Божы дэтэктыў

а. Я. Голуб, OFMConv

а. Я. Голуб, OFMConv

Кожны пачынаючы аўтар дэтэктываў ведае адну простую рэч: перш чым апісваць крок па кроку захапляльныя расследванні, трэба спачатку самому разумець матывы і памкненні герояў, ведаць гісторыю, якую збіраешся расказваць чытачам “шыварат-навыварат”, так, кааб яны правільна інтэрпрэтавалі падзеі. Бо, калі дазволіць сабе асалоду “вольнай  творчасці” без свядомасці “што далей”, – хутка моцная гісторыя пераўтворыцца ў абы-што.

 

 

Менавіта інтэрпрэтацыя рэчаіснасці дапамагае нам збольшага разумець сябе і свет навокал. Яна – прычына існавання гісторыі ды мастацтва, адна з першых прыступак на лесвіцы веры. Уся Традыцыя Касцёла, што тлумачыць нам Святое Пісанне, з’яўляецца ні чым іншым, як спробай зразумець факт  існавання Бога і чалавечых  адносін з Ім, памножанай на два з хвосцікам тысячагоддзі. 

 У сярэдняй школе, натхнёны шматлікімі  казаннямі і канферэнцыямі, я  вырашыў прачытаць Новы Запавет запар. Роўна пяць разоў пачынаў гэта рабіць з  Евангелля  паводле Мацвея, смела  адкрываючы першы яго раздзел. І роўна пяць разоў кідаў гэтую справу, перапалоханы  старазапаветнай “санта-барбарай” Езусавага радаводу. Проста большая частка імён “айцоў нарадзіўшых сыноў” на той час была для мяне абсалютна незнаёмай, таму, хоць гісторыя і прыцягвала таямнічасцю, нагадвала чытанне тэлефоннага даведніка. Пасля ўжо стараннасць душпастыраў і шэсць гадоў семінарыі запоўнілі некаторыя прабелы ў багаслоўскім выхаванні, аднак, колькі ні чытаю гэты фрагмент – заўсёды ўсміхаюся. Зусім інакш падыходзіў бы да справы сучаснік і суайчыннік  евангеліста,  для  якога той самы радавод быў нібы супольны сямейны фотаздымак: кожны на ім вядомы, пра кожнага можна і словы ўдзячнасці сказаць, і гісторыю з мінулага прыгадаць:  часам нязручную, а часам – смешную. А ўся справа – ў яе вялікасці інтэрпрэтацыі.

Красавік са сваім сонейкам і росквітам як найбольш пасуе для падзеі, што сталася фактам дзве  тысячы гадоў таму і да сёння мае вялізны ўплыў на кожную хрысціянскую душу. Гаворка  ідзе,  само  сабою,   пра ўрачыстасць Уваскрасення Пана. Святы Павел сцвярджае, што  калі  б Хрыстос не ўваскрос, “дарэмнае  нашае навучанне  і  дарэмная  нашая вера”, і мае рацыю. Ведаю – ведаю, зноў  пачнецца спрадвечная дыскусія, кшталту: “А ці было яно насамрэч, уваскрасенне?”. Дыскусія настолькі ж займальная, наколькі і бессэнсоўная, бо не пераканае тых, хто не хоча быць перакананы: ужо ў самім вышэй узгаданым Евангеллі паводле Мацвея  апошні раздзел паказвае  версію фарысеяў з выкраданнем цела Езуса апосталамі, якая, паводле аўтара, “трывае і да сёння”. Мяне ж заўсёды цікавіла іншае, а менавіта – што факт Уваскрасення можа сказаць хрысціянам? Безумоўна, перш за ўсё гэта спаўненне ўсіх абяцанняў Бібліі, пацвяр-джэнне Добрай Навіны і боства Хрыста для кожнага. Але ў маёй асабістай гісторыі жыцця што гэта значыць, да чаго вядзе? Гісторыя  ўзаемаадносін чалавека з Богам ад стварэння су-свету, як добры дэтэктыў, скіроўвае  нас  праз  Святое Пісанне да моманту, які мае ўсё расставіць па паліцах. Гэтым момантам і ёсць Смерць і Ўваскрасенне Хрыста – кульмінацыя настолькі моцная, што і сёння здзяйсняецца штодня падчас Эўхарыстыі. А ключом  для яе  зразумення з’яўляецца тое, на што ў літургіі  звяртаем увагу сем дзён пасля, а  менавіта –  Божая  Міласэрнасць.

На пачатку свайго пантыфікату Ян Павел ІІ стварыў даволі канцэптуальны праект – свое-асаблівы “трыпціх”, што складаецца  з  трох першых яго энцыклік. Святы Айцец разумеў, што добры настаўнік павінен пачынаць ад асноваў, таму тэмаю іх  было разважанне над таямніцаю Бога -Тройцы і нашых з Ім адносін: “Redemptor hominis”(1979) прызывала ўсё аднавіць у Хрысце, апошняя “Dominum et vivificantem” (1986) – была прысвечана Святому   Духу.  А што  было  паміж імі, запытаеце? А паміж імі была “Dives in misericordia” (1980), што ўказвае нам вобраз Бога-Айца, “багатага  на міласэрнасць”. Менавіта  на  яе і звернем нашую ўвагу.

З  міласэрнасцю вельмі часта здараецца, як з Дзедам Марозам: усе вераць, мала хто разумее, ніхто не бачыў. Паступова з канкрэтнага досведу можа яно пераўтварыцца ў святочны штандар і ўсім вядомы слоган. Каб гэтага не дапусціць, пас-прабуем  з  дапамогай Яна Паўла ІІ разабрацца, чым жа з’яўляецца таемная “Божая Міласэрнасць” і як звязаная з Уваскрасеннем Хрыста. Папа падкрэслівае, што  міласэрнасць “ у  сваім уласцівым і поўным кшталце праяўляецца ў  якасці падкрэслення, узняцця, здабыцця дабра з усялякіх пластоў зла, якое трывае ў свеце і ў чалавеку. “У гэтым значэнні, – звяртае ён  увагу, – міласэрнасць з’яўляецца асноўным зместам месіянскага закліку Хрыста і канстытутыўнай  сілай  Яго пасланніц-тва”. Ян Павел ІІ нагадвае, што вяршыняю   ўказання  Божай  Міласэрнасці з’яўляецца пасхальная таямніца Хрыста. “Крыж з’яўляецца найглыбейшым  актам прыхільнасці Бога да чалавека, да таго, што чалавек – асабліва ў цяжкіх і балесных хвілінах – называе сваім лёсам”. Гатоўнасць Бога прыняць сваіх марнатраўных сыноў і дачок невычэрпная, а абмежаваць яе могуць толькі нашыя ўласныя заўзятасць і недахоп пакуты. Разам з тым, паводле зместу энцыклікі, міласэрнасць не з’яўляецца паблажлівасцю ў адносінах да  зла, а ўмоваю прабачэння з’яўляецца ўсведамленне граху і крокі да яго выпраўлення.

Уваскрослы Хрыстос пакідае на  сваім  адноўленым  целе знакі крыжовай  Мукі, якія для нас адначасова і праява Яго любові, і напамін кошту, якім быў аплочаны наш грэх. “Пасхальная таямніца з’яўляецца найвышэйшай  кропкаю гэтага ўказання  (гаворка  ідзе  пра гісторыю збаўлення) і рэалізацыяй міласэрнасці, якая можа апраўдаць чалавека, вярнуць справядлівасць у значэнні таго самага  збаўчага  ладу,  які Бог ад пачатку запланаваў  у чалавеку, а праз чалавека – у свеце.

Пасхальная таямніца – гэта Хрыстос на вяршыні ўказання неспазнанай таямніцы Бога. Менавіта тады спаўняюцца да канца словы, прамоўленыя падчас Апошняй Вячэры: “Хто бачыў  Мяне, бачыў Айца” (Ян 14,9).  (Dives in misericordia, 7 — 8).

Уваскрослы Хрыстос – гэта неаспрэчны факт, якому доказ дае досвед Ягоных вучняў. Незалежна ад таго, вераць яны ў перамогу над смерцю, ці не, хочуць  зноў  пабачыць Яго на ўласныя вочы, ці ўцякаюць ад Яго (а заадно і ад сябе саміх), поўныя непрабачэння сваіх жа ўчынкаў, сораму і роспачы. Божая міласэрнасць – інтэрпрэтацыя гэтага факту, падказка, што ім з той праўдай зрабіць.

f-str-27Цалкам магчыма, што і мы не так  далёка адышлі ад апосталаў у прыняцці факту перамогі Езуса над смерцю, а захапленне  над гэтай  лёсавы-значальнай Таямніцай скончыцца з апошнім акордам Літургіі Вялікай Суботы. Не бяда, застаецца нам яшчэ свядомасць Божага прабачэння, сілы, здольнай падняць нас з самага  глыбокага  кола  нашага  ўласнага   пекла, спачування, якога не здолеем  знайсці ні ў адной іншай асобы на зямным шары. І гэтая свядомасць ускосна  пацвярджае  нашую  веру ў  Змёртвыхпаўсталага і на-дзею на ўдзел у Яго перамозе. А значыць, калі прыгледзімся да ўласнага жыцця з гэтай перспектывы –здолеем заўважыць, што ўсе асобна  расстаўленыя падзеі, выбары, словы і зместы злучаныя  адной лініяй. У шэрагу абсалютна  не  звязаных паміж сабой здарэнняў, як і ў кнігах Святога Пісання, зможам убачыць Божы дэтэктыў, загадку якога на нашых вачах раскрывае Аўтар.

 

   а. Яўген ГОЛУБ, OFMConv


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий