Права на жыццё – адно з самых асноўных для кожнага чалавека. Знішчэнне жыцця лічыцца, і пра-вільна, вялікім злачынствам, і пакаранне за гэта вельмі суровае. Але ці заўсёды?
Давайце падумаем… Цяжка сабе ўявіць, што ёсць такія месцы на свеце, дзе “легальна” можна па-збавіць чалавека жыцця (і права на жыццё!) без яго аніякай віны, без адваката, без суда, без “апошняга слова” падсуднага. Варта зазначыць, што гаворка тут ідзе пра самыя неабароненыя людскія істоты, віна якіх заключаецца толькі ў тым, што яны наогул існуюць! Маю на ўвазе маленькіх дзетак. І права дазваляе гэта! Дзіўная і, зрэшты, д’ябальская логіка права, паводле якога забойства ўжо народжанага дзіцяці трактуецца як вялікае злачынства, у той час калі забойства яшчэ меньшага і яшчэ больш неабароненага дзіцяці ў лоне маці трактуецца як “умяшанне”.
Гэта найстрашнейшае злачынства і пералом права (адмаўляецца права на жыццё!) у адносінах да самых бязвінных і найболей без-абаронных людскіх істот!
Статыстыка Сусветнай арганізацыі аховы здароўя сцвярджае, што кожны год у свеце забіваецца 42 мільёны (!!!) ненароджаных дзяцей. У мірны час.
Цяжка гэта зразумець… Калі хто ўчыніць звярынае забойства цяжарнай жанчыны, можа адказаць за падвойнае забойства (жанчыны і яе дзіцяці). Але калі жанчына сама заб’е сваё ненароджанае дзіця, то, паводле права, усё ў парадку. Логіка сатанінская.
І няма тут аб чым дыскутаваць.
Падобна адбываецца і з эўтаназіяй, дзе дазваляецца забіць асобу старэйшага веку ці хворага. Здаецца, свет звар’яцеў! Столькі гаворыцца аб правах чалавека, а нават правах жывёлы (за здзекі над жывёламі ў многіх краінах Еўропы можна трапіць у турму). І ў той жа самы час “легальна” можна забіць ненароджанае дзіця або асобу старэйшую… Добра, што існуе яшчэ адзін, гэты найважнейшы – Суд Божы.
Не будзеш забіваць – гэтае прыказанне датычыцца не толькі забойства чалавека ў асноўным, фізічным сэнсе. Забіваць можна рознымі спосабамі, забіваць можна ў “белых рукавічках”.
Можна забіваць словам. Найбольш яскравай формай забіцця чалавека словам ёсць знішчэнне добрага імені чалавека. Гэта, канешне, вельмі старая, але да сёння ўжываная практыка нішчэння людзей. Дастаткова аднаго артыкула ў газеце, дастаткова адной інфармацыі па тэлебачанню ці ў Інтэрнэце – укідвання падазронасці, нейкіх плётак, чутак, інсінуацый і г.д. І гатова.
Ведаю многа прыкладаў у Польшчы, дзе таксама і ў адносінах да духоўных асоб паспяхова прымяняліся такія метады. Схема заўсёды была амаль аднолькавая: у прэсе (па тэлебачанню або ў Інтэрнэце) змяшчаўся вельмі нестаноўчы матэрыял, які выказваў меркаванне аб злоўжываннях, аб парушэннях маральных нормаў ці фінансавых, у якіх была (быццам) замешана даная асоба… Такім спосабам добрае імя чалавека знішчалася. Няважна, што нехта той, нават перад судом, аказваўся пасля невінаватым. Злое меркаванне аб ім пайшло ў свет, а абвяржэння і перапрашэння то ўжо ніхто не напіша. Праўда не бярэцца пад увагу. Пад увагу бярэцца сенсацыя і знішчэнне чалавека.
Забіваць і цяжка раніць словам можам, канечне, штодзённа нашых блізкіх і знаёмых. Варта памятаць, што нават адно моцна злое слова можа цяжка параніць, зваліць чалавека з ног. Але каб гэтага чалавека зноў падняць або залячыць яго раны, недастаткова адзінага “прабач”. Такая рана можа балець на працягу многіх гадоў.
Іншая форма забіцця словам – забіццё надзеі.
У прарока Ісаі ёсць прыгожае апісанне Слугі Божага. Гэта Слуга Божы прадстаўлены там, як той, каторы “не зломіць нават надломленай трысціны і не пагасіць тлеючага кноту” (Іс 42,3).
Забіць у чалавека надзею, яго веру, яго мары – значыць знішчыць чалавека.
У нашым штодзённым жыцці заўсёды сустракаем дзве групы людзей: адныя нас натхняюць, падтрымліваюць, заахвочваюць, запальваюць нанова наш “слабы” праменьчык веры і надзеі, іншыя – прыніжаюць, дабіваюць, загашаюць. Адчуваем гэта па сутнасці. Ведаем, як і хто на нас уплывае. У гэтым месцы варта было б паставіць пытанне: які я маю ўплыў на сваіх найбліжэйшых і прыяцеляў? Ці з’яўляюся тым, хто падтрымлівае неаднакратна “надламанае” жыццё чалавека, што стаіць у мяне збоку, ці з’яўляюся тым, які таксама ломіць яго? Ці, бачачы “слабы агеньчык” веры і надзеі бліжняга, даю рады падыйсці да яго з вялікай далікатнасцю, каб яго не загасіць, ці наадварот, адчыняю дзверы наскрозь, каб скразняк завяршыў справу?..
Прыказанне “не будзеш забіваць” так сфармуліравана. Не гаворыцца тут толькі аб забойстве чалавека ў розных формах (таксама тых нематэрыяльных).
Але калі гутарка не толькі пра чалавека, то што яшчэ можа быць забіта?.. Ёсць такое паняцце, як забойства часу…
Людзі ўмудраюцца забіваць час сотнямі розных спосабаў. Не гаворым зараз аб працы ці аб гадзінах адпачынку. Маю на думцы злую арганізацыю часу і яго марнатраўства. Трохі забываемся, што час ёсць таксама дарам Божым, і бу-дзем за яго разлічвацца. Колькі ж часу мы трацім “упустую”, дарэмна. Забіваем час бессэнсоўнымі тэлевізійнымі праграмамі, бескарыснымі фільмамі, пустымі размовамі. Зусім іначай падыходзіць да выкарыстання часу чалавек, які раптам атрымаў інфармацыю (напрыклад, ад доктара), што засталося яму зусім нямнога часу… Тады цэніцца кожны дзень, а нават кожная га-дзіна і хвіліна. Тады хочацца выкарыстаць кожную хвіліну! Ці патрэбны аж так моцны шок, каб пачаць цаніць час, як ён таго заслугоўвае? Канечне, мы ўсе маем мала часу! Забіццё часу не толькі зло – звычайнае глупства. Не забівай часу… Не будзеш забіваць!
Польскі паэт і спявак Яраслаў Яр Хойнацкі у адной са сваіх песень напісаў:
Potrafimy czas zabijać
Wrêcz nieprzyzwoicie
Jakby mo¿na byŁo pózniej
Kupiæ nowe życie.
(…)
Potrafimy czas zabijaæ
Nikt siê z nim nie liczy
Gdy mijaniem życie mija
Zwyczajnie na niczym.
A najwiksza dla nas kara
Myślę tak w zadumie Jest,
ze człowiek go na powrót
Wskrzesiæ już nie umie.
(…)
I ja czasem zabijałem Czas,
który przemija
Ale w koñcu zrozumiałem
Ze to on zabija.
Наўмысна не раблю нават спробы перакласці гэтыя паэтычныя радкі, каб (з-за асаблівасцей моўных фарбаў) не страціць нічога з таго, што меў на ўвазе аўтар. Я упэўнены, чытачы і без перакладу іх разумеюць: дазваляць сабе марнатраўства часу – тое ж, што і марнаваць жыццё. Гэта нам толькі выдаецца, што мы забіваем час, але ў рэчаіснасці – абсалютна наадварот.
Нельга не ўспомніць і яшчэ аб адной форме забіцця. Здараецца, чалавек забівае сябе сам. І тут не ідзе гаворка аб даслоўным самагубстве, якое з’яўляецца грахом без усякага сумневу. Не ідзе гаворка аб знішчэнні свайго здароўя і жыцця праз алкаголь, цыгарэты, наркотыкі і г.д. Існуюць яшчэ больш тонкія формы забойства сябе… Забіць свой талент. У прыпавесці аб талентах “злы і гнусны” слуга не памножыў талент, лёгка закапаў яго ў зямлю. Такім учынкам заслужыў гнеў свайго Пана і кару.
Кожны з нас, нават найбяднейшы, мае нейкі талент (нават калі гэта талент паслухаць іншага чалавека або расказаць анекдот ці забаўную гісторыю). Увачавідкі, многа людзей “пахавалі” свой талент. Гэта смутна. Талент аказаўся пахаваным, бо перад тым было дазволена, каб ён памёр. Нашым заданнем ёсць не толькі падтрымка іншых (мераю любові да бліжняга ёсць любоў да самога сябе – аб гэтым гаворыць прыказанне любові), але перадусім – уласнае развіццё!
Бог стварыў нас добрымі. Дабро, засеянае ў нас, з’яўляецца свайго роду “талентам”, багаццем. Павінны не толькі змагацца супраць граху і зла, але (гэта можа яшчэ важней!) памнажаць дабро, якое ёсць у нас. Да гэтага мы абавязаныя. Павінны развіваць усе свае добрыя таленты. Нельга дазволіць ім проста памерці, а пазней – закапаць…
Не будзеш забіваць… Так часта нам здаецца, што гэтае прыказанне нас не датычыцца, што не з’яўляемся мы фізічнымі забойцамі. Можа варта паглядзець на ўсё гэта інакш?