктар Зянкевіч у часы моцнага камуністычнага ціску на Касцёл быў для семінарыі дарам ад Бога, бо не дапусціў, каб улады ўчынілі навучальнай установе шкоду. А адзін з прафесараў се-мінарыі, кананіст і гісторык ксёндз Тадэвуш Сільніцкі сказаў, што, калі б ад яго залежала, то ён кананізаваў бы ксяндза Зянкевіча яшчэ пры жыцці.

Пачынаючы з 1958 года ксёндз Аляксандр Зянкевіч выконваў у Касцёле розныя функцыі, быў рэктарам Каталіцкага навуковага інстытуту, а таксама членам Камісіі па справах кіно, радыё, тэлебачання і тэатру. Але асаб-лівым чынам ксёндз Аляксандр адзначыўся ў душпастырстве акадэмічнай моладзі, якую ўсімі сіламі імкнуўся зберагчы ад уплыву марксістскай ідэалогіі. Моладзь у сваю чаргу шчыра любіла  свайго душпастыра. У студэнцкім асяроддзі яго з цеплынёю называлі “wujek” (дзядзька).

Пахавальная працэсія на санях з трунамі 11 сясцёр 19 сакавіка 1945 г.

Пахавальная працэсія на санях з трунамі 11 сясцёр
19 сакавіка 1945 г.

Адна са студэнтак так успамінала ксяндза Аляксандра: “Яго думкі і справы былі цалкам накіраваныя на тое, каб перадаць маладому чалавеку веру і сістэму каштоўнасцей, якія лічыў найдаражэйшым скарбам. Ён цікавіўся, чым жыве свет, каб ведаць, што можна выкарыстаць у душпастырскіх мэтах.

Вучыў, што Касцёл не з’яўляецца анклавам дзівакоў, адарваных ад свету і навакольнай рэчаіснасці. Такая пастава была вельмі неабходнай у часы, калі паўсюдна сцвярджалася, што вера з’яўляецца прыватнай справай чалавека альбо “опіумам для народа”.

За  сваю энергічную працу і адданасць  Богу  і  Касцёлу  ксёндз Аляксандр Зянкевіч не аднойчы быў  адзначаны  ганаровымі  ўзнагародамі. Ян Павел ІІ узвысіў яго да годнасці прэлата. На адпачынак гэты  нястомны  працаўнік пайшоў толькі ў 1994 годзе, маючы за плячыма  84 гады.

На месцы расстрэлу сясцёр-назарэтанак у лесе каля Навагрудка. Сучасны здымак.

На месцы расстрэлу сясцёр-назарэтанак у лесе каля Навагрудка. Сучасны здымак.

21 лістапада 1995 года Пан Бог паклікаў яго да сябе, каб узнагародзіць вечным шчасцем у Небе. У сваім запавеце  ксёндз  Аляксандр  Зянкевіч змясціў словы, якія могуць быць добрым наказам  для ўсіх хрысціянаў, а асабліва для тых, хто ідзе па дарозе святарства: “Даверцеся Хрысту! Трымайце Яго збаўчую далонь, не выпускайце яе ніколі!”.

 

 

 

Падрыхтавана  да друку па  матэрыялах сайтаў Catholic.by
і seminarya.by


Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий