Творчасць нашых чытачоў

Рамуальд Крамплеўскі з Польшчы, з якім чытачы пазнаёміліся ў кастрычніцкім  нумары  часопіса, піша апавяданні, эсэ. Тое, што  друкуецца на гэтых старонках сёння, здаецца, адпавядае нашаму лістападаўскаму  настрою, нашым  думкам…

Яна ходзіць збоку ад нас

Апавяданне

f-str-29Яна ходзіць збоку ад нас. Адзін раз далей, другі раз бліжэй. Часам зусім блізка. Не заўсёды нават ведаем, што звонку ужо ёсць… Потым  яна зноў аддаляецца, і становіцца цалкам добра.  Можам, аднак, быць упэўнены ў адным. Што вернецца і зноў прыдзе да нас, каб з намі спаткацца. Каб спаткацца ўжо назаўсёды, навекі.
– І хто ж гэта ходзіць збоку ад нас? Каго мы павінны спаткаць?
– Яшчэ не ведаеш? Смерць.
Сяджу  самотна ў халодным  і нават цёмным пакоі гасцініцы. Вельмі пасуе выпадак, каб  сабе прыпомніць: ці я ўжо абцёрся аб яе? Ці  была яна блізка каля мяне?
Можа, гэта было тады, калі яшчэ малым хлопцам сядзеў уначы разам са сваімі бацькамі і  суседзямі на драўлянай лаўцы ў зямлянцы, абабітай старымі  дошкамі? Год 1944. Чарговы, пяты год вайны перажываем у Баранавічах. Савецкія бамбардзіроўшчыкі  ныраюць адзін за другім у паветры, стараючыся змясціць свае бомбы на нашых галовах. Выбухі чутны раз далей, раз бліжэй. Часам свіст падаючага металалому падказвае нам рэфлекторна  схіліць галовы, быццам  гэта магло дапамагчы, а праз хвіліну выбух прысыпае нам вочы пяском. Потым уздых палёгкі, радасны выгук і смех: “Гэтая не патрафіла”.
Калі, аднак, ацэньваю тыя часы з перспектывы і на цвяроза, здаецца, што небяспека, нягледзячы на ўгрозы сітуацыі, не была такою вялікаю. Бо  толькі  непасрэднае пападанне ў сховішча  або каля яго азначала б нашу  смерць – а на гэта шансы былі малыя.
Шанс! Як у латарэі! У латарэі жыцця!
А можа тады, калі ўжо на Зямлі Любэльскай сядзеў, укрыўшыся разам з татам пад стогам саломы, а побач шалеў п’яны салдат з гранатаю ў руцэ, каб напасці на наш след?
А можа яшчэ болей грозным было міннае поле, пакінутае гітлераўцамі? Тады, калі ўжо  пасля вайны, сонечным днём і пры спакойным спеве ляснога птаства  шпацыравалі сабе па мінным полі ў салодкай несвядомасці, таксама каля бункераў Гітлера, у пакінутай ім напярэдадні сядзібе каля Растэмбурга (цяпер Герлоз каля  Кетцына). Хто-небудзь  мог бы падумаць, што гэта можа тады, калі бегаў з кішэнямі, поўнымі кавалкаў дынаміту? Ні ў якім разе. Гэта было цалкам бяспечна. Але хто ж ведае, ці не сядзела яна часам на звычайнай дарозе са школы? Такой звыклай пясчанай сцежцы, якая вяла па насыпу  на месцы разабранай вузкакалейкі, па якой вяртаўся са школы, несучы ў школьным партфелі свае  кніжкі і сшыткі. Было гэта пасля вайны ў Кетцыне. У пэўны момант  угледзеў звісаючыя са слупа некалькі ніцей дроту і бяспечна схваціўся за адзін. О, мяне ўжо ён не адпусціў, пальцы зрабіліся цвёрдымі, у вачах пачало шарэць. Зразумеў, што хутка загіну. Бачыў знікаючую ў далячыні шашу, і ўдалося мне яшчэ падумаць, што ў цэлым паміранне не такое і страшнае. Але,  відаць,  не  было яно мне яшчэ  наканавана. Калі толькі ўпаў на зямлю, дрот выпусціў  з рукі – і ці гэта пры кантакце з зямлёю, ці ад кароткага замыкання, я паволі пачаў даходзіць да сябе.
