Штогод перажываем час Вялікага посту, удзельнічаем у рэкалекцыях, слухаем палымяныя словы святара, які заклікае да навяртання, і недзе здалёк падкрадваецца правакацыйная думка: я ж не адыходзіў ад Бога, чаму мне трэба “навяртацца”? З падобнымі думкамі дапаможа нам сёння разабрацца кс. Андрэй ЛЫСЫ, SChr
Бог запрашае і кліча нас да навяртання – асабліва цяпер, падчас Вялікага посту. Гэта абсалютная неабходнасць для кожнага хрысціяніна. Кажучы пра навяртанне, Бог хоча нам перадаць, што існуе іншае жыццё, пасля гэтага зямнога часу, жыццё, да якога мы збліжаемся кожную хвіліну. Нам нельга згубіць дарогу да гэтага жыцця, хаця сучасны чалавек вельмі часта пра гэта забываецца.
Бог аб’яўляе нам Сябе як Кагосьці вельмі блізкага, як Айца і Брата. Бог – гэта крыніца і мэта нашага жыцця. Ён не хоча нашых паразаў і грахоў, Ён хоча нашага дабра і збаўлення. Добра разумеем, што кожны наш грэх – гэта адыход з дарогі, што вядзе да сапраўднага жыцця. Езус, аднак, усцяж нанова дае нам чарговы шанец, каб паправіцца і навярнуцца. Таму ў часе Вялікага Посту хочам убачыць і падумаць, колькі такіх магчымасцей ужо было ў нашым жыцці. Варта ўсвядоміць, што сёлетні Вялікі Пост можа быць ужо апошні ў нашым жыцці, цяпер маем астатні шанец, потым яго ўжо можа не быць… Таму пытанне: ці варта даўжэй чакаць і марудзіць з навяртаннем?
Але хто мае навяртацца? Я? Ці я аж такі грэшнік? Нікога не забіў, не ўкраў і гэтак далей… Калі такія думкі прыходзяць нам у сэрца, то варта звярнуцца да слоў Святога апостала Яна: “Калі кажам, што не маем граху, ашукваем саміх сябе, і няма ў нас праўды. Калі ж вызнаём нашыя грахі, то Ён, верны і справядлівы, адпусціць нам грахі і ачысціць нас ад усялякай несправядлівасці. Калі кажам, што мы не зграшылі, то робім Яго ілгуном, і няма ў нас Ягонага слова” (1Ян 1,8-10). Час Вялікага посту – гэта час пакаяння і навяртання ад грахоў. Пры-знаю сваю няправеднасць, адкідаю зло, адварочваюся ад граху. Чалавек мае ў сабе знішчыць усіх ідалаў, якіх сабе паставіў на дарозе да Бога. Але гэта толькі паўкроку. Трэба яшчэ на вялікапоснай дарозе звярнуцца да Бога! Чыніць больш дабра, ісці ўперад дарогаю духоўнага жыцця і на першым месцы паставіць Бога – Яго Любоў і Яго права.
Грэчаскае слова “метаноя” абазначае пакаянне і вялікае імкненне чалавека, каб наблізіцца да Бога. Добра разумеем, што сёння ўсё гэта можа здзейсніцца толькі праз сакрамэнт споведзі, калі мы ў час посту добра падрыхтуемся і добра яго перажывём. Трэба запытацца пра нашыя споведзі: ці не рэлігійная гэта для мяне фармальнасць, ці, можа, прыкры абавязак, які час ад часу трэба адбыць?
Ці мая споведзь добра падрыхтаваная? Бо толькі яна так сапраўды дасць мне духоўны пажытак. Нам трэба прыгадаць умовы добрай споведзі. На самым пачатку – рахунак сумлення. Нам патрэбная будзе не толькі нашая памяць, але і нейкія “дапаможнікі”, якія маем надрукаваныя ці знойдзем у інтэрнэце. Пытанні, якія там маем, ці іншыя падказкі дапамогуць глыбей убачыць, што ў маім жыцці яшчэ дрэннае, злое, недасканалае, над чым трэба працаваць. Дапаможа нам таксама, калі прыгадаем сабе Божыя і касцёльныя запаведзі, галоўныя грахі, а таксама евангельскія парады Хрыста. Асабліва падчас рахунку сумлення трэба нам прасіць Духа Святога, каб даваў адвагу ўбачыць свой грэх, назваць яго па імені і прызнацца ў ім.
Часткай добрай і падрыхтаванай споведзі з’яўляецца жаль за грахі і шчырае вызнанне, без “упрыгожвання” і апраўдання. Напэўна, ужо не адзін раз мы перажылі “добрую споведзь”, калі Міласэрнаму Богу аддалі ўвесь свой грэх. На жаль, бывалі і такія споведзі, калі на сэрцы аставаўся “асадак”, бо не ўсё было сказана так, як ёсць. Нельга адысці ад канфесіяналу без пастановы выправіцца. Яна павінна быць вельмі канкрэтнай і рэальнай, а не агульнай і немагчымай да выканання. Выкананне прызначанай пакуты не можа абмежавацца толькі да фармальнага спаўнення таго, што мне “задаў” святар, гэта перамена сэрца, якую бачыць не толькі Бог праз маю малітву, але таксама і мой бліжні – праз канкрэтныя ўчынкі дабрыні і міласэрнасці.
Папа Францішак кажа, што Бог дзейнічае падчас споведзі не як “налогавая”, але цярпліва шукае розных дарог міласэрнасці, каб прабачыць чалавеку. Езус як спавяднік, калі бачыў раскаянне грэшніка, папросту казаў: “Ідзі і не грашы болей”. Пантыфік звяртае ўвагу, што кленчым у канфесіянале не перад чалавекам-святаром, але перад міласэрным Богам. Пра гэта ніколі не трэба забывацца, што грахі адпускае толькі Бог.
Часамі пытаемся: навошта падчас споведзі вызнаваць малыя, неістотныя грахі? Нам трэба памятаць, што ніхто не нараджаецца “вялікім” грэшнікам. Чалавек нараджаецца як маленькае, нявіннае дзіця, а грэшнікам становіцца паступова, у меру таго, як свядома і дабравольна дазваляе злу пранікаць у сваё жыццё. Прыклад першых людзей у раі – гэта гісторыя кожнага з нас. Былі святымі і нявіннымі, але адвярнуліся ад Бога, самастойна захацелі вырашаць, што для іх дабро, а што – зло, не слухаючыся Божага наказу. Добра ведаем, як гэта скончылася. Грэх толькі напачатку падаецца “салодкім”, як той, з райскага дрэва. Потым з’яўляюцца наступствы граху, якія знішчаюць чалавека. Сатана, які з’яўляецца галоўнай прычынай граху, не хоча чалавечага шчасця, але робіць усё, каб знішчыць чалавека. Толькі поўная гармонія з Богам дае радасць і паўнату шчасця. Таму Бог заўсёды хоча нашага навяртання і шчасця для нас.
Бывае часамі ў жыцці, што Бог паслугоўваецца няшчасцямі дзеля нашага навяртання. Глыбокі позірк на цярпенне дазваляе зразумець, што ў жыцці найважнейшае і што сапраўды каштоўнае. Часамі нам падаецца, што гэта “кара” за нашыя грахі, што Бог такі жорсткі. Пазней праз прызму веры бачым, што Бог дае розныя сцэнарыі ў жыцці чалавека, для кожнага іншы, але найлепшы і найпрыгажэйшы, бо ад Бога і дзеля нашага збаўлення. Часам толькі такі боль і цярпенне могуць “прабудзіць” чалавека і яго сумленне. Таму трэба цярпліва шукаць сябе такім, якім мяне стварыў Бог, і прымаць з пакораю ўсё, што вядзе нас да паўнаты шчасця.
Няшчасці і цярпенні спатыкаюць усіх людзей – добрых і злых, багатых і бедных, тых, хто правініўся, і тых, хто не мае ніякай віны. Па-чалавечы – няма ў гэтым ніякай логікі. Для веруючага чалавека ж важным з’яўляецца тое, каб па-Божаму знайсці сэнс гэтых здарэнняў, каб яны перамяніліся ў дабро і дарогу навяртання да Бога. Для гэтага таксама спрыяльны час Вялікага посту, калі з асаблівай увагай глядзім на крыж Збаўцы і Яго бязвіннае цярпенне. З гэтай “трагедыі” вырасла найбольшае для ўсіх нас дабро – нашае збаўленне. Каб не крыж Хрыста, то і вера нашая і жыццё не мела б ніякага сэнсу.
Чарговы Вялікі пост – час для нашага перамянення і навяртання. Ужо не бачым попелу, якім пасыпалі нам галовы, але ў сэрцах павінны гучаць словы, якія мы пачулі ў Папяльцовую сераду: “Навяртайцеся і верце ў Евангелле”. Няхай нам дапамогуць у гэтым парафіяльныя рэкалекцыі, добрая споведзь і глыбокі роздум пра цярпенне і няшчасці. Няхай пашыраюцца сэрцы, калі будзем руплівей маліцца і шчодра даваць міласціну. Гэты год, Святы Юбілейны год у Каталіцкім Касцёле, – асаблівы час і нагода, каб падзякаваць і асэнсаваць, што ўсе мы – сапраўдныя пілігрымы надзеі.
Кс. Андрэй ЛЫСЫ, SChr
Фота Карнэлія КОНСЭКА,SVD