Лета скончылася, дзеці селі за парты, большая частка дарослых таксама вярнулася ў свае працоўныя калектывы, успамінаючы час ад часу, як правялі свой летні адпачынак. Але тры летнія месяцы – не адзіны час адпачынку на працягу года. Таму, відаць, карысна задаць сабе пытанне: ці ўмеем наогул адпачываць? Аб гэтым паразважаем сёння з кс. Андрэем ЛЫСЫМ, SChr.
11 ліпеня ў літургіі Касцёла мы ўзгадвалі Св. Бэнэдыкта, абата, апекуна Еўропы. Чаму можа навучыць нас сёння славуты манах Сярэднявечча? Манаскаму жыццю? Не, не толькі. Святы Бэнэдыкт нарадзіўся каля 480 г. у Нурсіі (паўднёвая Італія) і паходзіў з багатай сям’і. Пакінуўшы вучобу ў Рыме, стаў жыць пустэльнікам. Праз пэўны час вакол яго сабралася шмат іншых манахаў, і каля 529 г. ён разам з паплечнікамі заснаваў на поўдні ад Рыма славуты кляштар Монтэ Касіно. Асноўным правілам манаскага жыцця ў ім былі словы «Ora et labora» («Маліся і працуй»), якія сталі дэвізам ордэна бэнэдыктынцаў.
Святы Бэнэдыкт быў далёкі ад таго, каб даць прадпісанне сваім сабратам, якое наказвала б ім цяжка працаваць у Імя Бога, больш за чалавечыя сілы. Добры Бог пасля шасці дзён «працы» – «адпачыў», такім чынам даў прыклад свайму стварэнню, каб умелі шанаваць сябе і адпаведным чынам арганізаваць час. Святы Бэнэдыкт вучыў не толькі працаваць і маліцца, але таксама і адпачываць. Ягонае славутае правіла «Ora et labora» трэба разглядаць менавіта ў кантэксце адпачынку, шукаючы «залатой сярэдзіны». Жывучы ўжо ў Монтэ Касіна, Бэнэдыкт пачаў пісаць для сваіх вучняў рэгулу – правіла жыцця. Праз шмат гадоў дапаўняў яе і мадыфікаваў такім чынам, што з часам яна пачала жыць «сваім жыццём» і сталася ўзорам для шматлікіх манаскіх сем’яў на Захадзе. Гэтая рэгула адрознівалася ад іншых, якія паўставалі з цягам часу, менавіта сваім пачуццём меры. Такім чынам Святы Бэнэдыкт вучыць нас пэўнаму стылю хрысціянскага жыцця, вучыць правільна планаваць і выкарыстоўваць час. Яго дэвіз можна пашырыць і прыняць як залатую формулу жыцця: «Маліся, працуй і адпачывай».
Маліся. Калі ўзгадваем досвед старажытнай манаскай традыцыі, якая напачатку спрыяла пэўным уцёкам ад свету і грамадскай дэкадэнцыі, відаць, як манахі шукалі пустыні, будучы перакананымі, што гэта – адпаведнае месца для распазнання прысутнасці Бога. Малітва, размеркаваная на працягу дня, надае першынства Богу ва ўсім. На малітве чалавек прысвячае Богу свой час і вучыць, што найважнейшы дар ад Стварыцеля – гэта жыццё. Богу належыць час і нашае жыццё – кожная хвіліна, дзень і год. Такім чынам праз малітву наш час становіцца «поўным». Спаўняецца тое, пра што мы чуем на пачатку літургіі Пасхальнай Вігіліі: «Хрыстус учора і сёння. Пачатак і Канец. Альфа і Амега. Яму належыць час і вечнасць. Яму хвала і валадаранне праз усе вякі вечныя». Можна сказаць, што час, які прысвячаем на штодзённую трывалую і пастаянную малітву, становіцца ў нейкім сэнсе матэрыяй духоўнай ахвяры, якую пастаянна складае супольнасць Касцёла. Яна дазваляе выходзіць па-за межы часу і вядзе да вечнасці, дзе спаўняецца гісторыя кожнага з нас і ўсяго свету, а таксама чалавечы пошук Бога. Заўсёды трэба распачынаць ад малітвы!
Працуй. Вядома, што адной малітвай чалавек не пражыве. Таму пазней Святы Бэнэдыкт з Нурсіі хацеў, каб яго манахі жылі ў супольнасцях, спалучаючы малітву і навуку з фізічнай працай. Такое прадстаўленне фізічнай працы, напоўненай духоўным сэнсам, аказалася рэвалюцыйным. Вучыліся шукаць сталасці і асвячэння ва ўзаемным пранікненні працы і засяроджанасці. Папа Францішак вучыць, што «гэты спосаб перажывання працы робіць нас здольнымі клапаціцца пра навакольнае асяроддзе і шанаваць яго, а таксама напаўняе здаровай мерай нашыя адносіны са светам». Пантыфік прыпамінае, што, калі мы задумваемся над адпаведнымі адносінамі чалавека з навакольным светам, неабходна правільная канцэпцыя працы. Калі мы кажам пра адносіны чалавека да рэчаў, то паўстае пытанне пра сэнс і мэту чалавечай дзейнасці адносна рэчаіснасці. Мы кажам не толькі пра фізічную працу або працу на зямлі, але і пра кожнае дзеянне, якое цягне за сабой пэўныя пераўтварэнні таго, што існуе, – ад выпрацавання грамадскай навукі аж да плану тэхналагічнага развіцця. Кожная форма працы прадугледжвае пэўную ідэю адносінаў, якія чалавек можа і павінен устанаўліваць з тым, што з’яўляецца адрозным ад яго.
Адпачывай. Хрысціянская духоўнасць дапаўняе каштоўнасць адпачынку і святкавання. Чалавек мае схільнасць зводзіць сузіральны адпачынак да сферы таго, што бескарыснае ці непатрэбнае, забываючы, што ў гэтым выпадку пазбаўляе здзейсненую справу таго, што найважнейшае, – сэнсу. Папа Францішак навучае, што нашым абавязкам з’яўляецца ўключэнне ў нашае дзеянне бескарыслівасці і характару ўспрыняцця. Гэта штосьці іншае, чым звычайнае бяздзеянне. Маецца на ўвазе іншы спосаб дзеяння, які з’яўляецца часткай нашага існавання. Такім чынам, чалавечая дзейнасць абараняецца не толькі ад пустой актыўнасці, але таксама і ад нястрыманасці, а таксама ізаляцыі сумлення, што вядзе да імкнення толькі да ўласнай выгады.
Святы дзень у Бібліі мае два вымярэнні. Першае – адпачынак з улікам асаблівасцей чалавека: ушаноўвае адну з асноўных патрэб нашай натуры. Другое – святкаванне. Можна ў жыцці спаткаць людзей, якія адпачываюць, але не святкуюць, а таксама і наадварот: святкуюць, але не адпачываюць. Што гэта значыць – святкаванне? Равіны і габрэйская культура разумелі святкаванне праз тры вымярэнні.
* Святкаваць – адбыць пілігрымку. Вяршыняй была пілігрымка ў ерузалемскую святыню, але яна была далёка, таму адбыць пілігрымку – пайсці ў святое месца, у сінагогу. Святкаванне прадугледжвае рух, выхад, намаганне, перанясенне, выхад са свайго дома, перанясенне ў іншае месца, да іншага свету. Калі паглядзім на сённяшнюю тэндэнцыю будаваць касцёлы бліжэй да чалавека, то бачым, што вельмі часта тыя, хто жыве блізка, рэдка ў касцёл прыходзяць. Калі ідзём у нядзелю ці ў свята ў касцёл, то нашая дарога з’яўляецца вобразам пілігрымкі. Прадугледжвае намаганне: рана ўстаць, перамагчы стомленасць ці ляноту, потым апрануцца, падрыхтавацца, пайсці. І тады мы адбываем пілігрымку і сапраўды святкуем. Калі гэтая дарога каштуе для нас, то значыць яна не змарнаваная.
* Святкаваць – спаткацца з кімсьці мудрым, хто патрапіць растлумачыць справы рэлігійныя і маральныя. У старажытнасці гэта былі старэйшыя асобы, мудрацы, тыя, каго паважалі. Шабат быў прызначаны на глыбокую размову, на роздум, каб паслухаць успаміны. Для пабожнага габрэя гэта была справа вялікай важнасці. У нашым хрысціянскім перажыванні святога дня – гэта выслухаць гамілію, казанне ці навуку, запомніць, разважаць яе значэнне. У буднія дні не маем на гэта часу, а прыходзіць святы дзень – дзеля таго, каб паслухаць, што кажа той, хто займаецца рэлігійнымі і багаслоўскімі справамі.
* Святкаваць – больш размаўляць і разважаць пра справы рэлігійныя і жыццёвыя. У буднія дні няма на гэта часу, а ў святы дзень у сям’і ці сярод знаёмых маем магчымасць, каб пабыць разам, паразмаўляць і падумаць. На працягу шасці дзён думаем, як пражыць і выжыць, а адзін дзень – як жыць. Гэта і ёсць тая розніца і святасць святога дня. Дапамогаю ў гэтым можа быць каталіцкая прэса, рэлігійны фільм, радыёперадача.
Калі дапільнуем гэтыя тры ўмовы, то дзень святы робіцца адрозным ад усіх астатніх і адпачынак становіцца поўным.
«Маліся, працуй і адпачывай» – манаская жыццёвая мудрасць, якая паказвае нам вельмі адпаведны і практычны спосаб выканання запаведзі любові – да Бога, бліжняга і самога сябе.
Кс. Андрэй ЛЫСЫ, SChr
Фота Карнэлія КОНСЭКА,SVD