На наступны дзень там загінуў конь. Падобна, з пункту гледжання папярэдняга дня,  конь слабейшы за чалавека.
Хоць бы такое здарэнне, з часоў, калі распачынаў працу. Тут яе не было на дарозе, бо, як апавядае Святое Пісанне, нават валасы на галаве  ў  нас   палічаныя.
Ехаў дрызінаю –  механічнаю чыгуначнаю машынаю, якая рухаецца на шынах па рэйках,     –  у Элк. Можа, не замоцна хутка, але 100 км  у гадзіну. Было дастаткова, каб загінуць праз выпадак. Перад  станцыяй Выдмяны сувязіст не  дае  сігналу  свабоднай дарогі. Разам з  вадзіцелем пасмяяліся з яго:  хіба заснуў… Аднак ён нешта робіць – мы затрымліваемся. У той час  з будкі кантролю  высоўваецца чыгуначнік  і дае нам  знак, што можна ехаць. Вадзіцель  рухаецца, але не ад’ехаў і некалькі метраў, як адпадае пярэдняе кола з майго боку. Найчасцей у свеце  ломіцца вось, і кола  цягне на бок. Але ці хіба гэта здарэнне, ці толькі выпадак?  Відаць, не  наканавана яшчэ было, і Пан Бог казаў ёй  адысці ў іншы бок.
Падобна, той, хто баіцца смерці, не павінен класціся ў ложак, бо, як расказваюць,  найчасцей людзі паміраюць  ў ложку.  Гэта праўда, але  туды  не прыходзіць яна так неспадзявана. Хоць і так бывае, лёг і болей не ўстаў, а “быў такі  здаровы”.
Здарылася, што хварэў я цяжка на працягу некалькі месяцаў,  а пад канец прычапілася яшчэ высокая тэмпература. Быў такі момант, калі адчуў, што гэта ўжо канец, не маю сілы дыхаць і гіну. Уратавала мяне жонка, крыкнуўшы з усяе сілы: “Што гэта такое, не прыдурняйся!”.  І тады яна, тая, што мелася  дасягнуць да  мяне,  спалохалася,  а  я  з  усіх  сіл  кінуўся да  жыцця.
А як жа лёгка загінуць сярод людзей, і ніхто нават не заўважыць… Плаваў я  вельмі слаба, калі  надзеў маску з трубкаю і разглядаў сабе  марское дно каля скалістага лівійскага берага. Марскія хвалі пачалі заліваць  трубку, пайшоў на дно і не ведаў, што рабіць. Падумаў, хіба тут патану, хоць паблізу столькі людзей – і так бы, напэўна, здарылася. На  шчасце, неяк  інстынктыўна выбіўся наверх, сарваў з твару маску і лёг на спіну, а ласкавая хваля  прынесла мяне на бераг. Добрым плаўцам, можа, гэта будзе здавацца  і  смешным, але штогод танулі там і сапраўды  добрыя  плаўцы…
…Не буду далей паглыбляцца ў падрабязнасці той дарогі, бо хто ж  ведае, калі была яна на ёй блізка, а калі, можа, так толькі здавалася. Бо можа,  калі электрычны ток гваздануў у    склепе,  аж  іскры з вачэй пасыпаліся,  а можа, калі цягнік прамчаўся перад носам, а можа, калі  на  бязлюднай  дарозе  напаткаў бандытаў з каменнямі ў руках.
Можа, яна і цяпер стаіць каля боку, але мы аб  тым  нічога  не  ведаем.
Таму, ласкавая наша Пані, не прыходзь неспадзявана. Не думай скрыцца і не надта спяшайся. А калі ўжо гэта будзе абавязкова – не затрымлівайся.

Рамуальд  КРАМПЛЕЎСКІ
               Быдгошч (Польшча).


Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий