Не пажадай (Частка II)

кс. Яцэк  ДУБІЦКІ, СМ

кс. Яцэк ДУБІЦКІ, СМ

Вельмі яскравым прыкладам таго, чым скончыцца пажаданне  жонкі бліжняга, з’ўляецца апісанне  граха цара Давіда:
“На пачатку года, калі каралі звычайна выходзяць на войны, Давід паслаў Ёава, а з ім слугаў сваіх і ўвесь Ізраэль. Яны спустошылі землі аманітаў і акружылі Рабу. А Давід застаўся ў Ерузалеме.
Аднойчы ўвечары Давід устаў з ложка і праходжваўся па тэрасе каралеўскага палаца. З тэрасы ён убачыў жанчыну, якая купалася. А тая жанчына была вельмі прыгожая. Тады Давід паслаў даведацца, хто гэтая жанчына, і яму сказалі, што гэта Бэтшэба, дачка Эліяма, жонка Урыі Хетыты. І паслаў Давід пасланцоў, каб прывялі яе. І зацяжарыла жанчына гэта, і паслала сказаць Давіду: “Я – цяжарная”.
Тады Давід паслаў да Ёава, кажучы: “Прышлі да мяне Урыя Хетыта”. І паслаў Ёаў Урыю да Давіда. А калі Урыя прыйшоў да яго, Давід распытаў, як маецца Ёаў, як маюцца людзі і як ідзе вайна. Затым Давід сказаў Урыю: “Ідзі да свайго дому і абмый сабе ногі”. Урыя выйшаў з каралеўскага палаца, а за ім панеслі каралеўскую ежу. Але Урыя лёг спаць каля ўваходу ў каралеўскі палац з усімі слугамі свайго гаспадара і не пайшоў да свайго дому.
І сказалі Давіду: “Урыя не пайшоў да свайго дому”. Тады за-прасіў яго Давід, каб ён еў і піў разам з ім. І напаіў яго. А ўвечары пайшоў Урыя спаць на сваю пасцель са слугамі свайго гаспадара, але да дому свайго не пайшоў.f-str-27
Раніцай Давід напісаў ліст да Ёава і паслаў яго праз Урыю. У лісце напісаў: “Пастаўце Урыю ў першых шэрагах, дзе будзе самы гарачы бой, і адступіце ад яго, каб яго забілі і ён памёр”.
Падчас аблогі горада Ёаў паставіў Урыю ў такім месцы, дзе, як ведаў, былі наймацнейшыя воіны ворага. Людзі выйшлі з горада і біліся з Ёавам. І палеглі некаторыя з народа і са слугаў Давіда. Загінуў таксама і Урыя Хетыта” (2 Сам 11, 1-17).
Цар Давід меў сотні жонак і палюбоўніц (жылі ў асобным палацы), якіх нават сам не ведаў! Аднак ў яго сэрцы і думках склалася прагненне жонкі свайго салдата.Ужо гэты сам факт  павінен быць уніжальны для  правіцеля. Аднак прагненне за-сляпляе і вядзе цара на крывую сцежку, а дакладней – на “спіраль граху”. Пачынаецца гэта са звычайнай ляноты, калі Давід  павінен быў вырушыць на вайну, але гэтага не зрабіў.  Уначы ўгледзеў  жанчыну, што купалася  (гаворым пра чалавека, які меў сотні жанчын!). Давід сцвярджае, што яна надта прыгожая, і збірае пра яе інфармацыю. Аказваецца, што гэтая жанчына – жонка аднаго з ягоных салдат, які ў гэты самы час падстаўляе за яго галаву і змагаецца на вайне.  Але гэта, аднак, не ўстрымлівае цара…  Ведаем, што адбываецца далей.  Адзін грэх цягне за сабою другі: лянота, нячыстае назіранне,  чужаложства,  спробы жульніцтва і падману, урэшце забойства (чужымі рукамі).
Найгоршае ў гэтай гісторыі тое, што Давід не бачыць свайго граху! Здаецца яму, што ўсё ў парадку. І толькі прарок Натан адкрывае яму вочы…
Пажаданне чужой жонкі  і чужой маёмасці заўсёды засляпляе.
Грэх Давіда пачынаецца з  таго, што “убачыў з тэрасы жанчыну, якая купалася. Жанчына была вельмі прыгожай”. Назіранне адыгрывае тут ключавую ролю. Таму Хрыстус у Евангеллі, паводле Мацвея, у раздзеле 5 (27-30) гаворыць вельмі канкрэтна: “Вы чулі, што сказана: “Не чужалож!”. А я кажу вам: кожны, хто з пажадлівасцю глядзіць на жанчыну, ужо ўчыніў  з ёю чужаложства ў сэрцы сваім. Калі правае вока тваё спакушае цябе, вырві яго і адкінь ад сябе, бо лепей табе, калі загіне адзін з тваіх членаў, чым усё цела тваё будзе кінута ў геену. І калі правая рука твая спакушае цябе, адсячы яе і адкінь ад сябе, бо лепей табе, калі загіне адзін з тваіх членаў, чым усё цела тваё пойдзе ў геену”.
І зноў вяртаемся да сутнасці  праблемы: што з’яўляецца маёй мэтай і куды я  іду? Бог прызначыў нас да жыцця вечнага ў небе ў вечным шчасці. Канешне, праз  засляпленне  няправільным пажаданнем і злы выбар чалавек можа трапіць у пекла.
Прыказанні Божыя – як дарожныя знакі: указваюць належны накірунак, перасцерагаюць ад пагражальнай небяспекі. Канешне, не ўсе з імі лічацца, не ўсе іх прытрымліваюцца, але тады, калі здарыцца няшчасны выпадак, чалавек можа мець прэтэнзіі – адзінае толькі да сябе самога. Аналогія тут вельмі ясная.
Варта памятаць, што, акрамя Бога, які з’яўляецца нашым Найлепшым Айцом і прагне нашага шчасця (хоць не заўсёды  прымаем Яго належным спосабам), мы таксама падданыя і ўздзеянням д’ябла, які вядзе нас да згубы і замест Дэкалогу прапануе  свае “засады”.
Ці звяртаем увагу на тое, што ў сённяшнім свеце, на кожным кроку нехта падпавядае нам, як павінны жыць і чаго хацець? Гэта не мае нічога агульнага з Боскім бачаннем шчасця… У кожным месцы, на кожным кроку  ў вочы кідаюцца вялізныя рэкламныя банэры! Радыё, тэлевізар, Інтэрнэт – усе сродкі масавай інфармацыі крычаць нам проста: мусіш  гэта мець!!! І толькі тады будзеш шчаслівы!!!
Новы дом, камп’ютар, тэлефон, лякарства ад усіх хваробаў, мэбля, абутак (абавязкова фірмовы!), штаны. Адкрываюцца “толькі  для цябе” новыя банкі, клубы, рэстараны і турыстычныя бюро! Калі гэтым не карыстаешся, то не можаш быць “шчаслівым” і не спрабуеш “новай якасці” жыцця! Што яшчэ – не можаш быць “сапраўдным мужчынай і прыгожай жанчынай”, бо “сапраўдныя мужчыны і прыгожыя  жанчыны” прыбіраюцца ў салоне “нейкім там” або адпачываюць на канікулах “недзе там”.
Калі за Дэкалогам трэба “прыгнуцца” і адкрыць Біблію, то рэклама  даецца нам проста, абавязкова і без меры, а нават нахальна.  Нехта падпавядае нам, чаго павінны хацець… З’яўляецца, аднак, сумненне адносна інтэнцыі рэкламадаўцы.  Ці хоча ён нашага шчасця, ці проста хоча  выкарыстаць нашу наіўнасць, каб павялічыць уласныя  грашовыя рэсурсы?  Гэта важнае пытанне. Мы не любім быць ашуканымі. Аднак жа…  Прыпомнім сабе сцэны першароднага граху.  Бог стварае  чалавека і давярае яму  райскі сад з адным выключэннем. З’яўляецца шатан і рэкламуе  забаронены  фрукт як крыніцу шчасця.  Чалавек паддаўся “рэкламе” і застаўся балюча ашуканы…
Гісторыя гэтая, канешне, паўтараецца на працягу вякоў. Есць Бог Айцец са сваім Дэкалогам, як найлепшая дапамога і крыніца сапраўднага шчасця чалавека і ёсць пажадлівасць гэтага свету.  Варта, аднак, памятаць, што ўсё тое, што ад свету, пра-мінае:
“Не любіце свету, ні таго, што ў свеце. Калі хто любіць свет, у тым няма любові Айца. Бо ўсё, што ў свеце: пажадлівасць цела, пажадлівасць вачэй і жыццёвая пыха – не ад Айца, але ад гэтага свету. І свет мінае, і пажадлівасць ягоная,  а той, хто выконвае Божую волю, той жыве вечна” (1 Ян 2, 15-17).
Ёсць столькі прапаноў і рэцэптаў на паспяховае жыццё. Ёсць столькі рэчаў, якія, падобна, вартыя таго, каб да іх дажыць і іх пажадаць. І ёсць Бог са сваёю прапановаю – адзінаю, якая можа даць сапраўднае шчасце і сапраўднае жыццё, жыццё вечнае. Выбар за табою.


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий