Жніво вялікае

“Жніво сапраўды вялікае, ды работнікаў мала; таму прасіце Гаспадара жніва, каб паслаў работнікаў на жніво сваё”        (Мц 9,37)

Ёсць нешта вельмі кранальнае, хвалюючае і прыгожае ў тым, што біскупская сакра ўсім траім новым намінантам на Беларусі ўдзелена ў такі ж незвычайны і хвалюючы перыяд, калі ўся супольнасць Каталіцкага Касцёла рыхтуецца да кананізацыіі двух Папаў – Яна Паўла II і Яна ХХIII, якая пройдзе напрыканцы красавіка. Сярод іх  – і новы пастыр Віцебскай дыяцэзіі ксёндз біскуп Алег Буткевіч, з якім знаёмім сёння чытачоў нашага часопіса.

– Ваша Эксцэленцыя! Пакліканне да святарства Вы адчулі ў маладым узросце, але ужо маючы дыплом аб вышэйшай адукацыі ў свецкай ВНУ. Ці можаце сказаць, хто, ці што паўплывала на Ваш выбар духоўнага шляху?f-str-13
– Напэўна, я нікога не здзіўлю, а каго-небудзь, можа, нават і расчарую, калі скажу, што ніякага асаблівага цуду на шляху майго паклікання не было. Было звычайнае жыццё звычайнага хлопца, якому бацькі імкнуліся даць хрысціянскае выхаванне, за што, дарэчы, я ім моцна ўдзячны. Сапраўды, пакліканне дало пра сябе ведаць, калі я заканчваў Беларускі Дзяржаўны Аграрны Тэхнічны Ўніверсітэт. Як вынік – атрымаўшы дыплом інжынера-меха-ніка, паступіў у Гродзенскую духоўную семінарыю.

 – …А ўсё ж нешта сфарміравала ў Вас гэтае пакліканне да святарства?
– Благаслаўлёны Папа Ян Павел II казаў пра пакліканне, што гэта Дар і адначасова Таямніца. Дар і Таямніца Божага абрання. Якім чынам чалавек адчувае гэта? Думаю, у кожнага тут адчуванне сваё, непаўторнае, але з якога, з часам, вырастае адно агульнае – напэўна, тут не памылюся, – перакананне, што гэта менавіта тваё… Калі Бог вызначае табе той ці іншы шлях, то стварае да гэтага пэўную абумоўленасць. Перадусім гэта чыясьці малітва. Напэўна, важнае месца займае малітва бацькоў. У выпадку нашай сям’і бацькі наўрад ці марылі менавіта аб такой будучыні для сваіх дзяцей, але прыклад іх хрысціянскага жыцця адыграў тут немалаважную ролю – гэта без сумневу. Яны залажылі моцны фундамент веры. Тым, што пасеяла зерне святарскага паклікання не толькі ў маім сэрцы, але і  ў сэрцах яшчэ некалькі юнакоў з Браслава, было заступніцтва тых святароў, якія ахвярна служылі на гэтых тэрыторыях падчас існаваўшай у той час атэістычнай сістэмы, і нярэдка плацілі жыццём за працу на Божай ніве. Сярод іх быў і ксёндз Чэслаў Вільчынскі, які нягледзячы на забароны і пераслед збіраў у касцёле дзяцей, рыхтаваў да прыняцця святых сакрамэнтаў, неаднойчы падвяргаючы ўласнае жыццё небяспецы. Пры-кладаў  такога служэння было шмат, і ўсе яны не мінулі, пакідаючы толькі ўдзячную памяць у сэрцах вернікаў. Плёнам іх працы таксама станавіліся новыя пакліканні. Доказам таму служаць і іншыя парафіі, дзе да нядаўнягя часу было вельмі шмат пакліканняў: Міёршчына, Глыбоччына, Пастаўшчына і інш.

