Што такое для нас бацькоўскі дом? Што такое для нас сям’я, з якой распачалі мы свой шлях у жыццё? Чым застаюцца для нас, дарослых?
Паразважаць аб гэтых незаменных каштоўнасцях запрашае сёння а. Конрад ПАТЫКА, SVD.
“Было вяселле ў Кане Галілейскай, і Маці Езуса была там. Быў запрошаны на вяселле таксама Езус…” (Ян 2, 2).
Сярод мноства біблійных тэкстаў, якія датычацца сужэнскай і сямейнай тэматыкі і выкарыстоўваюцца падчас літургіі сакрамэнту шлюбу, хіба найчасцей сустракаецца тэкст Св. Яна, які распавядае пра здарэнне на вяселлі ў Кане. Сёння хачу падзяліцца з вамі некаторымі думкамі, звязанымі з гэтым тэкстам, якія, можа, будуць для вас карыснымі.
Пачну з канца. Тэкст заканчваецца сцвярджэннем “такі пачатак знакаў учыніў Езус”. Ян сцвярджае, што гэта быў першы цуд, які зрабіў Езус. Тыя, хто запрасіў Езуса, не ведалі, што Ён можа ўчыніць такія рэчы. Не было ў іх якогасьці рашэння ці зацікаўленасці ў карысці – запросім Яго, бо Ён нам спатрэбіцца. Не, хутчэй за ўсё было звычайнае жаданне падзяліцца сваёю радасцю. Прыйдзі, Езус! Цешся разам з намі! Няхай наша радасць будзе і для Цябе крыніцаю вяселля!
Нешта падобнае было і з запрашэннем Марыі. І заўважма, не займаюць яны нейкага прывілеяванага месца на той імпрэзе. Адныя з многіх запрошаных. Як гэта цудоўна, калі чалавек запрашае Бога і Марыю ў сваё жыццё! Часамі бывае, што чалавек баіцца ўпусціць Бога ў сваё жыццё, баіцца, што Бог пачне ставіць якіясьці свае ўмовы і вымаганні, будзе абмяжоўваць яго свабоду і прымушаць да нейкага гераічнага ўчынку. Не, Бог так не паступае! Абдараваўшы чалавека вольнай воляй, ніколі яе не забірае. Ніколі не робіць з яго нявольніка. А калі ўжо і ўваходзіць у жыццё чалавека, то толькі для таго, каб яму дапамагаць. І дзіва! Калі не хапіла на вяселлі віна, то першай, хто гэта заўважыў, была Марыя. Не бацькі маладых ці тамада, але Марыя. І Яна ідзе да Езуса, і гаворыць Яму пра гэта, просіць аб дапамозе. На самой справе Езус без вялікага энтузіязму рэагуе на Яе просьбу, тым не меней, аднак, дапамагае.
Святы Ян сцвярджае, што кіраўнік вяселля пакаштаваў віна і “не ведаў, адкуль яно, ведалі толькі слугі, якія чэрпалі воду”. Як бязмерна стрыманы Езус у сваёй дзейнасці. Не робіць лішняга шуму вакол “недахопу віна”, каб гэты факт не ўплываў на атмасферу вяселля або не запляміў добрае імя гаспадароў, толькі стрымана, з групай незаменных слуг развязвае праблему. Бог заўсёды ўмешваецца стрымана і на карысць чалавеку. Каб і мы патрафілі адважна і бескарысліва запрасіць Бога ў нашае жыццё і дазволілі яму дзейнічаць!
Другім вельмі важным для мяне элементам гэтай евангельскай перыкопы з’яўляецца заява кіраўніка вяселля аб тым, што “кожны чалавек падае спачатку добрае віно, а калі нап’юцца, тады горшае. Ты ж збярог добрае віно аж дагэтуль” (Ян 2, 10).
Праз многа гадоў майго святарства і душпастырскай працы з сем’ямі многакратна прыглядаўся, як складваюцца адносіны паміж нарачонымі, паміж маладажонамі, паміж сужэнцамі са шматгадовым сужэнскім стажам. І дзіва! Заўважыў пэўную паралель са сцвярджэннем вясельнага кіраўніка, якая паяўляецца ў жыцці вельмі многіх людзей. На пачатку знаёмства і ў першы перыяд сужэнства мужчына і жанчына “падае добрае віно”, г.з. паказвае свае найлепшыя бакі, і бываюць для сябе ўзаемна ветлівыя, далікатныя, клапатлівыя. Для сябе ўзаемна маюць многа ўвагі і большасць часу прагнуць правесці разам. Прэзэнты, кветкі, розныя дробязі на памяць і г.д. З бегам часу становіцца гэтага меней, шэрая штодзённасць са сваёю руцінай прац і абавязкаў забірае большасць з той прыгажосці і слодычы, што былі на пачатку. А д’ябал, які хоча знішчыць усё тое, што цудоўнае ў жыцці чалавека, каб яшчэ болей астудзіць сужэнскія адносіны і апраўдаць падачу “горшага віна”, падшэптвае фразу: “А куды ён (яна) дзенецца?”. Злы дух, паказваючы цяжкасці штодзённага жыцця, быццам “зняволенне чалавека”, пазбаўленае магчымасці змены на лепшае, забірае матывацыю да паляпшэння і апраўдвае “горшае віно” – халоднасць, чорствасць, брак зацікаўленасці ці нават унутранае адкідванне.
Аднак заўважце, што запрашэнне да жыцця Езуса і Марыі дазволіла “захаваць добрае віно аж дагэтуль”. Езус патрафіў “воду штодзённасці” ператварыць у выдатнае віно. Калі жыць з Богам, паводле Яго правілаў і парадаў, то штодзённыя абавязкі і клопаты могуць стаць для чалавека не цяжарам, а прычынай радасці і шчасця. Служэнне блізкай асобе не будзе прыніжэннем або стратай годнасці, але крыніцай задавальнення. Поспехі сужэнца/сужонкі стануць маімі поспехамі, пераадоленыя перашкоды будуць маёю перамогаю і г.д. Каронная фраза Езуса з Евангелля “прыйшоў на свет служыць, а не каб Яму служылі” (пар. Мк 10, 45) павінна стаць жыццёвым дэвізам кожнай сям’і, якая хоча быць шчаслівай. Аднак не проста рэалізаваць яе ў жыцці. У глыбіні нашай натуры недзе ўпісаны эгаізм, а не альтруізм. Гэтай паслузе любові да іншага павінны вучыцца і нярэдка гэтая навука забірае ў нас многа гадоў.
Чуў калісьці такую фразу: “Усё цудоўнае прыходзіць у другой палове імпрэзы”. Хіба і ў жыцці так, што прыгажосць сужэнства чалавек адчувае пасля таго, як пройдзе са сваім сужонкам “агонь, воду і медныя трубы”. Святы Павел у Лісце да эфесцаў дае нам вельмі прыгожую жыццёвую параду, як рэалізаваць гэта ў жыцці. Піша: “…не грашыце, няхай сонца не заходзіць у гневе вашым! І не давайце месца д’яблу” (Эф 4, 26). Павел дапускае, што ў жыцці могуць з’явіцца цяжкасці, непаразуменні або нават канфлікты, што людзі могуць паспрачацца ці нават гневацца, але над такім станам іх сэрца не павінна заходзіць сонца. Калі на працягу дня было што-небудзь непрыемнае і цяжкае, то перад захадам сонца павінны мы пагадзіцца, перапрасіць і прабачыць, каб цемната ночы не стала полем дзеянняў для д’ябла, які мог бы ўзмоцніць нашу злосць на іншага. Можа часам гэта і цяжка, можа чарвяк нашай пыхі нашэптвае, што вінават той іншы і ён павінен перапрасіць, ён першы павінен падаць руку. Маўляў, не бачу сваёй віны, толькі абвінавачваю тую іншую асобу – так, як Езус гаварыў: бачыш асколкі ў воку брата, а ў сваім не бачыш бервяна.
Такой сапраўднай жыццёвай пакоры і любові да бліжняга хіба не ў стане мы выпрацаваць у сябе без падтрымкі Бога. І аб гэтай падтрымцы мусім прасіць у малітве, найлепей – у супольнай. У маім бацькоўскім доме часта ў нядзелю вечарам прамаўлялі мы Ружанец усёй сям’ёй. Садзіліся разам у кухні вакол стала, запальвалі свечку і маліліся. І часта бывала так, што, калі перад малітваю былі да каго-небудзь непрыемныя адчуванні ці дасада, то пасля Ружанца ўсё вярталася ў норму. Малітва за-спакойвала сэрца, нараджала нейкае дзіўнае пачуццё еднасці, супольнасці. Гледзячы на тыя практыкі супольнага Ружанца з перспектывы гадоў, якія мінулі, павінен прызнаць, што было ў тым штосьці цудоўнае. У сям’і нас было восем чалавек: тата, мама, дзве сястры, тры браты і я. На працягу тыдня было мала хвілін, калі ўсе маглі сабрацца разам, – праца, школа, футбол і іншыя справы гэтага не дазвалялі. Нават у нядзелю да касцёла на святую Імшу хадзілі мы на розныя гадзіны. І толькі ў двух момантах былі ўсе разам – нядзельны абед і вячэрні Ружанец. Тыя хвіліны ўспамінаю вельмі часта і заўсёды яны абуджаюць нейкую ўнутраную радасць у сэрцы.
Няхай Святая Сям’я з Назарэту дапамагае кожнай сям’і стварыць атмасферу добрага сямейнага дому.
А дом – то не сцены і вокны, не крэслы са сталом;
Дом ёсць там, куды ты гатовы вяртацца бясконца – добрым, галодным, чулым і злым, ледзьве жывым;
Дом ёсць там, дзе цябе разумеюць, дзе маюць надзею, чакаюць, там, дзе забудзеш аб злым, – там ёсць твой дом.
Конрад ПАТЫКА, SVD