Айцец Богдан Дубенчук, SVD, які працуе на Клеозіне ў Беластоку, падрыхтаваў
для патрэбы вернікаў невялічкую кніжку з разважаннямі і малітвамі аб Жыцці і Смерці.
З дазволу айца мы прадстаўляем іх сёння вашай увазе (у невялікім скарачэнні).
Дзень Першы
Ласкава сплывае змрок, спавіваючы стары парк, лёгкая імгліца датыкаецца да муроў кляштара, срэбрам блішчыць вада на паверхні сажалкі, а грот на беразе запаўняецца дзіўнымі фігурамі.
Можа з’явіліся тут цені даўно памерлых субратоў, якія папярэднічалі нам, адзначаныя знакам веры, а цяпер спяць у супакоі?..
Так спяваюць святары ў пахавальным уступленні…, а Ты, Пане, і далей вучы нас малітоўнай памяці за тых, каго з нашых блізкіх прызваў да Сябе…
Дзень Другі
Падымаюся па дзясятках сходаў познаньскіх могілак – як да неба наўкола каменная пустыня магіл тых, хто за Айчыну, тых, хто з неабходнасці лёсу, тых, хто гвалтоўна з уласнай волі, тых, хто…
…нават вельмі даўно, аднак маладых па ўзросту і вечнасці, у якую ўжо ўвайшлі.
Езу Хрысце, Які паміраў малады і самотна ў сваім цярпенні. Акажы ім Сваю міласэрнасць, а нас пераканай у веры на спатканне з Табою…
Дзень Трэці
“Прабачце, колькі гадзін?” – запытаў мяне хтосьці хвіліну, а можа і год назад на старых могілках.
“Мой Божа, – падумаў я, – такое пытанне і ў такім месцы, дзе сапраўды час астанавіўся ў хвіліну асвячэння гэтай зямлі”.
Паблагаславі, Пане, наш час, які нам яшчэ даеш, каб быў з Табою і ў Табе…
Дзень Чацвёрты
Як няёмка адчуваецца прысутнасць горада, які застаецца за плячыма, калі пройдзеш
праз браму могілак у свет цішыні, што абмежаваны.
“Але яны розныя – адзін свет і другі, хоць адзін без другога існаваць не можа”, – падумаў я, даючы сабе справаздачу з паловы жыцця менавіта Тут.
Як моцна мы загнаныя часам, які толькі з Тваёй Божай волі калісьці нас затрымае. Зрабі, каб мы аб гэтым, аднак, часцей успаміналі…
Дзень Пяты
Могілкі. Сур’ёзны выгляд надмагільнікаў, якія нішчыць час, і скрыпучыя старыя брамы, якія не раз ўжо толькі вецер і адчыняе, часам на аддаленні – агеньчык лампадкі. Відаць, хтосьці адведаў забытую магілу, малітваю падтрымаў забытую блізкімі душу. А можа папросту сам Тут шукаў цішыні і супакою.
Не дапусці, Божа, каб мы забыліся пра душы, якія знаходзяцца ў чыстцы і чакаюць на нашу міласэрную малітву. Верым, што і нас успомніш, падтрымліваючы час нашага змёртвыхпаўстання…
Дзень Шосты
Уставала рана, снедала, ішла на лекцыі, дапамагала суседзям, падабалася студэнтам, на захапленне многіх была харытатыўнай для найбяднейшых і пакінутых.
Аж аднойчы напісала ліст да сваёй маці і падзякавала за жыццё; да сяброўкі – з падзякаю за частку сэрца. І дапісала: “Прабачце, не маю сэнсу жыцця”.
Ці такое магчыма? Столькі дабра ў пустату бессэнсоўнасці. Папоўніла самазабойства. Мучанікі знайшлі ў жыцці Сэнс такі вялікі, што аддалі за Яго жыццё. А яна адабрала яго ў сябе сама.
Божа, трымай у сваёй апецы душы людзей, якія, не пытаючы Твае волі, адышлі з гэтага свету па свайму жаданню і нават гвалтоўна. Прымі да Сябе іх душы, змучаныя, можа, непатрэбным, па Тваёй волі, непаразуменнем…
Дзень Сёмы
На каляровых вакзалах з усіх бакоў уліваецца тлум маіх субратоў, і праплываюць яны, як тыя авечкі без пастыра і як тыя з катастрафічных фільмаў так, быццам ніколі не чулі аб Самым Супакоі, Які калісьці іх затрымае.
Божа нашай штодзённасці, дай нам ласку апамятацца, што гэта не мы вечныя, а Ты. І будзь міласэрны да нас, калі прыйдзе час разлічэння.
Малітва за памерлых
Душа мая прагне Бога жывога (Пс 42,3)
Дух Святы Божа, Ойча ўбогіх,
змілуйся над душамі верных памерлых!
Няхай будзе навекі ўсхвалёна
Пане, Твая міласэрнасць, якая прабачае
і адначасова ачышчае.
Божа, дабрата Якога ва ўзнагародзе
не мае межаў, а справядлівасць
Якога ў судзе і адначасова міласэрнасць
пры адпушчэнні перавышае нашыя
слабыя паняцці.
Праз вялікую міласэрнасць Сваю,
праз Найдаражэйшую Кроў свайго Сына
і заслугі ўсіх Святых адпусці ласкава
віны верных памерлых.
Праз святых Анёлаў сваіх давядзі іх
да вечнай радасці сузірання
Твайго Аблічча.
Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.
Малітва за душы, якія церпяць у чыстцы
У рукі Твае, Пане, аддаю дух мой (Пс 31,6)
О найкаханейшы Езу, Які дзеля нашага
збаўлення людскою натурай прыняў на Сябе
смерць найцяжэйшую, злітуйся над душамі, затрыманымі ў чыстцы.
Злітуйся над стогнам іх болю, злітуйся над слязамі, якія праліваюцца, падымаючы да Цябе вочы, і праз моц Твае мукі даруй ім кары, якія яны за грахі заслужылі.
Няхай Кроў Твая, о найміласэрнейшы Езу,
сплыве ў чыстцовы астрог для асвяжэння і ўцяшэння душ, у ім церпячых.
Працягні ім благаслаўлёныя Твае рукі
і давядзі іх да месца ахалоджання,
святла і супакою вечнага. Амэн.
Малітва аб шчаслівай смерці
Нават калі пайду цёмнаю далінаю смерці,
Зла не пабаюся, бо Ты – са мною (Пс 23,4)
О Марыя, без грэху зачатая.
маліся за нас, якія да цябе ўцякаюць.
О Прыстанішча грэшнікаў, Маці канаючых,
не пакідай нас у гадзіну адыходу нашага,
але атрымай для нас жаль дасканалы,
скруху сардэчную, адпушчэнне грахоў
нашых, годнае прыняцце Найсвяцейшага
Віятыку, узмацненне Сакрамэнтам
Хворых, каб мы бяспечна маглі стаць
перад тронам справядлівага,
але і міласэрнага Суддзі, Бога
і Адкупіцеля нашага. Амэн.