f-str-14 – Шаноўны ксёндз біскуп, Вашыя родныя сёстры таксама пайшлі шляхам служэння Богу. Скажыце, калі ласка, ці гэты факт узмацняе Вас як хрысціяніна, як святара і зараз – біскупа? Калі збіраецеся ў родным доме разам, ці размаўляеце на тэму Бога, ці Вашыя бацькі, з улікам цяпер ужо адукацыі сваіх дзяцей,  цікавяцца вашымі тэалагічнымі ведамі?
– Не перабольшу, калі скажу, што пакліканне маіх абедзвюх сясцёр – яны прыналежаць да Кангрэгацыі сясцёр Служабніц Езуса ў Эўхарыстыі – гэта яшчэ адзін падмурак майго служэння, перадусім духоўна-малітоўны. Дарэчы, сёстры – малодшыя ад мяне, але шляхам свайго паклікання пайшлі раней за мяне. Што датычыцца нашых сустрэч у бацькоўскім доме, на жаль, гэта вельмі рэдкія хвіліны, таму што сёстры працуюць на розных парафіях, і сабрацца ўсім разам атрымліваецца не заўсёды. Асаблівых тэалагічных тэм пераважна не ўзнікае, але звычайна пасядзець з бацькамі за адным сталом і пацікавіцца іх жыццём, ды тое-сёе распавесці са свайго – лічу што ў гэтым акурат і крыецца свая глыбокая тэалогія.

 

Кс. Алег Буткевіч (з правага боку)  з роднымі сёстрамі Ганнай і Аліцыяй – сёстрамі Кангрэгацыі сясцёр  Служабніц Езуса  ў Эўхарыстыі – і з бацькамі.

Кс. Алег Буткевіч (з правага боку) з роднымі сёстрамі Ганнай і Аліцыяй – сёстрамі Кангрэгацыі сясцёр
Служабніц Езуса ў Эўхарыстыі – і з бацькамі.

– Сёлета спаўняецца 15 гадоў Віцебскай дыяцэзіі і 13 гадоў – Вашага святарскага служэння, якое на яе тэрыторыі і праходзіла. Можна сказаць, тут Вы даспявалі як духоўны іерарх. Што, на Ваш погляд, патрэбна рабіць зараз дыяцэзіі, усёй супольнасці Касцёла на Беларусі, каб вярнуць сучаснаму чалавеку тыя каштоўнасці, якімі жылі нашыя продкі? Якія першасныя задачы бачыце перад сабою як біскуп?
– Не ведаю, ці даспяваў я тут як іерарх (усміхаецца), але свае святарскія абавязкі імкнуўся выконваць шчыра. За 15 гадоў у дыяцэзіі зроблена шмат, і напэўна, у першую чаргу трэба захаваць усё тое добрае, што было дасягнута. Заклікам для Касцёла, так, як гэта, зрэшты, было ва ўсе часы, і аб чым таксама нагадала нам Божая Маці, між іншым, падчас аб’яўленняў ў Фаціме, з’яўляецца малітва і навяртанне, без чаго немагчыма плённае прапаведанне Евангелля. Таму сваім першым заданнем лічу асабістае выкананне гэтага закліку. Рэшту спраў трэба даручыць Богу, Які Сам здзяйсняе надзвычайныя рэчы ў свеце, і сцеражэ Свой Касцёл так, што “…брамы пякельныя не перамогуць яго”.

– Вашае прызначэнне супала з многімі знакавымі падзеямі, адна з якіх – кананізацыя Яна Паўла II і Яна ХХIII. Ваша Эксцэленцыя, калі, у які момант свайго жыцця Вы адзначылі для сябе неардынарнасць і веліч асобы Пантыфіка тысячагоддзяў – Яна Паўла II? На якіх адметных рысах яго характару Вы засяродзілі сваю ўвагу?
– Павінен прызнацца, што маё захапленне і здзіўленне асобаю Яна Паўла II супала таксама з вялікаю, лёсаўтваральнаю па-дзеяю свету, якую я асэнсаваў значна пазней. Адбылося гэта ў жніўні 1991 года… А зараз уявіце сабе: студэнт, які скончыў два  курсы яшчэ фактычна савецкай навучальнай установы і які дагэтуль ніколі не выязджаў за мяжу, разам з групаю пілігрымаў з Браслава падчас канікулаў едзе ў Польшчу, у Чэнстахову, на сустрэчу з Папам Рымскім! Хвалюючая падзея:  іншая краіна, іншая рэчаіснасць, іншы лад жыцця і… Папа Рымскі, на ўласныя вочы! Быццам казка – але не казка, рэчаіснасць! Пазней уразіла адвага, з якою Папа звяртаўся да ўсіх людзей планеты з прызывам: “Адчыніце дзверы Хрысту!”. Ды не толькі звяртаўся, але сваім навучаннем і шматлікімі пілігрымкамі па ўсім свеце расчыняў гэтыя дзверы – дверы дзяржаваў і людскіх сэрцаў. Лічу, што веліч яго перш за ўсё была ў тым, што ён запаліў сэрцы маладых. Маё пакаленне, якое належала да яго больш 26-гадовага пантыфікату, мела шчасце бачыць тыя цуды, якія здзяйсняў Бог праз яго асобу,  – цуды перамены жыцця паасобных людзей і цэлых краінаў! Яго цвёрды поступ намесніка Хрыста ўздзейнічаў і на нашае пакліканне, і на яго развіццё. Калі я паступіў у Гродзенскую духоўную семінарыю, мне пашчасціла яшчэ раз убачыць Святога Айца, праўда, ужо моцна стомленага непасільнай працай, але надалей поўнага энтузіязму і глыбокай айцоўскай любові да Касцёла.  Са-праўды, гэта быў адмысловы духоўны аўтарытэт!

–  Што з духоўнай спадчыны Вялікіх Папаў найбольш блізкае Вам асабіста?
– Іх асабісты клопат пра жывы Касцёл як адзіную людскую супольнасць, дзе кожны чалавек не вінцік бездухоўнага механізма, але ўнікальная асоба, пакліканая да супольнага жыцця з Богам. Пантыфікат Яна Паўла II доўжыўся болей за 26 гадоў, за гэты перыяд ён пакінуў вялікую духоўную спадчыну, якой будзе карыстацца не адно пакаленне тых, каму неабыякавы лёс чалавека ад яго зачацця да моманту натуральнай смерці, тых, хто будзе лічыць сябе абаронцам “цывілізацыі жыцця”. Пантыфікат Яна ХХIII доўжыўся меней, чым пяць гадоў. Але для гэтай асобы хапіла часу, каб склікаць II Ватыканскі Сабор і звярнуць увагу Царквы на праблемы тагачаснага  свету, распачаўшы такім чынам працэс рэформы Касцёла, які павінен за-стацца здольным данесці праўду Евангелля да кожнага чалавека кожнай эпохі.

– Ваша Эксцэленцыя, сёлета Вялікдзень зноў разам з каталікамі адзначаюць і праваслаўныя браты. Добрая нагода, каб ва ўсеагульнай малітве звярнуцца да Бога з просьбаю аб навяртанні. Ці плануеце прадаўжаць экуменічныя традыцыі, якія залажыў у дыяцэзіі Ваш папярэднік біскуп Уладыслаў Блін?
– Экуменізм узнікае там, дзе ёсць звычайныя людскія адносіны паміж вызнаўцамі розных канфесій – на працы, у вучнёўскім або студэнцкім калектыве, паміж суседзямі; гэта – еднасць, якая ўжо існуе ў нашым асяроддзі. Прыналежнасць да розных канфесій не з’яўляецца перашкодай, каб будаваць шчаслівае жыццё ў сям’і, выхоўваць дзяцей – і гэта пацвярджае сённяшняя рэчаіснасць. Агульным для каталікоў і праваслаўных, нягледзячы на некаторыя знешнія адрозненні духоўных практык, застаецца галоўнае – іх вера. Таму імкненне да еднасці – гэта штосьці вельмі неабходнае, што вымагае далейшай працы ў гэтым накірунку.
Карыстаючыся нагодаю, жадаю чытачам часопіса, усім хрысціянам, каб Праўда пра Хрыста Ўваскрослага заставалася галоўным матывам жыцця, якое не абмяжоўваецца толькі справамі гэтага свету, але крые ў сабе непараўнальна прыгажэйшую перспектыву, якая адкрываеца для нас праз удзел у Пасхальнай Таямніцы Хрыста. Няхай Яго Уваскрасенне будзе для вас крыніцай радасці, супакою, непахіснай надзеі і Божага благаслаўлення! 

Размаўляла Раіса СУШКО,
Фота Карнэлія  КОНСЭКА, SVD
і з сямейнага альбома Буткевічаў


Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий