Пра шляхі, што вядуць да святарства, сказана і напісана мільёны слоў. Кожны шлях моцна асабісты і кожны ажыццяўляецца пад пільным вокам Бога. Але калыскай паклікання па-ранейшаму застаецца сям’я, як было і ў айца Конрада ПАТЫКА, SVD.
“Ці вы не ведалі, што Мне трэба быць у тым, што належыць Айцу Майму?” Але яны не зразумелі таго, што Ён сказаў ім” (Лк 2, 49).
Папрасілі мяне, каб напісаў пра пакліканне, пра мой шлях да святарства, пра маіх бацькоў і тую ролю, якую адыгралі яны ў фармаванні майго паклікання. Цяжка пісаць пра сябе, бо можа падацца, што хвалішся. Аднак цяжка і з таго погляду, што дакранаешся да такіх сфер, якія моцна асабістыя, каб не сказаць інтымныя. Пастараюся падзяліцца з вамі тым, чым можна.
Калі гэта сапраўды пачалося, не ведаю, але як у Кнізе прарока Ярэміі напісана: «Сфарміраваў цябе ў лоне маці, пазнаў цябе раней, чым прыйшоў ты ў свет; асвяціў цябе” (Яр 1,4-5). У планах Пана Бога, напэўна, гэта было намнога раней, чым я сам сабе мог гэта ўявіць. І многа фактаў з жыцця маіх бацькоў і блізкіх, пра якія даведаўся значна пазней, толькі з цягам часу пачалі ўкладацца ў нейкую цэласнасць.
Час ішоў пасляваенны. Мой бацька вярнуўся з вайны ў 1943 годзе. Страціў правую руку і як інвалід вайны са службы быў звольнены. У сваёй сям’і ён быў старэйшы. Акрамя яго, былі яшчэ брат малодшы і тры сястры. Мой дзед, які ажаніўся ва ўзросце 53 гадоў, быў ужо тады немалады, і весь цяжар працы і утрымання сям’і ляжаў на плячах майго таты. Пачаліся цяжкія пасляваенныя часы. Ідэалогія калектывізацыі і “вызвалення ад уласнасці кулакоў” спрабавала знішчыць індывідуальных земляробаў.
Наша гаспадарка мела больш за 30 гектараў зямлі і была соллю ў вачах многіх. Цяжкасці і пера-шкоды, якія ставіліся рознымі дзяржаўнымі інстанцыямі, прывялі да таго, што майго бацьку пасадзілі ў турму за тое, што не мог заплаціць падаткаў і натуральных паставак дзяржаве. Перыяд турмы, аднак, меў вялікае значэнне для далейшага жыцця майго бацькі. З таго часу пачаў часцей чытаць Біблію, маліцца на Ружанцы, у яго з’явіўся якісьці жывы кантакт з Богам. Аднойчы тата прыватна склаў абяцанні Богу ў тым, што, калі Пан Бог дапаможа яму перажыць усе тыя цяжкасці і падтрымаць сям’ю, то першароднага сына свайго аддасць на службу Богу (так, як гэтага патрабаваў Стары Запавет).
Міналі гады, жыццё паволі кацілася па сваіх каляінах, інвалід з адною рукою, але моцным характарам і маральным стрыжнем ішоў наперадзе адзін.
У маёй роднай вёсцы быў касцёл і трох-асабовая супольнасць сясцёр. Сёстры працавалі пры касцёле, займаліся катехезай і лячылі людзей. Так сталася, што ў той супольнасці была сястра-лекарка – цёця маёй мамы. Мая мама часта ездзіла да яе, калі трэба было што-небудзь дапамагчы ці ў агародзе, ці ў мыцці бялізны. Аднойчы захварэў мой дзядуля, вызвалі да яго сястру-лекарку. Паколькі было ўжо цёмна, каб лекарка не вярталася назад адна, пайшла разам з ёю яе плямянніца, якая акурат прыехала ў той дзень. Такім чынам, у час, калі законніца лячыла дзядулю, у кухні за сталом адбылася першая размова паміж Францішкам і Марыяй – маімі будучымі бацькамі.
Айцец пасля часта жартаваў, што ён сваю жонку не мусіў шукаць па свеце – сама прыйшла да яго! Праз некалькі месяцаў пасля таго спаткання, 13 студзеня 1958 года, адбылося вяселле. 6 снежня ў тым самым годзе памёр мой дзядуля. Адно пакаленне адыйшло, трэба, каб прыйшло новае. І праз некаторы час нараджаецца мая сястра Марыя, потым брат Томаш, потым Ядвіга, Ян, Міхал і апошні –я. Пракарміць, адзець, выхаваць нас усіх не было лёгка, але аднарукі інвалід з кахаючай жонкай неяк давалі рады. Ніколі не былі мы галодныя, не хадзілі брудныя ці ў парванай адзежы. Так, не было ніякай раскошы, але, дзякуючы гэтаму, з самых малых гадоў, увайшлі мы ў жыццё з працай і з адпаведным выкарыстаннем таго, што маем.
Абяцанне, якое даў мой айцец Пану Богу, заставалася нерэалізаваным. Аднойчы ў нашай парафіі праводзіў рэкалекцыі місіянер. І тады мой бацька ўзяў з сабою старэйшага сына Томаша і пайшоў да таго законніка, каб прыняў яго ў ніжэйшую семінарыю вучыцца на ксяндза.
Томаш не хацеў, бараніўся рукамі і нагамі, плакаў, каб толькі яго не высылалі. Той законнік, бачачы рэакцыю хлопца, параіў майму тату, каб не прымушаў. Не так павінна выглядаць служба Богу і Касцёлу.
Гады міналі, жыццё ішло сваім тэмпам. Вясной 1980 года прызвалі Томаша ў войска. У наступным годзе сястра Марыя вышла замуж, а восенню Ян уступіў у Ордэн вярбістаў. Адразу распачаў вучобу ў навіцыяце з намерам за-стацца святаром, але праз некалькі месяцаў прыняў рашэнне стаць братам законным. Месца брата ў супольнасці і яго роля ў жыцці былі такімі важнымі, што кожны раз, калі прыязджаў на некалькі дзён дамоў, расказваў аб гэтым з вялікім энтузіязмам. Безумоўна, гэта аказала вялікі ўплыў на рашэнне, якое прыняў затым Міхал. Пасля заканчэння сярэдняй школы ў 1988 годзе ўступіў у Ордэн вярбістаў, каб быць братам законным. Яго рашэнне бацькі не прынялі з энтузіязмам, хутчэй з асцярогай, што гэта часовае захапленне і што ён хутка вернецца дадому. Але не вярнуўся, застаўся братам законным, у 1995 годзе злажыў вечныя шлюбы, выехаў на місію ў Заір і ў 1998 годзе там памёр.
Ян, які пайшоў у Ордэн першым з нас, сёння служыць у правінцыяльным Доме вярбістаў у Варшаве.
Мая дарога да святарства не была простай. Прызнаюся, што ад наймалодшых гадоў быў пры алтары, быў міністрантам, лектарам, многа дапамагаў пры розных працах. Мне гэта падабалася. Тым не меней вельмі хацеў мець сям’ю – жонку, дзяцей. І тут з’явілася нейкая ўнутраная дылема. З аднаго боку – прагненне сямейнага жыцця, з другога – нейкі Голас унутры мяне падказваў, што маё месца дзесьці ў іншым. Быў такі момант, што пасля заканчэння сярэдняй школы, будучы на рэкалекцыях, сказаў: Пане Божа, калі хочаш, я пайду ў семінарыю, але не абяцаю, што там застануся. І пазней, знаходзячыся ў фармацыі, многа разоў прасіў, каб мяне не дапусцілі на наступны год. Сам я не меў такой адвагі, каб адыйсці, і хацеў, каб хто іншы сказаў, што не маё гэта. Але ніхто гэтага не зрабіў. Сёння, калі ўжо мінула 25 гадоў майго святарства, дзякую Богу, што ўсё так склалася. Маё жыццё мае сэнс, дае мне радасць, і маю на-дзею, што хіба таксама і людзі, якія праходзяць праз маю што-дзённасць, дзякуюць Богу за гэта.
А зараз вяртаюся да ролі, якую адыгралі ў маім жыцці мае бацькі. Напэўна, іх рэлігійнасць, іх малітва былі для мяне велізарнаю падтрымкаю. І хоць я ўжо быў трэцім сынам, які ўступіў у Ордэн Слова Божага, ад іх ніколі не сустракаў супраціву. Можа з боку мамы было нейкае ціхае чаканне, што вярнуся дамоў, і часам, калі прыязджаў на вакацыі, гучала ціхая надзея, што ўжо застануся дома, аднак рашэнне гэтага пытання заставалася толькі маім. З боку айца заўсёды было поўнае разуменне і падтрымка. І гэта мне моцна дапамагала.
Іх узаемныя адносіны як мужа і жонкі, таксама бацькі і маці назаўсёды застануцца для мяне ўзорам, пра які буду апавядаць на ўсякіх навуках перадсужэнскіх. Не прыпомню сітуацыі, каб была ў доме сварка ці калатня. Здараліся непаразуменні, але заўсёды іх удавалася неяк развязаць. А калі маме моцна нешта не падабалася і яна хацела настаяць на сваім, тады прамаўляла каронную фразу айца: “Жанчына, сядзі ціха!”. І на тым усё заканчвалася. Бацька заўсёды з шанаваннем адносіўся да мамы, а мама жыла і працавала ў цяні айца. Узаемна падтрымлівалі адзін аднаго, разам маліліся і будувалі супольнасць сям’і, а Пан чуваў над імі і рэалізоўваў свае планы. Бацька хацеў за гэта аддаць яму найлепшага, першароднага сына, а Пан пастанавіў іначай. Таго найлепшага пакінуў у родным доме для прадаўжэння роду, а забраў трох астатніх, з якіх, можа, і ў свеце не было б пажытку…
Конрад ПАТЫКА, SVD
Здымак Карнэлія КОНСЭКА, SVD