Шчыра радуемся, шаноўныя чытачы, калі ад вас прыходзяць паштоўкі. Прыемна, што падзяліліся з намі не толькі сваімі думкамі, разважаннямі, творчымі знаходкамі, але і тою каштоўнасцю, якою з’яўляецца сёння… час. Дзякуем і чакаем новых паведамленняў.
Адносіны да іншых – адлюстраванне сябе
Старажытны кітайскі філосаф Канфуцый гаварыў: “ Чалавек характарызуецца не з галавы да ног, а з галавы да неба ”. Я з гэтым згодная, бо лічу, што галоўнае ў чалавеку – не знешні выгляд, не яго знешняя прыгажосць, а душа, а яго адносіны да іншых з’яўляюцца адлюстраваннем яго самога.
Нядаўна ў Інтэрнэце прачытала цікавую прытчу: адзін багаты чалавек даў бедняку кошык, напоўнены смеццем. Той узяў кошык, падзякаваў і пайшоў, усміхнуўшыся. Дома ён вытрас з яго ўсё смецце, вычысціў, а затым напоўніў той самы кошык прыгожымі кветкамі. На наступны дзень бядняк прыйшоў да багацея і вярнуў яму кошык. Той здзівіўся: ”Навошта ты даеш мне кошык, напоўнены цудоўнымі кветкамі, калі я даў табе смецце?” Бядняк адказаў: ” Кожны дае іншаму тое, што мае ў сваім сэрцы ”…
Часам балюча глядзець на выбар каштоўнасцей, які робяць сучасныя людзі. Сёння галоўнае ў жыцці многіх – грошы, якія, на вялікі жаль, не прыносяць у большасці выпадкаў спакою душы, а нават робяць чалавека злым, зайздросным, апантаным, з прагай яшчэ большага ўзбагачэння. Шмат людзей шукаюць толькі выгаду, становяцца карыслівымі, жывучы па прынцыпу: “я табе – ты абавязкова мне”. Часта з табой сябруюць толькі па той прычыне, што выгадна ў плане кар’еры ці ад цябе можна штосьці ўзяць, як не ў матэрыяльным, дык у маральным плане. Яшчэ страшней усведамляць тое, што ў свеце існуюць, на жаль, дзеянні, скіраваныя супраць чалавека, супраць яго здароўя, нават жыцця…
Памятаю, па тэлебачанні расказвалі пра выпадак, які мяне вельмі ўразіў: у канцы восені мужчына праходзіў каля возера і ўбачыў, як тонуць некалькі шчанюкоў. Доўга не думаючы, ён скокнуў у ледзяную ваду і выратаваў жывёл. Як бачым, мужчына не пабаяўся за сваё жыццё, а пашкадаваў сабачак. А мог бы сам загінуць, прастудзіцца, захварэць…
Чаму ў жыцці адзін паступае па-чалавечы, а іншы забірае чужое жыццё, праследуючы карыслівыя мэты? Відавочна, першага выхоўвалі, прывіваючы духоўныя каштоўнасці як прыярытэтныя, а ў другога прыярытэтам з’яўляліся матэрыяльныя каштоўнасці. Яшчэ адно пытанне: дзе выхоўвалі і хто выхоўваў? Першага, думаю, у хрысціянскай сям’і, дзе ў пашане былі запаведзі Божыя. А другога… Недалюбілі бацькі, настаўнікі. Ад нястачы любові, г. зн. Бога як прыярытэта ў жыцці кожнага чалавека, здараецца злосць – замест дабрыні і шчодрасці, зайздрасць да чужога дабра, поспеху – замест радасці, што ў твайго бліжняга ёсць больш, чым у цябе…
Нават у сваім узросце я ўжо паспела сустрэць людзей, якія прыгожыя не толькі знешне, але і з багатым, шчодрым унутраным светам, якія прыцягваюць да сябе, як магнітам, бо ад іх лучыцца сапраўднае святло, любоў і гатоўнасць раздзяліць чужы боль і чужую радасць як свае асабістыя пачуцці. Але такіх людзей, на жаль, давялося пабачыць мала. Большасць людская жыве “ так, як усе ”. Яны баяцца не Бога, а меркавання адзін аднаго, хаця патрэбна, каб было наадварот: жыць і паступаць па законах любові да ўсяго жывога і нежывога на зямлі.
Іна Бушыла,
вучаніца СШ №1 г. Ляхавічы.
Любоў
Любоў не крывадушная,
Не помсціць,
Яна не абражае,
Не зайздросціць,
Яна ўсё прымае
І пераносіць,
Любоў нас асвячае
І ўзносіць.
Любоў доўгацярплівая,
Святая.
Яна не ганарыцца,
Не прыніжае.
Яна крыніца праўды
І багацце.
Любоў дае адвагу,
Дорыць шчасце.
Любоў не прамінае.
Не праходзіць.
Яна ўсё прабачае,
Боль лагодзіць.
Яна не мае меры,
Усё трывае.
Любоў – пачатак веры.
Яна жывая.
Любоў непераможная,
Без пыхі,
Яна ўсе знявагі
Зносіць ціха.
Яна не мае зла,
Не чыніць крыўды.
Любоў – гэта святла
Агеньчык дзіўны.
Любоў дае надзею
На збаўленне.
Яна нясе палёгку
У цярпенні.
Яна, як промень ласкі
Сярод цемры.
Любоў – гэта бясконцасць
Жывой веры.
Любоў не мае межаў,
Не знікае.
Яна ўсяму верыць,
Усё трывае.
Яна ахвяра часу
Для другога.
Любоў – гэта адданасць
Пану Богу.
Змены
Крокі да збаўлення
У мудрасці жыццёвай,
Уласнае сумленне –
Пачатак да адновы.
Каб розум абудзіўся,
Трэба верай жыць.
Каб гэты свет змяніўся –
Сябе трэба змяніць.
Неба
Неба – веліч супакою,
Неба – тое, чым жыву,
Неба – поўнае любові,
Неба – дасягнуць хачу.
Неба – шчасце і ўсмешка,
Неба – позірк дабрыні,
Неба – гэта блізка нешта,
Неба – дзесьці ў вышыні.
Неба – радасці крыніца,
Неба – чыстая вада,
Неба – так хачу напіцца,
Неба – гэта Ён і я.
Ірына ЛЯМБОВІЧ.
г. Мінск.