…Смутная гэта дарога на могілкі: парадкуем месца пахавання нашых блізкіх, успамінаем іх, гледзячы на партрэты і прозвішчы, пакідаем кветкі, запальваем свечкі і молімся. Молімся і каля магілы, і дома, і ў касцёле… А ці дапамагае наша малітва памерлым? Пра гэта разважаем сёння разам з кс. Андрэем ЛЫСЫМ, SChr.
Большасць з нас ведае і памятае з дзяцінства, што лістапад – гэта «месяц памерлых». Пачынаючы ад урачыстасці Ўсіх Святых, праз дзень успаміну «ўсіх памерлых» ажно да святкавання «Андрэйкаў» кожны дзень у нашых малітвах асабліва памятаем пра памерлых, а «выпамінкі» з’яўляюцца безумоўным элементам лістападаўскай атмасферы. Вельмі часта бывае і так, што наведванне могілкаў і магіл продкаў мы здзяйсняем толькі ў лістападзе. А ці калі-небудзь задумваліся, навошта нам маліцца за памерлых?
Найпрасцей было б адказаць: «Гэтак было заўсёды». І ў нейкім сэнсе гэта праўда. Каб мы дайшлі да высновы, што малітва за памерлых такая cтарая, як гэты свет, было б гэта нейкім чынам перабольшана. З іншага ж боку, хіба ўсе культуры мелі рэлігійныя абрады, злучаныя з пахаваннем памерлых? Хрысціянская традыцыя малітвы за памерлых сваімі каранямі сягае больш-менш да трэцяга стагоддзя перад нараджэннем Езуса Хрыста. У Другой Кнізе Макабэяў (яе паўстанне датуецца менавіта гэтым часам) можам прачытаць, як Юда Макабэй склаў ахвяру перапрашэння за забітых, каб яны былі вызваленыя ад граху (2 Мак 12,45).
Памятаючы гэтую традыцыю, супольнасць Касцёла ад пачатку ўшаноўвала памяць пра памерлых і ахвяроўвала ім дапамогу, асабліва Эўхарыстычную Ахвяру, каб яны пасля ачышчэння маглі атрымаць поўную радасць сузірання Божай хвалы. Тэртуліян (160–240) пісаў: «У дзень гадавіны іх смерці складаем за нашых памерлых ахвяры». У іншым месцы ён узгадвае пра жанчыну, якая малілася за свайго памерлага мужа, каб выпрасіць яму ахалоду. Таксама Святы Ян Хрызастом заклікаў да такой малітвы: «Трэба нам несці ім (памерлым) дапамогу і памятаць пра іх. Калі сыны Ёва былі ачышчаныя дзякуючы ахвяры свайго айца, чаму нам сумнявацца, што нашыя ахвяры за памерлых прыносяць ім суцяшэнне? Не вагаймася несці дапамогу тым, хто адышоў, і ахвяруйма за іх малітвы!». Варта таксама прыгадаць, што засталіся сотні раннехрысціянскіх надмагільных помнікаў, на якіх запісаныя малітвы за памерлых.
Такіх прыкладаў можна падаць і болей. Канешне ж, яны непасрэдна не адказваюць на пытанне «Чаму мы молімся за памерлых?», але паказваюць веру і хрысціянскае «вычуццё», што такая малітва вельмі патрэбная і мае глыбокі сэнс. Пра важнасць гэтай малітвы сведчыць таксама і тое, што яе далучылі да аднаго з учынкаў міласэрнасці для душы. Такім чынам, калі пытаемся пра сэнс малітвы за памерлых, то крыху жартам можна адказаць: «А чаму ж бы і не, калі столькі пакаленняў хрысціян маліліся ёю ад самага пачатку Касцёла».
Але ёсць важнейшы аргумент, чым той, што вынікае з выразу «Заўсёды так было», – тэалагічны. Веруючыя людзі з часоў Старога Запавету меркавалі, што памерлыя знаходзяцца здалёк ад Бога (Пс 88), так што Бог ніяк не можа пачуць іх просьбаў. Яны застаюцца ў самоце і безабаронныя зусім. Новы ж Запавет паказвае чалавечую смерць як сілу, што ўводзіць у стан поўнай бяссільнасці і небыцця, бо на нейкі час ці назаўсёды аддзяляе ад Бога Стварыцеля. Грэх, з якім чалавек не справіўся за жыццё на зямлі, стварае быццам «зачараванае кола», з якога ён сам не можа вызваліцца. Гэтае “кола” з’яўляецца краінаю цемры, з якой памерлы не можа выйсці. Малітва за памерлых параўноўваецца са святлом, якое ім асвятляе апошнюю дарогу. Памерлыя самі для сябе ўжо нічога не могуць зрабіць. Уся іх надзея – у Езусе Хрысце, Які перамог «путы смерці» і ёсць непагасным Святлом. Малітва ж за памерлых – гэта просьба да Бога, каб абдарыў іх ласкаю і паўнатой Святла.
Святы апостал Якуб запрашае кожнага з нас маліцца адно за аднаго, бо «шмат можа шчырая малітва справядлівага» (Як 5, 16). Факт смерці таго, за каго мы молімся, нічога тут не мяняе. У Бога час як паняцце таго, што абмяжоўвае, не існуе! У Яго не існуе нават смерці! Гэтыя справы існуюць толькі для нас. Трэба сказаць, што для Бога ўсё і ўсе жывыя. Езус Хрыстус сказаў, што «Бог не ёсць Богам мёртвых, а жывых» (Mц 22,32). Тое, што кожны з нас у сваім жыцці робіць для іншых, у Бога заўсёды з’яўляецца “тут і цяпер”. Таму слушна маліцца за ўсіх памерлых, нават за тых, хто ўжо даўно памёр.
Канешне ж, мы не зразумеем гэтага ўсяго толькі праз веру, бо гэта таямніца для нас, таму патрэбны аргумент любові. Калі мы молімся за памерлых, то, перш за ўсё, таму, што іх любім і такім чынам праяўляем ім сваю любоў. Гэта не такая пачуццёвая любоў, што звязаная з успамінамі, але сапраўдная, звязаная з канкрэтнымі ўчынкамі. Святы апостал Ян вучыць: «Дзеці, будзем жа любіць не словам ці моваю, але ўчынкам і праўдаю» (Ян 3,18). Учынкам любові з’яўляецца малітва за памерлых. Любоў імкнецца даваць любімаму тое, што можа. Пасля іх смерці нельга гаварыць, што ўжо нічога не можам для іх зрабіць: можам маліцца! Навошта маліцца за памерлых? Бо яны патрабуюць нашай любові, якую мы праяўляем у малітве. Патрабуюць святла, каб трапіць у Дом Айца. Малітва за памерлых – вельмі важная павіннасць, бо нават, калі яны адыходзяць у ласцы і прысутнасці Божай, можа, патрабуюць апошняга ачышчэння, каб дасягнуць радасці неба.
Можна назваць яшчэ адзін вельмі празаічны аргумент, чаму варта маліцца за памерлых. Езус кажа: «Усё, што хочаце, каб рабілі вам людзі, і вы ім рабіце» (Mц 7,12). Смерць – гэта адзіная пэўная справа ў нашым жыцці. Кожны з нас некалі пройдзе праз яе «браму». Хто ведае – можа і мы будзем патрабаваць заступніцкай малітвы і дапамогі?А вось тады і адчуем падтрымку не толькі тых, хто застаўся жывы, але і асабліва тых, хто ўжо жыве ў вечным Святле!
Вечны супакой дай памерлым, Пане, а Святло вечнае няхай ім свеціць. Няхай адпачываюць у Супакоі вечным. Амэн.
Кс. Андрэй ЛЫСЫ, SChr
Фота Карнэлія КОНСЭКА,SVD