Нам пішуць

Відаць, кожны з нас і кожны дзень стаіць перад выбарам  паміж рацыянальным  і нерацыянальным, паміж дабром і злом, паміж матэрыяльным  і духоўным, паміж тым, што ад Бога, і тым, што ад д’ябла. Аб гэтым сведчыць і наша рэдакцыйная пошта…

 

Збаў нас ад злога

 

“…І не ўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога. Амэн”. Гэтыя словы малітвы прымушаюць мяне заўсёды думаць: навошта Бог пасылае часам нам, сваім дзецям, спакусы, перад якімі неверагодна цяжка ўстаяць? І што нам лічыць насамрэч спакусай?
Шмат людзей нават не здагадваецца, што жаданне жыць “тут  і цяпер”, браць напоўніцу ад жыцця ўсё, што можаш адхапіць ад іншых шляхам нават непрыстойным, дбаць толькі пра матэрыяльныя скарбы і не клапаціцца аб нейкай там, маўляў, любові да Бога і людзей, выбар  паміж добрым і вельмі патрэбным, хоць не зусім прыстойным, і  ёсць самая вялікая спакуса.
Не бяру ў  разлік спакусу Каіна, які пазайздросціў  Авелю з-за ласкі Божай і забіў роднага брата. У грамадстве нашым шмат людзей, якіх можна назваць “цёплымі”, бо яны робяць выбар іншага кшталту: адначасова служаць і Богу, і д’яблу. Для прыкладу можна ўзяць, здаецца, на першы погляд, адданых Божай справе хрысціянаў. Сапраўдны вернік не прынясе з працы трохі таго, што вырабляе, дадому. А ў нашых людзей  нават крылатыя выразы існуюць у апраўданне: хто ў лесе не злодзей – той у доме не гаспадар; усё вакол калгаснае – ўсё вакол маё. Ці што ім значыць на Літургіі святочнай, нават калі вядзе яе біскуп, адказаць на званок мабільнага тэлефона… Можна абылгаць, абгаварыць ксяндза, напісаць ананімку на яго, бо святар не так, як ты хочаш, спавядае, не ўмее прапаведваць і яшчэ шмат прычын для дыскрэдытацыі яго імя. А што гаварыць пра звычайных парафіянаў? Можна хадзіць у святыню, прыгожа спяваць у хоры, ведаць шмат малітваў, мець славу такога духоўнага “гуру” і думаць пра сябе, што жывеш правільна, а іншыя – не. Можна стаць для кагосьці няпрошаным суддзёю і папсаваць нямала крыві свайму бліжняму. Духоўнасць жа, выкананне Запаведзяў  у такіх  застаюцца збоку.
Бог нас, людзей, Духам Святым выпрабоўвае на мужнасць. Не кожны выбірае  сціпласць, пакору замест шырокай вядомасці. Незаслужана атрыманыя ўлада, добрая начальніцкая пасада, вялікія грошы – гэта ад д’ябла, як і чалавечыя законы з лозунгам  “жыву, як усе”.
За прыкладамі хадзіць далёка не трэба, бо яны на кожным кроку.Толькі зашкальвае на людской чэрствасці. Год назад садзілася  на самалёт у Тэль-Авіве да Мінска адна сямейная пара. Нага жанчыны была ў гіпсе. Падчас наведвання Храма Гроба Пана Бога яна аступілася на лесвіцы і зламала нагу. У клініцы Іерусаліма ёй аказалі першую дапамогу, якую прадугледжвае медыцынская страхоўка, каб на радзіме, у Мінску, зрабіць аперацыю, і яна цярпела боль, які часова сунімаўся таблеткамі.  Як цяжка было жанчыне сядзець у салоне  на сваім месцы, перакінуўшы ногі на мужа, ды каб не перашкаджаць суседу, можна было здагадацца па яе і мужавым твары. Ім не ўступілі першыя месцы ў салоне, дзе можна было выцягнуць нагу ў гіпсе. Не дапамаглі просьбы ні сцюардэсы, ні мужа… Каб вы бачылі колькі рэчаў, закупленых у Ізраілі, везлі некаторыя браткі-беларусы нашыя! Мне здавалася, што не ўзляціць самалёт. ЛЮДЗІ ехалі са Святой зямлі(!), набраліся святасці… Радавала  толькі тое, што абураліся на ўчынак чэрствасці многія пасажыры.
Добра было б, каб не існавала магчымасці выбіраць. А з іншага боку, ці было б гэта добра на самой справе? Не. Таму дэман не спіць у шапку і шукае цёплых, злосных, сквапных, зайздросных, гняўлівых, лёгкіх на пустыя словы і мярзотныя ўчынкі, шукае тых, хто думае пра сябе, што ён “цар і Бог і воінскі начальнік”, хто імкнецца пажыць на свеце гэтым больш рэальна, бо таго свету ніхто не бачыў, як ніхто не бачыў і самога Бога… Але на ўсякі выпадак носіць на залатым ланцужку крыжык, ходзіць у вялікія святы ў храм і калі прыцісне бяда – шукае дапамогі ў Бога…
Ойча наш, які  ёсць у небе, збаў нас ад злога!

 

 

Люцыя Івінская
г. Ляхавічы.


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий