Настрой свой духоўны «будзільнік»

кс. Андрей ЛысыМолімся… Раніцай і ўвечары, перад ядою і пасля яе, перад пачаткам сур’ёзнай справы і яшчэ, і яшчэ… Часта заўважаем: молімся, а думкі скачуць невядома куды. Прыкра гэта, але так бывае… Як пазбавіцца гэтага? Як чалавеку дасягнуць шчырай малітвы, а не прамаўляць аўтаматычна завучаныя ў дзяцінстве словы? Пра гэта разважаем сёння разам з кс. Андрэем  ЛЫСЫМ, SChr.

 

 

Святы Лука – евангеліст, які найбольш падкрэслівае сэнс малітвы ў паслузе самога Езуса. Толькі ён перадаў нам тры прыпавесці на тэму малітвы. Натхнёны Богам аўтар робіць своеасаблівы ўступ да гэтых прыпавесцей такімі словамі: “Расказаў таксама ім прыпавесць пра тое, што трэба заўсёды маліцца і не падаць духам” (Лк 18, 1). Некалькі раздзелаў далей падае іншыя словы Езуса пра малітву: “Таму чувайце і маліцеся ўвесь час, каб вы маглі пазбегнуць усяго, што павінна адбыцца, і стаць перад Сынам Чалавечым” (Лк 21, 36). Святы Лука звяртае ўвагу чытачоў Евангелля, што Езус надаў вя-лікае значэнне пастаянству ў малітве, бо дае наказ сваім вучням, каб пастаянна трывалі на малітве “днём і ноччу”, “у кожны час”. Акрамя таго, становіцца зразумелым, што пастаянная малітва – гэта не толькі парада, гэта наказ самога Пана для сваіх вучняў, таксама і для нас.

Нам трэба пастаянна маліцца, калі хочам быць блізка Езуса, таму Ён сам дае нам прыклад і ўсцяж моліцца да свайго Айца. У Святога Лукі гэта бачна між  іншым у наступных фрагментах: “А Ён адыходзіў у пустынныя месцы і маліўся” (Лк 5, 16), а таксама: “Калі  Ён маліўся ў пэўным месцы і калі перастаў, адзін з вучняў Ягоных сказаў Яму: “Пане, навучы нас маліцца, як і Ян навучыў сваіх вучняў” (Лк 11, 1).

Святы Павел таксама шмат разоў піша пра наказ Пана, які датычыць пастаяннай малітвы і часта заахвочвае вернікаў, каб жылі гэтым зместам. “Няспынна маліцеся” (1Тэс 5, 17), “Ва ўсялякай малітве і просьбе маліцеся ў Духу пры кожнай наго-дзе” (Эф 6, 17). Сам Павел дае прыклад, калі піша пра сябе, што пастаянна, днём і ноччу, бесперапынна моліцца за сваіх.

Наследуючы біблійныя навучанні, некаторыя айцы Касцёла і старажытныя аўтары таксама заахвочвалі хрысціян да пастаяннай малітвы. Св. Клемент піша так: “Хоць некаторыя прыпісваюць на малітву акрэсленыя гадзіны, напрыклад, трэцюю, шостую, дзявятую, дасканалы хрысціянін моліцца праз усё жыццё, імкнучыся пастаянна жыць у Богу праз малітву”.

Зразумела, што лягчэй гэта здзейсніць, будучы манахам і жывучы ў кляштары, паводле канкрэтнага  распісання, калі час на малітву вызначаны. Якім жа чынам “звычайныя” хрысціяне, якія  хочам  быць  бліжэй да Хрыста, можам пастаянна трываць  на малітве? Кожны раз, калі ў сэрцы адчуваем імкненне выправіцца і яшчэ больш служыць Пану і таксама, калі шукаем кірунак і правадніка на хрысціянскай  дарозе да святасці. Менавіта тады Дух Святы дае нам падказку з Евангелля, што трэба пастаянна маліцца і не пераставаць.

Падчас гэтых разважанняў нам хацелася б больш глыбока зразумець і практычна пераняць змест наказу Хрыста пра пастаянную малітву. Хацелася б, каб кожны з нас меў сапраўднае перакананне аб тым, што хоча стаць  чалавекам  глыбокай малітвы, а не толькі фармальнай і павярхоўнай практыкі. Наша малітва  з Богам павінна трываць  пастаянна: ці то на вуліцы, ці падчас працы, ці то ў цішыні парку і падчас Літургіі. Бо гэта наша адзіная дарога наследаваць нашага Настаўніка і верна пры Ім трываць.

Кожны хрысціянін, які хоча жыць згодна са сваёй верай, імкнецца кожны дзень ператварыць  у пастаянную і блізкую размову з Богам. Такім чынам малітва  становіцца не нейкім паасобным  дзеяннем, якое трэба “выканаць” і  потым далей займацца сваімі справамі. Раніцай  звяртаемся  да  Бога, а вечарам малітва “як кадзіла” ўзносіцца  да Пана. Святое Пісанне нагадвае, што ўвесь дзень можа быць часам малітвы – ад рана да вечара. Больш таго, нават  сон  наш павінен быць своеасаблівай формай малітвы і праслаўлення Бога. Няспынная малітва з’яўляецца дарам ад Бога, які Ён дае таму, хто шчодрасцю адказвае на Яго ласку. Некаторыя практыкі хрысціянскай  пабожнасці асаблівым чынам  паказваюць гэты няспынны дыялог душы з Панам Богам.

Малітоўныя практыкаванні з’яўляюцца выразам і наступствам  любові  і  сродкам, каб яна павялічвалася ў нашых душах. Зважаючы на тое, што гэта канкрэтны высілак, то хрысціянін не павінен быць пасіўны, калі  хоча  дасягнуць  спосаб жыцця пастаяннай малітвай. Разам з узрастаннем  трывае духоўная барацьба. Таму варта шукаць і мудра карыстацца рознымі  людскімі дасягненнямі, прыгаданнямі, якія ў кожную хвіліну могуць ажывіць дыялог і прысутнасць Бога ў штодзённым жыцці.

Такія “малітоўныя будзільнікі” духоўнага  жыцця вельмі  асабістыя, бо любоў – яна вельмі спрытная. Адрозніваюцца ў залежнасці ад розных абумоўленасцей і абставін жыцця чалавека, але кожны павінен ведаць, якія сродкі ён выкарыстоўвае, каб пастаянна маліцца. Таму падчас раскладу дня трэба запланаваць і прадбачыць нейкія пастаянныя нормы, якія я прыпісваю  да акрэсленай гадзіны. Асноўнай  справай  у хрысціянскіх узаемаадносінах з Богам з’яўляецца тое, каб дзесьці на “дне душы” трываць у пастаянным аднясенні да Бога. Таму гэтае аднясенне  трэба як мага часцей ажыўляць і адносіць да Яго  справы нашай штодзённасці. Гэтага  мы  дасягаем і маем нагоду знайсціся ў Божай прысутнасці, напрыклад: калі прачнуліся, калі спажываем пасілак, распачынаем падарожжа ці працу, калі наступае перапынак, калі  ўжо  працу ці падарожжа скончылі і, ўрэшце, калі кладзёмся, каб зноў адпачываць. Трэба таксама памятаць, што гэтая  малітоўная  лучнасць і ўдзячнасць часта звязана з канкрэтнымі  асобамі, якіх у што-дзённасці сустракаем, праз якіх Бог дзейнічае і дае нам сваю ласку.

Такія пастаянныя правілы паміж сабою глыбока злучаныя, бо з’яўляюцца адзіным напрамкам, які фарміруе нашую свядомасць, абуджае ціхую прысутнасць Бога, як фундамент нашага мыслення, адчування і быцця. Такім чынам Божая прысутнасць у розныя хвіліны жыцця дапамагае ўбачыць Бога ў тым добрым, што Ён нам дае і спантанна падзякаваць. Менавіта той, хто хоча дзякаваць Богу за даброты, якія  ад Яго атрымлівае, – за  жыццё,  за  веру, за хрысціянскае пакліканне, – выкарыстоўвае  пэўныя  акалічнасці  дня, разумее таксама іншыя нагоды, каб праслаўляць Бога на працягу дня, такім чынам уваходзіць у  рытм пастаяннай малітвы.f-str-27

Святы Павел даў нам прыклад, як весці жыццё ў пастаяннай удзячнасці: “Заўсёды дзякую Богу майму за вас дзеля ласкі Божай, дадзенай вам у Хрысце Езусе” (1Кар 1, 4), “не перастаю  дзякаваць за вас, успамінаючы вас у сваіх малітвах” (Эф 1, 16). Такім самым чынам  святыя заахвочваюць да перамянення ўсяго жыцця ў пастаянную ўдзячнасць. Як можна  не ашалець з любові, калі бачым і адчуваем, як Бог нас любіць? Такім чынам, нашае  жыццё перамяняецца  ў  пастаянную малітву, супакой духа, які ніколі не скончыцца, становіцца ўдзячнасцю  з  гадзіны на гадзіну, якая ніколі  не заканчваецца.

Калі ж у пастаяннай малітве выкарыстоўваюцца нейкія тэксты, то  варта  іх чытаць. Не толькі  ведаць іх  напамяць і паўтараць, часамі механічна і бяздумна, але спакойна “ўчытвацца” ў той глыбокі і духоўны змест, які яны маюць, і ў гэтым шукаць сябе. Такая “чытаная” малітва будзе сапраўды жывой і асабістай, якая не будзе нас стамляць, але радаваць і з большай зацікаўленасцю і захапленнем вяртаць да прачытанага тэксту.

 

 Кс. Андрэй ЛЫСЫ, SChr

 Фота Карнэлія КОНСЭКА,SVD


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий