Не пажадай (Частка I)

кс. Яцэк  ДУБІЦКІ, СМ

кс. Яцэк ДУБІЦКІ, СМ

“Не пажадай жонкі бліжняга твайго, ані ніякай рэчы, якая яму належыць”. Менавіта так гучаў запіс дзевятага і дзесятага Божага прыказанняў у часы, калі я вывучаў катэхізм. Пэўна, сёння такая фармуліроўка  ўзбудзіла б многа контрверсій (як гэта  можна параўноўваць жанчыну з рэччу?!), але на той час не думаў, а аказваецца, што такая практыка агульная і шырокараспаўсюджаная  ва многіх арабскіх і  афрыканскіх краінах. У такім выпадку гэтыя два прыказанні  звязаны паміж сабою, таму разгледзім іх як адно цэлае.
Калі разуменне дзевятага прыказання не выклікае  вялікіх праблем (хоць і патрэбна будзе  вытлумачыць, чаму гутарка толькі аб жонцы, а не аб мужу), то разуменне дзесятага прыказання, асабліва, калі звернемся да Старога Запавету, можа падкінуць нам  крыху пытанняў. У арыгінальнай версіі дзесятае прыказанне гучыць досыць дзіўна для сучаснага чалавека: “Не будзеш  прагнуць дому  бліжняга свайго, ні поля яго, ні нявольніка  яго, ні нявольніцы яго, ні вала яго, ні асла яго  і ні ніякай рэчы, што належыць бліжняму твайму” (Дрг 5, 21). Словы “нявольнік” і “нявольніца”трэба было б замяніць словам “працаўнікі” або “супрацоўнікі”, а слова “вол” і “асёл” – словамі “трактар” і “аўтамабіль”.
Дзевятае і дзесятае прыказанні замыкаюць цэлы Дэкалог і змацоўваюць яго своеасаблівай спражкай. Ёсць тут  сувязь з першым прыказаннем, а таксама з усімі астатнімі.  Першае прыказанне гаворыць нам, што  Пан Бог павінен быць на першым месцы, а два астатнія  – аб тым, што чалавек, хворы ці на прагненне  нейкіх рэчаў, ці на прагненне багацця, можа паспяхова Пана Бога адсунуць. Калі так робіцца, то чалавек не шануе ані дня святочнага, ані бацькоўскай навукі. Гатовы нават знішчыць (забіць) каго-небудзь, абы толькі дасягнуць сваёй мэты. Здольны абылгаць і прадаць сябе. Гаворы скарочана, гатовы на ўсё. Ці сёння не сустракаюцца такія людзі?  Напэўна, сустракаюцца.  Такія людзі ні Бога не баяцца і ні з кім іншым не лічацца.  Аслепленыя прагненнем  (каго ці чаго), ідуць, па трупах, да сваёй мэты.  Аслепленыя прагненнем… Без сумнення!  Прагненне (рэчаў не ўласцівых, чужых) асляпляе. Таму Божае прыказанне звяртае ўвагу, што грахоўным ёсць не толькі чужаложства і крадзеж (6-е і 7-е прыказанні), але ўжо сам факт пажадання   асобы ці  рэчы чужой!
Варта заўважыць, што пажадаць (прагнуць) можна і рэчаў добрых, такіх, як неба,  святасць, жыццё вечнае ці хоць бы рэч найзвычайнейшую ў свеце – лепшыя ўмовы жыцця. Гэта таксама нармальна і добра. Два астатнія прыказанні звяртаюць нашу ўвагу на тое, чаго пажадаць нельга… Мудрасць людская гаворыць, што багаты не той, хто многа мае, але той, хто ўмее радавацца таму, што мае. І ад гэтага  павінны пачынаць, калі збіраемся наогул гаварыць аб гэтых справах.
Вядомая амерыканская вакалістка Мэрайя Кэры ў адным са сваіх інтэрв’ю прызналася, што не адчувае сябе фінансава забяспечанай (яе маёмасць ацэньваецца ў 515 млн. долараў!!!). Аказваецца, можна мець  мільёны і не адчуваць сябе  забяспечаным, а можна мець 100 долараў і адчуваць сябе багачом! Усё залежыць ад падыходу і ўмення ацаніць тое, што маеш.
Святы Ян Павел II сцвяр-джаў: “Пажаданне – гэта тое, чым жыве людское сэрца”.  З гэтага вынікае, у кантэксце вышэйназваных прыказанняў, што варта задаць сабе глыбейшае пытанне: хто я, куды іду і чаго хачу (чаго жадаю)?
Бог Правадаўца не забараняе жадання ўвогуле, але вельмі канкрэтна называе тое, чаго не толькі не варта жадаць, але  і што  можа прынесці  чалавеку шкоду.
Паспрабуем адказаць на гэтыя тры істотныя пытанні.
Хто я? Як веруючыя ўспрымаем, што мы створаныя праз Бога. Бог, Які стварае чалавека і любіць яго, як найлепшы Айцец, ведае, што для гэтага чалавека найлепей (таму  захаванне прыказанняў з’яўляецца не толькі довадам веры ў Бога, але таксама веры і даверу Богу як таму, які ведае найлепей!) Я – Божае стварэнне, а Ён – мой бацька і Пан – мой Бог!
Куды іду? Гэта проста  – іду на спатканне з Ім. Кожны дзень прыбліжае да хвіліны спаткання з Богам і з’яднання з Ім у вечнасці.
f-str-27Чаго  хачу? А тут ужо праблема. Бог стварыў чалавека без удзелу самога чалавека, але не можа яго збавіць, калі чалавек сам таго не захоча.  Чаго я хачу? Ці прагну вечнага шчасця? Хіба не вельмі.  Аказваецца, нават як людзі веруючыя не надта прымаем  Божы план адносна нас.  Спрабуем знайсці сабе іншыя крыніцы “шчасця”.  Тыя пошукі заканчваюцца фіяска  і расчараваннем, таму што прызначэннем і спаўненнем чалавека з’яўляецца Бог. Няма сапраўднага шчасця па-за Ім! Варта гэта сабе ўсвядоміць і як найхутчэй.
Прыгожа і сцісла  сказаў аб гэтым св. Аўгустын: “стварыў нас для сябе і нашае сэрца неспакойнае, пакуль не  засне ў Табе”.  Пісалі аб гэтым таксама іншыя вялікія людзі. Мне вельмі зразумелы падыход да гэтай  праблемы   К.С. Льюіса, які зараз падсумуем. Паводле Льюіса, кожны з нас адчувае голад любові,  ведаў, падарожжаў і адкрыццяў. Кожны  таксама можа сведчыць аб тым першым захапленні першым каханнем, пацалункам, першай адкрытай кніжкай, навуковай працай, першым  замежным падарожжам…  Аказваецца, аднак, што таго голаду любові не ў стане  спатоліць  нават найлепшы сужэнскі саюз, а голаду ведаў – найвышэйшая навуковая ступень і г.д., і г.д. Сэрца чалавека, нават 80-гадовага, заўсёды нечага прагне, заўсёды не знаходзіць супакаення. Што  сабе  наконт  гэтага параіць? Што з  гэтым зрабіць?
 Згодна з Льюісам, ёсць тры спосабы  развязаць гэтыя праблемы. Першы – гэта спосаб так званага чалавека рацыянальнага. І сабе, і іншым ён гаворыць, што так ужо ёсць, і патрэбна адкінуць гэтыя  дзіцячыя мары і прагненні.  Няма чаго ганяцца  за другім канцом вясёлкі. Другі метад – метад ідыёта. Паводле яго, праблема скрываецца ў рэчах. Нехта думае, калі б толькі спрабаваць з іншаю жанчынаю, або каб выкупіць  даражэйшую паездку, або атрымаць  чарговую адукацыю і г.д.  Тады можа і атрымаў бы  супакаенне. Такія людзі ганяюцца за  чарговымі жанчынамі,  купляюць навейшыя аўтамабілі,  ездзяць у даражэйшыя падарожжы,  каб скончыць як  адчуўшыя  агіду  незадаволеныя…
Урэшце, трэці спосаб падыходу да гэтай праблемы. Спосаб чалавека веруючага. Нехта такі заўважае, што голад любові, ведаў, падарожжаў, адкрыццяў не можа быць заспакоены тут, на зямлі. Ёсць тут многа момантаў, якія  заспакаенне абяцаюць і даюць смак таго, што нас чакае, наперад, аднак сапраўднае  спаўненне не наступіць  у гэтым жыцці зямным, але ў тым, да якога ідзём!
Ці гэта не лагічна?
Святы Павел у Лісце  да Філіпянаў  выразна сцвярджае: “Наша  айчына знаходзіцца ў нябёсах, адкуль мы чакаем Збаўцу, Пана Езуса Хрыста, які пераменіць нашае прыніжанае цела на падабенства свайго праслаўленага цела праз дзеянне моцы, якой Ён можа падпарадкаваць сабе ўсё”(Флп 3, 20-21).
Калі ўзяць пад увагу тое, што вышэй напісана, адзіным  аб’ектам пажадання і прагнення па-вінен быць сам Бог. Той жа думкі прытрымліваецца псалміст: “Як лань прагне  вады са  струменю, так душа мая прагне Цябе, Божа! Душа мая прагне Бога, Бога Жывога: калі прыйду і стану перад абліччам Божым?” (Пс 42). Прагненнем і жаданнем натхнёнага аўтара  з’яўляецца  як найхутчэйшае сузіранне аблічча Божага, а святы Павел з нецярплівасцю чакаў Пана нашага  Езуса Хрыста…
А што з’яўляецца маім жаданнем і чаго прагне мая душа? Ці ёсць  гэта прагненне Бога?
Ці можа найперш чарговых новых рэчаў, якія  павінны “ашчаслівіць” мяне тут на зямлі…
Чаго я хачу?


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий