Калі б падлічыў увесь час, патрэбны для здзяйснення дадзеных сабе і іншым абяцанняў, пэўна, прыйшлося б як мінімум паўгода выкінуць з уласнай біяграфіі. Нашае бясснежнае зімовае надвор’е, якому, пэўна, бліжэй да Вялікадня, чым да Калядаў, шэпча: “ Вялікі пост!”. Каторы раз буду абяцаць сабе пражыць яго ідэальна? Менавіта пражыць, а не перацярпець, каб (нарэшце) датрымацца сваіх пастановаў і тысячы і адной малітоўнай практыкі, уласна і старанна абраных? “Хто ж рызыкуе пачынаць з нуля практыкаванні – асабліва духоўныя – без добрага трэнера? Так і сабе зашкодзіць нядоўга!”, – абураецца ўнутраны голас. Неахвотна прызнаючы яго рацыю, бяруся шукаць добрага правадніка па часе “пакаяння і навяртання”. Аскетычныя подзвігі маіх сярэднявечных братоў хутчэй здзіўляюць, а не натхняюць мяне, грэшнага, а сучаснае разуменне навяртання як самаўдасканалення і духоўнага росту здаецца досыць марным зразуменнем таго, дзеля чаго насамрэч веруючы чалавек пачынае сямітыднёвую прыгоду пад назваю “пост”.
Карацей, разважыўшы ўсе “за” і “супраць”, зусім ужо страціў надзею знайсці нейкую адэкватную меру “пашчэння”, ажно раптам… На дапамогу мне прыйшлі Айцы пустыні.
Першыя з пустэльнікаў, дзякуючы свайму радыкальнаму спосабу жыцця, у вачах іншых хрысціянаў атрымалі статус моцных духоўных аўтарытэтаў. Аповеды з іх жыцця і кароткія настаўленні “абаў” разыходзіліся з маланкавай музыкай сярод тых, хто шукаў большай дасканаласці ў адносінах з Богам і самім сабой. Тады яшчэ слова “аба” азначала “айцец” і не мела аніякага дачынення да шведскай поп-музыкі. Егіпецкія пустэльнікі былі не толькі экспертамі і рок-зоркамі духоўнасці, яны былі айцамі, якія дапамагалі нарадзіцца для Бога і выхоўвалі аж да сталасці хрысціянства.
І сёння не сорамна звярнуцца за парадай да тых, хто справе навяртання і посту прысвяціў больш паловы жыцця, прайшоўшы ўсе таямнічыя пасткі і пакусы нэафітаў на гэтым шляху. “Апафтэгматы Айцоў пустыні” – кароткія і павучальныя гісторыі з жыцця пераважна егіпецкіх пустэльнікаў з асяродку ў Скетыс, часам смешныя, часам сур’ёзныя, але ніколі не пакідаючыя абыякавымі – гэта больш чым класіка духоўнай літаратуры. Гэта люстэрка, у якім адбіваецца кожны хрысціянін, без грыму і кілаграмаў пудры. Паспрабуем паглядзець у яго і мы:
Хтосьці сказаў аба Арсенію: “Мае думкі мучаць мяне, кажучы, што я не здольны ні да посту, ні да працы, таму, можа мне пайсці апекавацца хворымі, бо і гэта праява любові?”. А старац распазнаў д’ябальскую пакусу і так адказаў: “Вяртайся, еш, спі і не выконвай аніякай працы – толькі не выходзь з келлі”. Бо ведаў старац, што гэтае трыванне ў келлі прыводзіць манаха да дасканаласці.
***
Адзін з братоў сказаў: “Калі пільна захоўваеце пост, не надзьмувайцеся з гэтай прычыны; а калі б вы меліся быць ганарлівымі, то ўжо лепш ешце мяса. Бо больш карысна для чалавека есці мяса, чым надзьмуцца і ганарыцца.”
***
Адзін з братоў прыйшоў да абы Паймена пад канец другога тыдня саракадзённага посту. Распавёў яму пра свае думкі, супакоіўся і напрыканцы дадаў: “Мала хапала б, каб я не вырашыўся сёння прыйсці сюды сёння”. Старац запытаўся: “Чаму?”. Брат адказаў: “Я казаў сабе: Можа мне не адкрыюць, бо ж Вялікі пост”. Сказаў яму аба Паймен: “ Нас вучылі закрываць не драўляныя дзверы, але дзверы вуснаў.”
***
Аба Паймен пачуў пра кагосьці, хто пасціў шэсць дзён, а пасля моцна разгневаўся. Старац сказаў: “Навучыўся прымушаць сябе да посту шэсць дзён, але не навучыўся выкідаць з сэрца гнеў.”
***
Адзін з братоў запытаўся: “А посты і чуванні, якія мы практыкуем, што змяняюць?”. Старац адказаў: “Яны вучаць душу пакоры, бо напісана: Зірні на марнасць і на працу маю і адпусці мне ўсе правіны мае. Таму, калі душа прыносіць гэты плён, Бог з гэтай прычыны літуецца над ёй.”
***
Аба Касьян распавядаў: “Прыбылі мы ў Егіпет, я і святы Германус, і прыйшлі да пэўнага старца. А калі ў яго гасцявалі, запыталіся: “Чаму вы тут, калі прымаеце гасцей, не захоўваеце правілаў нашага посту, якіх мы навучыліся ў Палестыне?”. А старац адказаў: “Пост заўжды са мною, а вас не заўсёды магу прыняць. Акрамя таго, пост сапраўды карысны і патрэбны, але пазбаўлены нашай волі; а спаўнення запаведзі любові патрабуе ад нас Божы закон. Калі ў вашай асобе я прымаю Хрыста, мушу як найлепш служыць вам; але калі з вамі развітаюся, змагу зноў вярнуцца да захавання посту. Бо сыны Ўмілаванага не могуць пасціць, пакуль Умілаваны сярод іх, але калі забяруць ім Яго, тады слушна застаецца ім пасціць.”
***
Распавядалі, што быў у адной вёсцы чалавек, які настолькі моцна пасціў, што яго нават называлі “постнікам”. Аба Зянон пачуў пра яго і запрасіў да сябе. Ён прыйшоў з радасцю, памаліліся і селі, а старац у маўчанні прыняўся працаваць. Постнік убачыў, што размова не клеіцца, і засумаваў. Нарэшце, звярнуўся да старца: “Памаліся за мяне, ойча. Мне ўжо трэба ісці”. Старац запытаўся: “Чаму?”. Ён адказаў: “Бо сэрца маё нібыта адчувае жар, не ведаю, што са мною: калі я быў у вёсцы, пасціў аж да вечара і ніколі нічога падобнага не адчуваў”. А старац адказаў: “У вёсцы цябе насычалі вушы; але ідзі і ад сёння спажывай пасілак заўжды а дзевятай гадзіне, а што б ні рабіў, рабі патаемна”. Адышоў і, калі пачаў рабіць, як наказаў яму старац, з вялікім цяжарам вытрымліваў да дзевятай. А знаёмыя казалі: “Постніка зняволіў злы дух”. Ён пайшоў і распавёў усё гэта старцу. А старац адказаў: “Гэта і ёсць Божы шлях.”
***
Ама Тэадора (пустэльніца) сказала таксама, што ні аскеза, ні чуванні, ні аніякая іншая праца не вядзе да збаўлення, а толькі сапраўдная пакора. Бо быў аднойчы пэўны пустэльнік, які выганяў злых духаў, і запытаўся ў іх: “Што вас выганяе: пасты?”. Адказалі: “Мы не ядзім і не п’ём”. “Чуванні?”. Адказалі: “Мы не спім”. “Жыццё ў пустэльні?”. Адказалі: “Мы самі жывём на пустыні”. “Дык што ж вас выганяе?”. Адказалі: “Нішто не можа нас перамагчы, апрача пакоры”.
Дык бачыш, што пакора перамагае злых духаў?
Пустэльнікі добра разумелі, што сапраўдная сутнасць посту ляжыць у перамяненні чалавечага сэрца, якое немагчыма без пакорнага прыняцця Бога, ані без нашага асабістага жадання і канкрэтных крокаў. Колькі ад мяса ні адмаўляйся (што зараз становіцца даволі папулярным сярод католікаў), калі не разумееш, навошта гэта робіш, – вынікам будуць толькі некалькі страчаных кілаграмаў, а гэта, пагадзіцеся, да духоўнага жыцця мала адносіцца. Можна рабіць праведны выгляд шэсць дзён, але менавіта сёмы дзень паказвае праўду пра нашую духоўную кандыцыю.
Перамененае сэрца зусім іначай бачыць рэчаісную мэту посту, якая, цытуючы параду аднаго святара, заключаецца ў тым, каб “не “есці” ў гэты пост сябе і сваіх блізкіх”. Тады можам мець упэўненасць, што з Божай дапамогай плёны гэтых сарака дзён працы над сабою ў Божай ласцы не згніюць і не выветрацца пасля велікоднага святкавання.
а. Яўген ГОЛУБ, OFMConv