Не, не кожны дзень рэдакцыя атрымоўвае ад чытачоў лісты з такімі шчырымі словамі свайго досведу, прызнання, ці нават словамі тых ваганняў і сумненняў, што ўзнікаюць у людскіх сэрцах амаль штодня. Тым больш радасці гэтыя лісты вызываюць…
Люблю Цябе, мой Езус
Нядаўна я адкрыла для сябе сапраўдную выснову: калі б не Езус, Сын Божы, Які па волі Творцы Сусвету, Бога Айца, зышоў з неба і стаўся чалавекам, то і майго існавання на зямлі не было б. Вельмі хочацца ўбачыць святло аблічча Бога – гэта мэта майго далейшага жыцця на зямлі, якога не ўяўляю без пілігрымавання. Нядаўна разам з групай пілігрымаў з Ляхавіч і Ганцавіч я вярнулася з Польшчы. Мы наведалі санктуарыі ў Сакулцы і Святой вадзе, паставілі высокі крыж на “гары крыжоў”, а таксама пабывалі ў Ліхені ў народным санктуарыі і ў Чэнстахове.
На Яснай гары, у санктуарыі Чэнстахоўскай Божай Маці, я змагла знайсці сабе месца толькі збоку ад алтара пад фігуркай Езуса Укрыжаванага, бо прыехала сюды на праслаўленне Маці Божай Чэнстахоўскай шмат палякаў-эмігрантаў з розных краін свету, і вялікая па памерах святыня змясціла некалькі тысяч пілігрымаў. Усплыла зноў думка пра пакуты майго Збаўцы.
Я не бачыла, а толькі чула словы прысутных на начных чуваннях ксяндзоў і двух біскупаў, польскага і нашага – Казіміра Велікасельца. Тым не менш, прысутнасць Найсвяцейшай Маці і Яе Сына Езуса адчувалася ў кожным куточку святыні. Асабліва пранізала мяне сардэчным болем ўжо пад канец ночы, калі на каленях прайшла вакол алтара з цудатворным абразом Маці Божай Чэнстахоўскай, а затым, калі маліліся па-польску, беларуску і ўкраінску за мір у суседняй братняй як палякам, так і беларусам Украіне. Гэтае братэрства яскрава адчувалася тут. Колькі слоў удзячнасці, пашаны і хвалы гаварыла ў думках я майму Збавіцелю і Яго Маці ў тую ноч!
… Мой Езус. Падобных да Цябе мужчын і жанчын мне не давялося сустрэць у гэтым жыцці. Часам хацела б падумаць, што сыны мае чымсьці нагадваюць Цябе. Але хіба толькі тым, што люблю іх. І ўсё ж люблю менш, як Цябе. А раней яны былі на першым месцы, а пасля – муж, бацькі і толькі пасля іх – Ты…
Мой Настаўнік! Калі сама працавала настаўніцай, так хацелася любіць усіх і ўсякіх дзяцей і гэтым хоць кропельку быць падобнай да Цябе ў прафесіі. Не ўдавалася. Колькі было памылак на маім шляху, бо не дадзены быў мне раней Дар пабожнасці і сапраўднай веры. Творца папусціў час атэізму для трох пакаленняў майго народу. Выхаваная ў сям’і, дзе адмоўна ставіліся да святароў, у першую чаргу, за іх, так бы мовіць, нясвятасць (святар павінен быць бязгрэшным, падобным да Цябе), дзе засвоіла навуку спадзявацца толькі на сябе, не прабачаць крыўды, крытычна ставіцца да ўсяго і да ўсіх, быць гордай… Як я жыла! Перавучвалася жыць па-іншаму інтуітыўна, бо ўмела крыху любіць, а правільней сказаць, імкнулася быць добрай і справядлівай… Толькі гэта і ўдавалася і выратавала.
Цяпер з Тваім Святым іменем я кладуся спаць, клічу Цябе часам ўначы, калі, напалохаўшыся ва сне, прачнуся; з Табою вітаю позні ранак; з Табою малюся на ружанцы; некалькі разоў на ты-дзень прымаю Тваё містычнае Цела ў Эўхарыстыі; сустракаюся амаль штодзённа на старонках Евангелля; распаўсюджваю Тваё Слова пры кожнай сустрэчы з людзьмі; калі наведваю Святыя месцы ды калі пішу свае артыкулы – і яны пра Цябе.
Хто я цяпер? Не ведаю. Кожны дзень прашу майго Езуса паслаць мне Духа Святога з усімі Дарамі Святымі, каб перамяніцца ў белае адзенне Веры, Надзеі і Любові. Веру ў Цябе, люблю ўсім сэрцам і ўсёй душою, мой Езус!
Тамара Кудзелька г. Ляхавічы
Радком паэзіі
Даць досвед
Якая вартасць нашага быцця?
Давайце запытаем у сумлення.
Гісторыя і стан свайго жыцця
Ці шэрыя, ці ясныя, без ценю?
(Адказ які? Без кропелькі сумнення).
Нам досвед Божы, паслухмянасць Слову
Патрэбны, як паветра для дыхання.
Такую прагнасць возьмем за аснову
І не пакінем гэта ў занядбанні.
Нам на зямлі Ісус сабою сведчыў
Пазнання дар – той асабісты досвед.
І у жыцці няма важнейшых рэчаў,
Як шлях за Богам – радасны й няпросты –
Па Запавету жыць, браты і сёстры.
Мы думаем, што Бог не чуе нас,
Што абыякавы на боль і смутак.
І хочам вынікаў малітвы хуткіх –
Дыктуе нецярпенне розум наш.
(Але ў Госпада на ўсё свой час).
Малітвы вынік – Божай справы дзея.
І дасць Ён момант, што прыносіць плод
У месцы, дзе няма, можа, й надзеі,
Бо Яго воля – заўтра, ці праз год.
Слабыя і нямоглыя з памылак,
Балюча гнёмся пад цяжарам іх.
У тым і дасканаласць Божай сілы,
Калі ў немачы нясём свой крыж.
Падняўшыся з упадку, без адчаю
Ля алтара ізноўку на каленях.
Чарговы раз мы Бога выбіраем.
А сэрца шчыра просіць прабачэння.
Што Божая прысутнасць у жыцці –
Так хочацца каму дасведчыць гэта,
Ад радасці, бывае, хоць крычы
Ды жаль, не кожным будзеш зразуметы.
Бяздзейнасць хрысціянам не да твару.
Мы – інструментам Божае правіцы.
Нам Дух Святы дасць мудрасць і адвагу,
Каб Добрай Навіной з людзьмі дзяліцца.
Не будзем жа маўчаць, браты і сёстры,
Як не маглі Апосталы маўчаць.
Плылі і пешшу адмяралі вёрсты,
Каб пра Любоў Хрыстову досвед даць.
А Слова Божае, як меч той востры –
Зло адсякае, дорыць благадаць.
Галіна Радыно-Марцінкевіч г.Валожын
Несвядомасць
А я не ведаю, усё яшчэ не ведаю.
Ці гэта драма, ці мая камедыя,
Іду наперад цёмнымі завулкамі,
Іду к Табе, каб атрымаць прытулку.
А я не ведаю, усё яшчэ не ведаю,
Ці можа гэта ўласная трагедыя,
Я усміхаюся, хоць сэрца маё зранена.
Бо адчуваю, што праз Цябе збаўлена.
А я не ведаю, усё яшчэ не ведаю,
Няма адказу ў энцыклапедыі.
Як тая моц, што у душы з’яўляецца,
Усё здзяйсняе… І жыццё мяняецца.
А я не ведаю, усё яшчэ не ведаю,
Заплюшчу вочы і іду па следу я,
Трымаю за руку Цябе і з вераю
Усю сябе я аддаю з даверам,
А я не ведаю, усё яшчэ не ведаю,
Адкуль упэўненасць я маю гэтую.
Што не пакінеш Ты мяне ў роспачы –
Адзіны свет і ўдзень і ўночы – Ты.
А я не ведаю, усё яшчэ не ведаю.
Як у жыцці маім адзінай мэтаю,
Стаў шлях да шчасця, раю і да радасці,
К Табе ў вечнасць і да Тваёй святасці.
Ірына Лямбовіч г. Мінск