Відаць, гэта праўда, што мары заўсёды асацыіруюцца з птушынымі крыламі: нясуць у бясконцыя далі, прымушаюць змагацца з ветрам, што наляцеў невядома адкуль… Гэта – пра нашыя ўяўленні, фантазіі. А як у рэальнасці?
Паразважаем аб гэтым сёння разам з кс. Андрэем ЛЫСЫМ, SChr
Перыяд лета – звычайна радасць, здзяйсненне мараў і вялікая надзея для выпускнікоў школ, якія сталі студэнтамі, а таксама – час расчаравання і, можа, першай жыццёвай паразы для тых, хто застаўся адкінутым. Маем шмат такіх прыкладаў: дзевяцікласнік катэгарычна адмовіўся ад далейшай вучобы, бо прыйшоў да высновы, што вучоба сёння не мае сэнсу, і паехаў працаваць у Мінск афіцыянтам…
Слухаючы прамовы Папы Францішка да моладзі, можна пачуць, што паўтараецца, як прыпеў, заклік да таго, каб не пераставаць марыць. Некаторых багасловаў нават смяшыць такая думка, і кажуць, што з вуснаў Пантыфіка гэта неяк несур’ёзна гучыць, але Дух Святы словамі намесніка Святога Пятра прамаўляе прароцтва на нашыя часы. Варта яго паслухаць і пачарпнуць нешта для сябе.
У аб’ектывізм жыцця павінна ўвайсці здольнасць марыць. Малады чалавек, які не мае такой здольнасці, абмяжоўваецца толькі да самога сябе, закрываецца ў сабе. Усе мараць пра тое, што ніколі можа не здарыцца. Але трэба марыць, шукаць перспектываў, імкнуцца, адкрывацца. Адкрывацца на вялікія справы! Трэба марыць аб тым, што свет з табою можа быць іншым. Марыць, што, калі дасі з сябе тое, што найлепшае, дапаможаш свету быць іншым, лепшым. Канешне, часам можа чалавека панесці, і пачне марыць занадта, а жыццё адразае дарогу – гэта нічога. Трэба таксама выказваць свае мары, гаварыць пра тыя вялікія справы, да якіх імкнёмся. Нельга затрымацца на палове дарогі, менавіта мары нясуць нашае сэрца, нават тады, калі рэчаіснасць вельмі моцна абцяжарвае і тармозіць.
З марамі цесна звязана слова “надзея”. Моладзь з’яўляецца надзеяй кожнага народу. Але што такое – мець надзею? Ці тое самае, што быць аптымістам? Не, аптымізм – гэта стан нашага розуму і эмацыянальнасці: сёння табе добра – і ты аптыміст, а назаўтра прачнешся з болем – і ўвесь аптымізм знікае. Надзея – гэта нешта большае, чым жыццёвы аптымізм. Надзею трэба навучыцца перажываць. Яна ўмее цярпець, каб здзейсніць нейкі праект, патрапіць прысвяціць сябе.
Ці ўмееш прысвяціць сябе будучыні, ці папросту хочаш жыць сённяшнім днём, як кажуць, “абы дзень да ночы”, а тыя, хто прыйдзе пасля мяне, няхай ужо самі аб сабе паклапоцяцца. Надзея заўсёды плённая, яна дае жыццё. Ці ты здольны даваць жыццё? Або, можа, хочаш быць духоўна бясплодным, няздольным, каб стварыць жыццё для іншых, няздольным, каб стварыць грамадскае сяброўства, няздольны, каб ствараць сваю Бацькаўшчыну, няздольны, каб ствараць велічнасць чалавека? Надзею здабываем, калі дзейнічаем, а не калі толькі сядзім на канапе і марым, нічога не робячы.
Маладыя людзі часта з’яўляюцца ахвярамі сучаснай культуры адкідвання. Ведаем добра, што сёння ў імперыі бога-грошай выкідваюцца рэчы і адкідваюцца людзі. Адкідваюцца дзеці, бо іх не хочуць і забіваюць перад іх нараджэннем. Адкідваюць лю-дзей старэйшых, бо яны ўжо непрадуктыўныя і нікому не патрэбныя. Адкідваюцца таксама людзі маладыя, бо ім дзяржава не дае працу. І што тады рабіць маладому чалавеку? Застаецца толькі патрапіць у залежнасць, або здзейсніць самагубства, або накіравацца ў вандраванне па свеце ў пошуках хлеба… Дзякуй за такую будучыню і такую перспектыву. Такая культура адкідвання раніць кожнага з нас, адбірае ў нас надзею. Мы хочам надзеі, якая дамагаецца працы і з’яўляецца плённай. Вядома, што не ўсё ад нас залежыць, але трэба жыць надзеяй, не губляць яе і спадзявацца, што прыйдзе час, калі будзем жыць культурай прыхільнасці, а не адкідвання, будуючы разам грамадскае сяброўства, і станавіцца праз гэта моцным народам.
Калі сустракаем маладога чалавека без надзеі, то маем дачыненне да такога духоўнага “пенсіянера”. Часамі ёсць такія людзі, якія “пераходзяць на пенсію” ва ўзросце 22 гадоў, – гэта людзі, якія носяць у сабе вялікі смутак і самоту. Яны жывуць па логіцы, што няма на што спадзявацца ад жыцця і, як ні старайся, нічога не атрымаецца; гэта людзі, якія вельмі часта наракаюць на ўсё на свеце. Ёсць і такія маладыя людзі, якія хутка ўцякаюць ад жыцця. Дарога надзеі – яна нялёгкая, і таму ёю нельга ісці ў самоце. Ёсць такая афрыканская прымаўка, якая кажа так: “Калі хочаш ісці хутка, ідзі адзін, а калі хочаш ісці далёка, ідзіце разам”.
Крылы патрэбныя, каб лятаць, марыць і ствараць, а карані – каб трымацца зямлі і чэрпаць з мудрасці іншых, старэйшых. А што нам перадалі бацькі і дзядулі? Канкрэтны жыццёвы досвед і веру ў Бога! Хтосьці скажа: тады былі іншыя часы, іншыя праблемы, цяпер усё інакш. Так, часы і праблемы іншыя, але вера тая самая! Без гэтага закаранення сучаснаму чалавеку вельмі цяжка знайсці ў сабе сілу, каб марыць, прыгожа жыць і нечага больш хацець ад сябе і для іншых.
Калі гутарка ідзе пра хрысціянскую надзею, то можна яе разглядаць з двух бакоў. З аднаго боку – гэта пазнанне Бога і таго, што Ён нам абяцае, – збаўленне. З другога боку, надзея – гэта сам Бог, і спатканне з Ім з’яўляецца крыніцай надзеі хрысція-ніна. Бачым, што вера ў Бога і жыццё з Богам становяцца крыніцай, зместам, абгрунтаваннем, гарантам і спаўненнем хрысціянскай надзеі. Дык што ж – спа-дзявацца на Бога, маліцца і споўняцца ўсе мары? Не зусім так.
Вера ў Бога – гэта не магічны і не фанатычны падыход да жыцця, гэта жыццёвы рэалізм, каторы вучыць нас цвёрда ступаць па зямлі. Бог у сваёй любові даў мне ўсё, каб я будаваў сваё шчасце, марыў і дасягаў надзеі, але Ён за мяне не будзе вучыцца, не будзе працаваць і г. д. Бог даў мне свабоду, і гэта я выбіраю, куды кірую імкненні свайго сэрца. Ва ўсім гэтым Ён заўсёды побач і ніколі мяне не пакіне, бо любіць, як ніхто іншы. Менавіта Любоў, Божая Любоў для хрысціянаў з’яўляецца такім духоўным палівам, якое пабуджае рухавік майго жыцця, мараў і надзеі. Трэба на гэтую Любоў адкрыцца, паверыць у яе, прыняць і ёю жыць. Сапраўды, з Богам лягчэй.
Распачалі мы разважанне ад слова “мары”, потым была “надзея”, а напрыканцы варта прыгадаць, што толькі культура спаткання дае сапраўдную сілу і надзею. Таму трэба нам будаваць менавіта яе, нават калі адрозніваемся сваёй вераю, поглядамі, пачуццямі. Спатканне чалавека з іншым, а для веруючых – спатканне з Богам дае нам сілу і распальвае ў сэрцы надзею, якая нясе нас з радасцю і аптымізмам у будучыню. Не бойцеся марыць! Менавіта праз гэты заклік Папа Францішак матывуе моладзь, каб спаткаць Хрыста і Яму аддаць свае мары. Шмат гэтых людскіх мараў запісана на старонках Евангелля: братэрства, салідарнасць, супакой, справядлівасць. Гэта тыя самыя мары, якія носіць у сваім сэрцы Езус. Калі мы спаткаем Божую Любоў у Хрысце і Яму даверым свае мары, то Ён нам дапаможа іх здзейсніць і навучыць мудра і прыгожа жыць у сучасным свеце. Ніколі не губляй надзеі, бо ёсць Хтосьці, хто заўсёды цябе зразумее, суцешыць і падтрымае.
Кс. Андрэй ЛЫСЫ, SChr