Бог са смакам хлеба

а. Я. Голуб, OFMConv

а. Я. Голуб, OFMConv

“Свет ужо не будзе такім, як раней”, – так штораз часцей абсалютна розныя людзі акрэсліваюць актуальную каранавірусную рэчаіснасць. І хоць мудры  Эклезіяст пераконвае нас, што “няма нічога новага пад сонцам”, кожнае чалавечае пакаленне мае сваю асабістую “школу” вартасцяў, якія адкрывае, пераадольваючы цяжкасці. А для нашых адносінаў з Богам – гэта яшчэ і своеасаблівы  “тэст на са-праўднасць”, які  дазваляе спаткацца веры і рэальнасці.

 

 

“Карона-крызіс”

У сцэнах з Евангелля, што распавядаюць пра маленства Езуса, наўмысна ці не евангелісты  схавалі  геніяльную інтуіцыю: там, дзе сустракаецца разам уся Святая Сям’я, заўсёды паяўляецца  нейкі крызіс: спачатку  святы Юзаф не  знаходзіць сабе месца, бо нявеста таямнічым чынам зацяжарыла, пасля  Нараджэнне  Божага  Сына азмрочана адсутнасцю даху над галавой, а ў дадатку адзіныя, хто прысутныя пры гэтым, – “нячыстыя” разбойнікі-пастухі ды мудрацы-язычнікі. Далей – цікавей: трывожнае для Марыі прароцтва старэчы Сімяона і – у якасці своеасаблівай кульмінацыі – на  дванаццацігоддзе бацькі ненаўмысна губляюць малечу  Езуса ў Ерузалеме аднаго  амаль на цэлы тыдзень. І ва ўсім гэтым Божым балагане Святая Сям’я ні на хвіліну не губляе ўзаемнай любові, клопату і пашаны адно да аднаго. Менавіта ў крызісе – зваротным пункце, што мае дапамагчы акрэсліцца і выпрабаваць сябе і навакольныя абста-віны – узаемныя адносіны Езуса, Марыі і Юзафа “здаюць  экзамен”  на «выдатна». Складаныя абставіны дазваляюць нам убачыць сапраўднае аблічча гэтай сям’і, без цукру і пудры.

Сам  тэрмін “крызіс”, што бярэ паходжанне ад грэцкага “аддзяляць”, ёмка  апісвае  рэакцыі грамадства на пандэмію каранавірусу: ад экстрэмальных яе праяваў у постаці страху ці лёгкадумнасці да ўзважанага і адказнага падыходу. Што ні чалавек – то свой погляд. Тэорыі і планы дзеяння з хуткасцю змянялі адно аднаго, новыя звесткі адносна хваробы патрабавалі распазнання і “аддзялення” рэчаіснасці ад здагадак.

Меркаванне братоў і сясцёр у Хрысце таксама не было адна-значным. Хтосьці ўспрымаў каранавірус як Божую кару і заклік да пакаяння. Для іншых жа ён быў  магчымасцю  яшчэ  раз  за допустам Божым дасведчыць усемагутнасці Стварыцеля. Некаторыя абіралі Арыстоцелеву “залатую сярэдзіну” – “на Бога спадзявайся, а маскай карыстайся”, а  ў касцёльнай крухце ля  крапільніцы з’явіўся антысептык.

 

“Катэхеза паняволі”

Можна доўга і змястоўна апісваць тыя працэсы ў нас, якія ўрухоміла  пандэмія. Варта падкрэсліць ахвярную працу медыкаў, нястомнасць ды ініцыятыўнасць валанцёраў, адкрытыя сэрцы ўсіх неабыякавых, якія ўчынкам і малітвай давалі са-праўднае хрысціянскае сведчанне. Гэты час паказаў і працягвае паказваць нам нашае ўласнае чалавечае аблічча. Але сёння прапаную  паглядзець  на некалькі  мінулых месяцаў як на своеасаблівую “катэхезу”. Катэхезу, якую паняволі правяла нам пандэмія. Катэхезу на тэму таго, што ў нашай веры істотнае, з чаго яна складаецца.

Некаторыя з маіх знаёмых, што  знаходзіліся  ў  час найбольшага ўзросту эпідэміі ў самаізаляцыі, з нечаканасцю адкрывалі ў сабе прагненне малітвы. Вядома, калі  ўсе  хатнія справы  пераробленыя, залеглыя кнігі прачытаныя, а гучныя спатканні немагчымыя, у чалавеку застаецца шмат вольнай унутранай прасторы, памножанай на прагненне спаткання. Плюс – трохі больш вольнага часу. Да таго яшчэ атмасфера Вялікага Посту і ўзрост інтэрнэт- актыўнасці з боку Касцёла.

Бог блізкі ў штодзённасці, у маім “сёння”. Бог, які дазваляе трывожнасці  адступіць  і дае надзею. Найбліжэйшыя асобы становяцца супольнасцю, праз якую вучуся любові ў малых перамогах над уласным эгаізмам. Адкрываю адказнасць за здароўе і дабро іншых, калі, парадаксальна, “быць бліжэй” раўняецца “трымаць дыстанцыю”. Пераконваюся ў патрэбе трывання ў асвячальнай ласцы (на выпадак “калі што якое”, бо ў шпіталь святару ўжо ніяк не дайсці, каб паспавядаць, –  каранцін), а да таго яшчэ больш усведамляю абмежаванасць (чытай, вартасць) свайго зямнога жыцця.

 

“Адпачынак ад Імшы”

Але найбольш мае знаёмыя і сябры каталікі скардзіліся на голад. Голад  святой Імшы, голад яе рэчаіснага і супольнага перажывання. Некаторыя нават засумавалі па смаку Эўхарыстыі і адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту. Спачатку перажывалі святочныя Эўхарыстыі на адкрытым  паветры, весела пазіраючы на знак супакою з-пад маскі. Пасля ў белых кашулях і нядзельных сукенках, седзячы на ўласных канапах, яны спраўна ўдзельнічалі ў трансляцыях, карысталіся з дыспэнсы.

Магчымасць удзельнічаць у святой  Імшы  з  дапамогай тэх-нічных сродкаў шмат для каго стала ратункам і вялізнай дапамогай не страціць Бога з даля-гляду. Знаёмыя парафіянкі сталага ўзросту цешыліся з магчымасці  глядзець  трансляцыі,  слухаць казанні, удзельнічаць у набажэнствах, якую атрымалі, “пасябраваўшы” з інтэрнэтам, дзякуючы “прасунутым” дзецям і ўнукам. Выходзячы на святую Імшу і звяртаючыся да нябачных, але прысутных яе ўдзельнікаў, моцна ўспрымалася праўда пра “каталіцкасць” Касцёла: хоць небяспечная хвароба раз’яднала нас фізічна, мы ўсё ж такі знайшлі спосаб быць разам. На жаль, існавала таксама небяспека, што тая “віртуальная прысутнасць” ўспрымалася б, як своеасаблівы “дазвол не ўдзельнічаць”, “адпачынак” ад касцёла  і Літургіі. І тут варта падкрэсліць: справа не ў дыспэнсе, як найбольш своечасовай, а  ў  яе  ўспрыманні намі. Калі на словы “святая Імша” першая рэч, якая прыходзіць у галаву, – гэта абавязак, унутраны прымус, а не спатканне з любячым Богам – такі стан абсалютна натуральны.

Адначасова адкрыццё, што ў поўнай незразумелых сімвалаў і старажытных тэкстаў Літургіі прысутны  жывы  Бог “ажыўляе” і  нашае  да яе стаўленне. “У найбольш  таямнічай з боскіх кніг запісаная праўда, якая адначасова з’яўляецца загадкай. Людзі найбольш нудзяцца новымі  рэчамі,  модамі, праектамі і  ўдасканаленнямі.  Менавіта  старыя рэчы з’яўляюцца маладымі…  Мы, якія  здзяйсняем  старое,  абдараваныя  прыродаю вечнай спадчынай”. Вось такім парадаксальным чынам спрабаваў растлумачыць гэты працэс “прынц парадокса” Гільберт Кейт Чэстэртан – англійскі пісьменнік, які ўжо ў сталым узросце стаў каталіком, захапіўшыся таямніцай прысутнасці Бога.

 

“Сядай за стол!”f-str-27

Адзін са знаёмых пробашчаў, добры і руплівы  душпастыр, па-дзяліўся ідэяй прыгожымі запрашэннямі асабіста паклікаць кожнага  з парафіянаў на ня-дзельную святую Імшу пасля таго, як дыспэнса перастане дзейнічаць. Час ад часу ўспамінаю гэтую ідэю і яна дазваляе мне лепш  зразумець  літургічную “катэхезу” каранавіруса. Абсалютна  памылкова  дзяліць вернікаў на смелых  і баязлівых, больш і менш верных – Езус з кожным будуе адносіны на яго ўласную меру, якую маем магчымасць распазнаваць ў вольнасці сумлення. Адначасова, калі не змяняю звычак і спраўна паяўляюся паўсюль, апроч Божага дому, спасылаючыся на небяспеку, – проста сам сябе падманваю. Мы не патрабуем за-прашэння ў касцёл, бо кожнае дзіця ведае: бацькоўскі дом – гэта яго родны дом. Там чакаюць, прымуць, выслухаюць, накормяць… Магчыма, не заўсёды атрымліваецца гэта адчуць. Стоячы на вуліцы ці седзячы ў апошняй лаўцы, не ўспрымаеш сябе седзячым за накрытым сталом, запрошаным  на  гасціну. Але менавіта так яно і ёсць! Гэтыя словы, якія пачуеш, здольныя  насыціць, калі адкрыеш на іх сваё сэрца і розум. Прыняты з  пашанаю  белы камунікант з прэсным хлебным смакам змяшчае ў сабе Створцу неба і зямлі, незразумела блізкага Бога, здольнага падтрымаць і ўмацаваць у любую хвіліну  цяжару.  Той  самы мудры скептык Эклезіяст ізноў меў рацыю – усё пераміне, а Ён застанецца.

 

   а. Яўген ГОЛУБ, OFMConv 


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий