Сярод мноства традыцый, якія існуюць здаўна, шануюцца ў народзе і перадаюцца з пакалення ў пакаленне, захоўваецца традыцыя асвячэння ежы на велікодны стол. Прыгледзімся да яе больш уважліва разам з а. Конрадам ПАТЫКА, SVD.
Езу Хрыстэ, сядзь разам з намі!
Больш як дваццаць гадоў жыву ў Беларусі. За гэты час мог назіраць многа розных феноменаў культуры, звязаных з рознымі рэлігійнымі абрадамі. Сярод іх шмат цікавых, хоць для мяне не да канца зразумелых традыцый, звязаных з абрадам пахавання памерлых, таксама традыцый, што сябруюць з заключэннем шлюбу. Існуе таксама адна традыцыя, якая мяне асабіста прыводзіць у збянтэжанасць і якой сёння хачу прысвяціць некалькі ўвагі. Менавіта асвячэнню ежы на велікодны стол у Вялікую суботу.
Асвячэнне святочных пасілкаў з’яўляецца старажытным звычаем у Касцёле. Спажыванне пасілку ўвогуле ёсць чын святочны, таму молімся перад ядою і пасля, а на найбольшае свята Змёртвыхпаўстання Пана асвячаем пасілкі. У надзвычай прыгожых кошыках прыносім спецыяльна спечаныя кулічы, якія з’яўляюцца сімвалам Хрыстуса, гэтага Хлеба жывога, які сышоў з неба і ў святой Камуніі дае жыццё свету; гэтае печыва павінна быць для нас напамінкам хлеба, якім Езус цудоўным спосабам накарміў натоўп, што ціснуўся да Яго, каб слухаць Слова Божае; гэта таксама напамін пра хлеб, якім Езус пачастваў сваіх вучняў над возерам Генезарэт пасля свайго Змёртвыхпаўстання, і таго, які Езус, седзячы за сталом у Эмаўсе, паламаў і даў дваім вучням, якія ішлі разам з Ім, уцякаючы з Ерузалему.
У нашых пасхальных кошыках знайходзім таксама мяса і каўбасы. Гэта на памяць Баранка пасхальнага, які спажывалі габрэі ў Егіпце ў ноч выйсця з ягіпецкай няволі. Яго крывёю пазначалі дзверы дамоў, у якіх прабывалі і, дзякуючы гэтаму знаку, анёл смерці амінаў іх і не забіваў у тых дамах першародных дзяцей і жывёлаў. Хрыстус з’яўляецца для нас тым Баранкам Божым, які застаўся забіты, каб Яго крывёю было абмыта чалавецтва ад граху і засталіся пераможанымі зло і смерць. Кладзём таксама ў нашыя кошыкі соль, каб і яна была паблагаслаўлёная. Гэта сімвалічны сродак, які павінен захоўваць нас ад сапсавання. І ў канцы нашых кошыкаў велікодных значнае месца займаюць яйкі. І менавіта яны з’яўляюцца сімвалам новага жыцця. І так як у кожным яйку ўкрытае новае жыццё і трэба, каб лопнула скарлупка і новае жыццё магло ўбачыць святло сонца, так трэба было Хрыстусу адкінуць валун, прывалены да яго гробу, каб магла затрыумфаваць над смерцю збаўчая сіла Яго Змёртвыхпаўстання. Просім Хрыстуса, Які ёсць жыццём і змёртвыхпаўстаннем нашым, каб паблагаславіў гэтыя яйкі, каб мы, дзелячыся імі ў коле сям’і, блізкіх і гасцей маглі таксама дзяліцца радасцю супольнасці і братэрства, і каб яны напаміналі нам аб тым, што мы запрошаныя да новага жыцця разам са Змёртвыхпаўсталым.
Традыцыя асвячэння святочных пасілкаў, як успамінаў вышэй, узбуджае ва мне нейкія змешаныя пачуцці. З аднаго боку павінен радавацца, што ў той супольнасці, якая на працягу дзесяцігоддзяў фарміравалася ў духу ваяўнічага атэізму і адкідання ўсяго, што мела б нейкую сувязь з хрысціянствам, захавалася ў падсвядомасці, што на велікодныя святы трэба са-браць сімвалічны пасілак у кошык і прынесці, каб святар прамовіў над ім малітву і пакрапіў свянцонай вадою і каб абавязкова хоць некалькі кропелек свянцонай вады ўпала ў мой кошык. Вельмі многія святары адзначаюць, што колькасць лю-дзей, якія прыходзяць у гэты дзень да касцёла, фенаменальна вялікая, і гэта цешыць. З другога боку, аднак, уражвае тое, што для такога мноства людзей іх прыналежнасць да хрысціянства зводзіцца да асвячэння пасілкаў адзін раз у год! У сваім жыцці меў шмат разоў і такія сітуацыі, калі на пытанне, ці ёсць хто веруючы і практыкуючы католік, чуў у адказ: “Так, я кожны год хаджу да касцёла асвяціць яйкі і вярбу ў Вербную нядзелю”. Рэлігійныя практыкі такіх людзей звужаныя да двух сімвалічных жэстаў.
У восьмым раздзеле Кнігі прарока Наэміі ёсць прыгожае апісанне святочнага дня ў габрэйскім народзе, калі пасля вяртання з вавілонскай няволі і адбудавання краю людзі сабраліся на плошчы, каб слухаць Слова Божае, якое чытаў ім святар-кніжнік Ездра. Чытаў ім Кнігу права Майсея і тлумачыў яго значэнне і навучаў, як, паводле яго, жыць. Пасля заканчэння Наэмія звярнуўся да людзей словамі: “Гэты дзень прысвечаны Пану, Богу вашаму. Не будзьце смутнымі і не плачце! (…) Ідзіце спажывайце святочныя пасілкі і піце салодкія напоі; пашліце порцыі таксама тым, хто нічога прыгатаванага не мае (…), а не будзьце прыгнечанымі, таму што радасць перад Панам – падсілкаванне вашае” (пар. Нм 8,9). Біблія цудоўна паказвае нам, што Дзень Пана для сваёй паўнаты і цэласнасці павінен складацца з двух частак: частка, прысвечаная Богу і таму, што духоўнае, і частка, прысвечаная чалавеку і таму, што цялеснае. Павінна ў ім быць месца на Слова Божае, на Эўхарыстыю і на спатканне з сям’ёю, сябрамі за сталом з “святочнымі пасілкамі і салодкімі напоямі”. Таксама і нашая падрыхтоўка да свят павінна аб’ядноўваць абедзве сферы: павінна ўключаць навядзенне парадкаў у доме і закупы, цырульніка і сауну, але таксама і рахунак сумлення, ачышчэнне душы ў Сакрамэнце споведзі, і ўзмацненне сувязі з Богам у святой Камуніі, і духоўнае аднаўленне ў перажываннях велікапосных рэкалекцый. Многа разоў даводзілася мне бываць у сем’ях каталіцка-праваслаўных і, калі з’яўлялася пытанне аб перажыванні свят – ці Божага Нараджэння, ці Пасхі, то чуў: “Мы святкуем і тыя, і тыя святы, заўсёды накрываем стол і адзначаем!”. Так, пра тую частку свята, якая змяшчаецца ў слове “адзначаем”, гэта значыць пра цялесную частку, памятаем вельмі добра, але пра тую першасную, якую абдымае Дух, не вельмі. І гэта прыкра.
У каментары да абраду асвячэння пасілкаў ёсць такая фармуліроўка: “Напоўненыя велікоднай радасцю, прысядзем пасля Мшы рэзурэкцыйнай да святочнага стала і падзелімся ўзаемнай дабрынёю пры складанні сабе пажаданняў. Новае жыццё Змёртвыхпаўсталага Пана сімвалізуе асвечанае яйка, якім таксама ўзаемна дзелімся”. Каб сапраўды так было ў нашых сем’ях, каб пасля супольна перажытай літургіі – ці ў касцёле, ці ў цэркві – у такім складзе садзіліся за стол! І няхай малітва пры велікодным стале ўзмацняе нашу ўзаемную любоў і павагу.
Пане Езу, сядзь разам з намі за велікодны стол, удзялі нам радасць Твайго Змёртвыхпаўстання; няхай станемся мы Тваімі вучнямі, а стол наш няхай будзе знакам паяднання і ўзаемнай дабразычлівасці. Амэн.
а. Конрад ПАТЫКА, SVD
Здымак Карнэлія КОНСЭКА, SVD