У кастрычніку бягучага года ў Ватыкане адбудзецца Надзвычайны Сінод біскупаў, прысвечаны тэме сям’і. Менавіта гэтую актуальную тэму мы абралі для размовы з Дапаможным біскупам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрыем Касабуцкім. Яго Эксцэленцыя напачатку года прымаў удзел у пасяджэнні Хрысціянскага міжканфесійнага кансультацыйнага камітэта на тэму “Крызіс сям’і і праблема сіроцтва”, які праходзіў у Санкт-Пецярбургу.
– Шаноўны ксёндз біскуп, крызіс сучаснай беларускай сям’і такі відавочны і такі шматбаковы, што бачны зараз, як кажуць, нават простым вокам. Што будзе з сям’ёй на Беларусі? Вашае асабістае меркаванне наконт гэтай праблемы?
– Так, крызіс ёсць. І прычына яго зараз крыецца ў тым, што чалавек вельмі скажона, няправільна разумее сэнс паняцця “асабістай свабоды” і не мае адказнасці за ўсё тое, што чыніць ў асабістым жыцці. Паглядзіце, якою масаваю з’яваю сталі так званыя грамадзянскія саюзы. Маладыя людзі з лёгкасцю прымаюць такую”мадэль” з мэтаю праверыць адносіны, “паспрабаваць” – і жывуць з адною асобаю, другою, трэцяю… Спадабаецца – працягваюць жыць, а калі не дасягнуць прыдуманага ўзроўню камфорту – шукаюць чарговую… І тут ужо дарэмна гаварыць пра дзявочы гонар ці мужчынскае сумленне… Грэх, амаральнасць, спажывальніцтва… У такіх людзей наогул адсутнічае хрысціянскае разуменне шлюбу, яго святасці, а пошукі жыцця “пад сябе” з цягам часу прыводзяць да таго, што ў іх мяняецца нават мысленне, і тады ім бывае ўжо цяжка стварыць сваю сям’ю… Але на пытанне, што будзе далей, я хацеў бы, усё ж, адказаць аптымістычна: ня-гледзячы на наяўнасць крызісу, у нас шмат маладых хрысціянскіх сужэнстваў, якія глядзяць на сям’ю як на трывалы і моцны інстытут, які робіць чалавека шчаслівым. Яны цярпліва будуюць прыгожае сямейнае жыццё, шануючы святы сакрамэнт шлюбу, давяраючы свой лёс Богу і разумеючы, што сям’я – гэта самая надзейная лодка ў моры хваляў і людскіх хваляванняў, самая вялікая каштоўнасць, якую чалавек стварае для сябе сам. Да таго ж дзяржава аказвае пэўную падтрымку маладым сем’ям, асабліва шматдзетным, таму сужэнствы не баяцца нарадзіць 2-е, 3-е, 4-е дзіця… А калі нара-джаюцца дзеці, у людзей ёсць будучыня.
– Ваша Эксцэленцыя, адна з самых вялікіх сацыяльных праблем сёння – разводы. Паводле статыстыкі, 50% сужэнскіх саюзаў на працягу года распадаюцца. Як лічыце, ці магчыма аднавіць ў свядомасці сучаснікаў традыцыйнае разуменне хрыс-ціянскай сям’і? Што можа зрабіць Касцёл у накірунку будавання моцных сем’яў?
– Разводы – праблема не толькі нашай Беларусі, яна існуе ва ўсім свеце. І прычыны ўсё тыя ж – пошук лёгкага жыцця, нежаданне браць на сябе адказнасць за бліжняга, уцяканне ад паўсядзённых клопатаў, адсутнасць жадання дапамагаць свайму абранніку, не гаворачы ўжо пра ахвярнасць дзеля чалавека, якому, напэўна, не раз прызнаваўся ў каханні… Бо што такое сям’я? Сям’я – гэта перш за ўсё супольнае нясенне сямейнага крыжа, але абавязкова супольнае. І вучыцца гэтаму патрэбна змалку – разумець, дзеля чаго яна ствараецца, якое заданне маладому сужэнству дае Бог, якія абавязкі павінен выконваць у сям’і мужчына, а якія – жанчына, што іх яднае і робіць адным цэлым… Бо калі справа дайшла ўжо аж да разводу, калі гутарка ідзе пра падзел маёмасці, а яшчэ горш – пра “падзел” дзяцей, то ў большасці выпадкаў, на жаль, дапамагчы такому сужэнству бывае немагчыма, муж і жонка не навучыліся слухаць адзін другога, разумець і прабачаць…
Касцёл вельмі шмат робіць для таго, каб сям’я будавалася на прынцыпах Божай любові, і першыя ісціны на гэтую тэму пазнаюць дзеці падчас катэхетычных заняткаў. Для больш старэйшых праводзяцца катэхезы для моладзі, пры парафіях працуюць таксама сямейныя кансультацыі. Асаблівая ўвага надаецца падрыхтоўцы юнакоў і дзяўчат да шлюбу і да прыняцця ў сваю сям’ю новага жыцця. Я ўспамінаю сваю душпастырскую працу ў парафіі на Залатой Горцы, калі на моладзевых сустрэчах знаёміліся маладыя людзі, затым стваралі свае сем’і, а пасля станавіліся актыўнымі ўдзельнікамі руху “Сужэнскія сустрэчы”. Гэта прыгожыя сем’і, якія сёння сваім прыкладам сведчаць аб каштоўнасцях сямейнага жыцця. Касцёл выкарыстоўвае ўсе магчымасці, каб ствараць цёплыя адносіны паміж людзьмі і будаваць моцныя сем’і, падтрымлівае ў гэтым накірунку розныя моладзевыя рухі.
– У нашым грамадстве існуе яшчэ адна жудасная і ганебная з’ява для ўсёй беларускай нацыі – сіроцтва пры жывых бацьках. Як, на Ваш погляд, павысіць адказнасць жанчыны за яе місію Маці і адказнасць мужчыны – за яго місію Бацькі?
– Сапраўды, гэта вялікая праблема сучаснасці, трагедыя для любога грамадства, і яе нельга разглядаць толькі ў межах беларускай нацыі, бо ў апошнія часы яна распаўсюдзілася на ўсе краіны. І тут усё таксама моцна звязана і залежыць ад таго, што мы разглядалі з Вамі папярэдне, – ад здольнасці чалавека прыняць на сябе адказнасць за бліжняга, прыняць на сябе пэўныя абавязкі. Гэтыя пытанні разглядаліся на тым міжнародным і міжканфесійным форуме ў Санкт-Пецярбургу, у якім я прымаў удзел. На ім прысутнічалі прадстаўнікі з розных краін былога Савецкага Саюза, і мы разам абмяркоўвалі крокі, якія могуць зрабіць хрысціянскія супольнасці, каб тыя дзеткі, якія засталіся без бацькоўскай апекі, не адчувалі сябе пакінутымі, непатрэбнымі, а атрымалі належныя ўмовы для развіцця, выхавання, адукацыі і, урэшце рэшт, знайшлі сябе ў жыцці.
– … І што патрэбна ў першую чаргу – разбіраць пакінутых дзяцей па прыёмных сем’ях, будаваць дзіцячыя дамы ці ўздзейнічаць на біялагічных бацькоў, каб займаліся сваімі дзецьмі самі?
– На гэтае пытанне няма адназначнага адказу, акрамя таго, што ратаваць дзяцей – патрэбна любым чынам. Як вядома, у нашай краіне пры дапамозе дзяржавы рэалізуюцца розныя формы ўтрымання і выхавання сіротаў. Пэўна ж, найлепей дзіця адчувае сябе ў роднай сям’і, але, калі яна развалілася – то ў прыёмнай, бо ў дзіцячым доме таты і мамы ўсё ж такі няма… Пра беларускія падыходы да выхавання сацыяльных сірот я расказваў на форуме ў Санкт-Пецярбургу, і ў прыватнасці, пра тое, як рэалізуецца праект так званай SOS-дзіцячай вёскі ў Гомелі, дзе працуюць нашы манахіні бэнэдыктынкі. А што датычыцца “уздзеяння” на біяла-гічных бацькоў, якія адракліся ад сваіх дзяцей або страцілі іх у выніку п’янства і асацыяльнага ладу жыцця, то лічу гэты занятак марнаю тратаю часу…
Падчас пасяджэння мы дыскутавалі таксама аб сутнасці праблемы і прыйшлі да адзінай высновы – патрэбна палепшыць выхаванне і падрыхтоўку да стварэння адказнай сям’і, бо менавіта з яе ўсё і пачынаецца: які прыклад даў бацька – такі паўторыць сын, які прыклад паказала маці – тое паўторыць дачка. А калі дзеці засталіся сіротамі, і бацькі, як кажуць, пра гэта і вухам не вядуць, значыць гэтых “бацькоў” у свой час не навучылі іх бацькі, не навучылі самаму галоўнаму – даць любоў іншаму чалавеку, у першую чаргу – сваім дзецям. Таму пачынаць гэтую вялікую і моцна патрэбную справу падрыхтоўкі да стварэння сям’і патрэбна значна раней, чым маладыя аб’явяць, што хочуць браць шлюб. І тут мы бачым пэўныя і канкрэтныя задачы Касцёла, якія датычацца выхавання маладога пакалення. У гэтай сувязі мы з Вамі будзем гаварыць бясконца і вяртацца заўсёды да першаснага – інстытуту сям’і… Калі малады чалавек атрымае належнае выхаванне ў сям’і, у школе, у Касцёле, калі будзе бачыць добрыя прыклады сямейнага жыцця ў сябе дома і навокал, матывацыя яго паводзінаў будзе хрысціянскай. Патрэбна, каб працаваў і інстытут хросных бацькоў; іншыя з іх толькі і прысутнічаюць падчас сакрамэнту хросту, а пасля забываюцца аб сваіх абавязках да хроснага дзіцяці, у лепшым выпадку – цацку прынясуць у дзень нараджэння.
У апошні час мы быццам забыліся, не ўспамінаем пра тыя прыклады любові да бліжняга, якія пакінулі нам нашыя продкі адносна выхавання сірот ці абяздоленых. Пасля вайны было звычайным, калі сваякі загінуўшага на фронце забіралі гадаваць яго дзяцей, каб дапамагчы ўдаве паставіць малых на ногі. Або крыху багацейшыя дапамагалі бяднейшым сваякам… Ды не толькі сваякам. Розныя акалічнасці здараліся і ў мірны час. Я памятаю такі факт і ў нашай сям’і. У майго таты памёр малады брат, пакінуў сям’ю з дзецьмі, пасля чаго тата вельмі часта да іх ездзіў, каб дапамагчы па гаспадарцы. Падобныя факты нікога не здзіўлялі…
– Ваша Эксцэленцыя, наша грамадства страціла яшчэ адну повязь, якую мелі нашыя продкі, – адказную любоў дзяцей да сваіх састарэлых бацькоў: колькасць прытулкаў і хоспісаў для пажылых і інвалідаў расце… Адкуль такая жорсткасць, дзе згубілася людская міласэрнасць? І што з гэтым рабіць?
– Акрэсленая тэма, здаецца мне, мае выйсце праз тыя ж самыя дзверы, што і ўваход – тут усе пытанні між сабою звязаныя. І Богам мы створаны так, каб былі памочнікамі адзін другому. Нехта патрабуе абароны, другі – уцяшэння. У маленстве дзеці патрабуюць апекі і любові бацькоў, бацькі ў старасці – апекі і любові дзяцей. І Бог так стварыў, каб мы любілі адзін другога і адзін другому дапамагалі… На жаль, многа сустракаем сучаснага эгаізму – значыць, такое негатыўнае выхаванне далі дзіцяці, калі яно імкнецца сваіх састарэлых бацькоў любым чынам уладкаваць на сацыяльны ложак. Пэўна, пажылому чалавеку патрэбна прысвяціць час, сілы, праявіць да яго цярплівасць і абавязкова разуменне яго фізічнага стану. Але ж гэта вашыя бацькі, яны далі вам жыццё – памятайце пра гэта, будзьце ўдзячныя ім за гэта! З другога боку, вы паказваеце прыклад, як патрэбна адносіцца да лю-дзей паважанага веку, сваім дзецям. Ад таго, якой вартасці бу-дзе ваш прыклад, залежыць ужо вашая старасць. Успомніце Залатое правіла з Евангелля: “Усё, што хочаце, каб рабілі вам людзі, і вы ім рабіце, бо ў гэтым Закон і Прарокі”. Часам бацькі дапускаюць вялікую памылку, імкнучыся даць дзецям “усё”, забяспечыць ім камфортнае жыццё, а пасля, калі самі пачынаюць старэць і меней дзецям даваць, – узнікаюць праблемы, незадаволенасць, нежаданне дзяцей звяртаць увагу на патрэбы састарэлых бацькоў. І што з гэтым рабіць? Адказ той самы: займацца выхаваннем. З маленства.
Размаўляла Раіса СУШКО
Фота Карнэлія КОНСЭКА SVD