Нам пішуць

Рымскія  канікулы

Я еду ў Італію! Гэтае рашэнне прынялося так хутка і так нечакана для мяне самой, што, нават седзячы ўжо ў неаплане, усё яшчэ не верыла ў цуд. Пабачыць, як і чым жыве Еўропа на свае вочы –   сон, які здзейсніўся! А праз гадзіну-другую кс. Юрый Барок сказаў, што ў мінскім  метро на станцыі “Кастрычніцкая” адбыўся тэрарыстычны акт і шмат ахвяр. Сталася вельмі трывожна: усе 46 пасажыраў аўтобуса пачалі маланкава тэлефанаваць родным. Ва ўсіх нармальна… Толькі пасля падумалі аб бліжніх. Такім  ужо створаны чалавек… А можа, так і трэба. І толькі па прыездзе дадому я пералічыла літаральна хвіліны, калі 11 красавіка 2011 года мы  з  сынам   спусціліся ў метро на станцыі “Няміга” (гэта быў амаль той самы час для тэрарыстаў) і паспелі праехаць да “Каменнай горкі”, каб ад-правіцца ў  пілігрымку…

На беларуска-польскай мяжы ў аўтобус зайшлі пагранічнікі – спачатку  нашы, затым палякі, каб праверыць дакументы –  і ўсё. Па тэрыторыі  Польшчы  да Чэнстахова ехалі цэлую ноч. Для мяне, такой уражлівай натуры, ні адной з чатырох начэй-пераездаў з краіны ў краіну не было  са сном: я люблю горы, а яны ў сярэдзіне красавіка асабліва прывабныя сакаўной зеленню і квеценню альпійскіх лугоў.
Чэнстахова, польскі горад-легенда. У яго  абліччы ёсць  нешта падобнае  на  нашы гарады ў заходняй частцы Беларусі, дзе захаваліся старыя будынкі, касцёлы. Але адрозненне ўсё ж такі ёсць, і гэтае адрозненне –  перш за ўсё людзі, палякі, іх манера  паводзін  у касцёле, у святым  месцы: апантанасць у малітве вялікай  колькасці  мужчын розных узростаў, а таксама  сціпласць  у адзенні жанчын ды святло любові ў вачах вернікаў, што звярталіся за дапамогай да  Маці БожайЧэнстахоўскай. Я знарок  углядалася  ў твары не знаёмых мне людзей і чытала  іх праблемы:  здалося, што яны такія ж, як і ў нас, беларусаў, – здароўе душы і цела.
Прасіла Багародзіцу ў Чэнстахова аб самым важным: здароўі маіх малых унучкаў, што занадта часта  хварэюць,  ды за немаўлятак-унучкаў  сваёй  прыяцелькі. Той маленькі Антоній, на жыццё якога мала спадзяваліся, жыве ўжо 2  гады, перажыўшы з дзясятак аперацый на галаве. За жыццё немаўляці маліліся ў праваслаўных і каталіцкіх манастырах, цэрквах і касцёлах,  аперыравалі добрыя, умелыя рукі нашых беларускіх хірургаў. Усе разам змагаліся – і адхінулі смерць.

Вена.  Уразіла сярэдневяковая, не разбураная войнамі ХХ ст. велічная  прыгажосць  каталіцкага Сабора Святога Стэфана, пабудаванага  на  катакомбах,  у якіх пахаваны 11 тысяч хрысціян, у тым ліку некалькі пакаленняў аўстрыйскіх  каралёў  Габзбургаў. Спатрэбілася 200 гадоў, каб давесці  гмах да завяршэння.
Паўзмрок і вялікая колькасць паломнікаў  з усіх куткоў свету неяк  адцягвала ўвагу ад галоўнага,  і  мы не заўважылі сонечнага га-дзінніка і цудатворнай  Пёчскай Багародзіцы. Можа, таму, што тут не  была  запланавана  святая Імша, да таго ж  наша група складалася ў пераважнай большасці з людзей, якія   ехалі проста ўбачыць Стары Свет ды купіць  шмат рэчаў…

   Рым.   Сапраўды, усе дарогі вядуць у Рым, праз горы, бурныя рэкі, вялікія  і малыя паселішчы спачатку Польшчы, затым Аўстрыі і палову Італіі. Усю ноч я не спала, бо закладвала ў вушах пры пад’ёме  ў горы праз бясконцыя тунэлі Альпаў. Ад сузірання прыгажосці прыроды  Еўропы захо-дзілася сэрца, трапятала душа. Блізка поўдня (сіесты) мы ўладкоўваліся ў гатэлі. Гаспадары сустрэлі нас з непрыхаванай прыхільнасцю. Трохі расчараваныя мы былі макаронамі (такія  і дома гатуем, як і знакамітую іх піцу), рымскім метро, бруднымі вуліцамі, абшарпанымі старадаўнімі будынкамі і вытаптанымі турыстамі газонамі…

  Ватыкан. f-str-29 Рэзідэнцыя Рымскага Папы і галоўная каталіцкая  святыня – Сабор Святых Пятра і Паўла – канчатковая мэта майго падарожжа… Не магу  перадаць  адчуванняў, эмоцый,  якія апанавалі мяне падчас  знаходжання  тут: поўнае  здранцвенне, немагчымасць думаць аб зямным, толькі жаданне ўвабраць у сябе святасць гэтага  месца і захаваць яе. Я  стаяла ў чарзе да фігуры Пятра, каб дакрануцца да вышмальцаванай нагі  яго і звярнуцца з просьбай. Памятаю  дасюль  гэты дотык і паток цёплай энергіі, што прайшоў праз  маю  душу.
Тут жа, у  Ватыкане,  непадалёк ад   мошчаў   Святога  Пятра, знаходзяцца  мошчы святога беларускай зямлі –  Язафата Кунцэвіча, якога каталіцкая супольнасць свету ведае  больш, чым  Беларусь…   Святая  Імша  ля  Язафата  Кунцэвіча  на  мілагучнай  беларускай  мове, як  і   ў  Чанстахоўскім  санктуарыі, напоўніла  сэрцы  вернікаў  цішай  і  надзеяй  на  перамены  да  лепшага.
 f-str-29-2А затым у цэнтры Рыма была Святая  лесвіца. Сваёю  назвай абавязана 28  ступеням,  па якіх, згодна са старажытнай традыцыяй, Езус  узышоў  у  час  сваіх  пакутаў  у  Прэторыю Пілата ў Іерусаліме, абмыўшы іх сваёй Дарагой Крывёй, і якія Святая Алена, маці імператара Канстанціна, перавезла ў Рым  з  Палесціны. У памяць аб Крыжовых пакутах Хрыста вернікі-хрысціяне  на  працягу  вякоў з вялікім душэўным узрушэннем  узыходзяць па ступенях на каленях, каб  атрымаць частковую  індульгенцыю ў звычайныя дні, а ў кожную пятніцу Вялікага Посту –  поўную. Канешне, я прайшла па  ёй, як і палова землякоў-пілігрымаў.  Была субота перад  Вербніцай.  Паўзці па шырокіх драўляных  ступенях  уверх  неверагодна  цяжка  нават здароваму  чалавеку,  што гаварыць пра мяне са збітым каленам (раніцай спатыкнулася ў гатэлі). Перада мною поўз  72-гадовы  адстаўны палкоўнік  пасля  інфаркту, і, гле-дзячы  на  яго ды  ўспомніўшы пакуты Адкупіцеля на Крыжы, я свой  пакутніцкі шлях  адолела. Выйшаўшы з капліцы Святая Святых, мы амаль што галасілі ад сораму за шматлікія свае грахі, якія пачалі тут  адкрывацца.

  Венецыя.   Я ўжо не ўспрымала яе так, як Рым. Занадта  шмат для  мяне  раптам стала велічы, раскошы. Да таго ж балелі ногі, галава і ў саборы Святога Марка на італьянскай службе многія з пілігрымаў… спалі. Там, у Венецыі, я  даведалася, што Марк напісаў Евангелле са слоў апостала Пятра, быўшы яго сакратаром. Цікава было назіраць за шэсцем вышэйшага духавенства з пальмовымі галінкамі ды ў чырвоных  арнатах.  За  духавенствам   ішлі музыканты  і  вернікі. Так  хацелася далучыцца да святочнага  шэсця!
 Восем  дзён пілігрымкі на аўтобусе скончыліся, і я, шчаслівая, вярнулася дадому, дзе мяне чакалі дзеці, вучні, сябры і калегі…
 Маё калена з пухлінай, у якой утварылася  вадкасць, перастала балець (без доктара) праз некалькі дзён… А  самае  галоўнае  ў  рымскіх канікулах – гэта святло, якое з’явілася  ў  змучанай душы, супакой ды адчуванне  трыумфу як перамогі над сваёй  заўсёднасцю, штодзённасцю, над  сабою…

Люцыя  ІВІНСКАЯ,
 здымкі аўтара.
 г. Жыткавічы


Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий