Паглядзі на неба – ці не зіхаціць ужо першая зорка? Ці не вядзе яна нас, сённяшніх, да Нованароджанага Дзіцятка, як тая, што прывяла Мудрацоў з Усходу? Гэтае святло вельмі патрэбнае нам, бо Бог ужо жыве ў нашых сэрцах, толькі мы часта губляем шлях, які вядзе да Яго.
Пра Таго, Хто з’яўляецца ззяннем і кліча нас да Сябе, разважаем сёння разам з кс. Андрэем ЛЫСЫМ, SChr.
…Чакаем зіму, чакаем, што белая коўдра снегу накрые зямлю. А калі мароз ачышчае паветра так, што ясней зіхацяць зоркі, свае думкі звяртаем да надыходзячых Свят Божага Нараджэння. Якія гэта святы ў нашым жыцці, кожны з нас добра ведае, але хочацца ўсцяж нанова перажыць іх у гэтым годзе.
Сучасны свет нястомна падкрэслівае “чароўнасць”, “цеплыню” і “сямейнасць” гэтага часу, і, каб атрымаць з гэтага выгаду, падае кожны год новыя прапановы ўпрыгожвання дамоў, ялінак і магазінных вітрын. Ва ўсім гэтым гомане прыгатаванняў вельмі часта губляецца цішыня і супакой, а таксама тое, што сапраўды найважнейшае.
Сродкі масавай інфармацыі нічога не гавораць пра прыход Божага Сына, пра бедныя яселькі, толькі даюць чарговыя прапановы “святочных” акцый і закупаў. Але… Насамрэч, што нам з таго, што паклапоцімся і старанна прыгатуем традыцыйны вігілійны вечар і вячэру, што з таго, што нашыя ялінкі будуць прыгожа зіхацець тысячамі агеньчыкаў, калі нашыя сэрцы будуць пустымі? Ці сэрца сапраўды насыціцца павярхоўным святкаваннем вялікай Таямніцы Божага Нараджэння?
…Затрымаемся на хвілінку ў гэтай беганіне не вядома за чым і звернем свой позірк, сваё сэрца і свае думкі на таямніцу гэтай Бэтлеемскай ночы.
Вось здаля ад гоману свету ў цішыні ночы прыходзіць на зямлю Дзіцятка Езус – наш Збаўца. Ён не хоча фанфараў і паклонаў ад багацеяў, Яго акружаюць анёлы, якія праслаўляюць Бога за Яго бясконцую Міласэрнасць. Ён не патрабуе бляску ўспышак і папулярнасці, бо кланяюцца яму пастушкі, якія сваімі простымі і поўнымі даверу сэрцамі прынялі навіну Божых пасланнікаў. Не патрабуе Ён ніякіх скарбаў, ані каштоўных падарункаў, бо на сене перад ім кленчаць тры каралі, прыносячы золата, кадзіла і міру. Але ва ўсім гэтым існуе толькі адна “рэч”, якую Нованароджаны Езус патрабуе, – гэта нашыя сэрцы, такія самотныя, разгубленыя, запрацаваныя і стомленыя. У гэтых сэрцах Ён знойдзе свой сапраўдны дом, калі для Яго зробім там месца. І толькі тады Божае Нараджэнне станецца праўдзівым часам прыняцця Бога ў нашым жыцці. Толькі тады і будзе для нас са-праўднае Свята!
Навошта Бог прыйшоў на зямлю? Чаму выбраў убогасць і цярпенне? Адзіным адказам на гэтыя пытанні з’яўляецца Любоў. Бо навошта ж Ён пакінуў неба і прыйшоў да нас “раздзяляць цяжар дня і спёкі”, раздзяляць з намі нядолю і цярпенне? Добра гэта разумеем… Ці ж і мы, кіруючыся Божым натхненнем, не здольныя ўсё прысвяціць таму, каго любім? Можа, гэтыя словы падаюцца вельмі ўзнёслымі, але менавіта так робіцца ў шматлікіх “звычайных” выпадках чалавечага жыцця. Бацькі аддаюць сваім дзецям усё: працуюць, каб іх утрымаць, часам не спяць па начах праз іхнія хваробы, розныя хатнія клопаты, прысвячаюць усё сваё жыццё, каб выхаваць іх цудоўнымі і добрымі людзьмі. Гэта вось такі, як падаецца, звычайны парадак жыцця ў сям’і. Гэта і ёсць Любоў! Але ж гэта таксама адлюстраванне Божага Аблічча ў нас і сведчанне таго, што ўсе мы з’яўляемся Яго дзецьмі.
Такім чынам, Бог ахвяраваў усё, каб стацца адным з нас і вызваліць нас ад грахоў. Святая Клара пісала: “Так вялікі Пан прыйшоў ва ўлонне Дзевы, захацеў у свеце быць пагарджаным, бедным і ўбогім, каб вельмі бедныя і ўбогія людзі, якія балюча адчуваюць недахоп нябеснага пажытку, сталіся ў Ім багатымі. Бо такім чынам ён дае ў сэрцы Нябеснае Валадарства”. Гэта ж мы ўсе з’яўляемся такімі беднымі, бо ніхто сам сябе не здолее напоўніць сапраўдным шчасцем і любоўю, а тым больш любоўю вечнай, да якой дарога пачынаецца ўжо тут, на зямлі. Да гэтага шчасця – Спрадвечнага Бога – мы імкнёмся і набліжаемся праз кожны ўчынак дабрыні і любові. Нават калі здабудзеш усё, што можна мець на зямлі, усё, што прапануе сучасны свет, – гэткую “падробку” шчасця, то ўсё роўна яна ніколі не напоўніць нашага сэрца, заўсёды будзе замала… А калі ў пакоры і прастаце, у поўнай праўдзе пра сваю слабасць прымеш у сэрца Нованароджанага Хрыста, тады адчуеш паўнату шчасця і асалоды і зразумееш, што больш ужо нічога мне не трэба. Тады жыццё станецца сапраўдным радасным спевам, які будзе гучаць учынкамі дабрыні, і іншыя гэта адчуюць і зразумеюць, чым ёсць Добрая Навіна!
Сёлетнія Святы Божага Нараджэння не першыя ў дзеях Касцёла і ў нашым жыцці, але ўсцяж хочам захапіцца тым цудам, які здзейсніўся 2025 год таму. Гэты цуд трывае да сённяшняга дня і будзе трываць аж да сканчэння свету. Толькі вось мы на яго часам зусім не звяртаем увагу. А ўсё таму, што Бог прыходзіць вельмі ціха, як у тую ноч у Бэтлееме. Узнёслая таямніца адкрываецца тым, хто цалкам і бязмежна даверыўся Богу. Марыя і Юзаф прынялі волю Бога, хаця, напэўна, яе да канца не разумелі. Усемагутны падараваў ім найбольшы скарб, які толькі мог ім даць. Тым самым Скарбам бесперастанку адорвае і кожнага чалавека – дае Сваю Любоў, Свайго Сына. Усё дзеля таго, каб Езус і для нас стаўся Найбліжэйшым Дзіцяткам, каб мы ўзялі Яго пад апеку да сваіх сэрцаў. У нашых сэрцах Бог шукае яслі, дзе мог бы нарадзіцца і яснець Сваёй хвалою.
Як мы сёння ўвайходзім у гэтую таямніцу? Ці не губляецца яна цалкам у гомане прыгатаванняў да Свята? Каб сапраўды глыбока перажыць сутнасць падзеі Божага Нараджэння, мы павінны мець добрую падрыхтоўку падчас Адвэнту.
Калі прымем Пана ў нашыя сэрцы, то яны адразу напоўняцца любоўю і радасцю. Спяваючы прыгожыя калядныя спевы, хочам паглядзець вачыма веры на яселькі, на маленькага Езуса, а потым на табэрнакулюм. Праз гэта зразумець і яшчэ больш захацець прыняць Яго ў нашыя сэрцы ў Святой Камуніі, а цуд Уцелаўлення сузіраць падчас кожнай святой Імшы. Гэта той самы Езус усцяж нараджаецца на алтары і ў нашых сэрцах. Езус у Сваім хвалебным Целе прысутны таксама як Дзіцятка, у якім існуе такая самая паўната боскасці, як і ў прыбітым да крыжа Богу-Чалавеку.
Паглядзі на неба – ці не зіхаціць ужо першая зорка? Вось няхай яна паказвае дарогу да нашых сэрцаў, як тая зорка, што прывяла Мудрацоў з Усходу. Гэтае святло вельмі патрэбнае нам, бо Бог ужо жыве ў нашых сэрцах, толькі часам мы самі губляем шлях, які вядзе да Яго. Ён з’яўляецца ззяннем і ціхім правадніком, Ён кліча нас да Сябе.
Хочам мець наш позірк заўсёды скіраваны на Езуса, так, як Марыя, якая чувае пры Дзіцятку, што спіць, заўсёды верная, заўсёды любячая, уражлівая да кожнага руху гэтага “крохкага” Жыцця. Хочам так, як яна, заўсёды быць вернымі Богу і заўсёды быць падданымі Яго волі. Знак Бэтлеемскіх ясляў паказвае, што менавіта такія вяршыні даверу прыводзяць Бога на зямлю.
Бог, Стварыцель свету, прыходзіць на гэты свет як Бог-Чалавек, каб быць як мага бліжэй да свайго стварэння, каб зблізу бачыць і падзяляць нашыя клопаты, радасці, турботы і надзеі. Ён не хоча быць недасягальным і адлеглым, але як Нявіннае Немаўля запрашае нас, каб мы разам з Ім і праз Яго сталіся Божымі дзецьмі. Дзецьмі паслухмянымі і цалкам даверлівымі пастаяннай апецы любячага Айца. Час любові і ласкі – гэта час усяго жыцця, бо падчас яго трывання мы пастаянна абдараваныя любоўю і клопатам Стварыцеля. З гэтай скарбніцы мы пастаянна дастаём усё, што патрэбнае для трывання. Так, як Марыя пры ясельках, хочам, каб Бог сваёй любоўю фарміраваў нашае жыццё.
Няхай прыходзячы Хрыстус сагрэецца ў нашых любячых сэрцах і знойдзе адчыненыя дзверы душы не толькі цяпер, падчас сямейных, поўных радасці, цяпла і прабачэння Свят, але няхай таксама так будзе і праз усё нашае жыццё!
Са Святамі Вас, шаноўныя чытачы!
Кс. Андрэй ЛЫСЫ, SChr
Фота Карнэлія КОНСЭКА,SVD