Дзверы, якія адчыніць кожны

o. KonradУ нашай культуры тэма смерці не папулярная. Людзі  адштурхоўваюць яе са страхам і агідай, баючыся не толькі гаварыць, але і думаць пра яе. Дарэмна: хто на гэты свет з’явіўся, той у пэўны момант гэты свет пакіне.

Паразважаць аб падрыхтоўцы да смерці  запрашае сёння  а. Конрад ПАТЫКА, SVD.

 

 

 

 

“Ніхто з нас не жыве для сябе, і ніхто не памірае для сябе. Бо калі жывём, то жывём для Пана, калі ж паміраем – для Пана паміраем. Таму ці жывём, ці паміраем, мы належым Пану (…) Усе мы станем перад судовым пасадам Бога”    (Рым 14, 7-8; 10).

 

“Чувайце, бо не ведаеце ні дня, ні гадзіны”    (Мц 25,13).

 

…На той момант толькі што распачаў сваю дарогу ў супольнасці. І гэта быў мой першы год у супольнасці  – пастулат у Лясковіцах Паморскіх.Яшчэ нямнога ведаў тады пра жыццё, пра нюансы жыцця законнага, але тое здарэнне засталося ў памяці па сённяшні дзень. Быў у той супольнасці брат Эдмунд Бона. На той час 84-гадовы сеньёр супольнасці, але яшчэ моцна рухавы і рэзкі, штодзённа актыўны ў сваёй майстэрні. Набліжалася Ўрачыстасць Святога Юзафа. Брат Эдмунд заўсёды і ўсім гаварыў, што Святы Юзаф яго “забярэ”.  18 сакавіка бр. Эдмунд папрасіў кагосьці з пастулянтаў, каб яго пастрыг, бо заўтра Святы Юзаф… І 19 сакавіка  з самай раніцы бр. Эдмунд, пастрыжаны, пабрыты, у выпрасаванай сутанне сядзеў у капліцы і чакаў на Св. Юзафа. Увесь дзень прасядзеў у капліцы, нават на сілкаванне не прыходзіў у сталовую, каб не прапусціць “візіт”. Але моцна жаданы перавозчык у рай і не паявіўся. 20 сакавіка, як і штодня, бр. Эдмунд у сваім рабочым камбінезоне ўпэўненым крокам маршыраваў у сваю майстэрню. Гэта азначала, што будзе жыць да чарговага 19 сака-віка. І так паўтаралася штогод. Тым не меней глыбокае перакананне, што “забярэ” яго Святы Юзаф, не знікала. І па прашэсці гадоў, у 2000-м, познім вечарам 18 сакавіка брат Эдмунд адышоў, каб на наступны дзень быць разам са сваім умілаваным Святым Юзафам у доме Айца. Для мяне гэта найпрыгажэйшы пры-клад чалавека, які “чуваў”, які ведаў дзень спаткання, але не ведаў, у якім годзе адбудзецца.

Як прыгатавацца да смерці? Гэта пытанне сённяшняга разважання. У нашай культуры смерць стала тэмай табу. Са страхам і агідай адштурхоўваем яе ў шпітальныя палаты і за муры могілак. Але гэта вялікая памылка. Чым раней пачнем вучыцца добрай смерці, тым  лепей будзе жыць нам і нашым блізкім.

Чытаў калісьці сацыялагічныя даследванні на тэму смерці, і дзіва, больш за 70% анкетаваных адказалі, што хацелі б памерці неспадзявана, без болю, найлепей – ва сне. Для чаго тады ў Суплікацыі песні, якая гучыць у літургіі падчас пандэміі, просім: “ад наглай і неспадзяванай смерці – захавай нас, Пане!”? Хіба ж аўтар песні памыляўся, а мільёны верных, якія на працягу вякоў тымі словамі звярталіся да Бога, зблудзілі? Да спаткання з Айцом трэба падрыхтавацца, і, калі здараецца такі выпадак, большасць людзей такую непасрэдную падрыхтоўку вядуць падчас хваробы, у бальніцах, акружаныя абсталяваннем, якое падтрымлівае нашае жыццё. І да такога чагосьці мы цалкам непрыгатаваныя як у сэнсе фізічным, так і ў духоўным. Калі на працягу ўсяго жыцця баімся смерці і пазбягаем думаць пра яе, то, калі ў канцы з ёю ўсё ж сустракаемся, то церпім болей, чым патрэбна, – і мы, і нашыя блізкія. Забываемся пра ўтаймаванне працэсу ўмірання, які нашы продкі практыкавалі тысячагоддзямі. Добрая смерць тая, якая прымаецца з усмешкаю, не з’яўляецца чымсьці недасяжным.

Ёсць такі фільм – “Гладыятар” з Раселем Кроу ў галоўнай ролі, дзе ў адной з апошніх сцэн перад выбітным паядынкам на арэне  Калізея паміж Максімусам і Камодам дайходзіць да прыгожага дыялогу паміж імі на тэму смерці і страху перад ёю. Камод баіцца смерці, а Максімус успамінае словы свайго прыяцеля, які гаварыў, што смерць усміхаецца да кожнага чалавека, а чалавек павінен адказаць тым самым – усміхацца смерці, якая да яго прыйшла. Дапамагчы яму ў гэтым можа толькі годнае жыццё! Якая ў гэтым вялікая жыццёвая мудрасць! Трэба так жыць, каб не баяцца адыйсці! Чалавек баіцца знішчэння, прагне несмяротнасці, імкнецца да вечнай маладосці.

Даследуючы людскія гісторыі, можам спаткаць вельмі многа такіх прыкладаў, дзе людзі шукалі цудоўных сродкаў вечнай маладосці і бездакорнай прыгажосці цела. Аднак ніколі гэта не ўдавалася. Для нас, хрысціян, вельмі карысная свядомасць несмяротнасці нашай душы. Сапраўды нашае цела паддаецца працэсам старэння  і ідзе да непазбежнага  моманту смерці, але наша душа застаецца вечна жывой і пасля заканчэння зямнога вандравання, калі аддзеліцца ад смяротнага цела, прыходзіць да дому Айца. Мусім аб гэтым памятаць і з гэтай свядомасцю жыць.

Нельга пазбягаць тэмы смерці, лічыць яе неіснуючай або неістотнай. Трэба адкрыта гаварыць, публічна, даходзячы да як мага большага кола слухачоў. Гэта павінна быць і абавязковым элементам навучання ў школе. Урэшце рэшт, калі школа павінна падрыхтаваць нас да жыцця ў грамадстве, то не павінна абмінаць і гэты аспект. На ўроках біялогіі многа гаворыцца аб жыцці, размнажэнні і паспяванні, але паміранне, як правіла, адсутнічае. Факультатыў для старшакласнікаў, які называецца “Асновы сямейнага жыцця”, канцэнтруецца на розных пытаннях падрыхтоўкі да сямейнага жыцця, але нават не ўспамінае аб тым, як развітацца з паміраючымі бацькамі  або  бабулямі ці дзядулямі.

Павінны пазнаваць мы смерць тады, калі да яе датыкаемся. Калі ідзём у бальніцу да цяжка хворай маці ці бацькі, калі памірае хто-небудзь з нашых блізкіх і з’яўляецца ў нас неспакой; што далей – відавочна, павінны мы з гэтым змірыцца, не пазбягаць гэтага. Не павінны хавацца за службу аховы здароўя ці бюро рытуальных паслуг, якія зробяць за нас усё, але трэба праз гэта прайсці. Гэта цяжка, але з гэтым мусім змірыцца з годнасцю.f-str-27

Жыццё і смерць неразлучныя. Хто на гэты свет з’явіўся, той у пэўны момант гэты свет пакіне, і няма з гэтым рады. Важна, аднак, тое, каб мы не глядзелі на смерць як на непазбежны канец існавання, але як на дзверы, якія трэба адчыніць, пераступіць парог, каб з кухні ўвайсці ў гасцінны пакой, дзе за прыгожым і шчодра накрытым сталом чакае нас Айцец. Так гаварыў нам Езус, а Ён не падманвае. Там будзе другая частка нашай жыццёвай эпапеі. Мусім толькі памятаць, каб на гэтае спатканне мы мелі “вясельнае ўбранства”, упрыгожанае каштоўнасцямі нашых добрых спраў, якія збіралі на працягу ўсяго жыцця. Усе мы не без граху, не ідэальныя, а з нейкімі нашымі вадамі або грахамі, якія пакрываюць плямамі нашае “вясельнае ўбранства”. Будзем змагацца з імі аж да канца, аднак важна, каб добра зробленых спраў у жыцці было болей! Каб у нашых руках, можа і крыху брудных і пакалечаных, было поўна цудоўных жамчужын нашых учынкаў міласэрнасці, якія збіраем кожны дзень.

Часта паўтараю сваім парафіянам, што д’ябал у нашым жыцці многакратна перамагае ў барацьбе паміж дабром і злом пры дапамозе аднаго кароткага слова “заўтра”! Заўтра зробіш, заўтра дапаможаш, заўтра патэлефануеш… Вельмі многа дабра, якое магло б быць зроблена ў гэтым свеце нашымі рукамі, ніколі не збудзецца, бо адкладваем на заўтра, а тое заўтра часта не наступае… Не адкладвайце на заўтра таго дабра, якое можам зрабіць сёння! Думаю, што гэта будзе найлепшы спосаб на добрае прыгатаванне да сустрэчы з Айцом! Кожны дзень пражыць так, каб у заплечнік нашага жыцця пакласці хоць адно зярнятка дабра. І тады, калі заўважым усмешлівы твар смерці, зможам узаемна адказаць ёй усмешкай!

 

 

 

 Конрад ПАТЫКА, SVD


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий