2 красавіка адзначае свой юбілей Аліна Новікава, дырэктар выдавецтва «Про Хрысто», цудоўны чалавек, вельмі адданая Богу каталічка, самаахвярнасць якой часам проста ўражвае. І хаця Аліна не любіць павышанай увагі да сябе і высокіх слоў у свой адрас, маўчаць з нагоды такой падзеі не выпадае.
«Лепшая пад сонцам», – сказаў неяк пра Аліну Новікаву святой памяці кардынал Казімір Свёнтэк. Гучала гэта весела і нібы жартам, і тым не менш у гэтых словах адчувалася вялікая павага. Як іерарх і духоўны кіраўнік Яго Эмінэнцыя добра ведаў, якая адказнасць ляжыць на плячах гэтай маленькай жанчыны і як яна старанна і самаахвярна нясе сваё служэнне.
Служэнне ж было і застаецца вельмі шматгранным. А пачалося яно ў час адраджэння Касцёла на Беларусі, у 90-я гады. Менавіта тады Аліна Новікава ўвайшла ў склад невялічкай групы мовазнаўцаў і філолагаў, якіх сабраў пры Чырвоным касцёле ў Мінску ксёндз Уладзіслаў Завальнюк, дзеля таго, каб пачаць першыя пера-клады літургічных тэкстаў на беларускую мову. У 1994 годзе Аліна Сяргееўна была ініцыятарам стварэння часопіса «Ave Maria». Праз год разам з пісьменніцаю Крыстынай Лялько, іншымі літаратарамі і з дапамогаю айцоў францішканаў з Непакалянава выдалі часопіс «Наша вера».
У той самы час ствараецца Дабрачынны грамадскі фонд «Маці Божая Фацімская», які ўзначаліла Аліна Новікава. Асноўная задача гэтай арганізацыі – распаўсюджванне вестак пра фацімскія аб’яўленні Маці Божай, пашырэнне культу Божай міласэрнасці, а таксама праца па абароне ненароджаных дзяцей. Дзясяткамі тысяч разыхо-дзіліся па Беларусі невялічкія кніжачкі – «Мірны план Маці Божай Фацімскай», «Езу, давяраю Табе», часопісы «Дар жыцця» і ўлёткі на гэтую тэму. У школы і вышэйшыя навучальныя ўстановы пайшлі валанцёры з лекцыямі пра дашлюбную чысціню і абарону жыцця. З дапамогаю дактароў, якія прыйшлі ў гэтую супольнасць, пачалі праводзіцца курсы па тэме адказнага бацькоўства і натуральных метадаў планавання сям’і.
Праца кіпела па розных напрамках і доўгі час была «завязаная» на адным чалавеку – на Аліне Сяргееўне, таму яна практычна не адпачывала. Гэтая самаахвярная дзейнасць прыносіла плады і была неабходнаю у той час постдухоўнай блакады. Многія вернікі па сённяшні дзень захоўваюць як каштоўную рэліквію тыя першыя кніжачкі пра Фаціму, пра Езуса Міласэрнага, часопісы і ўлёткі, якія дапамагалі наблізіцца да Бога. А колькі выратавана дзяцей дзякуючы місіі, што арганізавала і праводзіць да гэтага часу Аліна Сяргееўна Новікава! Старэйшай, Марыі Салаўёвай, сёння ўжо 20 гадоў. Аліне Верашчагінай, якую бацькі назвалі ў гонар Аліны Сяргееўны, 23 красавіка споўніцца 16. Усе гэтыя дзеці шчыра любяць сваю выратавальніцу і апякунку, таму вельмі пяшчотна, па-роднаму называюць яе цёцяй Алінай. Адзін з хлопчыкаў, даведаўшыся, што цёця Аліна працуе дырэктарам, па-дзіцячы наіўна ўсклікнуў: «Няўжо бываюць такія добрыя дырэктары?» Маці растлумачыла яму, што цёця Аліна не просты дырэктар, а дырэктар выдавецтва «Про Хрысто», дзе друкуюць кніжкі пра Бога і веру…
Аліна Сяргееўна не вельмі любіць, калі яе называюць дырэктарам або начальнікам. У такія моманты яна ўзнімае вочы ўверх і гаворыць: «У нас ва ўсіх адзін Начальнік – гэта Пан Бог, а мы толькі Яго прылады».
Прыладаю Пана Бога па кіраўніцтве выдавецтвам «Про Хрысто» Аліна стала ў 2000 го-дзе з благаславення кардынала Казіміра Свёнтка. Гэты мудры і святы для многіх з нас чалавек добра ведаў, каму даручае такую адказную справу. Аліна была для яго не проста адною з работніц, якіх ён цаніў і якім давяраў, яна была яму яшчэ і духоўнаю дачкою. Таму і сёння яна нярэдка адчувае яго моцную малітоўную падтрымку – ужо з вечнасці. А калі Папа Рымскі Бэнэдыкт XVI узнагародзіў Аліну Новікаву медалём за заслугі перад Касцёлам, некаторыя і жартам, і ўсур’ёз казалі, што, напэўна, Эмінэнцыя таксама хадайнічаў перад Богам за яе ў гэтай справе. Медаль «Benemerenti» – «Асабліва заслужаным» – у Беларусі атрымалі ўсяго тры чалавекі: Аліна Новікава, Крыстына Лялько і Іван Гумоўскі. Было гэта 18 снежня 2012 года.
«Большы з вас няхай будзе слугою для вас. А хто хацеў бы стаць першым, няхай будзе нявольнікам вашым. Бо і Сын Чалавечы прыйшоў не для таго, каб Яму служылі, але каб служыць…». Гэтыя словы Святога Евангелля ад Мацвея, я ўпэўнена, з’яўляюцца не проста жыццёвым дэвізам Аліны Сяргееўны, але патрэбаю яе душы. Многія з тых, хто ведае гэтую жанчыну, называюць яе «хуткай дапамогай», а таксама «службай выратавання». У працоўным калектыве жартуюць, што нават нумар яе хатняга тэлефона сведчыць пра гэта, бо заканчваецца лічбамі 101. І сапраўды, дзе б у каго што ні здарылася, пані Аліна першая ляціць на дапамогу. Калісьці і да мяне яна прыйшла з духоўнай дапамогай, і сёння я хачу шчыра прызнацца, што не ведаю ў сваім жыцці чалавека больш міласэрнага і добрага, чым пані Аліна.
У народзе гавораць, што ўсё геніяльнае – проста. У Бібліі таксама нямала сказана пра тое, што Бог выбірае простых і слабых, каб праз іх рабіць вялікія справы. Простая сялянская дзяўчына Аліна Лукашэвіч, па мужу Новікава, – адзін з такіх пры-кладаў. Яна нарадзілася ў вёсцы Петкавічы Баранавіцкага раёна ў шматдзетнай каталіцкай сям’і, была малодшаю з пяці дзяцей. Пасля заканчэння сярэдняй школы працавала кладаўшчыцай у калгасе і паступіла вучыцца завочна на філалагічны факультэт БДУ. Вучоба на філфаку Аліне падабалася – яна была захопленая рускім і беларускім фальклорам і нават хацела пісаць кандыдацкую працу. У той час яна выйшла замуж і пераехала жыць у Мінск. У сям’і нарадзіліся двое дзяцей. Cёння сын Мікалай, які мае тэалагічную адукацыю, жыве і працуе ў Мінску – талентам фотакарэспандэнта дапамагае часопісу «Ave Maria». Дачка Марына жыве з сям’ёй у ЗША. У кожнага з іх па трое дзяцей.
Пасля заканчэння ўніверсітэта Аліна Новікава працавала настаўніцай у школе, метадыстам у Доме літаратара, карэктарам у газеце «Звязда», а пасля лёс прывёў яе на служэнне Божай справе ў Касцёл, дзе яна самааддана працуе і сёння.
Для многіх з нас, хто добра ведае Аліну Новікаву, і хто побач працуе, яна стала чалавекам, без якога немагчыма ўявіць свайго жыцця. Ад імя ўсіх гэтых людзей і ад сябе асабіста дзякую Пану Богу за дар жыцця для гэтай цудоўнай жанчыны з вельмі светлаю і чулаю душою. Молімся за яе здароўе, просячы ў Міласэрнага Бога і Божай Маці асаблівай апекі, шчодрых ласкаў для яе, яе родных і блізкіх.
Галіна КАЛЕВІЧ