Рымскі гісторык Ціт Лівій, апісваючы магчымую гісторыю супрацьстаяння Рымскай імперыі і імперыі Аляксандра Македонскага, задаў сабе пытанне: “Што было б, калі б, напрыклад, Аляксандр Македонскі не памёр у 323 г. да н.э., а працягваў правіць сваёй імперыяй?”. Гэткім чынам, рымлянін стаў айцом-за-снавальнікам даволі папулярнага жанру фантастыкі, які завецца сёння “альтэрнатыўнай гісторыяй” і заключаецца ў тым, што аўтары, аналізуючы розныя падзеі, задаюць сабе ўсё тое ж пытанне: “Што было б, калі б…?”
Паспрабуем і мы. Уявіце сабе перыяд каля 30 гадоў н.э. Ерузалем, вясна. Ва ўсю і паўсюль трываюць прыгатаванні да аднаго з найважнейшых святаў – Свята Пераходу, Песах. Замучаны працай Сымон, родам з Кірынэі, праз браму Эфраіма вяртаецца з поля ў Ерузалем, дадому. Напэўна, чакае спаткання з жонкаю і дзецьмі, малымі Руфусам і Аляксандрам у перадсвяточнай атмасферы. Будуць рыхтаваць пасхальны стол, увечары наймалодшы па традыцыі задасць пытанне : “Чаму гэта ноч адрозніваецца ад усіх іншых?”. Пытанне, адказ на якое ўсе дасканала ведаюць, але будуць вымушаныя яшчэ раз выслухаць фантастычную гісторыю пра тое, як гэта ў старадаўнія часы Бог цудоўным чынам вызваліў свой народ з няволі, ды так, што нават анёл смерці не быў ім страшны. Вы-рвацца з гэтых думак застаўляе Сымона жорсткае відовішча: рымскія жаўнеры сілай змушаюць устаць на ногі ледзь жывога мужчыну, скатаванага да непазнавальнасці. Безумоўна, гэта асуджаны на смерць, а з такімі лепш не звязвацца асцярожнаму ды богабаязліваму ізраэльцяніну. Сымона хапаюць і сілай прымушаюць дапамагчы смяротніку несці бэльку ад крыжа. Раздзяліць з Ім адзін прысуд на некалькі хвілін. Занячысціцца Ягонай нячыстасцю, прапахнуць Ягоным смуродам. Гэта ўжо зашмат. Сымон на свой страх і рызыку вырываецца і ўцякае…
Раніца ў цудоўным гора-дзе, 198 км ад сталіцы. Мы п’ем гарбату на кухні з гераіняй гэтай гісторыі, і Яна распавядае, як распачала сваё “самаранства”:
“Пачаць можна з таго, што “Карытас” я стала займацца ў 2017-м, а да гэтага пару гадоў у мяне проста было прагненне людзям дапамагаць. І не проста прагненне, але як быццам нешта ў плечы штурхала і вяло рабіць што-небудзь. Я не ведала, што канкрэтна, бо жаданне вялізнае, але ў нашым горадзе на той момант не было валанцёрскіх рухаў, я не мела досведу, як дапамагаць, куды звярнуцца. Жаданне было, а здзейсніць яго не было як…
І пасля ў 2016-м годзе я паехала працаваць у Індыю музыкантам і там убачыла ўвесь гэты “трэш”: мноства людзей, якім патрэбна была дапамога. Я ні разу не магла прайсці міма, і мае індусы паціху нават пачалі называць мяне “маці Тэрэзай” і жартаваць накшталт: “Мы ўдзячныя, што ты так пра нашых суайчыннікаў клапоцішся”. Самі ж яны не вельмі клапаціліся, бо там убоства проста жудаснае: пад мастом жывуць, маючы з маёмасці толькі адну коўдру – гэта насамрэч вельмі жахліва. Калі мы атрымлівалі нейкія сродкі на харчаванне, я імкнулася нешта набыць і для іх. Людзі былі ўдзячныя за ўсё, бо нават не ўяўляю, колькі часу яны жывуць без ежы, паміраюць ад халеры (я сама халерай перахварэла і кажу Табе – гэта жудасна, насамрэч жудасна).
Быў такі момант: мы працавалі пераважна не ў Нью-Дэлі, а дзе-небудзь непадалёку (ну, як “непадалёку “ – гадзін шэсць ехаць), але ў нас было ў Дэлі такое месца, дзе мы працавалі, – вялізны палац (па-іншаму не назавеш, нават коіплекс палацаў, калі больш канкрэтна). Там праводзіліся вяселлі, усялякія мерапрыемствы, і мы на іх ігралі. І літаральна ў ста метрах ад гэтага замка жылі людзі, некалькі сем’яў: бабулі, дзядулі, унукі. З маёмасці ў іх былі толькі брудныя матрацы, коўдры і нейкія дзве каляскі. І ўсё, больш нічога не было. Яны жылі пад адкрытым небам. Падчас мерапрыемстваў у гэтых замках нам дазвалялі есці, але нельга было нічога адтуль выносіць. Я брала пустыя стаканчыкі для кавы, набірала ў іх ежу, клала ў сумку пад выглядам музычнага” інвентара” і адносіла ім туды. Звычайна ў нас было пяць хвілін да моманту прыезду машыны, якая нас забірала, і я проста пакідала ім ежу, нейкім трафам нават не пабудзіўшы іх. Хаця як ты абудзіш людзей, якія жывуць літаральна ля магістралі? Там у іх машыны бібікаюць. Людзі крычаць – а яны спяць, ім усё адно. Таму я проста пакідала там ежу і адыходзіла, а яны, спадзяюся, раніцай мелі чым па-снедаць.
І ўвогуле, калі мы ігралі на вяселлях, дзе зазвычай прысутнічала некалькі тысяч гасцей, – то бок нерэальна вялізныя залы і нерэальная колькасць людзей – заўважна была вялікая колькасць афіцыянтаў і абслугі – людзей з ніжэйшых саслоўяў. Яны маглі працаваць там ад сёмай з раніцы і да другой гадзіны ўначы, пакуль гэта ўсё не скончыцца. З імі пераважна заўсёды былі дзеці. Аднойчы перад выступам я пайшла з’есці і ўбачыла вялікую колькасць дзяцей у падсобных памяшканнях. Колькі часу бацькі працавалі, столькі ж тыя дзеці павінны былі сядзець у тых маленькіх каморачках, пэўна галодныя, не ведаю. Калі я прынесла туды талерку ежы, адзін хлапчук на мяне так паглядзеў, што бачны быў яго голад. Прынесеныя бутэр-броды зніклі за дзве секунды і здавалася, што ён нават талерку разам з імі з’есць, калі б я на час яе не забрала. Гэтых дзетак таксама паціху падкармлівала. У Індыі я зразумела, што хачу дапамагаць людзям і што гэта насамрэч маё. Няважна, якім чынам, але галоўнае – дапамагаць. Калі я бачу шчаслівыя вочы чалавека, калі ён праз гэта атрымлівае маленькую порцыю любові, нават нейкі мінімум – немагчыма застацца ўбаку. Калі ты пачынаеш дапамагаць іншым – ты ўжо ніколі не будзеш тым самым. Калі ты пачнеш рабіць гэта вельмі лёгка (то бок, аддаў і забыўся ), не чакаеш ні кроплі ад гэтага чалавека – тады ты атрымліваеш нашмат больш. Я не ведаю, як гэта растлумачыць, але гэта чыстая праўда. Індыя мяне гэтаму навучыла: якімі б непрыемнымі і агіднымі гэтыя людзі ні выдаваліся, калі ты пераможаш сябе і дапаможаш, – атрымаеш нашмат больш узамен.
І вось у 2017-м годзе, калі я вярнулася з Індыі і мне прапанавалі быць у “Карытас”, я адчула вялікае натхненне, зразумела, што “так! Трэба рабіць”… Я, канешне, увогуле не разумела, што “трэба рабіць”, але гатовая была рабіць. Я ўвогуле нічога не разумела, але ўсё кампенсаваў энтузіязм. Неяк паступова пачалі знаходзіцца людзі (пэўна, зматываваныя тым самым энтузіязмам), і справа з мясцовым “Карытас” рушыла.
Можа з таго, што варта было б дадаць: дапамога людзям асабіста для мяне здаецца нават пакліканнем. Я не ведаю, як гэта апісаць: калі ты ведаеш, што робіш добрую справу і камусьці дапамагаеш (не абавязкова гэта азначае клопат пра ежу, адзенне – вельмі патрэбныя для жыцця рэчы) нават праз звычайную ўсмешку і падтрымку, калі ты прапануеш бліжняму нават нейкую дробязь, проста сядзеш бліжэй, каб ён адчуваў, што ёсць нехта побач, плады гэтай дапамогі могуць цябе канкрэтна перамяніць. Бо ў любові няма дробязяў.”
Валанцёры, пра дробныя акцыі якіх чытаеш у інтэрнэце. Сяброўка, у каторай на фэйсбуку пераважна абвесткі пошукавых груп аб загінуўшых. Настаўніца, якая раз на тыдзень “апранае” клоунскі нос і едзе ў анкалагічны хоспіс, каб весяліць тых, каму не да смеху. Што адчуваеш, калі думаеш пра іх? Ці здольны ты на подзвіг? Ці ёсць у гэтым нейкі ўкрыты матыў, “другое дно”? Я пытаюся ў сябе самога, ці маё жыццё і праца маюць сэнс? Спадзяюся – напэўна, маюць.
Сымон Кірынэец дзіўным чынам быў запрошаны да ўдзелу ў найважнейшым здарэнні ўсіх часоў – Перамогі Жыцця над смерцю. Не ведаем, ці распазнаў ён (у скатаваным трыццацігадовым мужчыне з правінцыі) Бога. Не ведаем, ці ахвотна прыняў шанец гэтаму Богу ў направе Сусвету дапамагчы. Ведаем напэўна, што гэты шанец выкарыстаў, аб чым сведчаць Евангеллі. Напэўна, Руфус і Аляксандр, сыны Сымона, што паводле старажытнай традыцыі належалі да першай супольнасці хрысціянаў, ганарыліся ўчынкам свайго бацькі, перадаючы гэтае здарэнне з пакалення ў пакаленне як Пасхальную хаггаду. Да нас дайшлі толькі некалькі вершаў гэтай гісторыі, але і яны здольныя адкрыць нам праўду, што і сёння выразная ў жыцці шматлікіх людзей: Сымону здавалася, што дапамагае Езусу, насамрэч Хрыстос дапамог Сымону прыняць удзел ва ўласным збаўленні, ва ўласным шчасці, якое нішто не здольнае адабраць.
а. Яўген ГОЛУБ, OFMConv