…Неспадзянка: амаль адначасова прыйшлі ў рэдакцыю часопіса дзве паштоўкі – абедзве з Ляхавіч, абедзве на актуальныя тэмы і абедзве з яскравай пазіцыяй аўтараў. Гэтыя лісты зараз перад вамі. Чакаем ад вас, паважаныя чытачы, новых цікавых паведамленняў.
Куды ідзе свет?
Пачну з сучаснасці. Сёння многія людзі, асабліва некаторыя прадстаўнікі старэйшага пакалення, асуджаюць сучасную моладзь, іх учынкі, словы, адносіны да іншых. Але ніхто з іх ніколі не задаваўся пытаннем: а што было да гэтага? Якія каштоўнасці ў жыцці былі тады? Па словах Бібліі, мы (людзі 21 стагоддзя) цягнем за сабой грахі нашых продкаў. У кнізе “Старога запавету” (Зых. 20, 3, 5) сказана: “Не май другіх багоў, акрамя Мяне”. “Не пакланяйся ім і не служы ім, бо Я – Пан, Бог твой, Бог апякун, які карае дзяцей за віну бацькоў да трэцяга і чацвёртага роду…” І гэта са-праўды так. Усе праблемы, якія існуюць на сённяшні момант, пачалі ўсталёўвацца яшчэ ў мінулым 20 стагоддзі, калі ў свеце панавалі забойствы, гвалт і атэізм. А колькі нявінных лю-дзей загінула ў войнах! І ўсё гэта мы, сучаснікі, нясём – груз адказнасці за продкаў – і… дадаём сваіх грахоў.
Здаецца, галоўнай сенсацыяй у свеце стала нядаўна тое, што ў вядомай спявачкі Алы Пугачовай, якой ужо 64 гады, і яе мужа Максіма Галкіна, якому 37, з’явіліся двайняты. Гэта навіна ўскалыхнула ўсіх людзей. Многія асуджаюць іх, а многія… Сама Ала Пугачова на тэлеперадачы “Няхай гавораць” сказала так: “Я чакала любое дзіця і лічу, што з’яўляюся выдатнай маці”. Напрошваецца адзін вывад: сёння, калі ў цябе ёсць вя-лікія грошы, можна набыць немагчымае. На жаль, так выходзіць, што гэтым светам правіць д’ябал.
Мая бабуля кажа: “Дзіця – гэта святое, гэта падарунак Бога, які ён дае, каб працягнуўся чалавечы род. І калі так склалася, што ў сваім жыцці ты яго не атрымаў, то нельга гэтаму супярэчыць, значыць, так павінна быць. У дадзеным выпадку навука кінула выклік Богу. Страшна падумаць, што за гэты ўчынак будуць пакутваць і самі дзеці, і іх нашчадкі да чацвёртага пакалення. Невядома, як складзецца іх лёс. А яшчэ жах-лівейшае тое, што многія людзі, у тым ліку маладыя, паглядзеўшы на зорную пару, могуць пайсці такім самым шляхам. А навошта, калі ёсць грошы, насіць дзіця 9 месяцаў і пакутваць пры родах? За цябе народзіць жанчына, што не мае грошай і зга-дзілася вынасіць, нарадзіць і аддаць. А калі яшчэ паразважаць, што можна выбраць дзіцяці і генетычнага бацьку, то ці не занадта будзе падобных да знакамітых мужчын? Страшна нават уявіць, колькі будзе Кіркоравых, Галкіных і іншых вядомых у свеце людзей. А ці захочуць мае сучаснікі наогул заводзіць сям’ю, узяўшы шлюб у касцёле ці царкве? Галоўным становіцца на гэтым свеце не Бог, і не тое, што Яго трэба баяцца і жыць па Яго запаведзях, а чалавек граматны, накшталт таго доктара, які дапамог вядомай пары купіць сабе падарунак у якасці немаўлят. Што будзе са светам? Якая будучыня нас чакае? Пакуль гэта нікому невядома.”
Я з вялікім страхам чую, як многія журналісты падтрымліваюць адкрыццё ў медыцыне. Возьмем, напрыклад, пазіцыю журналіста і тэлевядучага Андрэя Малахава. Ён сам ухваляў учынак “маладой” сям’і. І гэта самае непрыемнае. Вельмі б хацелася, каб на яго перадачу былі запрошаны святары розных канфесій, каб яны таксама сказалі сваё слова грамадству. Я здагадваюся, што б сказалі яны, таму іх і не запрасілі. І многія людзі здранцвелі ад пачутага і ўбачанага з тэлеэкрана, у тым ліку і я. Куды ідзе свет? Няўжо да свайго канца? Я вельмі спа-дзяюся, што ўсё ж такі наша грамадства, нягледзячы на ўсе ад-крыцці ў генетыцы і сённяшні выклік часу, будзе кіравацца Божымі запаветамі.
Іна Бушыла,
вучаніца СШ №1
г. Ляхавічы.
Заступніцкая малітва
Гэтая гісторыя, аб якой далей пойдзе аповед, адбылася некалькі месяцаў назад. Часу пераасэнсаваць цуд выздараўлення безнадзейна хворага сына маёй суседкі было дастаткова, каб сведчыць пра сілу заступніцкай малітвы.
У канцы жніўня я бачыла Сяргея, 40 — гадовага мужчыну, як ён ішоў ад сваіх бацькоў, здаровага і ўсмешлівага. Праз некалькі дзён яго маці, мая суседка Дзям’янаўна, паведаміла, што Сярожы стала раптам дрэнна, і ён ляжыць ў бальніцы з сіндромам пазваночнай артэрыі. Пакуты страшныя: ваніты, несціхаючы галаўны боль і парушэнне мовы…
Праляжаў ён на абследаванні 15 дзён спачатку ў Баранавічах, а пасля ў Брэсце, дзе і быў вынесены прысуд: інсульт і пухліна галаўнога мозгу. Але ўсімі праўдамі і няпраўдамі Сяргея ўладкавалі ў Інстытут нейрахірургіі ў сталіцы, і Хірург ад Бога, наш зямляк, дарэчы сказаць, узяўся аперыраваць – а раптам атрымаецца. ..
Атрымалася! 3 гадзіны ішла аперацыя. У артэрыю пад каленам быў уведзены лазерны скальпель, які выдаліў пухліну і спайкі сасудаў ў галаве. Калі хворы апрытомнеў, доктар, што не адыходзіў ад Сяргея, сказаў: “Ну, хлопец, за цябе хтосьці моцна маліўся, радуйся, што будзеш жыць.”
Сяргея выпісалі на 5-ы дзень дадому. Яго маці, што была ў роспачы і не находзіла сабе месца ўсе тыя дні невядомасці, цяпер не магла нарадавацца, што ўсё абышлося. Яна кожны дзень прасіла здароўя доктару, молячыся за яго ў царкве.
Я сустрэлася з ёй у гарадскім скверы, ужо ведаючы, што гора абмінула сям’ю Дзям’янаўны.
Калі запыталася пра здароўе сына, яна сказала пра словы доктара, на што, доўга не думаючы, я дадала:
– Сапраўды,за яго маліліся пад час аперацыі якраз на гары Фавор (Перамянення Пана) чатыры ксяндзы.
– Адкуль Вы ведаеце тое, чаго я не ведаю?
– Запіску з просьбай аб яго выздараўленні напісала я і перадала сваёй сяброўцы, якая паехала ў Ізраіль у пілігрымку з ксяндзом Юрыем Барком і віцебскімі ксяндзамі-пілігрымамі. Святы Дух так вёў, што святая Імша якраз ішла ў той момант, калі на Беларусі, у Мінску, ішла аперацыя вашаму сыну, вельмі складаная і эксперыментальна-новая…
Мая суседка пайшла дадому, а я да касцёла. Па маім твары ручаямі ліліся слёзы радасці і ўдзячнасці Святой Троіцы.
Дзям’янаўна не магла не аддзякаваць нам, а так як яна праваслаўная, то заказаць малебен за здароўе каталікоў ў нашай царкве не было магчымасці. Але прыехала праваслаўная манастырская выстаўка-ярмарка з Пецярбурга ў наш гарадок, і вось яна расказала сваю гісторыю чужому святару і папрасіла аб малебене за каталікоў, за ўсіх тых, хто тварыў заступніцкую малітву за яе хворага сына. Манах-святар уважліва выслухаў і правёў службу ды паабяцаў маліцца (за нас) па прыездзе ў манастыр…
Праз некаторы час ішла я ў магазін, і зноў Святы Дух звёў нас разам. Яна спяшалася таксама ў магазін па прадукты для хворай сяброўкі, нямоглай, якую ходзіць даглядаць ужо 2 гады. Мы разгаварыліся, і я даведалася, што Сяргею на ўрачэбнай раённай камісіі прызначылі 3 рабочую групу інваліднасці і што ён зараз шукае працу… І тут Дзям’янаўна расказала аб сабе такую ж самую гісторыю, у якой яна паступіла падобным чынам, як я.
… Яшчэ адна мая суседка 7 гадоў назад страціла сына, але за тыдзень да яго гібелі ашпарылася кіпятком і ляжала ў Брэсце ў апёкавым аддзяленні – у яе было па-шкоджана 25 працэнтаў скуры. Праз 5 дзён прывезлі яе на пахаванне сына. Яна не хацела жыць, пакутуючы ад фізічнага і ўнутранага болю. Дзям’янаўна тады прыгатавала мазь ад апёкаў па народнаму рэцэпту. А яшчэ заказала ў Снове ў царкве службу за здароўе нашай Канстанцінаўны, і за тую маліўся святар увесь месяц… На твары і на целе Канстанцінаўны не засталося рубцоў, і яна папра-вілася. Праваслаўны святар за каталічку маліўся… Толькі не гаварыла Дзям’янаўна аб сваім учынку нікому з-за сціпласці. Яна не разумела, што трэба сведчыць аб Божай Міласэрнасці людзям, несці Слова Божае і славіць нашага Пана. Цяпер дайшла да нас траіх ісціна: дзве запаведзі любові, калі іх пры-трымліваешся, прыносяць дар вы-здараўлення і бліжняму, і сабе. Як добра, калі цябе акружаюць такія добразычлівыя Божыя людзі, якія дбаюць не толькі пра сябе! Мае абедзве суседкі найдабрэйшыя жанчыны, не раз і не два падтрымлівалі мяне, удаву, калі я хварэла ці калі мне патрэбна была дапамога. Усё назад чалавеку вяртаецца – ці добрае, ці дрэннае. А заступніцкая малітва мае такую сілу, што перамагае смерць. Аб гэтым сведчу.
Тамара ШАСТАКОВІЧ,
56 гадоў, былая настаўніца.
г. Ляхавічы.