Чым хутчэй, тым больш ласкі

кс. Андрей ЛысыУ маладой сям’і нараджаецца немаўля, і з гэтага моманту яно – малое стварэнне культуры, у якой прыйшло на свет. Каштоўнасці,   уласцівыя дадзенай культуры, становяцца для яго вельмі блізкімі, бо менавіта культура стварае мікраклімат яго выхавання. А пад уздзеяннем чаго і калі фарміруюцца ў дзіцяці рэлігійныя перакананні?

Аб гэтым разважаем разам з кс. Андрэем ЛЫСЫМ, SChr

 

 

 

Напачатку хачу падзяліцца сваім досведам перажывання пэўнай сітуацыі. Неаднойчы мяне запрашала моладзь, каб благаславіць іх сужэнства. Вось чарговы шлюб, радасць, прыгожы  касцёл, шмат гасцей, прысяга, слёзы, а потым пажаданні і падарункі, гучнае вяселле да рання. Люблю дзяліць з людзьмі іх важныя падзеі.

 

Час бяжыць, неўзабаве мінае некалькі гадоў – і чарговая радасная вестка ад гэтай маладой пары: у нас нарадзілася дзіцятка. Як святар радуюся, але таксама чакаю, калі ж мяне запросяць пахрысціць… А тут цішыня. Выпала нам аднойчы добрая нагода, каб спаткацца і паразмаўляць, між іншым у размове прагучала тэма хросту. Але здзіўленню  майму не было мяжы, калі я пачуў такі адказ: “А навошта цяпер хрысціць? Няхай вырасце, зразумее і само выбярэ рэлігію і Бога. Гэтак цяпер правільна! Так будзе яму найлепей, потым не будзе наракаць, што бацькі змусілі верыць…” А на самай справе, ці гэтак правільна?

Грамадскія звычаі фарміруюць досвед і паводзіны кожнага з нас ад хвіліны нашага нараджэння. Перад тым як дзіця навучыцца гаварыць, яно ўжо з’яўляецца малым стварэннем культуры, у якой прыйшло на свет. Каштоўнасці, звычаі і вера, уласцівыя дадзенай культуры, становяцца для чалавека вельмі блізкімі ад ранняга дзяцінства, бо менавіта культура з’яўляецца псіхалагічным мікракліматам, у якім узрастае дзіця. Акрамя базавых практык веры (удзелу ў святой  Імшы, споведзі, чытання Святога Пісання), фарміруюцца  вельмі глыбокія рэлігійныя перакананні, якія адносяцца да жывой веры асяроддзя (сям’і), у якой узрастае дзіця. Такім чынам, рэлігійная традыцыя  ўсведамляе і ўмацоўвае натуральную  з’яву пранікання ў жыцці  двух  рэчаіснасцей – Божай і людской.

Рэлігійнае выхаванне – гэта лучнасць чалавека з тым, што святое, з Богам. Яно вядзе чалавека да яго апошняй мэты – да неба, адначасова вучыць тут, на зямлі, рабіць дабро ў сваім асяроддзі – сям’і і грамадстве. У такой перспектыве вельмі канкрэтна выяўляюцца заданні тых, хто павінен выхоўваць у веры.

Ад хросту дзіцяці менавіта бацькі прымаюць на сябе абавязак выхоўваць яго ў веры. Да гэтага абавязку трэба аднесціся адказна і зразумець вартасць дадзеных слоў. Гэта адказнасць не толькі перад дзіцяткам, але і перад Богам і Касцёлам.

Тут варта ўсведаміць, што дзіця не з’яўляецца ўласнасцю бацькоў, але належыць Богу. Гэта Божы дар, заданне і пакліканне. Святы Папа Ян Павел ІІ так пісаў у пасланні да сем’яў: “Тая самая логіка бескарыслівага  дару  ўваходзіць у жыццё людзей, калі жанчына і мужчына ў сужэнстве ўзаемна сабе аддаюцца і прымаюць як “адно цела” і адзінства  абаіх.  Без гэтай логікі  сужэнства  было б пустым. Пабудаваны на такой логіцы cаюз паміж асобамі становіцца саюзам  бацькоўскім. Сужонкі даюць жыццё свайму дзіцяці як Божы дар: “Здабыла я чалавека  ад  Госпада”, (пар. Быц 4, 1) – кажа першая жанчына, біблейская Ева.

У рэлігійным выхаванні асаб-ліва важнымі з’яўляюцца першыя гады жыцця. Дзіця больш адчувае, чым разумее, з’яўляецца руплівым назіральнікам, паглынае атмасферу бацькоўскага дому. Гэта вельмі відавочна, што найбольш яно вучыцца праз прыклад і перайманне іншых асобаў, з якімі прабывае. Маці і бацька з’яўляюцца першымі і найважнейшымі выхавацелямі ва ўсіх аспектах жыцця. Бачым, як некаторыя рысы дзіця генетычна пераймае ад бацькоў, а некаторыя фарміруюцца ў канкрэтных адносінах. Дзіця пераймае адносіны і паводзіны. Усведамляем сабе гэта мы ці не, але кожную хвіліну жыцця нейкім чынам уплываем на дзіця, бо няма сітуацый, якія б былі для выхавання не важныя. Заўсёды ў душы дзіцяці застаецца след – добры ці злы.

Сапраўды, дзіця і дарослы – гэта два розныя светы, а заданнем бацькоў з’яўляецца ўвайсці ў мір дзіцяці і цягнуць яго ўверх. Паколькі развіццё дзіцяці – гэта павольны выхад з дому, пастолькі развіццё дарослага можна назваць вяртаннем дадому. У тым значэнні, што як вандроўнік, які прайшоў вельмі шмат краін і гарадоў і вельмі сумуе па сваім кутку і там хоча застацца, не церпячы болю ад таго, што трэба для гэтага кутка пакінуць увесь свет. Падчас, калі мір дзіцяці разрастаецца ва ўсіх памерах, круціцца ўсё большым колам, і ў гэтым яго развіццё, то тое самае развіццё дарослага чалавека адзначаецца сканцэнтраваннем усіх вартасцей свету ў адным выбраным месцы. І гэтае месца не нейкая альтэрнатыва ці змяншэнне кругагляду, бо гэта ўжо быў бы рэгрэс. Як у прыпавесці пра евангельскую пярліну, дзеля якой трэба прадаць усё, што маем. Дзіця ж менавіта гатовае прадаць ці размяняць сваю пярліну, якую атрымала ў спадчыну, і памяняць яе на шмат разнастайных рэчаў, якія можа параскідваць праз жыццё альбо можа калісьці ўсё гэта прысвяціць для сваёй уласнай пярліны.

У сучасным свеце, які ўсё часцей становіцца чужым, а нават варожым да веры, веруючыя сем’і маюць велізарнае значэнне як вогнішчы жывой і прамяністай веры. Бацькоўскі дом – гэта не толькі месца, а перадусім гэта супольнасць людзей. Часамі можам памяняць месца жыхарства, але дом застаецца. Самыя далёкія ўспаміны тычацца адносін і атмасферы, якая панавала ў родным доме. Яны фарміруюць узоры на ўсё жыццё. З гэтага разумення павінна выплываць адказнасць бацькі і маці, каб ствараць дом, напоўнены Божым Духам. Кожная сям’я змагаецца з нейкімі праблемамі, бо няма ідэальных сем’яў, а ствараюць іх не анёлы, але людзі з крыві і касцей, і кожны мае свой характар і свае заганы. Будаванне сям’і – гэта штодзённае змаганне за любоў, цярплівасць і руплівае даванне сябе. Найперш гэта тычыцца бацькоў, якія павінны навучыць сваіх дзяцей, як любіць. Прабачэнне і дар сябе – гэта ключ да шчасця кожнай сям’і. Добры Бог, які дае нам сям’ю менавіта для таго, каб мы стваралі шчасце і ім насычаліся. Чалавек можа здабыць паўнату шчасця толькі дзякуючы Божай ласцы, якая чыніць нас удзель-нікамі Божага жыцця. Езус Хрыстус у Евангеллі паказвае сваім вучням дарогу да шчасця, якое ніколі не заканчваецца, – гэта дарога благаславенстваў.f-str-27

Хрыстовая ласка дзейнічае ў кожным чалавеку, які ў сваім жыцці кіруецца праўдзівым сумленнем, шукае і любіць праўду і дабрыню, пазбягае зла і граху. У гэтай асаблівай місіі рэлігійнага выхавання сваіх дзяцей ад хвіліны зачацця спадарожнічае бацькам ласка Сакрамэнту сужэнства. Яна чыніць іх здольнымі як быццам замяніць Бога сваім дзецям – быць прыкладам і аўтарытэтам. Яна дазваляе бацькам далучыць сваіх дзяцей да дзяцей Божых у жывую супольнасць Касцёла, а таксама паспяхова прычыніцца да таго, што ў дзецях народзіцца ўнутраная гатоўнасць, каб шукаць і знаходзіць Бога. І менавіта гэта будзе іх духоўным фундаментам, на якім заўсёды можна будаваць свае жыццёвыя планы, а можа часам адбудоўваць тое, што зло ці грэх знішчыў.

Падсумоўваючы, можна гэтыя фундаментальныя аспекты хрысціянскага выхавання прадставіць наступным чынам:

  • Выхаванне ў веры праз несумненную катэхезу, першым месцам якой з’яўляецца сям’я.
  • Выхаванне ў малітве, а таксама ў літургічным і сакрамэнтальным жыцці (споведзь, Святая Камунія).
  • Выхаванне ў адзінстве жыцця, асабліва праз сведчанне жыцця паводле Евангелля, якое дае спрыяльную атмасферу ўзрастання ў навыках цеснай сувязі веры з учынкамі.
  • Выхаванне да паклікання, якое дае дзецям магчымасць, каб іх жыццё было хрысціянскім адказам да  паклікання  ў паўнаце  любові – г. зн святасці. Каб ішлі  дарогаю, на якую іх запросіць Бог.

 

 

 Кс. Андрэй ЛЫСЫ, SChr


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий