Як нараджаецца любоў
Сапраўды, які гэта прыгожы час – час чакання прыходу на зямлю нашага Збаўцы, Свята Божага Нараджэння. Душа напоўнена трапяткімі пачуццямі. Рыхтуемся да свята, не забываючыся нават пра дробязі. Але аўтар дасланых вершаў – Ірына Лямбовіч з Мінска – у адным з іх нечакана пытаецца пра нашае сэрца: ці гатова яно да прыходу Бога? На самой справе – ці гатова?…
Свечка
На стале гарэла свечка,
Я шукала сэнс жыцця…
Пад нагамі была сцежка -
Шлях з зямлі да небыцця.
У руках яснела свечка,
Думкі блытала падчас,
Як з нічога выбраць нешта?
Крык душы сціхаў штораз…
У вачах мільгала свечка,
Аднаўляла светам зрок,
Каб з удзячнаю усмешкай,
Мне зрабіць наперад крок.
Праз малітву грэла свечка,
Забірала мой цяжар,
Каб прыпамінаць увечар,
Што жыццё – ад Неба дар.
На стале гарэла свечка,
Я чакала, што знайду,
Пад нагамі была сцежка,
Па якой цяпер іду…
(08.12.2010г.)
Адвэнт
Адвэнт – час чакання
Да прыходу Збаўцы,
Доўгага маўчання,
Каб падрыхтавацца.
Момант пастановаў,
З дабраты ўчынкаў,
І жыцця адновы
Да карысных чынаў.
Каб адказна ведаць,
Што душой паспеем,
За Марыяй следам
Пойдзем у Бэтлеем.
Дзе народзіць Маці
Ў бядноце Сына,
Не ў багатай хаце,
У чужой гасціне.
Ахіне з пяшчотай
Простую стаенку,
У якой маленькі
Паратунак свету.
Чалавеку вельмі
Не стае даверу,
Неяк безнадзейна
Не хапае веры.
У малым Дзіцяці
Бачыць аднаўленне,
І ўстаць так цяжка
Часам на калені.
Запытайся сёння
Ў сябе самога:
Ці гатова сэрца
Да прыходу Бога?
(18.12.2011 г.)
Божае Нараджэнне
У Бэтлееме радасць стала –
Нарадзіўся Хрыстус Пан,
Марыя Сына калыхала,
На небе зорка ззяла нам.
На зямлю прыйшло збаўленне,
Святое Божае Дзіця,
Яму ўзнясём свае маленні –
Ён сімвал новага жыцця.
Хай Божы Сын нас аднаўляе,
Прыносіць радасць у кожны дом,
І сэрцы нашы адчыняе…
Усіх – з Калядамі!!! З Раством!!!
(12.12.2010 г.)
***
У беднаце-прастоце,
У малой стаенцы
Нарадзіла Маці
Збаўцу ўсяго свету.
Чым было прыкрыла,
З радасцю люляла,
З Юзафам маўкліва
Ў шчасці абдымала.
А на небе зорка
Ярка засвяціла,
І надзею ў сэрцах
Людзкіх абудзіла.
Хрыстус нарадзіўся –
Ва ўсім свеце радасць,
Кожны абудзіся
Да жыцця ў праўдзе!
(18.12.2011 г.)
Як нараджаецца любоў?
Як нараджаецца любоў?
Нам хтосьці скажа – гэта проста.
Але не тлумачэнне моў
Для жыхара маленькай вёскі…
Як нараджаецца любоў?
Нам нехта скажа – праз малітву.
Але не ў вымаўленні слоў
Глуханямога ад дзяцінства.
Як нараджаецца любоў?
Нам нехта скажа – праз ахвяру.
А сам шукае тых шляхоў,
У якіх зусім няма цяжару.
Як нараджаецца любоў?
Нам нехта скажа – праз учынкі.
А сам штодзённа зноў і зноў
Жыве ў граху без перапынку.
Як нараджаецца любоў?
Нам нехта скажа – праз рашучасць.
А сам баіцца тых адноў,
Якія раняць так балюча.
Як нараджаецца любоў?
Нам нехта скажа – праз пакуту,
Не здолеўшы прайсці і крок
У мазольным і малым абутку…
Як нараджаецца любоў?
Яна ўзнікае не адразу,
Але ўсяго крыніца – Бог,
І без Яго няма адказу.
Як нараджаецца любоў?
Праз смерць і Бога Ўваскрасенне,
Праз Цела Езуса і Кроў,
Яго Галгофу і Збаўленне!
(23.03.2013 г.)
Ірына Лямбовіч