Паважаныя чытачы нашага часопіса! Вясна заўсёды прыносіць з сабою не толькі свята Хрыстова Уваскрэсення, але разам з ім – настрой на новае жыццё, радасць, любоў, надзею. Дзякуючы гэтым пачуццям нараджаецца паэзія…
1.
Начны паволі знікнуў цень,
І сонца асвяціла долы.
Заняўся Велікодны дзень,
Спявалі гімн яму анёлы.
І помню – маці раніцой
Мой перарвала сон дзіцячы:
– Сынок, хадзі глядзець са мной,
Як сонейка сягоння скача.
І быў я здзіўлены нямала,
Як заварожаны стаяў:
Такіх яшчэ не бачыў з’яў –
Свяціла сапраўды скакала.
І я расчуліўся да слёз.
А маці, гледзячы на сонца,
Сказала: –Уваскрэс Хрыстос,
Заступнік наш і абаронца.
2.
Пяе душа, настрой святочны,
Я з храма Божага іду,
Дамоў спяшаю з усяночнай,
Нясу свянцоную ваду.
О, гэта раніца святая! –
Павесялела ўсё наўкол.
Мая сям’я мяне чакае,
Каб разам сесці нам за стол.
Зацеплім свечку і вадзіцы
Асвечанай усе глынём
І справім трапезу ў святліцы
Вясёлым Велікодным днём.
3.
Я з кожным Велікодным днём
Бы нараджаюся нанова.
Прыходзіць радасць у мой дом,
І поўніцца ён Божым Словам.
Хрыстос-Збавіцель Уваскрэс,
Такая светлая часіна!
Трава зазелянела спрэс,
І льецца мілы спеў шпачыны.
Цяплее зноў блакіт нябёс,
І песцяць вочы жыта ўсходы.
Жыве ў маёй душы Хрыстос
І будзе жыць у ёй заўсёды.
Аркадзь Нафрановіч,
в. Камаі Віцебскай вобл.
*************************
У Хрыста шукайце праўды
У Хрыста шукайце праўды,
У Яго надзея й моц,
У Яго жыцця ўлада,
Бо Хрыстос – Ён уваскрос!
За мае грахі прыбіты
Быў ганебна да крыжа.
Сваёй кроўю адкупіў Ён
Мне жыццё. І шчасце даў.
Хай жа чуе наваколле,
Хай жа ведае сусвет,
Што Яго жыццё святое –
Гэта ў цемры ясны свет.
У Хрыста сталіце смагу
Для таго, каб вечна жыць.
Каб знайсці сваю дарогу,
Трэба верыць і любіць.
(29.08.2010)
Ты – Ты магутны Бог,
Смерць адкупленнем перамог,
Бо толькі Ты – Ты даеш святло,
Маё жыццё – яно Тваё.
Ты – крыніца праўды для мяне.
З даверам бачу, нібы ў сне,
Як Ты забраў мае грахі,
І вечнасць падарыў за іх.
Ты – Творца свету і любоў,
Ты – дасканаласць лепшых слоў,
Твая прысутнасць, нібы знак,
Што Ты са мной. Я не адна…
(22.02.2012)
Ірына Лямбовіч, г. Мінск