Верасень, як звычайна, адчыняе дзверы ў краіну ведаў. І не толькі дзеці і моладзь займаюць месцы ў аўдыторыях навучальных устаноў , але і дарослыя. Сярод іх тыя, хто хоча ўзбагаціць сябе ведамі пра Бога, каб пасля Божую праўду адкрываць іншым. Дарэчы, менавіта пра гэта даслала свой ліст у рэдакцыю часопіса з просьбай яго надрукаваць Галіна Таўлуй.
Духоўны прыстанак, на якім са-праўды праменіцца Боскае святло… Такім прыстанкам для нас, траіх выпускнікоў 2021 года з парафіі Святога Міхала Арханёла ў Навагрудку, стаў Баранавіцкі катэхетычны каледж імя Зыгмунта Лазінскага. Хрыстова любоў для тых, хто адкрывае ёй сваё сэрца, чыніць вялікія цуды і накіроўвае ў жыцці менавіта на той прыстанак, дзе мы можам узрастаць духоўна. І тое, што мы апынуліся на гэтым прыстанку духоўнага прасвятлення і ўзбагачэння, можна лічыць і Боскім цудам, і Боскім Провідам, і Боскай ласкай. Сваю матывацыю паступлення ў каледж мае былыя аднакурснікі муж і жонка Аляксандр і Марыя Каліберды абгрунтоўвалі проста і шчыра:”Бог паклікаў. Гэта Яго воля”.
Па Божай волі апынулася ў дадзенай духоўнай навучальнай установе і я. Шмат год па закліку душы стараюся дапамагчы моладзі Навагрудскага дзяржаўнага каледжа знайсці шлях да Хрыста і да Яго Касцёла. Вельмі ўдзячная Пану Богу за Яго ласку, падтрымку ў евангелізацыі юнакоў і дзяўчат дадзенай навучальнай установы. Сапраўды, калі Святло Хрыстовай Праўды ты хочаш несці моладзі, якая амаль сама нічога не ведае ні пра Бога, ні пра Божыя запаведзі, то Дух Святы павядзе ў патрэбным накірунку, дасць мужнасць, сілу духа, падкажа ў патрэбны момант неабходныя словы.
Вось такая, атрымліваецца, была Божая воля, каб пасля столькіх год практычнай евангелізацыі ў самых розных формах я, нарэшце, прайшла тэарэтычную падрыхтоўку ў духоўнай навучальнай установе, нягледзячы на тое, што за плячыма – дзве вышэйшыя навучальныя педагагічныя ўстановы, выкладчыцкая праца ў ліцэі з 1982 года… Але менавіта катэхетычны каледж стаў яркім промнем асаблівай адукацыі – адукацыі з Богам.
Ужо перад пачаткам кожных заняткаў у каледжы адбывалася асаблівае душэўнае ўзрушэнне, бо менавіта толькі гэтыя заняткі пачыналіся з малітвы! Усе лекцыі, звязаныя з тэалогіяй, літургікай, Святым Пісаннем, гісторыяй Касцёла і многімі іншымі прадметамі, не толькі выклікалі асаблівую зацікаўленасць і жаданне слухаць, пазнаваць – яны станавіліся своеасаблівым духоўным прасвятленнем і ўзбагачэннем.
Хочацца падкрэсліць, што выкладчыкі, якія працуюць у каледжы, сапраўды Богам пакліканыя дзеля ажыццяўлення такой патрэбнай і адказнай місіі. Любоў да Бога, ахвярнасць, захапленне Божай Праўдай, еднасць з Хрыстом і давер да Яго, святло хрысціянскай душы – усе гэтыя якасці так уласцівы выкладчыкам Андрэю Рылку, Юрыю Дразду, Станіславу Вашкевічу, Юрыю Пракапюку, Віталію Сапегу, Раісе Зенюк і многім іншым.
А як жа захапілі нас, катэхетаў, сёстры Рыта і Міхаліна. І як шкада, што такіх яскравых, ажыўленых, крэатыўных, такіх на здзіўленне захапляльных, цікавых практычных заняткаў з жыццярадаснымі і творчымі сёстрамі было мала…
Практычныя навыкі правядзення ўрокаў для будучых катэхетаў проста суперважныя! Якасць катэхезы для дзяцей, моладзі вельмі залежыць ад прадуманай структуры ўрока, ад формаў і метадаў , якія будуць выкарыстаны ў адпаведнасці з узроставымі групамі. Вялікую ролю адыгрывае таксама асоба катэхета, яго педагагічныя ўменні і навыкі так правесці ўрок, каб навучэнцы проста не маглі дачакацца наступнага ўрока і каб сапраўды гарэлі ў іх сэрцы.
Хачу адзначыць, што структура ўрока катэхеткі адрозніваецца ад структуры розных тыпаў урокаў педагогаў, якія працуюць у школах або ліцэях. І нават мне, выкладчыцы вышэйшай катэгорыі з вялікім педагагічным стажам, патрэбна добра паразважаць, каб асэнсаваць структуру катэхетычнага ўрока.
Катэхет – праваднік дзяцей і моладзі да Хрыста. Ахвярнасць, вытрымка, цярплівасць, крэатыўнасць, любоў да дзяцей, моладзі, гарачае жаданне адкрыць ім Хрыста павінны няспынна спадарожнічаць нам, катэхетам. Цудоўныя ўрокі, вышэйпера-лічаныя якасці патрабуюць добрых практычных уменняў і навыкаў, таму хочацца прапанаваць, каб у будучым у вучэбным плане для студэнтаў катэхетычнага аддзялення было прадугледжана больш практычных заняткаў. Урокі, праведзеныя ў розных узроставых групах з дзецьмі і моладдзю каталіцкіх парафій Баранавіч у абавязковай прысутнасці выкладчыкаў, могуць стаць такім неацэнным скарбам для будучых катэхетаў.
Вядома, на спецыяльнасць катэхета добра ісці або настаўнікам, або тым, хто паспрабаваў сябе ў еванге-лізацыі або катэхізацыі. Варта ўсвядоміць, што самыя дасканалыя тэарэтычныя веды, аформленыя ў манатонную лекцыю катэхета, не прынясуць ніякай духоўнай карысці ні для дзяцей,ні для моладзі. А дзеці, моладзь – гэта будучыня нашага Касцёла. І гэтая будучыня залежыць таксама і ад выпускнікоў катэхетычнага аддзялення каледжа.
Усе мы – і святары, і сёстры законныя, і свецкія катэхеты знаходзімся ў Хрыстовай дружыне. І адчыняюцца дзверы Хрыстовай дружыны ключамі пакоры і цярплівасці. І выраз “ Цярплівасць і пакора – два ключы да сэрца Бога і чалавека”, які напісаны на сцяне каледжа, безліч разоў глядзеў нам у вочы і пранікаў у нашыя сэрцы, каб зрабіць іх падобнымі да сэрцаў сяброў Хрыстовых.
Асаблівымі агеньчыкамі будуць успыхваць ў нашых успамінах сустрэчы з Езусам на ранішніх і вячэрніх святых Імшах, якія цэлебраваліся або ў каплі цы, або ў касцёле. Калі ж вось так ў сваім жыцці мы прыходзім на спатканні з Хрыстом на світанні, нашча, у такой цішыні сэрцаў і думак, перажываем сапраўднае духоўнае ўзрушэнне…
А незабыўныя аплатковыя сустрэчы, яркія моманты пачатку кожнага навучальнага года, падчас якіх крэатыўныя ідэі студэнтаў атрымлівалі такое яскравае непаўторнае ўвасабленне!
На жаль, не ўсе з тых студэнтаў, хто паступае на першы курс, даходзяць да запаветнай мэты – атрымання дыплома. Прычыны, вядома, розныя, часам і жыццёвыя абставіны таксама могуць перакрэсліць шлях да мэты.
Але трэба выразна ўсведамляць, што шлях па асаблівай краіне – краіне духоўных ведаў – далёка не просты. Глыбокая вера ў Хрыста, паслухмянасць у выкананні Божай волі, ахвярнасць, пакора, цярплівасць праводзяць нас у гэтай краіне і засцерагаюць ад спакусаў злога духа.
– Мы удзячныя Пану Богу, што паклікаў нас у каледж, дапамагаў нам, падтрымліваў, засцерагаў ад спакусаў,– гавораць Марыя і Аляксандр Каліберды і дадаюць: – А добрых, карысных, патрэбных, цікавых ведаў мы атрымалі сапраўды багата! Гэтыя веды – ажыўляльныя сокі для нас, зялёных галінак на Вінаграднай лазе, якой ёсць Езус Хрыстус.
Галіна ТАЎЛУЙ,
выпускніца Баранавіцкага катэхетычнага каледжа імя Зыгмунта Лазінскага 2021 года.
Здымкі Карнэлія КОНСЭКА, SVD