Час на спатканне

o. KonradЯкі цудоўны, хоць і не надта працяглы, перыяд году перажывае кожны  з  нас!  Час, як кажуць, прыцішыць  крок і  перавесці  дух. Урэшце, надыхацца свежым паветрам, парадавацца шчодраму  сонцу і падзякаваць Богу за дар жыцця тут і зараз…

Пра лета, вакацыі і адпачынак разважае а. Конрад ПАТЫКА, SVD.

 

 

 

 

Час на спатканне

 

 

 

«Апосталы сабраліся каля Езуса і расказалі Яму ўсё, што зрабілі і чаму навучылі. А Ён сказаў ім: “Пайдзіце адны ў пустыннае месца і крыху адпачніце”. Бо так шмат людзей прыходзіла і адыходзіла, што ім не было нават калі паесці. Таму адплылі  яны ў пустыннае месца на чоўне адны”  (Мк 6, 30-32).

 

Шаноўныя сябры  “Дыялогу”! Мяне папрасілі, каб у гэты “вакацыйны” нумар нашага часопіса  напісаў што-небудзь на тэму вакацый, водпуску і адпачынку. Шчыра кажучы, жадаў бы рэальна адпачыць, а не пісаць пра адпачынак, але, калі людзі просяць, то пастараюся падзяліцца сваімі думкамі на гэтую тэму.

На працягу некалькі гадоў меў аказію быць на курсе нямецкай мовы. І на маё вялікае здзіўленне, адзін з выкладчыкаў вельмі часта ў розных сваіх адступленнях пераключаўся на тэму водпуску, выкарыстоўваў слоўнікавы запас, звязаны з гэтай тэмай. Для мяне гэта было не зусім зразумелым і трохі дзіўным, але, калі  пасля заканчэння  курсу на працягу болей  за  два гады  давялося жыць і працаваць сярод нямецкамоўных людзей, зразумеў яго паставу.

Для тых людзей водпуск вырас да святога элементу іх жыцця. Вялікая частка грамадства гатова  напружана працаваць  на працягу адзінаццаці месяцаў, ад некаторых рэчаў адрачыся, ашчадна карыстацца грашыма, каб пазней адзін месяц правесці ў якім-небудзь аддаленым баку зямлі, у экзатычных умовах, не заўсёды камфортных, і на працягу чарговых адзінаццаці месяцаў  налева і направа расказваць, дзе былі і што бачылі. Гэта свайго роду “культ водпуску”! І, гледзячы на гэта з боку турыстычнай індустрыі і яшчэ пасля  абмежаванняў, выкліканых пандеміяй ковіду, то, напэўна, гэта добра, бо дае лю-дзям  турыстычных рэгіёнаў мець працу і заробкі. Ва многіх краінах   турызм з’яўляецца  адной з галоўных галін гаспадаркі.

Тым не меней, гледзячы на ўсё гэта, як кажуць, са свайго надворку, выдаецца мне, што не зусім гэта здорава. Многакратна сустракаў людзей, якія адпраўляліся ў водпуск з надзеяй  на адпачынак і атрыманне рэлаксу, а таксама на ўзмацненне сужэнскіх і сямейных адносінаў, а па вяртанні дамоў  вынікі  былі зусім супрацьлеглымі. Прыехалі  сапраўды прыгожа загарэлымі, але змучанымі,  часам перажыўшымі стрэс, пасварыўшыся і, урэшце, без грошай і з даўгамі.

Памятаю сітуацыю адной маладой парафіянкі, якая пасля заканчэння вучобы разам са сваім хлопцам паляцела ў Егіпет. Парай былі яны ўжо на працягу некалькі гадоў і мелі намер стварыць сужэнскі саюз. Праз некаторы час чую ад яе: “Айцец Конрад, там, у Егіпце, зразумела, што не хачу з гэтым чалавекам жыць пад адным дахам, не хачу чакаць з ім надыходу  старасці”. Выезд, які павінен быў зрабіць іх больш блізкімі між сабою, стаў апошнім аргументам да расставання. 

Водпуск, канікулы і адпачынак – вельмі важная частка нашага жыцця, і без іх не маглі б мы нармальна функцыянаваць. Гэта паказвае нам і Езус на старонках Евангелля.  Многакратна мова ідзе аб тым, што Езус аддаляўся ў абасобленыя месцы, у горы або на пустыню, ці таксама “уцякаў” ад натоўпу, каб некаторы час пабыць аднаму або ў коле сваіх сяброў. Жадаў гэтага таксама і для сваіх вучняў: ”Ідзіце вы адныя ў пустыннае  месца і крыху адпачніце!”.

f-str-27Ад гэтай цытаты пачынаю свае разважанні. Патрэбна, каб хоць на хвіліну змяніць акружэнне, падыхаць іншым паветрам, заняць галаву іншымі, чым звычайна, тэмамі, пабыць ў такім асяроддзі, якое  дазволіць душы расправіць крылы. Для такога адпачынку няма стандартнай схемы, якая б кожнаму чалавеку прыносіла аднолькавае расслабленне і эмацыянальнае напаўненне.  Кожны чалавек  павінен сам яе знайсці, і гэта павінна адпавядаць і яго асабовасці, і тэмпераменту, і магчымасцям часовым і фінансавым. Для аднаго гэта будзе адпачынак на моры, для другога – у гарах, а нехта іншы знойдзе радасць у лесе, збіраючы грыбы і ягады, а яшчэ хто-небудзь  –  у турыстычнай экскурсіі, назіраючы за старажытнымі цікавосткамі з вакна аўтобуса. А нехта патрабуе хоць бы некалькі дзён папацець пад спякотным сонцам або выляжацца на гарачым пляжы, а нехта іншы  аддае перавагу  ценю ліпавага дрэва і кубку халоднага піва.

Многа разоў і мне задавалі пытанне: як я праводжу свой водпуск. Як ксёндз маю права на 3-тыднёвы адпачынак. Астатні раз  тры тыдні водпуску меў у 2003 годзе.  З таго часу ні разу не ўдалося мне знікнуць з парафіі на такі працяглы час. Але не скарджуся. Для мяне найлепшым адпачынкам з’яўляецца выезд на роварах на некалькі дзён  з моладдзю або дарослымі людзьмі ў канкрэтным накірунку з начлегамі ў палатках, купаннем ў рацэ або возеры. І хіба пятнаццаць гадоў мінула ад першага майго такога падарожжа…

Калі пачынаў усё гэта арганізоўваць, то не ўяўляў сабе нават, як хутка такі спосаб “адпачынку” можа аб’ядноўваць людзей. Многія з тых, хто ўдзельнічаў у “велапаходах”,  да сённяшняга дня захоўваюць у памяці  цудоўныя сцэны тых дзён. Таксама як і тыя, хто  мерае час “ад велапаходу да велапаходу”, і хоць даўно ўжо можна не далічваць іх да  катэгорыі моладзі, гатовы рызыкаваць нават утратай працы, каб на тыя некалькі дзён быць свабоднымі і пераадольваць кіламетры, круцячы педалі.

Стараюся так усё спланаваць, каб быў там час і на супольную малітву, і на размовы, і на песні каля кастра. Нязручнасці, звязаныя з адсутнасцю электрычнасці, праточнай вады, ці пагоднымі умовамі,  удзельнікі імкнуцца  ўзаемна кампенсіраваць усмешкамі, добразычлівасцю і дабратою сэрца. А тыя, каго дома не задавальняюць кулінарныя высілкі мамы і прыгожа пададзеныя на талерках стравы, ужо на другі дзень пасля пераадолення  некалькі дзясяткаў кіламетраў дарогі, з вялікім апетытам з’ядаюць макароны з тушонкаю або хлеб са згушчонкаю, і ніхто не гаворыць “гэтага есці не буду”. Так праведзеныя дні – гэта час «зараджання» акумулятара майго сэрца.  Можа гэта і вызывае фізічныя высілкі ці некаторыя  цяжкасці арганізацыйныя, але псіхічна для мяне  гэта вялікі рэлакс. І вельмі  многа радасці дастаўляе мне  дапамога ўдзельнікаў  у стварэнні гэтай супольнасці, якая не перастае існаваць у момант вяртання дамоў, а застаецца на працягу доўгіх гадоў.

Можа хто запытае, адкуль у мяне такі запал? Было мне 14 гадоў. З мае парафіі вучыўся ў семінарыі клерык Андрэй Андэрвальд. Ён прапанаваў, каб мы як група  міністрантаў  паехалі ў Шклярску Парэмбу  на тыдзень   палазіць там па гарах. Знайшоў ён нейкі кляштар сясцёр, дзе ў садзе  мы маглі паставіць палаткі,  і ў нашым распараджэнні была  летняя  кухня, дзе маглі прыгатаваць сабе  яду і памыцца.  Палаткі, спальныя мяшкі, прадукты, газавую плітку, балоны з газам і сякое-такое начынне ўзялі з сабою і цягніком адправіліся ў першае  ў  маім жыцці  такое падарожжа.

Так нам усім гэта спадабалася, што з таго часу штогод, у час вакацый, мы стараліся ў ліпені  “злапаць” якую-небудзь працу, зарабіць трохі грошай, каб у жніўні выехаць разам і палазіць па гарах. Андрэй шукаў зручнае месца для адпраўной кропкі і якога-небудзь ксяндза або сясцёр законных і апрацоўваў план, што і дзе можна наведаць і паглядзець.

Астатняе было ў нашай кампетэнцыі. Не мелі мы спонсараў для гэтага,  бацькі нашыя не былі багатымі, часы былі нялёгкімі, і так вучыліся мы быць самастойнымі. Менавіта тады зразумеў, што можна і пры невялікіх фінансавых сродках правесці цудоўныя хвіліны, якія застануцца ў памяці на доўгія гады. Тады навучыўся таксама цаніць таварыства, дружбу і ўласныя намаганні для адчування шчасця. Тое, чаму сам навучыўся ў сваёй маладосці, зараз імкнуся перадаць іншым, а пры аказіі – яшчэ і самому хоць на хвіліну застацца маладым.

Вакацыі, водпускі  – цудоўны час на спатканне: з Богам у Яго стварэнні, з іншым чалавекам і з самым сабою. Жадаю, каб пасля адпачынку мы сталі значна багацейшымі на гэтыя скарбы!

 

 

 

 Конрад ПАТЫКА, SVD


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий