Аборт ці жыццё?

У апошнія гады ў паліклініках  розных гарадоў Беларусі пачалі з’яўляцца кабінеты “За жыццё”, куды жанчын, якія прынялі рашэнне зрабіць аборт, накіроўваюць  для папярэдняй псіхалагічнай кансультацыі. Такія ж кансультацыі можна атрымаць ў розных пра-лайф (pro-life)  арганізацыях Беларусі, дзе ёсць свае спецыялісты. На пытанні нашага часопіса адказваюць псіхолагі Святлана Варанко (супрацоўніца кабінета “За жыццё” ў г. Віцебску, валанцёр дабрачыннага фонду “Адкрытыя сэрцы”) і Таццяна Фірысюк (псіхолаг дабрачыннага аб’яднання “Ратаванне немаўлят”). 

 

Распавядзіце, калі ласка, як праходзяць Вашыя кансультацыі?  

 

Святлана: 

 – Жанчыны прыходзяць да мяне па накірунку гінеколага, і  кожная сітуацыя індывідуальная. Часам проста супакойваю жанчыну, стараюся аддзяліць праблему ад дзіцяці, разам пашукаць рэсурсы і асэнсаванае жаданне нарадзіць. Бывае, простымі словамі распавядаю аб тым, што зараз адбываецца ў целе жанчыны, стараюся “ачалавечыць” дзіця. Іншым разам падрабязна папярэджваю пра наступствы для псіхічнага здароў’я, запрашаю прыйсці яшчэ раз, магчыма, з кімсьці з блізкіх. У кожным выпадку імкнуся захаваць сувязь паміж жанчынай і псіхолагам, кажу, што гатова падтрымліваць яе незалежна ад таго, якое яна прыме рашэнне.  

 

Таццяна:  

 – Спачатку знаёмлюся з жанчынай, разбіраюся з прычынамі, па якіх яна хоча перарваць цяжарнасць,  задаю пытанні, хто ведае пра яе стан, якая рэакцыя мужа, акружэння… Бо часам грамадскае меркаванне таксама ўплывае. У некаторых выпадках прапаноўваю дапамогу нашай арганізацыі.  

 Таксама паказваю муляжы немаўляці. Яны маюць такі ж самы памер і вагу, як сапраўднае дзіця. Жанчыны нярэдка бываюць шакаваныя, убачыўшы, што іх дзіця ўжо поўнасцю сфарміраванае.  

 І гэта сапраўды так. На 6-м тыдні ад зачацця ў дзіцяці ўжо ёсць вочкі, вушкі, носік, бачныя ручкі і ножкі, сэрца б’ецца 140-150 удараў у хвіліну, можна зафіксаваць працу мозгу. Дзіцяці патрэбны толькі час і ўмовы для далейшага развіцця і росту. 

 

– Ведаю, што вы – хрысціянкі. Ваша рэлігійная прыналежнасць неяк уплывае на вядзенне кансультацыі? Ці кажаце вы пра аборт як пра грэх? 

 

 

Святлана: 

– Звычайна я іду за кліенткай, іначай гэта можа быць успрынята як “уварванне”, або маніпуляцыя, і жанчына наўрад ці пачуе мяне. Часта яна і сама  блізка да таго, каб расцаніць свой намер як грэх,  і тады я пашыраю тэму. Пачынаю  размаўляць пра давер Богу, пра дзіця, як дар ад Яго, а таксама пра тое, чаму так складана прыняць гэты дар. 

 

 

Таццяна: 

– Калі для жанчыны гэта мае каштоўнасць, то імкнуся нагадаць ёй пра гэта.  Пытаюся: “для Вас гэта мае нейкае значэнне?”. Калі яна адказвае “так”, тады я пачынаю дыялог. 

 

– Сустрэлася з меркаваннем, быццам у кабінеце «За жыццё» псіхалагічна ціснуць на жанчын, каб яны захавалі цяжарнасць. Ці так гэта на самой справе? 

 

Святлана: 

– Думаю, меркаванне наконт псіхалагічнага ціску з’явілася невыпадкова.  Калі кансультаванне  толькі пачынала развівацца ў нашай краіне, медыцынскія ўстановы супрацоўнічалі з рознымі валанцёрскімі рухамі. І тады, і зараз ла-дзіліся цудоўныя семінары па падрыхтоўцы кансультантаў. Але магло здарыцца,  што ў агульным важная і далікатная падтрымка пераймала форму ціску.  

Тэма абортаў многім  вельмі балюча адгукваецца. Часам валанцёры, а можа нават і спецыялісты, уваходзяць ў гэтыя гісторыі пасля таго, як  больш-менш зацягнуцца іх  ўласныя раны; імкнуцца “дагнаць і ўчыніць дабро”, затрымаць, пера-сцерагчы любымі спосабамі. 

Акрамя гэтага, кожны псіхолаг падчас кансультавання жанчыны  сутыкаецца з адчуваннем надзвычайнай адказнасці, ўласным бяссіллем, бездапаможнасцю, сумам,  адчаем, часам нават злосцю. Вельмі няпроста ўсё гэта вытрымліваць і заставацца ў прафесійных межах.

 

 
 Таццяна:  

 – Калі падчас кансультацыі задаюцца пытанні пра сітуацыю жанчыны, гэта яе стамляе, і часам  успрымаецца як “ціск”. Таму я заўсёды падкрэсліваю, што выбар застаецца за жанчынай: “нават, калі Вы прыйшлі ў перадаперацыйнае аддзяленне, стаіце ў калідоры, або чакаеце ў калідоры перад аперацыяй, Вы можаце сабрацца і сысці. Нават калі будзеце ляжаць на аперацыйным стале і ў Вас будуць сумнівы, Вы можаце сысці”. 

 

– Якія жанчыны звычайна прыходзяць да Вас на кансультацыю?  

 

 

Святлана:  

   – У асноўным – гэта замужнія жанчыны ва ўзросце 25-35 гадоў, у якіх ужо ёсць дзеці, якія выйшлі на працу, або толькі збіраюцца гэта зрабіць. Звычайна яны ўжо хочуць завязваць новыя знаёмствы, рэалізавацца ў сацыяльным плане і палепшыць сваё матэрыяльнае становішча.  

 

Таццяна:  

– У нашай арганізацыі ёсць свой сайт, дзе можна знайсці нумар тэлефона. Я не ведаю, як жанчыны трапляюць на яго, але ў асноўным тэлефануюць з мэтай зрабіць аборт.  

І тут я пачынаю з імі размаўляць, імкнуся крыху працягнуць размову, таму што калі адразу скажу: “не рабіце аборт”, яны перарываюць размову. Мая ж мэта – даць інфармацыю. І, слава Богу, некаторыя вырашаюць захаваць цяжарнасць нават падчас такіх размоў па тэлефоне. 

Тэлефануюць жанчыны з розных куткоў Беларусі. Не магу дакладна сказаць, якога ўзросту, але ў асноўным – паўналетнія. Замужніх болей, але ёсць і незамужнія, якія проста “жывуць разам” з бацькам  дзіцяці. Бывае, што і мужчыны тэлефануюць.

 

 – Ці аналізуеце, ці  можаце гаварыць пра вынікі такіх кансультацый? Ці ёсць  канкрэтныя прыклады з жыцця? 

 

 Таццяна: 

– Так. Была ў мяне адна жанчына, 41 год, трэцяя цяжарнасць. Ужо прыняла рашэнне рабіць аборт, але пасля размовы па тэлефоне перадумала. Яшчэ адна жанчына ва ўзросце, у якой ужо былі дарослыя дзеці, у разгубленасці пыталася: “Куды мне?”. Мы з ёю паразмаўлялі, і яна, не дачакаўшыся заканчэння размовы, сказала: “Я ўсё зразумела: усяму прычына – наш эгаізм”.  Яна прыняла рашэнне захаваць цяжарнасць, але потым здарыўся выкідыш, і яна вельмі перажывала з-за гэтага. У той жа час гэта быў свайго роду духоўны адказ…  Гэтая жанчына прыняла правільнае рашэнне і захавала жыццё дзіцяці, а далей атрымалася тое, што атрымалася, але ўжо не па яе віне.  

Калі ў жанчын пытаеш, што для іх аборт, магу сказаць, што ўсе адказваюць: “Забойства”. Але ўсё роўна многія яго робяць. Для мяне, напрыклад, быў блюзнерскім адказ адной жанчыны: “Я адмалю”… 

Была яшчэ адна сітуацыя. Праз некаторы час пасля лекцыі ў адной навучальнай установе мне тэлефануе малады чалавек і кажа: “Мы – непаўналетнія, хочам захаваць дзіця…”.  Потым  даведваюся, што яго дзяўчына была на лекцыі, а яны патэлефанавалі па кантактах з буклету, які я раздавала студэнтам.   Я была ў захапленні ад гэтага маладога чалавека, ад таго, наколькі ён узяў адказнасць: сам патэлефанаваў, дамаўляўся і прыехаў са сваёй дзяўчынай.

Былі праблемы з бацькамі абаіх, але найбольш – з бацькамі дзяўчыны. Канешне, я іх падтрымала, паразмаўляла з маці дзяўчыны, і, слава Богу, яны захавалі цяжарнасць, але гэтаму пасадзейнічалі таксама ўрачы. Гэта, можа, “капля ў моры”, але нават “капля” пераконвае, што займацца гэтым варта.

 

Святлана: 

   –Самая цяжкая для мяне катэгорыя жанчын – гэта студэнткі медыцынскага ўніверсітэта, які ёсць у нашым горадзе. З аднаго боку гэта здольныя амбіцыйныя адчувальныя дзяўчаты, якія добра разумеюць, што адбываецца ў іх улонні, і што зачатае дзіця – чалавек. Але з іншага – ім складаней сумяшчаць навучанне з мацярынствам, як часамі атрымліваецца ў дзяўчат іншых навучальных установаў.  

Пазітыўныя вынікі, вядома ёсць, але я даведваюся пра іх часцей выпадкова, часам – са спецыяльнага журналу ўліку жанчын, якія захавалі цяжарнасць, або хтосьці з медперсаналу паведамляе, што пасля кансультацыі жанчына звярнулася з намерам стаць на ўлік па цяжарнасці.  Як адбылося, напрыклад, з  А. На кансультацыі яна свае канфліктныя пачуцці апісвала як “грамадзянскую вайну”. Напэўна, атрымалася знайсці кампраміс у гэтым пытанні.  

Бываюць выпадкі, што жанчына прыходзіць зноў на кансультацыю праз 1,5 – 2 гады пасля першай. І я даведваюся, што тады яна дзіця захавала, але ў той жа час хвалююся, якое рашэнне яна прыме зараз?   Так адбылося з В. Першы раз на кансультацыю яна прыйшла  ў  разгубленым стане,  бо давучвалася ў школе апошні год, а з хлопцам не было ўпэўненасці ў адносінах. Тады з ёй было некалькі сустрэч і тэлефонных размоў, таму я яе вельмі добра запомніла. За гэты час, пакуль не бачыліся, яна выйшла замуж за свайго хлопца, нарадзіла хлопчыка і паступіла на завочнае аддзяленне ва ўніверсітэт.  

Бывае таксама, што да мяне прыходзяць з падзякай. Напрыклад, С.  была ў разгубленасці, калі даведалася, што цяжарная трэці раз. Мы спакойна абмеркавалі сітуацыю, крыху пажартавалі, я распавяла пра свой уласны вопыт  шматдзетнасці, і гэта прынесла свой плён. 

 

 

Размаўляла Марына ВАЛАСАР 


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий