О, сапраўды, які вялікі гэта скарб – час! Не заўсёды ўсведамляем, што такое багацце існуе з намі, у нас, для нас з моманту нашага нараджэння. І не заўсёды ставім сабе мэту – выкарыстаць яго як мага з большай карысцю – набыць веды, узмацніцца ў веры, стаць тым, на каго спадзяецца наш Створца, Айцец наш Нябесны. Не ставім мэту, бо, відаць, упэўнены ў яго бясконцасці. На гэтую тэму паразважаем сёння з кс. Андрэем ЛЫСЫМ, SChr.
Падчас прабывання ў Рыме здарылася мне неяк апынуцца перад склепам, надпіс на шыльдзе якога прыцягнуў маю ўвагу: «Polvere del tempo». Што ж там прадаюць і як перакласці гэтую назву? Італьянскае «polvere» літаральна абазначае «пыл», «прах». Нешта такое, што нас вельмі моцна нервуе, калі яно прысутнае дома, у працы ці ў сродках камунікацыі. Нашыя гарады ўтвараюць яго тонамі, і часта бачым, як дарожныя службы і прыбіральны сэрвіс з ім «змагаецца». Назва склепа прыгадвае наведвальнікам, што сваім «павуціннем»нас прыкрывае не толькі пыл, але і час. Гэта быў вельмі прыгожы склеп – антыкварыят, дзе можна было знайсці нешта вельмі прыгожае, дарагое, але і не зусім вартаснае і таннае староцце.
Падзелены калісьці на секунды, хвіліны, гадзіны, дні, тыдні, месяцы, гады, стагоддзі, эпохі – час бяжыць, плыве, ляціць, уцякае, піхае нас, надкусвае нас сваім зубам. Маем яго ці не, заўважаем яго ці ігнаруем. Хочам мы гэтага ці не, кожны з нас з ім звязаны і ўсе мы ў ім існуем. Толькі чалавек мае свядомасць часу.
«Крышынкі часу» – так можна перакласці назву склепа, які прыцягнуў у Рыме маю ўвагу. Энцыклапедыі кажуць, што пыл (прах) – гэта малыя часцінкі памерам ад 1 да 100 мікронаў. Кожны з нас паўстаў з пылу і пылам станецца нашае цела. А час? Так, сапраўды маем нагоду выкарыстаць толькі яго «крышынкі» – хвілінкі часу. Заканчэнне года – гэта добры момант, каб запытацца, як я выкарыстоўваю час, як карыстаюся той хвілінкай, якая мне дадзена Богам?
Найперш трэба спытацца: ці я ўвогуле спасцігаю час, тое, што ён ёсць? Гэта значыць: ці не жыву я толькі гісторыяй – пастаянна ўспамінаю і вяртаюся да таго, што ўжо было? А можа, жыву толькі будучыняй – мару і разважаю пра час, які надый-дзе? Ці ўмею жыць тым, што мы называем «цяпер»? Бо толькі так маё жыццё становіцца рэальным і праўдзівым – тут і цяпер. Гэтая «крышынка» часу – тут і цяпер – найперш павінна быць мною спасцігнутая.
Кожная хвілінка часу з’яўляецца своеасабліваю школаю жыцця. Менавіта ў ёй я адчуваю, думаю, люблю. У ёй я вучуся найбольшаму мастацтву – жыццю і любові. Цікава тое, што кожная хвілінка часу вельмі дакладна дапасавана да мяне і для мяне, менавіта таму яна нясе ў сабе мудрасць, якую ніхто іншы за мяне не можа здабыць. Гэта мой час, маё жыццё і мае выбары ў часе. Я не вязень выпадку і не нявольнік абставін. Кожная хвіліна добра перажытага часу ўзносіць мяне па-над часам, дазваляе нейкім чынам дакрануцца да вечнасці. Тады адчуваем асалоду і шчасце, бо маем прадсмак паўнаты часу, бо можам закараніцца ў тым, што вечнае, – у праўдзе, прыгажосці і любові.
Варта нам зазірнуць у Біблію, паглядзець і вучыцца, як і чаму трэба добра выкарыстоўваць кожную хвілінку нашага часу. Мудрае і адказнае распара-джэнне часам вельмі важнае таму, што нашае жыццё крохкае, а прабыванне на зямлі вельмі кароткае. Трапна псальміст за-ўважыў: «Я сказаў сваім языком: “Пане, дай мне пазнаць мой канец і колькасць дзён маіх, каб зразумеў я часовасць свайго жыцця. Вось, Ты адмераў мне дзён на некалькі пядзяў, і маё жыццё перед Табой як нішто”» (Пс 39, 4-5). Апостал Якуб прыгадвае: «Вы не ведаеце, якім будзе заўтра вашае жыццё. Бо вы – пaра, якая з’яўляецца на імгненне, а потым знікае» (Як 4, 14). Сапраўды, наш час на зямлі вельмі лятучы і вельмі кароткі ў параўнанні з вечнасцю. Таму хочам жыць паводле Божай волі, каб гэты час быў добра выкарыстаны і прывёў нас да вечнасці, поўнай любові і дабрыні, – да Неба.
Псальміст моліцца: «Навучы нас так лічыць дні нашыя, каб мы здабылі мудрасць сэрца» (Пс 90, 12). Добрым спосабам здабывання мудрасці з’яўляецца навучыцца перажываць кожны дзень у аднясенні да вечнасці. Наш Стварыцель уклаў вечнасць у нашыя сэрцы, яе мы носім у сабе і да яе імкнёмся. Ведаючы гэта, трэба нам будзе здаць справаздачу перад Богам з таго, якімі мудрымі мы сталіся. Адзін з бага-словаў сказаў так: «Калі прачытаеш гісторыю, то пераканаешся, што хрысціяне, якія зрабілі найбольш для цяперашняга свету, гэта менавіта тыя, якія найбольш думалі пра “будучы” свет».
У пасланні да Эфесцаў Святы Павел засцерагае сваіх слухачоў: «Глядзіце дакладна, як паступаеце, не як неразумныя, а як мудрыя. Выкарыстоўвайце час, бо дні ліхія» (Эф 5, 15-16). Мудрае жыццё злучана з асцярожным выкарыстаннем часу. Дар часу павінен служыць не толькі нам асабіста, але таксама і іншым. Таму вялікая руплівасць і асцярожнасць у тым, што кажам і як жывём, каб кожная хвілінка была добрым сведчаннем хрысціянскага жыцця, а можа, і дакорам сумлення для тых, хто яго марнуе.
Калі ў такім сэнсе перажываем час, то добра разумеем, што менавіта кожную хвіліну здзяйсняецца падсумаванне майго распазнання: я прымаю рашэнне, каб выканаць Божую волю, альбо і не. Таму такая хвіліна мае своеасаблівы «сакрамэнтальны» характар, бо адбываецца маё спатканне з Богам, давер Яму, адбываецца маё збаўленне. Так, прынамсі, па-вінна быць. Але ці так заўсёды было?
Заканчэнне чарговага года, з позіркам, засяроджаным на календары і гадзінніку, – гэта добрая нагода, каб так, як Марыя, прыгадаць найважнейшыя хвіліны жыцця, разважаць пра іх у сэрцы, дзякаваць альбо прасіць, каб навучыцца асвячаць кожную хвіліну. Ці ж гэта не найпрыгажэйшы рэцэпт на добрае і шчаслівае жыццё? Ці ж не такімі павінны быць нашыя навагоднія пажаданні?
Жадаю, каб у новым годзе мы не змарнавалі ніводнай хвілінкі. Каб кожная «крышынка» жыцця была на Божую хвалу, а нам – на збаўленне! Амэн.
Кс. Андрэй ЛЫСЫ, SChr