Дабро… Гэта заўсёды тое, што прыязнае, што лічыцца маральным, прыстойным, карысным і што грамадства лічыць годным пераймання. Можа, нават, яно не заўсёды заўважальнае, але на ім трымаецца сусвет… А навошта супрацьлеглае дабру? На жаль, і яно існуе побач, яго таксама многа ў нашым жыцці.
Гэтай тэме прысвечаны разважанні канцлера Пінскай курыі кс. Андрэя РЫЛКА.
Няма ў свеце такога чалавека, які не хацеў бы, каб у яго ўсё было добра. Ды калі ўсе людзі прагнуць дабра, адкуль жа бярэцца зло? Чаму з добрых сем’яў часам выходзяць нядобрыя людзі? Чаму добрыя людзі трапляюць у бяду, становяцца калекамі, хварэюць, паміраюць? Чаму Бог не бароніць тых, хто Яму бязрэшты адданы? Чаму ў свеце столькі зла?
Колькі існуе чалавецтва, столькі людзі шукаюць адказу на гэтыя пытанні. Мы, па-людску, можам гадаць ці прыдумваць. А стопрацэнтны адказ на гэтыя пытанні ведае толькі Бог (Ер 29, 11-13). І Ён не маўчыць. Ён не перастае адказваць на нашыя пытанні ў Святым Пісанні, і ў глыбіні сэрца ў кожнай шчырай малітве.
Біблія тлумачыць, што на самым пачатку створаны Богам свет быў ідэальным, у ім не было ніякага зла (Быц 1,31). Бог стварыў анёлаў і людзей з падобнай Яму здольнасцю – вольнай воляй, свабодай выбіраць і самавызначацца (Быц 1, 26). Гэтая здольнасць была дадзеная дзеля таго, каб гэтыя разумныя істоты маглі не толькі пазнаць Бога сваім розумам, але і захацець жыць у гармоніі з Ім паводле ўласнага выбару, адказаць любоўю на Яго любоў (1 Ян 4,8; Эф 3,9; Мудр 3,9). Але некаторыя анёлы скіравалі гэтую любоў на саміх сябе.
Так самалюбаванне, пыха і эгаізм прывялі некаторых анёлаў да таго, што яны адвярнуліся ад Бога і пастанавілі знішчыць вянец Яго тварэння – чалавека (ККК, 1850). Так Святое Пісанне вучыць, што зло не было створана Богам, яно не з’яўляецца чымсьці асобным ад дабра. Зло – гэта скажэнне дабра, сапсаванасць, якая пачалася з адкідвання Бога і Яго ладу (ККК, 391). Таму і няма такога зла (скажэння), якое нельга было б выправіць. Бог можа ўсё (Лк 1, 37). Але Ён не жадае насільна змушаць таго, хто ад Яго адвярнуўся, вярнуцца ў рай. Бо ў раі няма месца для прымушэння, нявольнікаў і сапсаванасці.
Як ведаем з Бібліі, упалы анёл (дэман) падманам адвярнуў ад Бога таксама першых людзей (Быц 3,1-19; ККК, 397). Гэтую падзею называем “першародным грахом”. Злы дух паабяцаў першым людзям, што калі яны адвернуцца ад Бога, пакінуць рай, то ім будзе яшчэ лепей, яны стануць багамі. Людзі паддаліся на падман злога духа і адкінулі Бога (Ян 8,44). А Бог ушанаваў іх выбар, дазволіў чалавецтву паспрабаваць пажыць у “нярайскім” свеце. Так пачалася гісторыя гэтага грэшнага свету, у якім мы нараджаемся і пражываем зямное жыццё (ІІ Ватыканскі Сабор, Gaudium et Spes, 37).
Кожны з нас нараджаецца ў свеце, дзе прысутнічае зло, грэх, скажэнне (Рым 3, 23; 1 Ян 5,19). Але ведаем са Святога Пісання і досведу шматвяковых адносінаў з Богам, што Ён ніколі не пакідае чалавека сам на сам са злом (Рым 8, 28-30). Ён заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу. Але выбар пакідае за намі. Кожны з нас свабодны ў сваім выбары, як пражыць жыццё: чынячы дабро ці зло, будаваць ці разбураць тое, што яму дадзена, прыняць Бога ці адкінуць. І гэты выбар можна зрабіць у любы момант жыцця, нават калі дагэтуль памыляўся. Аднак, чым пазней зроблены выбар, тым цяжэй яго рэалізаваць.
Ніхто з нас не мае ўлады над гэтым светам, над сіламі прыроды. Мы не можам змяніць нашае акружэнне, іншых людзей, іх сэрцы і думкі. Мы маем уладу толькі над адным: толькі над сабою. І гэтага дастаткова для шчасця, для вечнага збаўлення. Вызваленне ад зла трэба пачынаць з самога сябе, з працы над сабой. Той, хто так чыніць, па-сапраўднаму становіцца добрым чалавекам (Друг 30, 11-16). Але сам чалавек не здольны пераадолець зло. Бо толькі Бог можа даць моц і мудрасць, каб “крыж” усіх няпра-вільнасцяў жыцця ператварыць у інструмент збаўлення (Друг 30, 9-10; Рым 5,20).
Добры чалавек не дазваляе злу пранікаць у сваё жыццё – думкі, матывацыю, словы, дзеянні. Такі чалавек працягвае жыць у гэтым свеце, у яго фізічным, біялагічным і сацыяльным асяроддзі, якое прасякнута і дабром, і злом (скажэннем). Але перажывае ўсё гэта з перспектывы выбару дабра. Яго закранаюць спакуслівыя атакі злога духа (1 П 5, 8-9). На яго ўздзейнічаюць сілы гэтага свету: катаклізмы, аварыі, стыхійныя бедствы, хваробы, злачынцы, холад, голад і т.п. Але ўсе беды ён успрымае як заданне і выклік, каб мацавацца ў Богу – крыніцы ўсялякага дабра. Такая асоба памятае, што на самой справе важныя не тыя вонкавыя па-грозы, але тое, што адбываецца ў яго душы, думках, словах і ўчынках. Бо нас мяняе не асяроддзе, а наш асабісты выбар паміж дабром і злом у гэтым асяроддзі (Мк 7, 21-23).
Быць па-сапраўднаму добрым – гэта быць рэалістам. Гэта ведаць, што толькі Бог можа даць мудрасць адрозніваць дабро ад зла. І толькі Ён можа даць дастатковую моц, каб вытрымаць удары зла ў гэтым свеце (бедствы, хваробы, смерць і т.п.). Такую асобу гэтыя ўдары не здзівяць і не разбураць. Наадварот, зробяць яшчэ мудрэйшай і мацнейшай. Бо такія моманты выпрабаванняў паказваюць, наколькі мы, людзі, самі па сабе слабыя, недастаткова мудрыя і ўмелыя, недальнабачныя, схільныя памыляцца ў вывадах і рашэннях. А ўся наша сіла трымаецца толькі на Божай падтрымцы, якая прыходзіць кожнаму, хто яе просіць. Таму не ўтрымаецца ў добрым той, хто не ведае Бога, не ведае малітвы (1 Кар 1,19-21; 3, 18-20).
Па-сапраўднаму, па-Божаму, добрыя людзі не баяцца, што іх можа заатакаваць зло гэтага свету. Яны не думаюць пра страх, але пра ласку, якую трэба няспынна чэрпаць у Богу: у малітве, у разважанні Божага слова, у кожным святым сакрамэнце, у кожным наведванні храма, у кожным дзеянні паводле Божых запаведзяў.
Такая асоба добра разумее, што ёй, як і кожнаму чалавеку, трэба прайсці свой крыжовы шлях зямнога жыцця (Лк 9, 23). У ім шмат зла, але дабра намнога больш. Бо на гэтым шляху ніхто не пакінуты. Хрыстус абяцаў, што застанецца з кожным чалавекам назаўсёды (Мц 28, 20). І Ён датрымлівае Сваё абяцанне. Пацвярджэннем гэтаму – прыклады незлічоных святых і добрых хрысціянаў, якіх у зямным жыцці напаткалі вялікія выпрабаванні, няшчасці, хваробы, заўчасная смерць. Але яны перамаглі. Бо трывалі ў Хрысце. Бо сузіралі не сляпую абсурднасць атакаючага зла, але любоў і захапляючую мудрасць Божага плану збаўлення. Езус паказаў Ім, як крыж пакутаў, хвароб і праблем ператварыць у крыж збаўлення (Мц 16, 24; ККК, 2015). Ён не перастае даваць кожнаму жадаючаму пазнанне таго, што няма такога зла, якое Бог не перакаваў бы ў дабро (Эф 4, 13).
Гэты неверагодны цуд усёпераможнасці дабра нанава адкрываем асабліва тады, калі схіляемся перад таямніцай Хрыста ў начы Божага Нараджэння і раніцы Уваскрасення. Няспынна разважаючы над таямніцай дзеяння Бога ў свеце і ў кожным чалавечым сэрцы, рыхтуемся да таго вялікага радаснага дня, калі Ён канчаткова пераможа ўсялякае зло, і прывядзе нас да сапраўднага жыцця, па якім тужыць сэрца чалавека (Ап 21, 1-6).
Кс. Андрэй РЫЛКА