Існуе вялікая праблема з інтэрпрэтацыяй сёмага прыказання. Хцівасць, неадольнае жаданне ўладаць, калекцыяніраваць, прысвоіць сабе рознага роду матэрыяльнага дабра і грошай у стане засляпіць амаль кожнага чалавека і аж да той ступені, што перастае бачыць свой грэх. Аднак грэх заўсёды застаецца грахом.
У неабходнасці прытрымлівацца прыказання “Не крадзі” цяжка пераканаць кагосьці, хто на працягу жыцця заўсёды нешта падкрадаў і дзе пануе шырокараспаўсюджаная згода на яго невыкананне. Часта даводзіцца чуць сцвярджэнне, што “ўсе крадуць…” Адкуль яно?
Улада савецкая не толькі змагалася супраць Бога і Касцёла – яна разбэсціла людзей у розных сферах і ў розных ступенях. Калектывізацыя, калгасы, адсутнасць прыватнай уласнасці прынеслі, насупраць чаканням (а можа менавіта згодна з імі!), болей злога, чым добрага. Людзі працавалі не на сваім і не на сябе. Адчувалі сябе абкрадзенымі, затым прыгнечанымі праз апарат улады, таму з пачуццём сапраўднай справядлівасці кампенсавалі сабе страты, крадучы колькі ўлезе. На кожнай ферме, на кожным заводзе, ці ў любой арганізацыі гэта была распаўсюджаная практыка. Крадзеж, згодна з такім разуменнем, лічыўся тады, калі нешта кралася ў якой-небудзь прыватнай асобы. Такі стан рэчаў утрымліваўся на працягу многіх дзесяцігоддзяў не толькі на тэрыторыях Савецкага Саюза, але ў большасці краёў сярэдне-усходняй часткі Еўропы. Праблема заключаецца ў тым, што палітычныя сістэмы і ўлады змяніліся, але злыя прызвычаенасці – не. Людзі крадуць і далей. Можа крыху ў меншым памеры, але з тым самым супольным дазваленнем.
Ці хто думаў пра тое, што, калі б на ўсіх тых тэрыторыях людзі адразу перасталі красці, то на працягу некалькі гадоў тыя тэрыторыі маглі б вырасці да рангу такой гаспадарчай магутнасці, як Японія!
Але каму гэта абыходзіць? “Гэта ж не маё…”
Можа пройдзе некалькі пакаленняў, пакуль зменіцца такі стан рэчаў.
Канешне, гэтая “хвароба” не абмінула і нас, католікаў (мы ж не з іншай планеты, а частка грамадства). Застаецца вялікаю праблемаю праблема касцёлаў і плябаній, пабудаваных з матэрыялаў, здабываных рознымі спосабамі (не заўсёды дарогаю легальных закупак). Так рабілася, напрыклад, у Польшчы ў 80-х гадах.
Варта таксама ўспомніць аб адсутнасці адказнасці за супольнае дабро (бо гэта таксама не маё!). Як цяжка часам растлумачыць камусьці, што маёмасць фабрычная, калгасная, ці грамадская ёсць, часткова, уласнасцю асобнага чалавека, і ён павінен аб ёй дбаць.
Такое “калгаснае” меркаванне сустракаецца часам і ў касцёлах. У большасці парафій клопат пра маёмасць парафіяльную і касцёльную ляжыць на плячах ксяндза. Ён, як “старшыня калгасу”.Усе сапраўды ўдзельнічаюць у правільнай дзейнасці гэтай “арганізацыі”, але большасць імкнецца (як у калгасах у 70-я гады) не перапрацаваць і не перастарацца. А навошта? Гэта ж не маё!
Іншая форма крадзежу супольнай маёмасці – пазбяганне аплаты падаткаў. Прыпомнім сабе, што на гэтую тэму казаў Хрыстус, калі рэч ішла пра аплату габрэйскім народам падаткаў акупантам, якім быў тады Рым: “Паслалі да Яго некаторых фарысеяў і прыхільнікаў Ірада, каб злавіць Яго на слове. Падышоўшы, яны спыталіся ў Яго: “Настаўнік, мы ведаем, што Ты праўдзівы і не зважаеш ні на кога, бо не глядзіш на аблічча людзей, але праўдзіва шляху Божаму вучыш. Ці належыць плаціць падатак цэзару, ці не? Плаціць нам, ці не плаціць?” А Ён, ведаючы іх крывадушнасць, сказаў ім: “Чаму Мяне выпрабоўваеце? Прынясіце Мне дынар, каб паглядзець”. Калі прынеслі Яму дынар, Ён запытаў іх: “Чыя гэта выява і надпіс?” Яны адказалі Яму: “Цэзара”. Тады Езус сказаў ім: “Цэзарава аддайце цэзару, а Божае Богу”. І дзівіліся Яму” (Мк 12, 13-17). Каментарый тут лішні.
Некаторым здаецца, што, калі абкрадаецца дзяржава або якая-небудзь арганізацыя, калі грошы, атрыманыя такім спосабам, пры-значаюцца на нейкія добрыя мэты, то ўсё ў парадку. Большай хлусні няма. Мэта не апраўдвае сродкаў. І не ўсе гэта разумеюць…
Аднойчы прыйшоў да мяне адзін малады чалавек. Веруючы і практыкуючы студэнт. Прыйшоў з канкрэтнай прапановай. Ведаючы пра тое, што на Захадзе ёсць многа арганізацый і фондаў, якія не шкадуюць грошай на рознага роду ініцыятывы і праекты для маладых людзей з Еўропы усходняй, прапанаваў апрацоўку праекту (няважна якога) на досыць вялікую суму. Прадставім, рэч ішла пра 5.000 Euro. Вось гэта думка! Далей, паводле яго плану, можна б выканаць праект за многа меншыя грошы (напрыклад, 3.500), разлічыцца (якім-небудзь спосабам) за ўсю суму, а “сэканомленыя” грошы перадаць парафіі або арганізацыі спатканняў моладзі ці летняга адпачынку… Ге-ніяльна, праўда? Як гэта называецца? Прадпрымальніцтва? Спрыт? Не. Гэта называецца кра-дзеж! Звычайнае зладзейства! Не ўразіла мяне тое, што некаму прыйшло да галавы. Уразіў мяне той факт, што больш чым гадзіну павінен быў тлумачыць маладому, веруючаму і практыкуючаму католіку, што хоча зрабіць нешта злое…
Аж страшна падумаць, што ёсць многа арганізацый, якія, з добрай волі, хочуць дапамагчы такім людзям, і… застаюцца імі нагла абкрадзенымі!
Не крадзі! Не бяры таго, што табе не належыць! Будзь сумленны! Няма ніякага значэння ці хто ўкрадзе аловак, лямпачку ці 100.000 долараў. У кожным з гэтых выпадкаў ён – злодзей. Крадучы найменшую дробязь, пакідае кола людзей сумленных… Нават той, хто не плаціць за праезд у мясцовым транспарце, ужо вучыцца несумленнасці!
Святы Павел у Лісце да Цімафея піша: “Сапраўды, пабожнасць разам з задавальненнем – гэта вялікая радасць. Бо мы нічога не прыносім у свет і не можам нічога вынесці. Але, маючы спажытак і чым прыкрыцца, будзем жа задаволеныя гэтым. А тыя, хто хоча ўзбагаціцца, трапляюць у спакусу і пастку, у шматлікія неразумныя і шкодлівыя пажадлівасці, якія патапляюць людзей у згубе і пагібелі. Бо корань усялякага зла – гэта любоў да грошай, у пагоні за якімі некаторыя адступіліся ад веры і аддалі сябе шматлікім пакутам” (1 Цім 6, 6-10).
Спакуса ўладання велізарная. Сярод галоўных грахоў хцівасць знаходзіцца на другім месцы, адразу пасля пыхі і перад нячыстасцю. Гэта спакуса большая, чым спакусы цялесныя…
Не ўсе, аднак, гэтай спакусы пазбягаюць. Не ўсе крадуць. І дзякуй Богу! Канешне, тут можна было б прывесці прыклады вялікіх святых, якія славіліся сваім убоствам, як, напрыклад, святы Францішак. Хачу, аднак, пакарыстацца прыкладам некалькіх чалавек, якія апынуліся ў добра не вядомым бары недзе ў Турцыі.
Гісторыю гэтую пачуў ад былых верталётчыкаў. Атрымалі яны заданне даставіць некалькі машын у адзін з афрыканскіх краёў для абучэння. Звязана гэта было з пералётам над тэрыторыямі некалькі дзяржаў і частымі астаноўкамі і запраўкамі (верталёт – гэта не самалёт). Адной з тых дзяржаў мела быць Турцыя, дзе, паводле іх рэляцыі, за паліва павінны былі заплаціць звычайнаю налічнаю валютаю, дзе не было пэўных падпісаных умоваў. Пасля напружанага дня пілоты пайшлі ў адзін з бараў паесці і адпачыць. Торбу з грашыма баяліся пакінуць у аэрапорце, насілі з сабою. Вялікая сума налічнымі – вялікі стрэс. Пасля таго, як выйшлі з бара і павярнулі ужо да аэрапорту, аказалася, што ніхто з іх не ўзяў торбу з грашыма!!! Пілоты хутка дайшлі да сябе, як толькі дайшла да іх свядомасць выніку іх абстрагавання. Вярнуліся ў бар, але пры іх століку, а дакладней пад столікам, торбы ўжо не было… Само сабою! Крадуць усе і ўсюды. Без вялікай надзеі пытаюць бармэна, ці не бачыў такой вялікай торбы пад іх столікам. Бармэн адпавядае загадкава, што можа й бачыў… І пачынае задаваць ім пытанні – найперш пра колер і памер. Урэшце ставіць пытанне найважнейшае: “А што было ў торбе?”. Пілоты адпавядаюць проста: “200.000 Euro…”
Тады бармэн, з усмешкаю, выцягвае з-пад прылаўка вялікую торбу і адказвае: “Вось вашае, прашу!”
Не ведаю, ці гэтая гісторыя здарылася сапраўды. Ведаю такіх, якія прытрымліваюцца прыказання “Не крадзі”. І ведаю, што варта быць сумленным.