Творчасць нашых чытачоў

…З літаратурных твораў, якія атрымалі ў апошні час ад сваіх чытачоў, для публікацыі мы выбралі вось гэтыя, напісаныя пра дзяцей, якія наведваюць нядзельную школу. Напісаныя з любоўю. А даслала іх нам Ніка Здань. Знаёмцеся!   

Як пазнаць Анёла?

Ясь вяртаўся з заняткаў у нядзельнай школцы па вушы ў пытаннях. Звеставанне. Добрая вестка, якую Анёл прынёс Дзеве Марыі. Вестка пра тое, што Марыя станецца мамай Выратавальніка. Быццам бы ўсё зразумела, але ж зусім незразумела.
Падумаць толькі, Анёл прыйшоў з неба. І ўсё для таго, каб сказаць Дзеве Марыі, што ў яе народзіцца сын. Напэўна, букет у яго быў з блакітнай стужачкай –  так тата з мамай хадзілі ў адведзіны да цёткі Люды, калі ў яе сынок нарадзіўся.
– Ма, а, ма, а як Дзева Марыя здагадалася, што гэта Анёл? А, ма?
Але мама была чамусьці злосная, і толькі вымаўляла Ясю:
– Ізноў порткі папэцкаў. Як ты толькі прымудраешся на роўным месцы вышмаравацца? А чаравікі?   Як быццам ходзіш не па вуліцы, а па балотах…
Але Ясь усё-такі вырашыў дамагчыся ўвагі.
– Мам, я не разумею: як жа ж Дзева Марыя пазнала, што гэта Анёл прыйшоў? Ён быў з крыламі, як на малюнку?
    Але мама, відавочна, не жадала размаўляць на гэтую тэму, а адказаў яму чамусьці тата. Праўда, казаў ён, гледзячы не на сына, а на маму.
– Ведаеш, Ясь, думаю, справа не ў тым, як выглядаў той Анёл. Хутчэй за ўсё, Багародзіца пазнала Яго таму, што ён прынёс вестку пра яе будучае дзіця. Напэўна, так і можна пазнаць Анёла – па вестцы, якую ён нясе.
Ясь нават прыскокнуў:
– А праўда, што ён прыйшоў не толькі для таго, каб сказаць, але і каб спытаць у Дзевы Марыі, ці згодна яна? Марына Вацлаваўна, наша настаўніца, сказала, што вельмі важна было Ёй самой  прыняць гэту вестку. Але хіба Яна магла яе не прыняць, калі Анёл ужо прыйшоў?
Мама і тата глядзелі адзін на аднаго, і мама прыкметна сердавала. Тата зноў пачаў адказваць, гледзячы на маму:
– Вядома, гэта было вельмі важна. Бо для Дзевы Марыі гэта вестка азначала, што яе жыццё зменіцца. Яна павінна была давяраць Богу, каб пагадзіцца на такія змены ў сваім лёсе.
Мама ўстала і пайшла на кухню, а тата працягваў:
– І не толькі Панна Марыя, але і любая іншая жанчына, калі атрымлівае такую вестку, заўсёды хвалюецца. Бо прымаць гэты дарунак даводзіцца не толькі ёй, Багародзіцы, але і Іосіфу. Ну, уяві сабе: калі б Анёл прыйшоў да нашай мамы, змянілася б не толькі яе жыццё, але і наша з табой. Маме прыйшлося б пайсці ў адпачынак, пакуль дзіцятка трошкі падрасце. Мы ўжо не змаглі б паехаць на мора некалькі гадоў, як прызвычаіліся. Акрамя таго, мы б ужо планавалі купляць не ровар для цябе, а ложачак і каляску для дзіцяці.
Ясь глядзеў на тату ва ўсе вочы:
– Па, а хіба Анёлы прыходзяць і сёння? Бо Ісус Хрыстос ужо нарадзіўся!
Тата без усмешкі глядзеў на сына:
– Я не ведаю, што з гэтай нагоды казала твая Марына Вацлаваўна, але сапраўды ведаю, што Анёлы прыходзяць кожны дзень. Толькі сёння іх не заўсёды сустракаюць з радасцю. Часам ім кажуць «не».
– Ды ну, па, што ты такое кажаш? Хіба можна адказаць Анёлу «не»?  Ён жа тады можа пакрыўдзіцца і больш  не прыйсці!
Але тата падняўся і вельмі сур’ёзна сказаў:
– А ты ўспомні, пра што цябе кожны дзень просіць Ён праз нашую маму? Прыбраць цацкі. А што адказваеш ты?.. Добра, пайду, дапамагу маме з посудам…
Ясь застаўся адзін. Чамусьці было вельмі крыўдна чуць напамін наконт цацак. Ён жа не проста так іх не прыбірае. Проста машынкі ў скрынцы не бачныя, а цяпер яны стаяць, як на выставе. Праўда, яны зараз раз’ехаліся і выглядае гэта ўсё не вельмі хораша. Напэўна, варта прыбраць. Можа, сапраўды Анёл праз маму кажа, а то й Госпад.
Сабраўшы цацкі ў скрынку, а скрынку адправіўшы пад ложак, хлопчык задумаўся: калі прыйдзецца пакінуць мару пра ровар, тады прыход Анёла мае і свой цёмны бок. Потым ён падышоў да абраза, які яму падаравала бабуля. На абразе быў намаляваны Збавіцель, які глядзеў проста на яго, Яся.
– Божа, Ты ведаеш, што… Ты зрабі так, каб Анёл усё ж прыйшоў да маёй мамы. Ты не думай, я буду даваць браціку гуляць з маім мячом. І нават з новай машынкай, якую тата купіў мне на Новы год. Я і сам буду з ім гуляць… А пра ровар… Ты не думай, я не буду моцна шкадаваць. Таму што ровар у нашым двары ёсць і ў Віталіка, і ў Максіма. А малодшага браціка зараз ні ў кога няма, пасля таго, як Слава з брацікамі і сястрычкай пераехалі.
Ясь памаўчаў і зазірнуў пад ложак, у скрынку з цацкамі.
– Ведаеш, Пане, а лепш хай бы ў мяне была сястрычка. Я б хадзіў з ёй шпацыраваць, як Слава з Анжэлкай. А сястрычка б абдымала мяне за шыю, і звала «лацікам», гэта значыць, «брацікам». Як Анжэлка.  
Ясь пасядзеў яшчэ на ложку, потым яшчэ раз агледзеў свой пакой. Вось тут, у куце, дзе стаіць складзеная раскладушка і стары стол, цалкам мог бы змясціцца яшчэ адзін ложачак. Ясь адправіўся на кухню.
– Мама, матуля!
Жанчына стаяла на кухні, закрыўшы твар рукамі, а тата абдымаў яе за плечы.
– Мама, я папрасіў Бога, каб Ён даслаў Анёла да цябе… Мама, ты плачаш? Не плач, калі ласка, мама!
Жанчына павярнулася да сына:
– Не, сынок, я не плачу. Я… крыху спалохалася. Да мяне прыходзіў Анёл…


Школа мужнасці

Тата з раніцы быў не ў гуморы. У яго балеў зуб, і таму ён да ўсяго чапляўся: і да мамы, і да сняданку, і да Санькі, і да Паўла, старэйшага брата. А паколькі мама павінна была ісці да бабулі, то весці Саньку ў нядзельную школку павінен быў тата. Але ён толькі скрывіўся:
– Ты што, баішся ісці адзін? А туды ж, мужчына. Мужчына павінен мець мужнасць, а ты – што?..
Таму ў нядзельнай школцы Санька на пачатак “уладкаваў” невялікую сутычку з іншымі хлапчукамі. Вядома ж, Марыя Іосіфаўна паўшчувала іх за паводзіны. І вядома ж, Санька не стрымаўся:
– Я трэніруюся быць мужным! Тата сказаў, што сапраўдны мужчына сябе ў крыўду даваць не павінен.
Марыя Іосіфаўна задумалася. А потым кіўнула.
– Вельмі добра. Значыць, сёння мы будзем казаць пра мужнасць. Што для вас –  мужнасць?
Санька ўзрадаваўся – тата ўвесь час казаў пра гэта:
– Мужнасць – гэта значыць, не дазваляць сябе крыўдзіць. І яшчэ – быць гатовым да подзвігу: з пажару там выратаваць каго-небудзь. Ці таго, хто топіцца, з вады выцягнуць.
  Хлапчукі ажывіліся:
– Так, дапамагаць міліцыі затрымоўваць злачынцаў! Абараняць слабых ад хуліганаў!..
Марына Іосіфаўна ўсміхалася і ківала:
– Вы ўсе правыя. Але ж такія сітуацыі адбываюцца не кожны дзень, праўда? А вось адкажыце мне, у чым можа выяўляцца ваша мужнасць кожны дзень?
Хлапчукі пераглянуліся і ўжо меней упэўнена выказалі здагадку:
– Ну, маме дапамагчы прадукты з крамы данесці…
– А ў гэтым вы трэніруецеся быць мужнымі? Насамрэч, хлопчыкі, існуе некалькі крокаў да мужнасці, але не вонкавай, а ўнутранай. І гэта крокі, якія трэба рабіць кожны дзень. Першы крок – мужнасць казаць праўду. Другі крок – мужнасць паступаць так, каб не саромецца казаць праўду. І трэці крок – мужнасць прызнаваць свае памылкі і прасіць за іх прабачэння.
Маленькі Косцік закруціў галавой:
– Той, хто просіць прабачэння, – слабак. Сапраўдны мужчына не просіць прабачэння –  ён моцны. Хай у яго ўсе просяць прабачэння.
– Нават калі ён паступае несправядліва і крыўдзіць іншых?
У класе запанавала цішыня.
– Ці лёгка прасіць прабачэння, калі разумееш, што вінаваты перад  іншым чалавекам?
– Цяжка…
– Тады чаму ж вы думаеце, што падняць цяжкую торбу ці абараніць ад нападу – гэта мужнасць, а падняць цяжкі камень са сваёй душы – слабасць? Тых, хто просіць прабачэння, завуць слабымі толькі тыя, хто не ўпэўнены, што ў іх саміх хапіла б мужнасці паступіць гэтак жа…
Санька доўга разважаў над гэтым. Атрымлівалася, што ўбачыць у іншых дрэнныя ўчынкі – мала. Трэба ўбачыць свае. І мець мужнасць іх прызнаць.
Калі ўся сям’я сабралася на абед, мама, як звычайна, спытала ў Санькі, пра што ішла гаворка ў нядзельнай школе. І Санька ў задумлівасці сказаў:
– Нам распавядалі пра мужнасць. Пра тое, што ў школе мужнасці тры класы: у першым мы вучымся казаць праўду, у другім – паступаць па праўдзе, а ў трэцім – прызнаваць свае памылкі і прасіць за іх прабачэння…
За сталом стала ціха-ціха. А тата, пакруціўшы відэлец, адклаў яго і падняўся:
– Ты маеш рацыю, сын. Трэба пачынаць з сябе… Пара і мне ў школу мужнасці. У першы клас. Да стаматолага…
А потым з парога зноў зазірнуў на кухню, дзе засталіся сядзець Санька, Павел і мама:
– Прабачце мне…

Ніка  ЗДАНЬ


Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий